Вы тут

У Кітаі ўлетку расце наведвальнасць музеяў


У гэтым летнім сезоне ў Кітаі зафіксаваны прыкметны рост наведвальнасці музеяў, якія для зручнасці турыстаў працягнулі гадзіны работы і прадставілі разнастайныя начныя праграмы, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн». 


З надыходам лета «музейная ліхаманка» працягвае набіраць абароты. 

Маладыя людзі і навучэнцы сталі асноўнымі наведвальнікамі музеяў. Згодна са «Справаздачай аб тэндэнцыях летняга турызму 2024 года», апублікаванай кампаніяй Tongcheng Travel, гістарычныя і культурныя цэнтры, такія як гарады Пекін і Сіань, з’яўляюцца самымі папулярнымі напрамкамі для сямейнага адпачынку. Білеты ў музей Гугун (Пекін) і Гістарычны музей правінцыі Шэньсі (Паўночна-Заходні Кітай) разлятаюцца як гарачыя піражкі.

У сувязі з усё большай папулярнасцю музеяў у летні перыяд Дзяржаўнае ўпраўленне па ахове культурнай спадчыны КНР апублікавала «Апавяшчэнне аб арганізацыі работы музеяў у летні сезон 2024 года». Згодна з дакументам, вядучым і музеям, якія найбольш наведваюць, рэкамендуецца з улікам канкрэтных абставін прадоўжыць гадзіны работы. Музеі па ўсёй краіне актыўна адгукнуліся на гэтую ініцыятыву, імкнучыся максімальна задаволіць узрослую цікавасць публікі.

Арганізацыя начных выстаў у музеях дорыць наведвальнікам новыя ўражанні, адрозныя ад дзённых экскурсій. Гэтым летам 45 музеяў Шанхая па выходных ладзяць «Чароўныя музейныя ночы». Акрамя падаўжэння гадзін работы, яны прапануюць спецыяльныя выставы, інтэрактыўныя мерапрыемствы, творчыя кірмашы і кінапаказы пад адкрытым небам, ствараючы для наведвальнікаў насычаную культурную прастору.

Падаўжэнне работы музеяў і правядзенне начных мерапрыемстваў садзейнічаюць развіццю начной эканомікі горада і стымулююць рост спажывання ў сферы культуры і турызму. Па даных Tujia, кітайскага сэрвісу па браніраванні жылля для турыстаў, гэтым летам гасцявыя дамы паблізу музеяў па ўсёй краіне карыстаюцца павышаным попытам, колькасць браніравання павялічылася амаль удвая ў параўнанні з такім жа перыядам годам раней. Колькасць браніравання гасцявых дамоў побач з музеем Саньсіндуй у горадзе Гуанхань (правінцыя Сычуань, Паўднёва-Заходні Кітай) вырасла больш як у 15 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а вакол Нанкінскага музея ў правінцыі Цзянсу (Усходні Кітай) — амаль у 1,5 раза.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

Сілавыя структуры

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.