07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

«Хацелася... Лося, ды не ўдалося»


Не май сто рублёў…

Для пачатку — пытанне на засыпку. Ну вось на вашу думку: грошы — звычайныя, папяровыя — могуць плаваць ці не?
Мяркуеце — могуць? Але самі такога не бачылі?

Я таксама не бачыла, а вось мой тата…

Мы жылі тады ў вёсцы Калавуравічы Пінскага раёна. Мама працавала ў бібліятэцы, тата — касірам у калгасе «Знамя».

Сярод перадавых і багатых гаспадарка не значылася, бо землі — балота на балоце (па абодва бакі Прыпяці)! Асушэнне іх пачалося ў канцы шасцідзясятых, а да таго ледзь не кожную вясну вада падступала да самых ганкаў. На вуліцу было не выйсці! Людзі не вылазілі з гумовікаў і... лодак. Прычым не толькі для рыбалкі: з’явілася нейкае пытанне да начальства — садзіся ў човен, плыві ў нашы Калавуравічы. Там — кантора, цэнтр калгаса.

...Вясна (здаецца, 1962-га?) паводкамі не вылучалася, па ўспамінах таты, калгас нават адсеяўся трохі раней. Што, вядома ж, добра. Што дрэнна, грошай у касе — як кот наплакаў: няма чым людзям плаціць зарплату.

Сталі думаць, што зрабіць.

А ў таты быў вельмі добры сябар Міхаіл Фрыдман. Жыў і працаваў ён у самім Пінску, недзе непадалёк меў участак зямлі і чаго толькі там не вырошчваў! Да таго ж напярэдадні выгадна прадаў бацькоўскі дом... Значыць, грошы мае?

Тата да яго:

— Калі ласка, пазыч! Пад канец лета падгадуем, здадзім цялят, пабагацеем — усё да капейкі вярну. Магу распіску пакінуць!

— Не, брат, ніякіх папер мне ад цябе не трэба, — кажа гаспадар, а сам дастае з сейфа пачкі грошай. — На, пералічвай.

— Міша! Які можа быць пералік?! За каго ты мяне прымаеш?

Тата забірае грошы, прывозіць у кантору, выдае заробак усім, хто жыве па наш бок Прыпяці. А трэба ж яшчэ і на іншы неяк дабрацца?

На чым? Ну, вядома ж, на лодцы.

Тата бярэ з сабой калгаснага кіроўцу, яны ўдваіх (той на вёслах) плывуць праз Прыпяць. І ўжо бліжэй да сярэдзіны — як раптам…

Адкуль што ўзялося (вецер, хвалі?), сцяміць не паспелі: разам з лодкай кульнуліся ў ваду. Следам — партфель з грашыма.

На шчасце, ён быў вельмі стары, пацёрты, замкі не працавалі, таму грошы сталі паціху выплываць наверх.

Тата з кіроўцам кінуліся іх збіраць.

І, трэба сказаць, гэта ім добра ўдалося (палешукі плаваюць як рыбы): злавілі (тата потым палічыў) працэнтаў 90 ад сумы…

Трохі аддыхаліся, — сталі думаць, а што ж далей: і грошы мокрыя, і самі, як дзве курыцы.

Паціху-памалу дайшлі да найбліжэйшай вёскі, да хаты знаёмага трактарыста. Папрасілі, каб гаспадар прытуліў іх ды напаліў печ, развесілі адзенне, расклалі грошы…

Назаўтра — сухімі — выдалі калгаснікам зарплату.

...Тым часам праляцела лета. За два-тры месяцы добра падраслі і набралі вагу цяляты, на мясцовы мясакамбінат «папрасіліся» сытыя свінні. Калгасу ўдалося выручыць за іх досыць добрую капейку: для касіра, для грошай справілі новы партфель (стары ўтапіўся)…

У яго, не адзін раз пералічыўшы і ўпакаваўшы так «як было», тата паклаў адпаведную суму грошай, на машыне, з тым самым кіроўцам павёз у Пінск, каб аддаць сябру.

На гэты раз яны дабраліся без праблем. Тата — з удзячнасцю — вяртае грошы, кажа:

— Міша, ты ж пералічы!

Той хіба ўсміхаецца:

— Ян, ты мне што прапануеш? Табе не сорамна? Ты ж мне як брат! Які можа быць пералік?!

— Ну тады па чарцы — за дружбу?

— За дружбу — давай, — згаджаецца гаспадар.

На стол з таго самага партфеля выстаўляюцца пляшкі з першаком, да яго на закуску — дамашнія пальцам піханыя каўбасы, паляндвічка…

Мужчыны досыць доўга і добра пасядзелі: пагутарылі, паспявалі песні пра тое, як шумяць каля грэблі вербы, як па Доне гуляе казак... І рассталіся — да новай сустрэчы.

Вось такая была прыгода і такія адносіны паміж яўрэем Міхаілам і палякам Янам.

Іх даўно ўжо няма сярод жывых, але ж як цёпла, як светла абодва яны ўспамінаюцца!

Былі, згадзіцеся, часы, былі сябры, былі чалавечыя, людскія адносіны.

Ніна ГОРГУЛЬ

г. Мінск


Папрасі і бог... Пачуе

Класіка: «Мы все учились понемногу // Чему-нибудь и как-нибудь...»

Я, напрыклад, ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў на завочным факультэце.

