Проза выклікае ў мяне асаблівую павагу з-за неабходнасці працяглага, засяроджанага ўзаемадзеяння са словам як з боку пісьменніка, так і з боку чытача. І хоць яна трошкі болей за паэзію можа дараваць аўтару, але і ў ёй відаць ступень валодання словам, стылістычнае майстэрства, глыбіня аналізу жыцця, разуменне яго законаў. Прыгледзімся, што прапаноўвае ў празаічнай і паэтычнай падборках сёмы нумар «Полымя»...
Мастацкая рубрыка распачынаецца новым эпічным творам Уладзіміра Гніламедава — пісьменніка, які прыйшоў у літаратурную творчасць з навукі ў сталым узросце. Цяпер ён вітае чытачоў чарговым раманам пад назвай «У войску» з уласцівым (гэта адразу кідаецца ў вочы) тэксту «густым», насычаным, «шчыльным» наратывам.
Галоўны герой Платонаў толькі што скончыў універсітэт, але, нягледзячы на гэта, яго прызываюць выканаць воінскую павіннасць. Даводзіцца не толькі пакінуць работу ў дзіцячым доме, якая так падабаецца, якой не паспеў яшчэ наталіцца, але і адкласці ўжо запланаваную жаніцьбу. Хлопец развітваецца з бацькамі, бабуляй і дзядулем, слухае простыя слушныя парады, якія яму — у духу шляхціца Завальні — даюць старэйшыя, выпраўляючы ў шлях, і мужна ідзе «вучыцца» на абаронцу Айчыны — вытрымліваць муштру ў заснаванай на ідэі жорсткага падпарадкавання арміі.
Ліпеньская проза — гэта яшчэ і аповесць «Восень Будапешта» Святланы Бязлепкінай — твор, напісаны не без намёку на палітычную сітуацыю ў свеце. У ім апавядаецца пра падзеі венгерскага паўстання 1956 г., калі ў пасляваеннай расстаноўцы сіл у аддаленай ад нас краіне бушавалі міжусобіцы і «венгры помсцілі венграм».
У Другую сусветную вайну і пасля яе, з усталяваннем міру, у той «расчалавечаны час», большасць людзей імкнуліся выжыць, і не ўсім удалося захаваць сумленне. З вуснаў аднаго з герояў гучыць блізкае ўсходнім славянам сёння: «Нам, маленькім людзям, нічога не застаецца, як сумленна рабіць сваю справу і не лезці ў палітыку! Затое палітыка нахабна лезла ў жыцці простых людзей». Сюжэт разгортваецца праз прызму свядомасці падлетка: ён глядзіць на свет юнымі вачыма і спрабуе разабрацца, назіраючы за дарослымі і падзеямі. Хлопец перажывае першую сімпатыю да дзяўчыны і «выкрышталізоўвае» венгерскую ідэнтычнасць.
Празаічную частку часопіса працягвае Вольга Русілка, выступаючы з творамі ў кароткім жанры: яна прапаноўвае чытачу «Абразкі», напісаныя ў памяць пра родную вёску, у якой закрылася школа, адпрацаваўшы сорак гадоў і даўшы Беларусі шмат кандыдатаў навук. У кожным з маленькіх тэкстаў, што прымусяць чытача ціха ўсміхнуцца, расказваецца пра нейкі цікавы выпадак з вясковага жыцця: аўтар кіруецца неабходнасцю ўжывання мясцовых слоў (каб захаваліся!) ці арыгінальных наватвораў.
Паэзія распачынаецца нізкай Віктара Шніпа «Кожны мае свой лес», найменне якой невыпадковае: вобразы лесу і яго жыхароў, ваўкоў, фігуруюць у прыведзеных вершах часта. І адзін, і другі — знакавыя, сімвалічныя для Беларусі і беларусаў, вельмі распаўсюджаныя ў фальклоры і мастацкай літаратуры, таму паэт працягвае традыцыю. Уцёкшы ў лясныя нетры, лірычны герой не здолеў ні воўкам стаць, ні хату забыць, ні пазбавіўся ні адзіноты, ні экзістэнцыяльных скразнякоў, а дарогі назад як быццам і няма... Кожны павінен за жыццё разабрацца з уласным ментальным лесам — свядомасцю, псіхікай, знайсці ўваход і выйсце, — здаецца, гэтым якраз заняты цяпер паэт. У В. Шніпа лес — яшчэ і памяць, дзе ён блукае — у сваім дзяцінстве з бацькам і маці:
Зайсці спрабую ў лес.
