Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю тэлеканалу «Расія»


Інтэрв’юерам у беларускага лідара выступіў журналіст, вядучы грамадска-палітычнага ток-шоу «60 хвілін», дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі Яўген Папоў. На працягу дзвюх гадзін кіраўнік дзяржавы адкрыта і падрабязна адказваў на пытанні, якія закранаюць шырокае кола тэм. Журналіста цікавіла пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі наконт рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. Акрамя таго, узнімаліся пытанні, якія датычацца супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, бяспекі ў рэгіёне, шляхах урэгулявання канфлікту ва Украіне. Не абышлося і без самых вострых і «гарачых» тэм. 


«Не адыгрывалі і не адыгрываюць у гісторыі сёння ніякай ролі»

Першае пытанне, якое журналіст адрасаваў беларускаму лідару, датычылася рэакцыі Прэзідэнта на забарону літоўскіх улад на ўезд легкавых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ў гэтую краіну. «Вар’яты, — пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. — Я б на вашым месцы многія пытанні, якія датычацца Літвы, і не каментаваў бы. Бо яны не ведаюць самі, што робяць. Гэта вар’яты, самыя сапраўдныя вар’яты. Ну што пра іх казаць. Калі б там былі адказныя палітыкі, мы маглі б абмяркоўваць іх палітыку. Але там адказных палітыкаў няма».

Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, ёсць у гэтым рашэнні і станоўчы момант для айчыннай эканомікі. «Дзякуй Богу, нашы перастануць вывозіць (хоць цяпер паменш стала) грошы за межы Беларусі і Расіі, — патлумачыў ён. — Тое ж самае расіяне. Грошы застануцца тут. Гэты так званы эканамічны турызм — гэта вялізныя сродкі, якія вывозіліся адсюль. Давайце адкрыта казаць, у Еўрапейскім саюзе (я не кажу пра Літву, там ужо нічога жывога не засталося) усё ж яны ж не дурні. Яны да Польшчы, Літвы, Латвіі сцягвалі тавары свае, і расіяне і беларусы плыняй туды ездзілі і вялізныя грошы, мільярды долараў, вывозілі. Ну цяпер не будуць вывозіць».

Беларускі лідар параіў проста не звяртаць ўвагі на гэтае вар’яцтва, якім у тым ліку з’яўляецца рашэнне Літвы забараніць на тэрыторыю сваёй краіны ўезд машын з беларускімі нумарамі. «Можа, недзе праз коску як прыклад прыводзіць вар’яцтвы гэтага Захаду і Еўрапейскага саюза, і да чаго яны могуць давесці гэтых сваіх сатэлітаў, якія не адыгрывалі і не адыгрываюць у гісторыі сёння ніякай ролі», — парэкамендаваў журналісту Аляксандр Лукашэнка.

«Сапраўдныя дыпламаты сабе такога не дазволяць»

Адно з пытанняў датычылася хамскага адказу з боку ўкраінскага Міністэрства замежных спраў на заяву беларускага знешнепалітычнага ведамства наконт парушэння беспілотнікамі паветранай прасторы нашай краіны, якое было зафіксавана на мінулым тыдні. Украінскія афіцыйныя асобы адказалі, што ў гэтай тэме няма чаго і абмяркоўваць, па іх словах, гэта не тое, пра што трэба задумвацца.

Па словах Прэзідэнта Беларусі, такія хамскія паводзіны ідуць яшчэ з часоў студыі «Квартал 95» (кампанія па вытворчасці забаўляльнага кантэнту, адным з заснавальнікаў якой з’яўляецца Уладзімір Зяленскі). «Сапраўдныя дыпламаты сабе такога не дазволяць, нават калі „няма чаго абмяркоўваць“, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта па-першае. А па-другое, дыпламаты пастаянна гавораць тое, што яны не думаюць».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што пасля інцыдэнту з беспілотнікамі і заяў, дзеянняў беларускага боку была атрымана рэакцыя ад украінскага боку. Прэзідэнт удакладніў, што пэўная мітусня з іх боку адбывалася на фоне дадатковых мер па ахове Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. «Яны ж перакінулі падраздзяленні да нашай граніцы дадаткова, калі ўбачылі, што мы фарміруем адпаведныя падраздзяленні на граніцы, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Яны (нашы падраздзяленні. — „Зв“.) занялі свае пазіцыі (пазіцыі, якія намі вызначаны былі даўно). Я прыхільнік таго, каб мы прадугледжвалі ўсе. Калі раптам момант ці час „Ч“, кожнае падраздзяленне, рота, батальён павінны выйсці і стаць на сваю пазіцыю». 