У Мінск на сесіі, на залікі-экзамены прыязджаў двойчы на год, як правіла, на два тыдні з хвосцікам, на пятнаццаць дзён. Прычым апошні з іх (той самы «хвосцік») найчасцей прыпадаў на панядзелак. Нам, студэнтам, гэта было зусім недарэчы, таму што на ўсе выхадныя трэ было заставацца ў сталіцы. Не лягчэй, як выглядала, і кіраўніцтву ўніверсітэта, бо ўвесь час узнікалі праблемы: былі свабодныя памяшканні для заняткаў, значыць, не было выкладчыкаў — былі выкладчыкі…

Напэўна, якраз з гэтай прычыны — калі з ведама дэканата, а калі і без — яны стараліся перанесці свае заняткі ды залікі-экзамены з таго цяжкага панядзелка на дзень лягчэйшы... Бывала, што гэта ўдавалася, а бывала…

У той год мы вучыліся (калі дакладней, то ўжо давучваліся) на чацвёртым курсе: у нас заставаўся адзін экзамен, і здача яго прызначалася якраз на панядзелак.

Нас, аднагрупнікаў, гэта, вядома ж, засмучала, але што тут будзеш рабіць — мусілі змірыцца.

Адзінае — напярэдадні, у чацвер, я пры сведках, можна сказаць, «памаліўся» — прамовіў: «Божухна, ты ўсё можаш!.. Дык зрабі ж неяк так, каб экзамен перанеслі на заўтра, на пятніцу».

І вось ён той дзень.

Пасля абеду (мы вучыліся ў другую змену), я па звычцы падыходжу да раскладу заняткаў і бачу, што наш экзамен у панядзелак... закрэслены.

Каб высветліць, чаму, зазірнуў у дэканат і пачуў, што нашу выкладчыцу на наступным тыдні (а канкрэтна — у панядзелак) адпраўляюць у камандзіроўку, таму экзамен будзем здаваць сёння на апошняй лекцыі.

...Калі я паведаміў аднакурснікам гэтую навіну, група спачатку не паверыла!

Але ж экзамен — дзякаваць богу! — мы ўсе здалі і раз’ехаліся па дамах: каму бліжэй — у пятніцу вечарам, каму далей — у суботу з раніцы.

Ігар СОЛТАН

г. п. Івянец


«Хацелася... Лося,

ды не ўдалося»

Шчасце — калі ў доме гаспадар.

Гэта — для асобнай сям’і. І для дзяржавы, калі ён, той гаспадар, ёсць у лесе.

Фота: pixabay.com

У Анатоля, нашага мясцовага егера, работы — хоць адбаўляй! Шануе чалавек прыроду, можа трымаць у руках не толькі стрэльбу, але і рыштунак, каб пабудаваць вышку, засеяць кармавое поле, паправіць навесы-кармушкі... Для таго, каб потым, зімой, лясным жыхарам падкінуць сена і збожжа, каб весці падлік жывёлам і птушкам, адказваць за арганізацыю і бяспеку на паляваннях. А ўжо там, як вядома, чаго толькі не здараецца…

Неяк раз даручылі Анатолю суправаджаць паляўнічага-немца. Егер падумаў, што ён жа дарослы, адказны чалавек — такіх за руку не водзяць. Проста трошкі «пасуць», каб нідзе не збочыў, нікуды не ўлез…

І стараліся ж гаспадары — у чатыры вокі сачылі за госцем, а той усё роўна адарваўся і... знік.

На пошукі егер падняў усю брыгаду. Хлопцы сігналілі, дудзелі ў ражкі, крычалі па-нямецку ўсё, што помнілі па ваенных фільмах і ўроках нямецкай мовы: «Нах хаузе!» (Дамоў!), «Цурук!» (назад), «Хальт!», ледзь не «Хенде хох!»…

У адказ — толькі рэха…

Нацярпеліся страху!

А немец — нават не падумаў! Ён — стомлены і шчаслівы (за поясам — дзве ладныя качкі) шпацыраваў па лясной дарозе і пад свой жа доўгі нос бубніў, які ж тут «Зеер...» і які ж тут «гут!»…

...Былі сярод гасцей-паляўнічых і высокія чыны. Тут ужо гаспадарам (а найперш егеру) трэ было пастарацца — забяспечыць прыемныя ўражанні. Гэта значыць, паставіць прыезджага на нумар у добрым месцы (стары дуб на ўзлеску — самае тое), а самім з сабакамі адправіцца ў загон, каб адшукаць звера, каб змусіць яго пайсці ў патрэбным напрамку — госцю на выстрал.

Брыгада Анатоля ўсё гэта зрабіла: звер, што называецца, пайшоў на лаўца (!). А далей спакойна абмінуў яго і... знік у гушчары. Стрэлаў не было.

Здзіўленыя паляўнічыя падышлі да дуба і адразу ж зразумелі, чаму. Госць прываліўся да дрэва і гэтак соладка спаў…

Прачнуўся ў добрым настроі. Сказаў: «Хлопцы, усё ў парадку! Хацелася лося ды не ўдалося... Затое выспаўся, як, здаецца, ніколі ў жыцці!»
Мусіць, складаная ў чалавека работа?

У кожнага — дай бог — яна свая. Наш егер годна беражэ багацце, якое яму даверана. І іншым раіць.

Таццяна РАМАНАВА

г. Наваполацк


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.