Вы тут

У жніўні традыцыйна пачынаюць свой працоўны шлях тысячы выпускнікоў універсітэтаў і каледжаў


Момант хвалюючы, і з двух «выпускаў» у дарослае жыццё — спачатку пасля школы, затым пасля заканчэння ВНУ — гэты, сапраўды, самы сур’ёзны. Побач няма педагогаў, майстроў і, часцей за ўсё, бацькоў. Ёсць арганізацыя і твая частка работы, за якую нясеш зусім дарослую і сур’ёзную адказнасць. Цяжка? Канешне. Таму менавіта ў гэты момант многае залежыць ад кіраўніка і калег маладога спецыяліста: як яго прымуць, як падтрымаюць, як дапамогуць уключыцца ў працу. І ад гэтых жа фактараў залежыць, вырасце ў сваім калектыве з маладога спецыяліст высакакласны ці ён пакіне, нягледзячы на ўсе наступствы, сваё першае працоўнае месца, расчараваны ў выбары і прафесіі.


Фота: БелТА

«Мне падабаецца дапамагаць людзям...»

Малады спецыяліст пра першае працоўнае месца, цікавасць да прафесіі і тое, што агульнага паміж медыцынай і музыкай

Жыццё Аліны Андрушынай нядаўна кардынальна памянялася. Учарашняя студэнтка Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта з 1 жніўня займае пасаду ўрача-неўролага Быхаўскай ЦРБ. Наперадзе — два гады адпрацоўкі, і гэта вельмі добрая школа для атрымання вопыту для маладога спецыяліста.

Аліна — дзяўчына сур’ёзная і мэтанакіраваная. З прафесіяй вызначылася яшчэ ў школе. Медыкаў у яе сям’і няма, але ёй вельмі падабаліся хімія і біялогія. Калі атрымала атэстат, яшчэ вагалася паміж біяфакам БДУ і медыцынскім ВНУ. Але, калі ўсё ўзважыла і абдумала, вырашыла, што выкладчыцай быць добра, але ўсё ж такі ўрачом лепш. Падчас вучобы былі моманты, калі прыходзілі думкі: «А што, калі памылілася з выбарам?» Прафесія не для слабанервовых, трэба быць рашучым, адказным і ўмець трымаць сябе ў руках. Выгляд крыві яе не пужаў, але калі па вучобе прысутнічала на ўскрыцці, было крыху не па сабе. Потым супакоілася: не патолагаанатамам жа збіраецца працаваць, а значыць, і перажываць не трэба. На апошнім курсе канчаткова вызначылася з будучым профілем — неўралогія. Быхаў выбірала асэнсавана: ад яго зусім блізка да роднага Магілёва. А ў Магілёве — бацькі, малодшая сястра, сябры, трэнажорная зала, нарэшце, куды Аліна ходзіць, каб трымаць тонус.

— Мне цікава пачынаць сваю працоўную дзейнасць менавіта ў Быхаўскай раённай бальніцы, — кажа яна. — Праз яе прайшло шмат вядомых магілёўскіх медыкаў, якія займаюць сёння кіруючыя пасады. Некаторых з іх я ведаю асабіста і хачу стаць такім жа прафесіяналам, як і яны. Разумею, што для гэтага трэба пастаянна вучыцца, таму шмат вольнага часу аддаю вывучэнню спецыяльнай літаратуры.

Падчас праходжання інтэрнатуры ў Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі паспела захапіцца складанымі медыцынскімі выпадкамі.

— Гэта чараўніцтва, калі на вачах чалавек, які літаральна паміраў, вяртаецца да жыцця, — кажа Аліна. — Медыкі прымяняюць у сваёй рабоце перадавыя прыёмы лячэння. Той жа тромбалізіс, які дапамагае пацыенту хутка акрыяць ад інсульту і стаць на ногі. Шмат чаго для сябе адкрыла, шмат чаму навучылася ў магілёўскіх урачоў. Яны вельмі дасведчаныя. Нават не магу кагосьці аднаго выдзеліць — усе цудоўныя. Дзякуючы ім, мне спадабалася аказваць экстранную дапамогу, працаваць са складанымі пацыентамі. Уразіла, якая сучасная і тэхналагічная ў Магілёве бальніца, там сапраўды атрымліваеш неверагоднае задавальненне ад сваёй дзейнасці.

