Вы тут

Чым адрозніваецца мысленне і псіхалогія «левых» і «правых»


Нашы асабовыя якасці вызначаюць не толькі наш характар і паводзіны, але, як высвятляецца, і нашы палітычныя погляды. Калі па жыцці мы кансерватары, з цяжкасцю мяняем свае звычкі, любім парадак і дысцыпліну, хутчэй за ўсё бліжэй нам будуць «правыя» погляды. Калі ж мы адкрыты да ўсяго новага, лёгка ставімся да змен, то ўспрымем «левыя» ідэі. Дарэчы, з вялікай дакладнасцю гэта вызначыць можна нават па МРТ галаўнога мозгу. Якімі ўсё ж якасцямі валодаюць прадстаўнікі «правых» і «левых»? Чаму паўнацэннаму грамадству патрэбны і першыя, і другія? Што ператварае людзей у прыхільнікаў радыкальных ідэй — «ультраправых» ці «ўльтралевых»? Пра гэта расказаў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гумен Гарбанніджад.


— Гумен, каго адносяць да «правых», а каго — да «левых»?

— «Правымі» называюць тых, хто жадае захаваць існуючае становішча, гэта кансерватары. «Левыя» — тыя, хто выступае за перамены, перабудову грамадства, па-іншаму іх называюць радыкаламі. І навука мае тлумачэнні, чаму ў людзей розныя погляды.

У кожнага чалавека ў той ці іншай ступені прысутнічае пяць галоўных асабістых якасцяў, якія ўплываюць на яго паводзіны і характар. Гэта адкрытасць (змяненням, новаму вопыту, інфармацыі), паслухмянасць, экстраверсія, абаянне і неўратызм. Для таго каб разабрацца ў структуры мыслення «правых» і «левых», мы зважаем толькі на дзве першыя якасці — адкрытасць і паслухмянасць.

Каб вызначыць, да «левых» ці «правых» адносіцца чалавек, праводзілі розныя тэсты. Напрыклад, задавалі такія пытанні: «Вы ўвесь час харчуецеся ў адным і тым жа рэстаране ці ў розных?», «Заказваеце розную ежу ці ўвесь час адну і тую ж?», «Вы хочаце пабываць ва ўсіх рэстаранах вашага горада ці харчавацца ў адным?» Тое ж датычылася адзення, адпачынку і кола зносін: «Вы заўсёды адзяваеце адзін тып адзення ці любіце рознае?», «Адпачываеце ў адным і тым жа месцы ці ў розных?»

Чым больш людзі адкрытыя да новага, тым больш яны творчыя, актыўныя, хутчэй знаходзяць выйсце з розных сітуацый, цікавяцца ўсім новым. Яны любяць розныя віды творчасці. Напрыклад, у іх дома хутчэй за ўсё будуць карціны не самых традыцыйных кірункаў жывапісу. Пры гэтым яны з’яўляюцца вельмі адчувальнымі і моцна рэагуюць на пачуцці іншых людзей: сумуюць і весяляцца разам з іншымі. Такія людзі часцей скасоўваюць шлюбы. І яны больш прытрымліваюцца «левых» поглядаў, адпаведна самі часцей з’яўляюцца членамі «левых» партый ці галасуюць за «левыя» партыі.

Каб ацаніць ступень паслухмянасці, пыталі: «Ці своечасова вы выконваеце сваю работу?», «Ці плануеце свае справы?», «Калі вам паставілі задачу, вы імкняцеся добрасумленна яе выконваць ці не?», «Калі хочаце дасягнуць мэты, дзеля гэтага шмат працуеце?», «Калі адчуваеце, што не можаце своечасова выканаць запланаванае, адчуваеце сябе дыскамфортна?» У паслухмяных людзей творчае мысленне менш развіта, чым у адкрытых. Сваю работу яны выконваюць вельмі добрасумленна, але калі ўзнікаюць нейкія ўскладненні, ім цяжэй знайсці альтэрнатыўнае выйсце, таму часта проста «завісаюць».

Гэтыя людзі менш схільныя скасоўваюць шлюбы, аддаюць перавагу простаму дызайну ў доме, у іх больш прымітыўныя карціны. Яны з цяжкасцю мяняюць свае звычкі, пры гэтым больш задаволены сваім жыццём, менш ужываюць алкаголь, больш добрасумленныя ў рабоце і адносяцца да «правых»: найчасцей галасуюць за «правыя» партыі.

Чым больш балаў атрымліваюць людзі па шкале паслухмянасці, тым менш яны адкрытыя да новага: вопыту, змяненняў і іншага, і наадварот.

У гэтым кірунку праводзіў сацыяльныя эксперыменты адзін з перадавых вучоных — амерыканскі прафесар Джонатан Хейт. Для такіх доследаў дастаткова 10–15 тысяч чалавек, у яго ж у некаторых эксперыментах удзельнічала да 300 тысяч. Прапаноўвалася пяць сітуацый. Калі чалавек адказваў, што зробіць прапанаванае без грошай, ён не атрымліваў балаў, за 100 долараў — 1 бал, тысячу долараў — 2 балы, 10 тысяч — 3 балы, ні пры якіх умовах не зробіць — 4 балы.

