Таццяна Дземідовіч, якая жыве і працуе ў Брэсце, усё болей упэўнена і настойліва працуе ў галіне дзіцячай літаратуры. Пацверджаннем на тое — і яе новая кніга апавяданняў, адрасаваная самым маленькім чытачам, — «СНежным годом» (творы напісаны і выдадзены на рускай мове).
У новай кнізе — зімовая серыя вясёлых гісторый пра Лену Коцікаву і яе сяброў. Акуратнасць, увага, дабразычлівасць, працалюбства, шчодрасць у адносінах да сяброў, любоў да братоў нашых меншых — вось галоўныя матывы апавяданняў, аб’яднаных адной вокладкай. А яшчэ аўтар просіць быць беражлівымі, клапатлівымі ў дачыненні да тых, хто слабейшы. Пісьменніца звяртае ўвагу і на тое, што трэба ўмець спачуваць няўдачам блізкіх, верыць у поспех тых, хто па нейкай прычыне яшчэ не дасягнуў вялікіх вяршынь.
«Чаго мы чакаем ад зімы? — звяртаецца на самай першай старонцы да сваіх чытачоў Таццяна Дземідовіч. — Цудаў! Цікавых падзей! Вясёлых гісторый! Усё самае захапляльнае пачынаецца тады, калі выпадае снег... Ці не?! Усё пачынаецца з добрага настрою і добрых спраў! Пра гэта дакладна ведае фантазёрка Ленка Коцікава. Аднойчы яна так чакала снег, што прымусіла пасябраваць усіх суседзяў у двары. А яшчэ рабятам давялося паўдзельнічаць у шчаслівай гісторыі для новага сябра Барыса Маўчуна, сфатаграфаваць Барсіка, які прыляцеў, і выратаваць малечу Чучундрыка. Толькі Ленка Коцікава ведае, як маляваць самых сапраўдных снягіроў, што робіцца ў чароўнай Краіне Ледзяшоў і як небяспечна прыйсці ў школу, калі не выспаўся!..»
Ужо першае апавяданне кнігі — «Як я чакала снегу» — стварае настрой на знаёмства з добрымі прыгодамі. Складваецца ўражанне, што ў чытача з’яўляецца магчымасць выправіцца ў віртуальнае падарожжа, разам з героямі твора весяліцца і перажываць. І ў гэтым апавяданні, і ў іншых творах няма лішняй дыдактыкі, павучальнасці, але ёсць прыкметнае жаданне аўтара тактоўна і вельмі разумна перадаць пэўны жыццёвы досвед, выкласці разумныя думкі і парады, да якіх усё ж варта прыслухацца.
Дзесяць апавяданняў сабраны пад вокладкай кнігі «СНежным годом», якую прыгожа аформіла кніжны графік Ганна Архіпава. І не абавязкова чытаць усе творы адразу, за адзін толькі дзень. Лепей і нават болей карысна, калі чытанне ўдасца раскласці на два-тры тыдні, каб быў час і было жаданне паразважаць над прачытаным, а мо ў чым і паспрачацца з Ленкай Коцікавай і іншымі героямі кнігі.
Новую кнігу Таццяны Дземідовіч можна набыць ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга» у абласных цэнтрах і іншых гарадах краіны, а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72.
Дарэчы, за апошнія некалькі месяцаў Выдавецкі дом «Звязда» прапанаваў юным чытачам сапраўдную бібліятэку дзіцячых кніг, аўтарамі якіх з’яўляюцца Сяргей Клімковіч, Павел Гушынец, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Іна Фралова, Валянціна Драбышэўская, Міхаіл Дзеравянка, Тамара Кавальчук, Святлана Быкава і іншыя паэты і празаікі.
Сяргей ШЫЧКО
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.