На мінулыя выхадныя мы доўга не клаліся спаць — усё спадзяваліся ўбачыць Персеіды — метэорны паток, які якраз у гэтыя дні імкнуўся да Зямлі. Стаялі на вуліцы да дванаццаці ночы, глядзелі ў неба, паказвалі малым сузор’і, якія пазнавалі. Пару раз нават здалося: вось зараз пачнецца — адзінокія знічкі імкліва прачэрчвалі неба і гэтак жа імкліва патухалі. А яно не пачыналася, і, цяжка ўздыхнуўшы, нашы ўпартыя дзеці пайшлі-ткі спаць і праз некалькі хвілін ужо дружна саплі на ложках — набегаліся за дзень...
Я яго ўбачыла-ткі, гэты зорны лівень. Гадзіны ў тры ночы нешта нібы торкнула, прымусіла прачнуцца і расплюшчыць вочы. У акне, што насупраць, якраз на паўночным усходзе, як і казалі астраномы, было дзіўна светла. А ўсё неба над старым ясенем было нібыта ў зорным рабацінні. Метэоры сыпаліся адзін за адным, пакідаючы кароценькі яркі след, і знікалі «ў небе глухім». Так у галаву прыйшлі яшчэ і Багдановічавы радкі: «Усё вакол на мамент асвяціць і пагаснуць у цёмнай імглі...» І гэта было настолькі сугучна таму, што адбывалася вось тут, у гэта імгненне перад вачыма, што ахінула нейкае дзівоснае пачуццё гармоніі і суладдзя з Сусветам, якое доўжылася хіба што імгненне, але ж яно, пэўна, і завецца безумоўным шчасцем. Я не стала нікога будзіць, каб паглядзелі, я не хацела ні з кім дзяліцца гэтым пачуццём, я сама напаўнялася ім, каб надаўжэй захаваць, запомніць. Яго ж так мала ў гэтым жыцці, так не хапае часам у гэтай штодзённай мітусні.
А лівень, як і належыць ліўню, няхай сабе і зорнаму, скончыўся гэтаксама раптоўна, як і пачаўся. Нібы шчоўкнуў хтосьці выключальнікам — і апарат, які рассыпаў знічкі ў розныя бакі, спыніўся. Прамільгнула некалькі разоў яшчэ пару тых, што спазніліся, — і зноў чорнае з бліскучым россыпам ужо нерухомых зор неба застыла ў чаканні світання, якое ўжо на самым краёчку прабівалася на ўсходзе светла-шэрай паласой... І раптам дайшло: я не загадала ніводнага жадання! Не падумала нават пра гэта: вось ён, упушчаны шанц, безліч шанцаў!..
Зрэшты, гэта зусім па-дзіцячы — верыць, што нешта само ўпадзе на цябе з неба — здароўе, дабрабыт, шанцаванне. Верыць у тое можна, калі табе дзесяць, ну, няхай нават сямнаццаць гадоў. Пасля жыццё ставіць усё на свае месцы, дае зразумець, што да спраўджвання запаветных жаданняў метэорныя патокі не маюць ну ніякага дачынення.
Калісьці, у мінулым ужо тысячагоддзі, Персеіды таксама, як заўсёды ў сярэдзіне жніўня, імкнуліся да зямлі. А пачуццё шчасця тады было больш лёгкае і крылатае, і гэты зорны дождж быў толькі яго часткай. Школа была за спінай, наперадзе была вучоба ва ўніверсітэце, выклік у які прыйшоў літаральна ўчора, а тут яшчэ мама з экскурсійнай паездкі прывезла крыху велікаватую, але надзвычай модную майку з замежным надпісам. У ёй і танчыла заўзята на дыскатэцы, а хлопцам, якія «падкацілі» пазнаёміцца, горда заявіла, што я — студэнтка журфака! Карацей, гэта было нешта сапраўднае, непадробнае, усёпаглынальнае, непрывычна-дарослае. І гэта дзіўная ўпэўненасць, што ўсё будзе толькі добра, што не будзе ў жыцці ні хвароб, ні праблем, ні перашкод…
З дыскатэкі мы вярталіся на веласіпедах — да нашай вёскі восем кіламетраў, пешшу далекавата. Несліся амаль у цемры з шалёнай хуткасцю, наперагонкі. І тут з неба пасыпаліся метэоры. Безліч — аж мільгала ў вачах. І мы яшчэ дабавілі хуткасці і несліся па гравійцы з радаснымі крыкамі. Кінуўшы руль, раскінуўшы рукі, я ляцела насустрач гэтым зорам і загадвала-загадвала-загадвала жаданні…
Ездзіць без рук я ўмела выдатна. Але днём. Што здарылася тады — я так да канца і не зразумела. Напэўна, цемра перашкодзіла сарыентавацца ў хуткасці, парушыла каардынацыю... Ачомалася я ў кювеце (дарожны насып у тым месцы — амаль два метры ў вышыню). Акурат на носе ляжала педаль веласіпеда. Паспрабавала варухнуць левай рукой — дзікі боль... Выцягваць мяне ніхто не спяшаўся — сябры, як высветлілася, стаялі наводдаль і назіралі: ім у цемры здалося, што мяне ў кусты на ўзбочыне штосьці пацягнула (тады вельмі шмат было публікацый-страшылак пра іншапланецян ды снежнага чалавека). Карацей, давялося сяк-так вылазіць самой, цягнучы нейкім дзівам не зламаны веласіпед…
Выгляд у «студэнткі журфака», якой менш чым праз два тыдні на заняткі, быў, мякка кажучы, страшнаваты: «ліхтары» пад абодвума вачыма, рука не згінаецца і не падымаецца. Назаўтра была нядзеля, ехаць куды ў бальніцу не даводзілася. Спрабавалі лячыць народнымі сродкамі, прыкладаючы гліну, але мала дапамагло — рука ўсё роўна распухла і балела.
У панядзелак, западозрыўшы пералом, мы ўсё ж пачалі збірацца ў раён. Калі ўжо выходзілі на аўтобус, пачулі па радыё нейкае афіцыйнае паведамленне і незнаёмае слова: ГКЧП. Было 19 жніўня 1991 года. Пачатак канца вялікай краіны. Пачатак зусім іншага жыцця.
І яно было пасля — гэта жыццё. Зусім не так, як загадвалася, ад самага пачатку не так. Ад самага пачатку — дзякуй таму зарападу, з-за якога зляцела ў кювет, — з разуменнем, што мала жадаць, мала спадзявацца на дапамогу звыш. Трэба самой — не так хутка, як хацелася б, часам падаючы на ўзлёце і, перасільваючы боль, выпаўзаючы з канавы, у якую ўпаў…
Таму ніякіх жаданняў, гледзячы, як сыплюцца з неба метэоры з сузор’я Персея. Проста глядзець, атрымліваць асалоду. Згадваць Багдановіча — пра «зоркі след». Ці вось гэта, таксама ў тэму: «Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?»
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.