Першая — «Ці згодны ўкалоць іголкай руку дзіцяці?» пры тым, што іголка стэрыльная і шкоды здароўю дзіцяці, акрамя болю, не прынясе. Тут «левыя» нязначна больш, чым «правыя», атрымалі балаў. Гэты тэст вызначаў узровень эмпатыі да людзей.

Другая прапанаваная сітуацыя: «Ваш сябар купіў скрадзены тэлевізар і ім карыстаецца. Ці згодны вы пазычыць яго і таксама карыстацца?» Вялікай розніцы ў набраных балах не было і тут. Пераважная большасць адказала адмоўна. Гэты тэст правяраў узровень справядлівасці.

Трэцяе пытанне — «Ці згодны вы замежным журналістам расказаць пра недахопы сваёй краіны?», прычым не прыдумваць, а праўдзіва назваць слабыя месцы. І тут паміж «левымі» і «правымі» атрымалася вельмі вялікая розніца. «Правыя» сказалі, што яны не згодны зняславіць сваю краіну, а калі і зробяць гэта, то за вельмі вялікія грошы. А «левыя», наадварот, былі згодны нават без грошай расказаць пра тое, што не падабаецца. Такім чынам вывучалася адданасць. Насамрэч у ЗША спяванне гімна, дэманстрацыя сцяга на тым жа адзенні, патрыятызм больш характэрныя для «правых», чым для «левых».

Чацвёртае пытанне «Ці згодны вы ў камедыйным спектаклі даць аплявуху вашаму тату?» пры тым, што тата ведае, што гэта камедыя і ён згодны. Тут пры адказах таксама была вялікая розніца. «Левыя» пагадзіліся бясплатна ці за дробныя грошы. А «правыя» пагадзіліся або за вельмі вялікія грошы, або ўвогуле ні пры якіх умовах не сталі б гэтага рабіць. Гэты тэст вызначаў павагу да ўлады і аўтарытэту. «Правыя» тут нашмат апярэдзілі «левых».

Апошняе пытанне «Ці згодны вы ў камедыйным спектаклі стварыць вобраз жывёлы: поўзаць, як змяя, крычаць, як малпа, і смяшыць такім чынам людзей?» Зноў-такі была вялікая розніца. «Правыя» сказалі, што не будуць гэтага рабіць, а калі і будуць, то за вельмі вялікія грошы. А «левыя» пагадзіліся дзеля камедыі паўдзельнічаць нават бясплатна. Тут вывучаўся ўзровень праведнасці.

Самае цікавае, што пры МРТ галаўнога мозгу людзей «левых» і «правых» поглядаў можна адрозніць па актыўных нейронных сувязях, яны знаходзяцца ў розных месцах галаўнога мозгу, прычым з істотнай дакладнасцю — 70%.

Таксама было праведзена даследаванне ў Вялікабрытаніі. Яно паказала, што дзеці, якія ва ўзросце пяці—сямі гадоў ідуць супраць волі бацькоў і пастаянна з імі спрачаюцца, калі вырастаюць, становяцца «левымі» і галасуюць за «левыя» брытанскія партыі. Той, хто з дзяцінства не згодны з парадкам, не мае «правага» мыслення і не любіць дысцыпліну ў дарослым узросце.

— Як у «левых» грамадствах жывуць людзі «правых» поглядаў?

— Нават калі ўсё грамадства лічыцца «левым», у ім ёсць «левыя» і «правыя». Псіхалагічныя якасці ўсіх людзей не могуць супадаць з палітычным ладам. Нельга ўсіх зрабіць «левымі» ці «правымі». «Правыя» нават у «левай» краіне знаходзяць сябе ў тых сферах, дзе трэба наводзіць парадак.

Дарэчы, людзі «правых» поглядаў вызначаюцца больш высокай дысцыплінай мыслення, чым «левыя». Напрыклад, было такое даследаванне. Па цэнтры манітора быў размешчаны мем, які паднімаў і апускаў вочы, глядзеў налева ці направа. Пры гэтым з розных бакоў экрана з’яўляўся мяч. Напрамак позірку мема не супадаў з тым, адкуль выходзіў мяч. Людзей прасілі не зважаць на рухі мема. І людзі «правых» поглядаў сапраўды амаль не звярталі ўвагу на мем, у адрозненне ад людзей «левых» поглядаў. Яшчэ адзін аналагічны эксперымент — пісалі ручкай зялёнага колеру з чырвоным чарнілам і пыталіся, які колер у ручкі. «Правыя» больш дакладна адказвалі, што ручка зялёная, а «левыя» больш памыляліся.

— Ці магчымае цалкам аднапалярнае грамадства?

