Вы тут

Выхоўваць гуманізм і патрыятызм


Лета — той час, калі ўсім нашым школьнікам, якія стаміліся падчас навучальнага года, неабходна аздараўленне. Калі ёсць магчымасць адправіць дзіця ў вёску — трэба ёй карыстацца. Тым больш што сёння многія беларускія вёскі — візітоўка Беларусі: зялёныя, прыгожыя, з добрай транспартнай і прадуктовай даступнасцю, прыгожымі краявідамі.


Фота: mir24.tv

Калі такой магчымасці няма ці дзіця па стане здароўя мае неабходнасць у аздараўленні, ёсць санаторыі, дамы адпачынку санаторнага тыпу, аздараўленчыя лагеры, каб дзеці адпачылі тэматычна. Ненавязлівыя заняткі «25 кадрам» падчас такога адпачынку — гэта таксама карысна, а галоўнае — дзеці занятыя.

Калісьці пра нас старэйшае пакаленне казала, што дзеці бегаюць беспрытульнікамі, пакуль бацькі на працы. У маім дзяцінстве так і адбывалася. Раніцай прачнуўся, хуценька паснедаў і — на вуліцу, і толькі ўвечары цябе знайшлі бацькі: бруднага, падрапанага, галоднага, але шчаслівага. Аднак тады, напэўна, у гэтым была свая карысць, асабліва для здароўя. Я быў худы, але мог, як той казаў, абагнаць матацыкл.

Цяпер, калі пакінуць дзіця дома, яно возьме хот-дог, чыпсы і сядзе за камп’ютар ці тэлефон — і так прасядзіць увесь дзень, пакуль бацькі не прыйдуць з работы. Гэта абсалютная шкода, бо дзіця не адпачывае. Галаўны мозг увесь час працуе, прычым на высокіх хуткасцях. Змена карцінак, сцэнарыяў узбуджае кару галаўнога мозга, напружвае зрок. Дзіця няправільна сядзіць, есць такую дрэнь, што лепш бы яно нічога не ела, а дачакалася маці і нармальна павячэрала.

Усё гэта вядзе да вядомай сумнай тэндэнцыі: у многіх дзяцей псуецца зрок, агульная фізічная падрыхтоўка, яны назапашваюць фактары рызыкі развіцця хранічных хвароб, якія літаральна ў 30 гадоў да іх пастукаюцца. А да 40 гадоў фактараў рызыкі неінфекцыйных хвароб (на якія, дарэчы, мы можам уплываць) будзе больш чым дастаткова, каб стартавала нават не адна, а 4-5 хранічных хвароб. Гэта і цукровы дыябет, і праблемы з суставамі, артэрыяльным ціскам, памяццю, атлусценне. І віна таму — гіпадынамія.

Аздараўленчыя лагеры вырашаюць у тым ліку і гэту задачу: дзеці занятыя, у тым ліку тэматычна. Да спартыўных заняткаў і вялікай колькасці іншых актыўнасцяў на свежым паветры дадаюцца карысныя веды, патрыятызм, гісторыя і сучаснасць Беларусі — тое, што павінен ведаць будучы грамадзянін і дастойны прадстаўнік сваёй краіны.

Выдатна, што ў нашай краіне захавана і пастаянна ўдасканальваецца сетка дзіцячых аздараўленчых устаноў. Як і тое, што дзяржава бярэ на сябе фінансаванне дзіцячай аздараўленчай кампаніі, суфінансаванне саміх аздараўленчых лагераў, часта на сваім балансе іх трымаюць дзяржпрадпрыемствы. Дапамагаюць і грамадскія аб’яднанні — праводзяць тэматычныя дні, арганізоўваюць святы, каб дзеці больш даведваліся і пра самі аб’яднанні, і пра тыя задачы, якімі яны займаюцца.

У прыватнасці, Чырвоны Крыж, як найбуйнейшая гуманітарная арганізацыя ў краіне, арганізоўвае ў дзіцячых аздараўленчых лагерах тэматычныя дні. Мы расказваем аб рабоце нашай арганізацыі, аб руху Чырвонага Крыжа, міжнародным гуманітарным праве. Дзеці даведваюцца, чым займаецца Чырвоны Крыж, як і каму ён дапамагае і наколькі гэта важна — дапамагаць. Сярод атрымальнікаў дапамогі — дзеці-інваліды, інваліды, адзінокія грамадзяне, пажылыя людзі і тыя, хто тут і цяпер трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Надзвычай важна вучыць гэтаму нашых дзяцей: калі бачыце, што хтосьці мае патрэбу ў дапамозе, — дапамажыце: гэта добры, правільны ўчынак, які ва ўсе часы ўзводзіўся ў ранг дабрадзейнасці.

Акрамя таго, мы вучым дзяцей асновам аказання першай дапамогі, у тым ліку з адпрацоўкай практычных навыкаў. Гэта веды, якія могуць спатрэбіцца кожнаму на працягу ўсяго жыцця, таму важна, каб чалавек яшчэ ў дзяцінстве ці падлеткавым узросце ўсвядоміў: калі побач здарылася бяда, няхай ён і не зможа аказаць неабходную першую дапамогу ў поўным аб’ёме, але ведае, якія дзеянні і ў якім парадку трэба зрабіць, куды патэлефанаваць, і гэтыя рэчы аблегчаць пакуты чалавека, а магчыма, выратуюць і жыццё.

Дадаткова мы расказваем дзецям, як працуюць нашы каманды хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Каманды створаны ў кожнай вобласці, праходзяць падрыхтоўку і спецыяльнае навучанне сумесна з ратавальнікамі і інструктарамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. І мы як партнёры дапамагаем у ліквідацыі наступстваў розных сітуацый прыроднага, тэхнагеннага характару. У дзяцей вялікую цікавасць выклікае экіпіроўка, абсталяванне каманд.

Праз некалькі гадоў, калі гэтыя дзеці стануць старэйшымі школьнікамі ці студэнтамі і ўбачаць на вуліцы акцыю Чырвонага Крыжа, яны будуць ведаць, што гэта за арганізацыя, а магчыма, і самі стануць валанцёрамі. Іншыя грамадскія арганізацыі, той жа Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, таксама такім чынам займаецца з дзецьмі. А апошнія, стаўшы паўнапраўнымі грамадзянамі, будуць ведаць, чым жыве грамадзянская супольнасць.

Адна справа — бачыць па тэлебачанні ці чуць ад педагогаў, іншая — непасрэдна кантактаваць з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў і разумець, якой важнай місіяй яны займаюцца. У будучыні, калі маладога чалавека паклічуць у Беларускі саюз моладзі ці Чырвоны Крыж, ён не будзе думаць, навошта гэта трэба, бо ведае, што гэта добрая каманда, цікавыя людзі і ідэі. Такім чынам, мы выхоўваем сярод нашага будучага пакалення гуманізм і патрыятызм. Гэта два складнікі поспеху цывілізаванага развіцця любога грамадства. І тым, што робіцца ў нашай краіне ў гэтым кірунку, мы можам ганарыцца.

Дзмітрый ШАЎЦОЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.