Вы тут

Наталля Качанава: Самазаспакаення быць не павінна


У рабоце пасяджэння ўдзельнічалі Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў горадзе Мінску Наталля Качанава, кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў горада.


Фота: БелТА

Ва ўступным слове першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч зазначыла, што асноўныя фінансавыя паказчыкі арганізацый горада маюць станоўчыя характарыстыкі. Мінгарвыканкамам і рэгулятарамі забяспечана стабільнае, паступальнае і дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё сталіцы. Горад займае лідзіруючыя пазіцыі ў фарміраванні валавога ўнутранага прадукту, забяспечваючы амаль трэць агульнарэспубліканскага аб’ёму.

Больш падрабязна пра эканамічны складнік праінфармаваў старшыня камітэта эканомікі Аляксандр Яўсееў. Ён падкрэсліў, што валавы рэгіянальны прадукт Мінска, як асноўны паказчык, які характарызуе работу эканомікі горада, склаўся ў аб’ёме 36,6 млрд рублёў, тэмп росту — 104,7%. Найбольшы прырост забяспечаны ў гандлі, (111,2%), апрацоўчай прамысловасці (110,9%), будаўніцтве (109,1%), транспартнай дзейнасці (106,2%), а таксама ў галіне аказання паслуг па часовым пражыванні і харчаванні (114,9%).

Адным з асноўных драйвераў эканамічнага развіцця сталіцы ён назваў прамысловасць, якая не адзін год запар паказвае ўстойлівы рост. Так, аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся на 8,1% у фактычных цэнах, індэкс прамысловай вытворчасці ў супастаўных умовах склаў 107,9%. Такім чынам, Мінск за няпоўныя чатыры гады ўжо забяспечыў выкананне паказчыка пяцігодкі. Дасягнуць такіх поспехаў удалося і за кошт укаранення інавацый, вытворчасці высокатэхналагічных тавараў, у тым ліку імпартазамяшчальных, пашырэння тэхнапаркаў. У агульным аб’ёме адгружанай прамысловай прадукцыі 28,9% складае інавацыйная прадукцыя, і па гэтым паказчыку сталіца займае лідзіруючыя пазіцыі сярод рэгіёнаў краіны.

Старшыня камітэта эканомікі адзначыў, што ў цэлым у Мінску захоўваецца сацыяльна-эканамічная стабільнасць. Прадпрыемствы горада завяршылі першае паўгоддзе, паказаўшы эфектыўную работу: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг вырасла на 15,8%, чысты прыбытак вырас на 15,1% і склаў 3,6 млрд рублёў. Сукупныя паступленні даходаў бюджэту г. Мінска выраслі на 16,3%. Дзякуючы ўстойліваму развіццю эканомікі, на 18,9% павялічылася намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў сталічных арганізацый. Гэта самы высокі ўзровень зарплаты сярод рэгіёнаў краіны — 2905,1 рубля. Тэмп росту рэальнай заработнай платы склаў 112,5%.

Гаворачы пра экспарт тавараў і паслуг, Аляксандр Яўсееў зазначыў, што асноўныя пункты росту ў гэтым — дыверсіфікацыя, асваенне новых рынкаў збыту, нарошчванне прысутнасці ў Расійскай Федэрацыі, Кітаі, краінах Азіі і Афрыкі. Асобна ён падкрэсліў неабходнасць больш актыўнага ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі, якая на сёння з’яўляецца асноўнай краінай — імпарцёрам беларускай прадукцыі. У цэлым жа за разгледжаны перыяд экспарт тавараў і паслуг склаў 7,1 млрд долараў ЗША.