У Быхаве малады ўрач працуе на прыёме пацыентаў. Расказвае, што вядзе яго з 8 гадзін раніцы да 16.00. Людзей звяртаецца шмат. Яно і не дзіўна: сёння хваробы неўралагічнага паходжання адны з самых распаўсюджаных. Перапынак на абед невялікі, расслабляцца няма калі. Закінуў бутэрброд у рот, запіў кавай — і зноў вяртаешся да пацыентаў.

— Сёння шмат хто скардзіцца на болі ў спіне, — ацэньвае стан здароўя быхаўчан урач. — І тут важна паставіць правільны дыягназ. Ацаніць, дзе боль лакалізаваны. Гэта мышачны спазм ці нешта больш сур’ёзнае.

На прыём прыходзяць у асноўным людзі сталыя і сярэдняга ўзросту. Любяць спытацца, ці надоўга да іх маладая ўрач прыехала. Час пакажа. Пакуль яна і горад толкам не бачыла. У першыя дні работы з непрывычкі нават не паспявала ўкласціся ў часовыя рамкі, крыху затрымлівалася пасля работы. Трэба было ва ўсё ўнікнуць, разабрацца, плюс картачку запоўніць, рэцэпт выпісаць. Але ўжо прызвычаілася. Тым больш што спяшацца ёсць куды — ключы ад арэнднай кватэры ў доме непадалёк ад бальніцы яна атрымала за некалькі дзён да пачатку работы. Двухпакаёўку з вялікімі прасторнымі пакоямі, дзе літаральна перад заездам жыльцоў быў зроблены рамонт, яна дзеліць са сваёй калегай з Гомеля. Лічыць, што такое вырашэнне кватэрнага пытання вялікі плюс для маладога спецыяліста, і ўдзячна дзяржаве, якая праяўляе клопат пра такіх, як яна.

Цяпер дзяўчына абжываецца на новым месцы, бацькі дапамагаюць наводзіць утульнасць. Трэба было набыць мэблю, з густам яе расставіць. Аліна прыхільніца мінімалізму і прастаты ў абыходжанні: адмовілася ад грувасткай шафы і аддала перавагу адкрытым скрыначкам і палічкам. Айчым замацаваў іх там, дзе трэба. Атрымалася ўтульна і ўсё на віду — нічога не трэба шукаць.

Паглядзець, як маладая ўрач уладкавалася на новым месцы пражывання, ужо прыходзіла з бальніцы спецыяліст па кадрах. Цікавілася, ці ўсё задавальняе, чаго не хапае. Галоўны ўрач бальніцы Таццяна Саніна наогул апякае маладых супрацоўнікаў. Аліна адразу ж звярнула ўвагу, што іх шмат у калектыве. Сёлета ў гэтую ж бальніцу, акрамя яе, размеркаваліся яшчэ чатыры дактары. Спадабалася, што калектыў дружны, адкрыты. І параіцца ёсць з кім, ёсць настаўнік, за якім яна замацавана, урач-неўролаг Кацярына Кілеса. Калі нешта незразумела — і падкажа, і дапаможа. Ды і магілёўскія калегі, з якімі пазнаёмілася ў інтэрнатуры, заўсёды гатовы падставіць плячо. Прафесійная этыка, як той казаў, працуе.

За кароткі час сваёй работы ў Быхаўскай ЦРБ суразмоўніца паспела пабываць на раённым маладзёжным турзлёце, у якім брала ўдзел бальніца. Там атрымалася прадэманстраваць свае творчыя таленты — Аліна добра іграе на гітары.