А лес, як дрот, калючы.
Ён так сваю грыбную беражэ душу.
Стаю. Гляджу. І мне маўчаць балюча,
І мрою: зранку з бацькам я траву кашу.
Сяргей Давідовіч у нізцы «Там, дзе засталося сэрца» разважае пра імгненнае і вечнае, пра адзінкавае і множнае, захапляючыся гэтай дзіўнай дваістасцю створанага Усявышнім свету. Але ў вершах амаль адсутнічаюць сум, трывога і іншыя складаныя пачуцці, як гэта бывае ў творах падобнай тэматыкі. Сустракаюцца ў аўтара выпешчаныя вобразы, якія сведчаць пра адчуванне слова і працавітасць: «сіні туман у нізіне кудзеліцца», «небу прыемна ўпрыгожыцца зоркамі», «і моліцца на вечнасць, дадзеную Богам, // З нябеснай вышыні набожны маладзік», «а ноч калыша думку векавую» і інш. Нетыпова для творцы гучыць слова-папярэджанне сабе самому пра тое, што свет вялікі, што ў ім паэтаў шмат, таму не трэба ганарыцца сваёй слыннасцю.
Людміла Воранава ў ліпеньскай падборцы «Мая дарагая ваколіца» прадстаўляе вершы, напоўненыя рознымі пачуццямі, але дамінуюць сярод іх боль і смутак, звязаныя з надыходам восені, з перажытым развітаннем з мамай, якая пакінула на памяць хіба што толькі почырк на белай паперы ды траву на капуснай градзе. І ў вершах Л. Воранавай заўважная работа над словам і вобразнасцю радка: «гучыць задуменнасць у рытм паланэза», «ружавее ўсход марай дзявочаю», «цалуе паветра абшар», «салаўямі сады заліваюцца».
Загадчык аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі НАН Беларусі Валерый Максімовіч у грунтоўным навуковым артыкуле «Літаратурная творчасць у сістэме камунікатыўна-дыялогавых стасункаў» дзеліцца думкамі на рэдкую для беларускай навукі тэму — псіхалогіі творчасці. Даследчык разглядае яе праз прызму камунікацыі, таму што гэта два бакі аднаго медаля, і сцвярджае яе ў якасці стрыжня сучаснай культуры, які аказвае ўплыў на механізмы культура- і сэнсаўтварэння.
Мікола Мікуліч у артыкуле «„Каб жыццё зарой квітнела...“ Забыты паэт Заходняй Беларусі Кастусь Рагойша» звяртае ўвагу на творчасць яшчэ аднаго літаратара першай паловы мінулага стагоддзя. У тэксце акцэнтуюцца мастацка-стылёвыя дамінанты творчасці Рагойшы, спецыфіка вобраза лірычнага героя ў ёй, вылучаюцца тыповыя для яе праблемна-тэматычныя палі. Візіткай даследчыка ў яго працяглым спісе рэгулярных публікацый пра заходнебеларускіх паэтаў, здаецца, стала выкарыстанне ў назвах паказальнай цытаты з таго ці іншага верша.
Ні адзін нумар часопіса не абыходзіцца без віншавання з юбілеем, і гэтым разам Анатоль Трафімчык публікацыяй «Вучоны і Настаўнік, арганізатар навукі і грамадскі дзеяч: Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук» ушаноўвае свайго настаўніка і калегу. У тэксце не толькі расказваецца пра маладыя гады будучага навукоўца, пра прычыны абрання кірунку прафесійнай, а затым і даследчыцкай дзейнасці, але і аглядаюцца найважнейшыя работы літаратуразнаўцы. Спадчына С. Лаўшука налічвае больш за трыста навуковых публікацый, сярод якіх — манаграфіі. Яны прадстаўлены двухзначнай лічбай. У ліку заслуг даследчыка і работа ў галіне тэксталогіі — падрыхтоўка збораў твораў пісьменнікаў, таму што такія выданні ён справядліва лічыў найлепшым помнікам. Асоба юбіляра раскрываецца і з іншых бакоў — як педагога, як грамадскага дзеяча і як чалавека.
Напрыканцы ліпеня ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук была праведзена навуковая канферэнцыя ў гонар юбіляра «Высокія арбіты грамадзянскасці: гісторыя, лёс, асобы: да 80-годдзя члена-карэспандэнта НАН Беларусі С. С. Лаўшука». У мерапрыемстве ўзялі ўдзел не менш за шэсцьдзесят даследчыкаў, з выступленнямі якіх зацікаўленыя змогуць азнаёміцца па выніках запланаванай публікацыі зборніка дакладаў.