У Беларусі вызначаны брыгады, батальённыя тактычныя групы для дзеянняў у раёне беларуска-ўкраінскай Дзяржаўнай граніцы. Па словах Галоўнакамандуючага, кожная група ведае, якую мясцовасць яны займаюць, тэрыторыю і гэтак далей. І ўкраінскі бок гэта ўбачыў. 

«Яны пастаянна нам гаварылі, і заходнікі, што ім вайна з Беларуссю не патрэбна, — нагадаў Прэзідэнт. — Мы гэта разумеем і гаворым, што мы не збіраемся з вамі ваяваць». Па словах кіраўніка дзяржавы, адсутнасць ваяўнічых намераў абумоўлена не тым, што на тым баку нехта добры, а нехта не, а тым, што Беларусь і Расія не зацікаўлены павялічваць лінію баявых дзеянняў. 

«Мы не хочам эскалацыі, і мы не хочам вайны супраць усяго НАТА, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але калі яны гэта зробяць і на гэта пойдуць, ну што ж... У нас іншага выйсця не будзе. І ніякіх „чырвоных ліній“ не будзе. Гэтая лінія — Дзяржаўная граніца. Як толькі наступілі на яе (кажу як пагранічнік), адказ будзе імгненны».

«Мы адкажам імгненна і адэкватна»

Адказваючы на пытанне, ці гатовы беларускі лідар націснуць «чырвоную кнопку», Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што «чырвоныя кнопкі» ўжо ўсе вакол панаціскалі. «Па перыметры Беларусі і Расіі ўжо панаціскалі „чырвоныя гэтыя кнопкі“, — канкрэтызаваў ён. — Засталося толькі „самую чырвоную“ націснуць. Таму ў маральных адносінах, напэўна, нам з Пуціным, прымаючы такія рашэнні, дык нават ужо неяк і няёмка аб гэтым гаварыць. Калі тут з’явілася тактычная ядзерная зброя, я ім (апанентам за мяжой. — „Зв“.) прама сказаў: „Мы не збіраемся ніякай зброі прымяняць, пакуль вы не наступіце на нашу Дзяржаўную граніцу“. Яна ж — граніца нашай Саюзнай дзяржавы. Расія, па нашым дагаворы, уводзіць свае падраздзяленні (яны вызначаныя, якія арміі) у Беларусь. Мы прымаем першы ўдар, а далей у рэзерве нас падстрахоўвае Расія. Гэта агульная — Беларусі і Расіі — вайна супраць гэтых звяроў. І што, мы павінны чакаць, пакуль яны, як 85 гадоў таму, растопчуць нашу краіну, як гэта было з Савецкім Саюзам? Не! Таму мы адкажам імгненна і адэкватна».

Калі на Захадзе хочуць, каб гэтага не было, Прэзідэнт у чарговы раз прапаноўвае сесці за стол перагавораў і скончыць гэтую бойку. «Яна ні ўкраінскаму народу, ні расіянам, ні беларусам не патрэбна, — акцэнтаваў увагу ён. — Яна патрэбна ім. Я не магу прывесці гэтыя факты, яны абсалютна закрытыя, дзе яны ў адкрытую кажуць (высокапастаўленыя людзі): „Няхай б’юць адзін аднаго — украінцы, рускія — няхай у гэтым катле ўсе здохнуць“. Гэта высокапастаўленыя асобы аб гэтым кажуць! Яны хочуць, каб мы адзін аднаго знішчылі». 