Яшчэ адзін, акрамя экспарту, найважнейшы кірунак эканамічнай дзейнасці — інвестыцыі. Сёння апераджальнымі тэмпамі праводзіцца мадэрнізацыя прадпрыемстваў, растуць укладанні ў актыўную частку асноўных сродкаў. Па затратах на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў забяспечаны тэмп росту 130,7% (1,6 млрд рублёў). У цэлым за паўгода сталічныя арганізацыі асвоілі 3,6 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал з тэмпам росту 118,1%. Палова з іх (1,8 млрд рублёў) прыпадае на будаўніча-мантажныя работы, тэмп росту — 111,0%. Як заўважыў старшыня камітэта эканомікі, Мінск па-ранейшаму прывабны для замежных інвестараў: сёлета ў эканоміку горада паступіла ўжо 817,4 млн долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

Спыніўся ён і на развіцці спажывецкага рынку сталіцы, які характарызуецца задавальненнем попыту насельніцтва на харчовыя і нехарчовыя тавары. Па выніках паўгоддзя рознічны тавараабарот склаўся з тэмпам росту 119,8% (13,8 млрд рублёў), аптовы — 107,4% (46,2 млрд рублёў), тавараабарот грамадскага харчавання — 115,1% (1,4 млрд рублёў).

Закрануў Аляксандр Яўсееў і тэму жыллёвага будаўніцтва і капрамонтаў. Так, за студзень—чэрвень у эксплуатацыю ўведзена 240 тыс. кв. метраў жылля, пасля капітальнага рамонту ўведзена 282,8 тыс. кв. метраў жыллёвага фонду.

Жыллёвую тэму працягнуў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Дзяніс Нікіцін. Ён акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на тым, што ў горадзе асноўны ўпор зроблены на будаўніцтва арэнднага жылля, а таксама жылля для тых, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На гэты год па жыллёвым будаўніцтве Мінску даведзена заданне ў аб’ёме 690 тыс. кв. метраў. З іх — 650 тыс. кв. метраў непасрэдна ў сталіцы і 40 тыс. кв. метраў у Мінскай вобласці: у Смалявічах і пасёлку Сонечны. Намеснік старшыні камітэта запэўніў прысутных у тым, што да канца бягучага года запланавана выкананне паказчыкаў у поўным аб’ёме па ўводзе ў эксплуатацыю жылля.

Каментуючы даклады, Наталля Качанава заўважыла, што, нягледзячы на станоўчыя вынікі і выкананне прагнозных паказчыкаў, самазаспакаення быць не павінна. Бо гэтыя вынікі — толькі шэсць месяцаў, і ўжо сёння трэба пралічваць, з чым сталіца прыйдзе да канца года. У прыватнасці, яна засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння на тэрмінах рэалізацыі інвестпраектаў.

— Інвестпраекты. Я звяртаю самую сур’ёзную ўвагу кіраўнікоў адміністрацый: гэтае пытанне разглядалася на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе дакладна была пастаўлена задача па інвестыцыях і па рэалізацыі інвестпраектаў. Таму ніякага адставання быць не павінна, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі і дадала, што трэба смялей прыцягваць інвестыцыі і інвестараў у горад.

Таксама спікер агучыла тэму павелічэння колькасці імпартных тавараў у гандлёвых сетках Мінска. Па яе словах, такое засілле недапушчальна. І гэта недапрацоўка гандлёвай галіны. Наталля Качанава падкрэсліла, што менавіта асартымент айчынных тавараў у гандлёвых пунктах павінен быць на пастаянным кантролі гарадскіх улад і рэгулятараў.

Асобна яна спынілася на рабоце са зваротамі грамадзян.

— Мы праводзім прыёмы па асабістых пытаннях. У кожнага з вас ёсць графік іх правядзення. Ёсць Закон аб зваротах грамадзян, Прэзідэнт правёў нараду па гэтым пытанні. На гэтыя звароты неабходна рэагаваць. Выязджайце і разбірайцеся — трэба смела ісці да людзей, тлумачыць, — адзначыла Наталля Качанава.

Яшчэ адно пытанне, якое патрабуе асаблівай увагі, — парадак у сталіцы. Тут павінен быць ідэальны парадак: фасады, рэклама, падсветка, азеляненне, своечасовая прыборка. І не толькі на цэнтральных вуліцах. Гэтым прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы павінны займацца самастойна. Як і грамадскія арганізацыі. Толькі разам, па словах Наталлі Качанавай, можна дасягнуць па-сапраўднаму добрых вынікаў, бо наша сіла ў адзінстве.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.