— У школе паралельна чатыры гады вучылася ў «музыкалцы» ігры на піяніна, — усміхаецца дзяўчына. — Вельмі падабаўся мне гэты інструмент. Але не хапала часу займацца. Затое гітару ўжо сама асвоіла. Добры спосаб пераключыцца і ўзняць настрой сабе і іншым.

Фінансавым складнікам у сваёй рабоце маладая спецыяліст таксама не пакрыўджана. Хаця першай зарплаты яшчэ не было, яле яна ўжо ведае, колькі прыблізна атрымае на рукі. 

Кажа, што для пачаткоўца гэта даволі годная сума. А хутка яшчэ і пад’ёмныя выплацяць.

Вось толькі пасля вялікага горада цяжка прыстасавацца да запаволенага рытму жыцця раённага цэнтра. Сеткавікі ў горадзе ўжо ёсць, а вось з сучаснымі месцамі адпачынку — напружанне. Схадзіць вечарам з сябрамі асабліва няма куды.

— Пакуль для мяне Быхаў — гэта перш-наперш работа, — кажа Аліна. — Мне падабаецца маё рабочае месца, людзі, з якімі займаюся любімай справай. Гэта добры вопыт і цудоўны старт. Але хочацца развівацца. Мне падабаецца экстранная дапамога, складаныя пацыенты. Хачу цалкам рэалізавацца ў гэтай дзейнасці і прыносіць карысць грамадству.

У тэму

Галоўны ўрач Быхаўскай ЦРБ Таццяна Саніна:

— Сёлета наш калектыў папоўніўся пяццю ўрачамі: неўролагам, афтальмолагам, анестэзіёлагам, хірургам, урачом агульнай практыкі. На сёння па ўрачах — вузкіх спецыялістах у нас пытанне закрыта. Вельмі рада, калі прыходзяць маладыя супрацоўнікі. Яны ініцыятыўныя, актыўныя, у іх запал у вачах, імкненне працаваць. Пра іх работу ад жыхароў ужо паступаюць станоўчыя водгукі. Кажуць, што ветлівыя, культурныя, уважлівыя. За ўсімі маладымі спецыялістамі замацаваны настаўнікі. Літаральна днямі мы збіралі іх, каб пазнаёміць паміж сабой, з настаўнікамі, калектывам, расказаць пра тое, хто за што адказвае, агучылі пытанні па зарплаце, жыллі, магчымасцях нашага прафсаюза. Больш маштабнае ўшанаванне маладых спецыялістаў у нас звычайна праходзіць у верасні, пасля таго, як яны крыху папрацуюць на новым месцы. Першае працоўнае месца — гэта заўсёды каласальны вопыт, разуменне, як дзейнічае сістэма аховы здароўя, пачынаючы з раённага ўзроўню. Нават калі яны потым і не застаюцца ў раёне, усё роўна яны больш дасведчаныя, чым іх калегі, якія пачынаюць у буйных гарадскіх медустановах. Бо ў іх будзе разуменне, як працуе сістэма пярвічнага звяна, якая абслугоўвае сельскага пацыента. Плюс яшчэ ў тым, што ў раённай бальніцы хутчэй можна зрабіць кар’еру. Тут хутчэй заўважаць лідарскія, арганізатарскія здольнасці. Я сама калісьці пачынала тут у якасці ўчастковага тэрапеўта. Сёння бальніца паляпшае сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, праводзіцца капітальны рамонт двух асноўных лячэбных будынкаў. Купляецца новае абсталяванне, робіцца ўсё для таго, каб пацыенты не былі ні ў чым пакрыўджаны, а ў маладых спецыялістаў было жаданне застацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Аліны АНДРУШЫНАЙ


Вітаем, маладое папаўненне!

Працаваць і жыць камфортна

Сёння ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі краіны задзейнічана 231 тысяча кіруючых супрацоўнікаў і спецыялістаў.

