Чатырнаццатага жніўня традыцыйна адзначылі Мядовы спас. З сівой даўніны ў гэты дзень прынята свяціць мёд і частаваць ім сваякоў ды жабракоў, каб духмяная смаката прынесла здароўе і дабрабыт. Салодкая дэгустацыя адбылася і ў сталічным універмагу «Беларусь», дзе адчыніўся пункт продажу мёду ад Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Народныя песні і музыка, згадкі старажытных традыцый, дзіцячы смех і задаволены гоман дарослых — такой запомніцца наведвальнікам універмагу прэзентацыя мёду, арганізаваная Мінпрыроды сумесна з Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам. Удзельнікам дэгустацыі прапанавалася пачаставаць чатыры віды гаючага пчалінага «золата»: лясное, рапсавае, майскае і нават з фацэліі і донніка.
— Якасць мёду, які прэзентуецца сёння, вельмі высокая. Усё таму, што пчальнік у Палескім запаведніку размешчаны ўдалечыні ад прамысловых прадпрыемстваў, ферм, дарог, — падкрэсліў падчас мерапрыемства намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван ПРЫХОДЗЬКА.
А пачалася гсторыя пачалярства ў запаведніку, па словах яго дырэктара Аляксея ЦІШКАЎЦА, з далёкага 1991 года, калі ў населеным пункце Бабчын у зоне адчужэння быў створаны першы эксперыментальны пчальнік. Навукоўцы правяралі, ці можна атрымліваць нарматыўна чысты мёд на моцна забруджанай радыёнуклідамі зямлі. Насельнікамі тых вопытных вуллёў сталі пяць рояў, якія праз год далі першую партыю ласунку — на 50 кг!
У 1996 годзе запаведнік наведаў Кіраўнік дзяржавы, які даручыў развіваць пчалярства як від эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці. Падчас яго візіту ў 2017 годзе было вырашана паступова павялічваць аб’ёмы вытворчасці мёду, а таксама развіваць маткаводства і апітэрапію (сон на вуллях).
Гаючы эфект сна на вуллях тлумачыцца сонаналадкай: здаровыя клеткі арганізма вібруюць з той жа частатой, што і пчаліны рой. Лічыцца, што пры гэтым запускаюцца працэсы самарэгуляцыі, паляпшаецца імунітэт і кровазабеспячэнне галаўнога мозга, нармалізуецца ціск і памяншаецца трывожнасць.
Праводзіцца тэрапія ў спецыяльна абсталяванай хатцы. У ёй уладкоўваюцца спальныя месцы. Пад імі знаходзяцца некалькі вулляў, дзе пчолы вядуць звычайнае жыццё: вылятаюць праз спецыяльныя ляткі, ствараючы адначасна гук і вібрацыі. Укусаў не можа быць — у пчол няма доступу ў хатку.
Сёння ў Палескім запаведніку 10 пчальнікоў і звыш 500 пчаласем’яў. Толькі за першае паўгоддзе 2024 года атрымана 4,6 т таварнага мёду, што на 706 кг больш, чым за аналагічны перыяд летась. Па выніках радыяцыйнага и санітарна-эпідэмічнага кантролю прадукт адпавядае ўсім нарматывам.
Мёд багаты на вітаміны і мінералы, аскарбінавую, фоліевую і іншыя кіслоты, поліфенолы. Ён паляпшае метабалізм і памяць, стымулюе засваенне пажыўных рэчываў, аказвае супрацьзапаленчае, антыстрэсавае дзеянне, умацоўвае імунітэт і сардэчна-сасудзістую сістэму, дапамагае аднавіць сілы пасля фізічнай нагрузкі. Гэта смачны і натуральны прадукт, які аднолькава карысны і дзецям, і дарослым.
Лекавыя уласцівасці мёду былі добра вядомы нашым продкам, якія з дапамогай настояў і адвараў, травяных збораў і зёлак на аснове пчалінага «золата» пазбаўляліся ад малакроўя, прастуды, захворванняў лёгкіх, знясілення, гаілі раны і апёкі.
Цяпер, дзякуючы ініцыятыве Палескага запаведніка і падтрымцы міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Масляка, адміністрацыі Завадскога раёна, у жыхароў і гасцей сталіцы з’явілася магчымасць набыць мёд не выязджаючы за межы Мінска.
Александрына ПАРШЫНА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.