Сярод сёлетніх важных культурных падзей — юбілей беларускага кіно. Сто гадоў таму, 17 снежня 1924 года, выйшла пастанова Савета народных камісараў «Пра кінавытворчасць у БССР» і ў той жа дзень было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематографа і фатаграфіі пад назвай «Белдзяржкіно». Сённяшнія пераемнікі пачынальнікаў беларускага кіно з нагоды векавога юбілею рыхтуюць шматлікія цікавыя праекты.
Генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей распавёў пра той плён кінастудыі, які гледачы ацэняць сёлета. Гэта каля дванаццаці дакументальных фільмаў, што знаходзяцца ў вытворчасці. Сярод іх — стужкі пра нашых герояў-сучаснікаў Аляксея Талая і Аляксандра Мядзведзя, а таксама фільм пра генацыд беларускага народа. Тэма вайны вельмі запатрабаваная, Юрый Аляксей запэўніў: «Мы не стомімся нагадваць усяму свету, як гэта было». Сярод фільмаў на ваенную тэматыку ён згадаў нядаўна выпушчаны ў пракат фільм «Час вярнуцца», прысвечаны аперацыі «Баграціён» і беларускім партызанам. Безумоўна, глядач чакае фільм «Чорны замак». Ён зняты па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча, але там паказана сучасная Беларусь. Фільм выйдзе на экраны ў снежні, у найбліжэйшы час плануецца таксама яго адпраўка на міжнародны кінафестываль у Індыю.
Юрый Аляксей адзначыў, што нядаўна беларускія кінематаграфісты ўзялі ўдзел у фестывалі ў Мумбаі, завязаліся кантакты. Цяпер калегі з Індыі прыехалі на «Беларусьфільм», вядуцца перагаворы пра супрацоўніцтва. Пачне здзяйсняцца і сумесны беларуска-кітайскі праект — мастацкі фільм. Яго сцэнарый ужо напісаны, цяпер яго разглядаюць, хутка ў Мінск прыедзе дэлегацыя з Кітая. Такім чынам рэалізуецца беларуска-кітайскі дагавор, які падпісалі ў мінулым годзе на XXІX фестывалі «Лістапад». Вядуцца перагаворы наконт фільма «Бацька Мінай», які будзе зняты сумесна з расіянамі, у Беларусь прыехаў вядомы прадзюсар і акцёр Ігар Угольнікаў. У вытворчасці знаходзяцца і чатыры анімацыйныя фільмы. Сёлета выйдзе першы беларускі 3D-мультфільм пад рабочай назвай «Песня Сірын».
Да стагоддзя беларускага кіно прымеркавана прэм’ера фільма «Дэманстратар». Стужка распавядзе пра першыя крокі кіно на тэрыторыі Беларусі. Рэжысёр фільма Яўген Сяцько так ахарактарызаваў свой фільм: «Няма лепшай ідэі, чым распавесці пра нямое кіно ў стылістыцы нямога кіно». Ідэя спадабалася ўсёй здымачнай групе. Сюжэт — пра тое, як на пачатку ХХ стагоддзя прадпрымальнік Рыхард Штрэмер прыехаў на Беларусь і паспрабаваў тут здымаць і дэманстраваць фільмы. Рэжысёр вызначыў жанр як «салонную меладраму з напалам жарсцяў». Стужка даўжынёй у 26 хвілін, у ёй пераплеценыя і мастацкі вымысел, і дакументальныя кадры.
Выканаўца ролі Рыхарда Штрэмера акцёр Аляксандр Дзешчыц расказаў, што творчы працэс фільма быў вельмі цікавы, усіх здзівіў незвычайны сімбіёз — мінулае і сучаснасць, гульня артыстаў і хроніка. Тое ж пацвердзіла асістэнт рэжысёра Марына Данейкіна: усё было весела, па-творчаму, у фільме цудоўная каманда і цудоўныя лакацыі. Фільм, на яе думку, закране сэрцы беларусаў, раскажа пра невядомыя старонкі гісторыі. Убачыць яго можна будзе да канца года ў кінатэатрах, потым на тэлебачанні. Натуральна, выйдзе і на стрымінгавыя пляцоўкі. Будуць арганізаваны творчыя сустрэчы са здымачнай групай.
Сярод значных падзей — кінафестываль «Лістапад». Выканаўчы дырэктар кінафестывалю Алеся Рулькова нагадала, што ў гэтым годзе кінафорум юбілейны, таму будуць пэўныя адметнасці. Адкрыццё і закрыццё пройдзе на сцэне Палаца Рэспублікі. Заяўкі на ўдзел паступілі са 114 краін, камісія адглядае фільмы, але заяўкі прымаюцца яшчэ да 1 верасня. Ёсць змены і ў пераліку кінатэатраў, якія стануць пляцоўкамі для праглядаў. Галоўнай будзе кінатэатр «Перамога», які сёлета адкрыўся пасля рэканструкцыі. Дарэчы, цяпер там ёсць зала на 24 месцы, прызначаная для паказу дакументальнага кіно. Як пляцоўкі фестывалю будуць задзейнічаны таксама мінскія кінатэатры «Мір», «Цэнтральны», «Піянер», «Беларусь».
Людміла ІВАНОВА
Што будуюць, а што ўжо ўвялі ў эксплуатацыю?
«У ідэале, не адзін алімпійскі цыкл».
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?