Фота: БелТА

— Для параўнання, у 1990–1994 гадах мы атрымлівалі прадукцыі ў два разы менш, чым сёння. А працавалі ў той час у сельскай гаспадарцы 1 млн 90 тысяч работнікаў, — кажа начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадравай палітыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Самсановіч. — Гэта сведчыць аб тым, што тэхналагічныя працэсы, распрацаваныя вучонымі, укаранёны ў сельскагаспадарчую вытворчасць. Ні адна навуковая распрацоўка не можа рэалізавацца самастойна, для гэтага патрэбны спецыялісты. І 90 працэнтаў моладзі, што сёння выпускаецца з аграрных устаноў адукацыі, занята менавіта ў сельскай гаспадарцы.

Адсылаючы свае наступныя словы перш за ўсё да моладзі, Уладзімір Самсановіч падкрэсліў, што работнікі АПК краіны заслугоўваюць усяго, што мы называем дастойным: умоў працы і побыту, заработнай платы, усяго неабходнага для паўнацэннага жыцця ў вёсцы.

— Кіраўніком дзяржавы ставіцца задача зрабіць усё, каб жыццё ў вёсцы было багацейшым, больш прыгожым, цікавым, каб маладыя людзі маглі рэалізаваць свае планы і намеры на зямлі, — сказаў прадстаўнік Мінсельгасхарча. — Таму дзяржава працуе над павышэннем прэстыжнасці пражывання ў сельскай мясцовасці: будуюцца новыя дамы гарадскога тыпу, школы, амбулаторыі, дзіцячыя садкі, крамы, аддзяленні сувязі, банкі і іншае. Набірае тэмпы праект «Вёска будучыні». Ужо сёння на карце Беларусі ёсць з дзясятак адрасоў, дзе ён здзейсніўся.

Мадэрнізацыя, новыя тэхналогіі як на вытворчасці, так і ў побыце — усё гэта робіцца не для птушачкі. А дзеля таго, каб маладыя і перспектыўныя маладыя спецыялісты выбралі месцам свайго жыцця і прафесійнага росту сельскую мясцовасць. Але аднаго жадання, каб так і было, мала.

— Сёння кожны кіраўнік павінен усвядоміць, што своечасовы падбор, правільная расстаноўка спецыялістаў, рацыянальнае выкарыстанне кадравага патэнцыялу, стварэнне ўмоў для замацавання кадраў — гэта яго доля, — адзначыў Уладзімір Самсановіч.

І дадаў, што жаданага ўзроўню замацоўвання моладзі ў арганізацыях АПК дасягнуць пакуль не ўдаецца. Але ёсць рух наперад, а значыць, ёсць і далягляды. Паводле яго слоў, сёння дзейнічае каля 17 нарматыўных прававых актаў, накіраваных на замацаванне маладых спецыялістаў у сельскагаспадарчых арганізацыях. Гэта і льготы, і забеспячэнне жыллём, і даплаты, а таксама тарыфныя пагадненні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі, прафсаюзамі і Беларускім аграпрамысловым саюзам. Студэнтам вышэйшых аграрных устаноў адукацыі па іх жаданні з 2021 года даецца магчымасць у перыяд навучання ў ВНУ (на канікулах) прайсці воінскую службу ў рэзерве, што вызваляе іх ад тэрміновай службы. На сёння такую службу праходзяць 179 студэнтаў, 50 яе скончылі.

Са школьнай лавы

Практыка паказвае, што найбольш паспяхова ў сельскагаспадарчых арганізацыях асвойваюцца маладыя спецыялісты — выхадцы з сельскай мясцовасці. І гэта зразумела: яны адаптаваны да вясковых умоў жыцця ў вёсцы і будучую спецыяльнасць выбіраюць свядома. Але ёсць і іншыя варыянты прывіць моладзі яшчэ са школьнай лавы цікавасць да розных сфер сельскай гаспадаркі.