«Мы саюзнікі — гэтым усё сказана»

Адно з пытанняў датычылася таго, як беларускі лідар ацэньвае цяперашні этап развіцця Саюзнай дзяржавы, наколькі, па яго меркаванні, інтэграцыя трывалая і непарушная, і што яшчэ трэба зрабіць для ўзмацнення саюза. «Магу сказаць проста: вам трэба ў Расіі і нам у Беларусі ісці па шляху двух прэзідэнтаў, — парэкамендаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы бачыце нашы адносіны — абсалютна блізкія. У Прэзідэнта Пуціна ні з кім няма такіх адносін, як з Беларуссю. Гэта натуральна. Тут нічога не трэба прыдумляць, ніякай канспіралогіі. Мы саюзнікі — гэтым усё сказана». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, у аснове такога шчыльнага супрацоўніцтва ляжыць падабенства двух народаў, якія практычна ні чым не адрозніваюцца адзін ад аднаго. «Як некаторыя гавораць, мы рускія людзі, — кажа беларускі лідар. — Чым мы адрозніваемся — беларусы ад рускіх? Нічым. Я некалі жартам гаварыў: беларусы — гэта тыя ж рускія са знакам якасці».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гісторыі беларуска-расійскага супрацоўніцтва былі розныя перыяды, у тым ліку няпростыя. Але нягледзячы на гэта, Прэзідэнт Беларусі ўсё роўна разам са сваімі калегамі праводзіў тую палітыку, якая праводзіцца цяпер. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, былі і пэўныя рознагалоссі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. «Я яму казаў: „Ведаеш, мы можам сварыцца колькі заўгодна, але мы павінны бачыць інтарэсы ўласнага народа, па-першае, — нагадаў беларускі лідар. — Па-другое, прыйдзе час, калі будзем стаяць спіной да спіны і адстрэльвацца ўдваіх. Ох, як нас РТР і ўсе каналы (расійскія. — „Зв“.) тады крытыкавалі“».

Многія, у тым ліку ваенныя, тады былі перакананыя, што такія часы, калі давядзецца стаяць спіной да спіны і адстрэльвацца, ніколі не наступяць. „Аказалася, стаім спіной да спіны“, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы і нагадаў, што з пачаткам СВА сказаў, што мы не дазволім рускім у спіну страляць. — Мы тады паднялі практычна паўарміі, закрылі той кірунак. Яны зразумелі, што жарты ў гэтым плане дрэнныя. Таму вось, стаім. Часам спіной, часам адзін на аднаго гледзячы, і змагаемся супраць гэтых цынікаў». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

Пасля інтэрв’ю з Прэзідэнтам Беларусі Яўген Папоў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад размовы з беларускім лідарам. Па словах журналіста, гутарка была вельмі грунтоўнай і канкрэтнай, узважаны падыход Аляксандра Лукашэнкі ўразіў інтэрв’юера.

Яўген Папоў звярнуў увагу на тое, што да гонару прымаючага боку ніякіх папярэдніх умоў для правядзення інтэрв’ю не было, тэмы і пытанні, якія планаваў агучыць журналіст, загадзя не абмяркоўваліся. «Зразумела, што ваш Прэзідэнт паглыблены ў сітуацыю, як ніхто, — падкрэсліў ён. — Я задаў тыя пытанні, якія цікавілі мяне як рэпарцёра, журналіста, і Аляксандр Рыгоравіч, як мне здаецца, быў вельмі адкрыты. Гэта вялікі поспех, і я за гэта ўдзячны».

Па словах вядучага грамадска-палітычнага ток-шоу, пазіцыя беларускага лідара запатрабавана ў расійскай аўдыторыі. «Яна не проста цікавая, а мае вельмі важнае значэнне, — удакладніў ён. — Гэта пазіцыя Беларусі, як адзначыў Аляксандр Рыгоравіч, — спіна да спіны. „Не чакайце, адсюль ніколі не будзе пагрозы“, — гэта ключавое. І з пункту гледжання чалавечых адносін тут даўно, мне здаецца, трэба перастаць быць схільным да нейкіх наратываў з нагоды таго, што нас спрабуюць пасварыць, раз’яднаць ці нешта яшчэ зрабіць».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.