— Сам прафесар Хейт казаў, што ў яго было больш «левае» мысленне. Але пасля правядзення даследаванняў ён пераканаўся, што абсалютна «левае» ці абсалютна «правае» грамадства немагчыма. Часам можна пачуць, што калі ўсе будуць «левымі», гэта будзе ідэальнае грамадства, ці наадварот. Трэба разумець, што для стварэння збалансаванага грамадства, якое магло б рухацца наперад і развівацца, павінны быць людзі з «левым» і «правым» мысленнем. Падчас эвалюцыі так склалася: частка людзей нараджаецца з «левым» мысленнем, частка — з «правым». Нават калі цалкам ачысціць грамадства, калі зменіцца пакаленне, нягледзячы на папярэднюю татальную зачыстку, у наступным пакаленні з’яўляюцца людзі з іншым мысленнем.

Уявім, што магло б быць, калі б грамадства складалася выключна з «правых», а яны ўсе дысцыплінаваныя, паслухмяныя, не хочуць нічога мяняць. Але ж свет увесь час развіваецца, і такое грамадства заставалася б на адным месцы, буксавала, не развівалася і з часам проста знікла б.

Калі б усё грамадства складалася з «левых»... А яны пераменлівыя, законанепаслухмяныя, пастаянна эксперыментуюць, ад чаго ствараецца хаос. Такое грамадства таксама няўстойлівае. У ім павінен быць хтосьці, хто сочыць за законам, парадкам, каб была стабільнасць, а за такіх адказваюць «правыя». Таму нельга, каб грамадства было толькі «левае» ці толькі «правае».

Напрыклад, СССР лічылі краінай эксперыментаў. Там многае рабілі, што потым аказалася немэтазгодным і нават шкодным, у тым ліку цаной тысяч чалавечых жыццяў. Будавалі Беламорканал, які аказаўся амаль бессэнсоўным, з-за сельскагаспадарчых эксперыментаў па вырошчванні бавоўны высахла Аральскае мора... Гэтыя прыклады ілюструюць, што бывае, калі робіцца шмат спроб і няма тармазоў.

Як паказвае гісторыя, крайне «правыя» грамадствы ці крайне «левыя» не могуць доўга існаваць і прыгавораны да самазнішчэння і самараспаду, калі сама сістэма не будзе гнуткай.

— Як растлумачыць з’яўленне людзей радыкальных, крайніх поглядаў?

— Наш мозг мае такую ўласцівасць: чым больш яго «прамываюць», тым больш «брудным» ён становіцца. У нармальным грамадстве колькасць «ультралевых» і «ўльтраправых» нязначная. Калі грамадства падвяргаецца гвалту, рэвалюцыям, войнам, рэпрэсіям, «правыя» ператвараюцца ва «ўльтраправых», а «левыя» — ва «ўльтралевых». Парушаецца баланс, што заўсёды небяспечна ўнутранымі грамадзянскімі войнамі, рознагалоссямі, гвалтам, раздзяленнем і распадам грамадства.

Прычым англасаксы зразумелі гэта шмат гадоў таму і пачалі выкарыстоўваць, ператвараючы «левых» ва «ўльтралевых», «правых» — ва «ўльтраправых», ствараць расколы ў грамадстве па прынцыпе «раздзяляй і ўладар». Такіх прыкладаў шмат. Адзін з іх — Эрытрэя. Да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя такой краіны на карце свету не было, яна ўваходзіла ў склад Эфіопіі. Сёння гэта вельмі бедная краіна з таталітарнай сістэмай кіравання, там абавязковая служба ў войску, на якую грамадзян прызываюць на няпэўны тэрмін, з-за чаго многія эрытрэйцы пакідаюць радзіму. У 1890 годзе Італія хацела захапіць Эфіопію, якая лічылася «залатой жылай» Афрыкі. Аднак людзі трымаліся адзін за аднаго, і Італіі ўдалося «ўзяць» толькі невялікую частку краіны з выхадам да мора, якая стала першай калоніяй Каралеўства Італія на ўзбярэжжы Чырвонага мора.

Пасля Другой сусветнай вайны англічане атрымалі ўплыў над гэтай тэрыторыяй. Эрытрэйцы хоць і хацелі аб’яднання з Эфіопіяй, але за гэты час ператварыліся ва «ўльтраправых» і «ўльтралевых». Пачаліся ўнутраныя войны, прычым ваявалі ўсе: мусульмане, хрысціяне, камуністы, а звышдзяржавы падтрымлівалі розныя групоўкі. Пасля распаду СССР частка байцоў засталася без падтрымкі, Эфіопія і Эрытрэя ў выніку раздзяліліся. Вось так адна нацыя, якая калісьці была адзінай краінай, ператварыўшыся ва «ўльтраправых», пачала братазабойныя войны.

Калі ў 1993 годзе Эрытрэя стала незалежнай, нягледзячы на тое, што краіна разбітая, яна пачала па чарзе ваяваць з суседзямі. На першы погляд здаецца неразумным, калі новыя людзі прыходзяць да ўлады ў краіне з няўстойлівым ладам і пачынаюць ваяваць. Аднак гэта адмысловая палітыка, калі патрэбны выдуманыя ворагі і войны. Апошняе дазваляе растлумачыць унутраныя эканамічныя нелады — краіна ваюе, да таго ж улады быццам бы выратоўваюць яе ад ворагаў. Гэта ўніверсальны прыём, калі прыходзіць новая ўлада пасля рэвалюцыі ці вайны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.