— З 2018 года ў Беларусі функцыянуюць класы аграрнай накіраванасці, — дзеліцца Уладзімір Самсановіч. — Іх вучні па праграме факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў аграрныя прафесіі» ў 10-11 класах вывучаюць свет сельскагаспадарчых раслін і жывёл, асновы аграрнай вытворчасці і тэхналогіі атрымання прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, тэхнічнае і энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай галіны. — Гэта добрая магчымасць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, а гаспадаркам — адабраць прафесійна арыентаваных абітурыентаў, якія паступяць на профільныя спецыяльнасці ў аграрныя ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Каледж — удалы старт

Падрыхтоўку кадраў па спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі для галіны сельскай гаспадаркі ў 2024 годзе ў краіне ажыццяўляюць 37 устаноў адукацыі па 12 спецыяльнасцях. Набор складае каля 4 тысяч чалавек. Амаль у два разы больш такіх устаноў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі — падрыхтоўка рабочых кадраў для арганізацый сельскай гаспадаркі ажыццяўляецца па 5 спецыяльнасцях і 14 кваліфікацыях у 64 каледжах. Штогадовы набор — каля 3 тысяч чалавек.

— Сістэма ПТА і ССА інтэгравана ў адзіны від установы адукацыі — каледж, — расказвае начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова. — Сёння ў нас тры віды каледжаў. Сярод іх ёсць тыя, якія рэалізоўваюць праграмы толькі сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пэўная частка — толькі праграмы прафесійна-тэхнічнай. А таксама каледжы, якія рэалізоўваюць праграмы і ПТА, і ССА. Усяго — 293 установы.

Прадстаўнік адукацыйнага ведамства расказала аб тым, што ва ўсіх каледжах, акрамя асноўнай дзейнасці, рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых, якія займаюцца прафесійнай падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай, павышэннем кваліфікацыі рабочых і служачых, у тым ліку і для сістэмы АПК.

Аляксандра Пятрова таксама адзначыла, што ў Беларусі паспяхова функцыянуюць 52 цэнтры кампетэнцый у сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія аснашчаны найноўшым абсталяваннем і прызначаны забяспечыць асваенне перадавых метадаў работы для ўсіх профільных спецыяльнасцяў краіны, восем з іх — у сельскагаспадарчай галіне.

Арыенцір на практыку

Назва Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта гаворыць сама за сябе, там рыхтуюць тэхнароў для сельскай гаспадаркі па ўсіх кірунках: інжынераў, інжынераў-механікаў, спецыялістаў тэхнічнага профілю па тэхнічным сэрвісе, энергетыцы, цеплатэхніцы, аўтаматызацыі, ахове працы — гэта значыць, увесь цыкл інжынернай службы, які неабходны для сельскай гаспадаркі.

На думку рэктара БДАТУ Мікалая Раманюка, нішто так не дапамагае падрыхтаваць сапраўды дасведчанага спецыяліста, як магутная і сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, якую ўніверсітэт і мае. Месцазнаходжанне ВНУ — у сталіцы краіны, дзе дыслакуецца галоўны навуковы цэнтр — Нацыянальная акадэмія навук. Гэта дазваляе надаваць адукацыі інавацыйны характар, прыцягваць да навучальнага працэсу тытулаваных вучоных, а таксама праводзіць заняткі ў навукова-практычных цэнтрах і навукова-даследчых інстытутах.

І яшчэ адна перавага, якая іграе на будучыню выпускнікоў — практыкаарыентаванасць.

— Ва ўніверсітэце толькі 25 працэнтаў лекцыйных заняткаў. А больш за 50% выкладчыкаў у нас маюць вытворчы стаж, — распавядае рэктар. — Мы практыкуем трохэтапную падрыхтоўку студэнтаў. На першым курсе даём ім рабочую прафесію слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, на другім і трэцім яны атрымліваюць прафесію трактарыста-машыніста трох катэгорый, у тым ліку самаходных машын і збожжаўборачных камбайнаў. Ну, і, нарэшце, атрымліваюць пасведчанне кіроўцы транспартных сродкаў катэгорыі «В».

Сёння кіраўнік дзяржавы паставіў задачу больш актыўна выкарыстоўваць дроны ў сельскай гаспадарцы.