Пятро Жаўняровіч паклапаціўся пра ўшанаванне класіка беларускай літаратуры матэрыялам «Быў. Ёсць. Будзе. Эсэ да саракавога дня памяці Уладзіміра Караткевіча». Апелюючы да важнасці лічбы «сорак» у нумаралогіі і фальклоры, міфалогіі і хрысціянстве, а значыць, у традыцыйным ладзе жыцця беларусаў, факт таго, што сорак гадоў таму ў ліпені пісьменнік пайшоў з жыцця, аўтар пазіцыянуе як значны для беларусаў.
У тэксце, якому даецца жанравае вызначэнне «эсэ», расстаўляюцца асноўныя акцэнты жыцця і творчасці літаратара, робіцца агляд значных твораў і звяртаецца ўвага на тыя цяжкасці, з якімі творца мусіў сутыкнуцца пры спробах публікацыі вершаў і раманаў ці кінарэалізацыі сцэнарыяў. Прыводзіцца дальнабачнае прызнанне У. Караткевіча: менавіта фільмы ён лічыў важным сродкам уплыву на грамадскую свядомасць у сувязі з прастатой і хуткасцю іх успрымання, у параўнанні з раманам.
Мікола Нікалаеў у створанай на падставе вывучэння архіўных матэрыялаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу публікацыі «Беларускія справы Каэтана Касовіча і Афанасія Бычкова» прадстаўляе дзейнасць дзвюх займальных для гісторыі беларускай думкі асоб. К. Касовіч і А. Бычкоў жылі і працавалі ў другой палове XIX стагоддзя, займаліся беларускім пытаннем, спрабавалі сябе гістарычна і этнічна «зразумець» і тым самым уплывалі на літаратурны працэс краю ды «выспяванне» ідэі Беларусі. Цытуючы дысертацыю М. Хаўстовіча, даследчык даводзіць, што на дзяржаўнай службе ці вучобе ў цэнтральнай Расіі многія пазбаўляліся ўплыву польскай ідэалогіі, пасля прыходзіла разуменне ўласнай адметнасці ад суседзяў з Усходу і Захаду і непасрэдна набыццё нацыянальнай ідэнтычнасці.
Вольга Круглова ў навуковым артыкуле «Нарыс Янкі Лучыны „С праздничной поездки“ як узор міжкультурнага ўзаемадзеяння» разглядае адзін з тэкстаў вядомага шматмоўнага пісьменніка Беларусі XIX стагоддзя, дапаўняючы веды пра светапоглядныя асновы яго творчасці. Даследчыца вызначае жанр разгледжанага твора як «падарожныя нарысы», дзеліць яго на тры часткі, адпаведна сканцэнтраванай у іх праблематыцы, дае сціслую характарыстыку кожнай, прыводзіць важныя вытрымкі, закранаючы і моўныя аспекты. Апорай для аналітыкі В. Кругловай служыць класіка айчыннага літаратуразнаўства — працы А. Мальдзіса, У. Мархеля, С. Майхровіча.
XIX стагоддзе было часам падрыхтоўкі да карэнных зменаў у светапоглядзе і ладзе жыцця славянскіх народаў, у тым ліку і беларускага, таму падобныя Лучынаваму тэксты здольны служыць крыніцай асэнсавання важных сацыяльных працэсаў і зрухаў у грамадскай свядомасці, якія змянялі чалавека і рыхтавалі яго да пераходу ў якасна новае з пункту гледжання побыту і ментальнасці жыццё ў XX стагоддзі.
Публікацыя Івана Чароты «Актуальнасцю запатрабаваны кампендыум» уяўляе сабой працяглую рэцэнзію на кнігу В. Ермаловіча «Беларусь у гады Вялiкай Айчыннай вайны (1941–1945 гг.): пытанні і адказы» 2023 года. З тэксту зразумела, што гісторык пераказвае ў ёй ужо змешчаную ў папярэдніх сваіх манаграфіях інфармацыю, аднак паўтарэнне абумоўлена мэтавай аўдыторыяй, якой гэтым разам выступае маладое пакаленне. Спачатку рэцэнзент прапаноўвае сваю аналітыку інтэрпрэтацыі Другой сусветнай вайны ў сучаснай думцы, а затым пагаджаецца з ідэямі В. Ермаловіча пра неабходнасць падтрымання нацыянальнай памяці і клопату пра трансляцыю ў часе праўдзівых звестак пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Наталля БАХАНОВІЧ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.