— Мы працуем над гэтым не першы год. Цяпер на базе нашага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў прайшла навучанне група спецыялістаў — аператараў па кіраванні БПЛА. Думаю, што ў перспектыве БДАТУ будзе даваць студэнтам універсітэта альбо працоўную прафесію, альбо пасведчанне аператара па кіраванні беспілотнікамі.

Сувязь не губляем

Падрыхтоўка спецыялістаў практычна па ўсіх спецыяльнасцях, якія запатрабаваны ў сельскай гаспадарцы, акрамя ветэрынарнай медыцыны, — такі профіль найстарэйшай аграрнай установы адукацыі — Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі.

Па словах рэктара акадэміі Віталя Веліканава, з першага курса арыентаваныя на практыку, інавацыйную і навуковую дзейнасць студэнты гэтай ВНУ аўтаматам атрымліваюць і запатрабаванасць, і паспяховую прафесійную кар’еру пасля заканчэння акадэміі. Гэтаму ж садзейнічае і цесная работа з базавымі прадпрыемствамі, на якіх арганізавана 60 філіялаў установы адукацыі і дзе на рэгулярнай аснове праходзяць навучанне студэнты БДСГА.

Тут 62 працэнты выкладчыкаў маюць вучоныя ступені. У акадэміі працуе тэхнапарк «Горкі», інавацыйная структура, якая ўкараняе ў навучальны працэс элементы дакладнага земляробства і не толькі. Студэнты маюць магчымасць займацца навуковай працай. І паспяхова гэта робяць: імі выдадзена больш за 1800 навуковых артыкулаў.

— Мы ганарымся сваімі студэнтамі. Але самае галоўнае — калі выпускаем за сцены акадэміі, іх не кідаем, — распавядае Віталь Веліканаў. — У нас распрацавана сістэма суправаджэння маладога спецыяліста на вытворчасці. Мы яго курыруем не толькі два гады (калі студэнт вучыўся на агульных падставах), але і наступныя два-тры гады. Калі падрыхтоўка была мэтавая, то пяць і больш гадоў. Для гэтага замацоўваем настаўнікаў з ліку былых куратараў выпускнікоў ці кіраўнікоў дыпломных работ. Яны маюць пастаянную сувязь з маладымі спецыялістамі, сочаць за іх работай, прасоўваннем. На кафедрах факультэтаў вядуцца кнігі ўліку, дзе фіксуюцца звароты нашай моладзі па самых розных пытаннях, у тым ліку і сацыяльна-бытавых. Выкладчыкі звяртаюцца ў органы мясцовай улады, і ўсе пытанні вырашаюцца.

І ўсё ж, на думку рэктара сельскагаспадарчай акадэміі, важная, калі не ключавая, роля ў замацаванні кадраў адведзена наймальнікам. Менавіта яны ў першую чаргу павінны быць зацікаўлены ў тым, каб утрымаць спецыялістаў, стварыць спрыяльныя ўмовы для іх працы і адпачынку, забяспечыць дастойнай заработнай платай і добраўпарадкаваным жыллём.

Алена ВІНАГРАДАВА


Да новых вяршынь — з новым настаўнікам

Сёлета ва ўстановы сярэдняй адукацыі і дзіцячыя сады Полаччыны прыйшлі каля 60 маладых спецыялістаў. У кожнага — свае вялікія планы на першыя крокі ў педагагічнай прафесіі. Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай горада Полацка Марыя Насатовіч, нягледзячы на юны ўзрост, ужо абрала для сябе педагагічны стыль — патрабавальны і строгі.

18-гадовая Марыя Сяргееўна родам з Полаччыны. Прымаўка «дзе нарадзіўся — там і згадзіўся» спрацавала не толькі для яе, але і для старэйшай сястры. У сям’і Насатовічаў увогуле склалася невялікая дынастыя педагогаў: адна бабуля ў свой час выкладала фізічную культуру і здароўе, другая вучыла дзяцей рускай мове і літаратуры. Марыя і яе старэйшая сястра Яна прадстаўляюць пакуль другое пакаленне настаўнікаў — Яна ў гэтай галіне працуе ўжо чацвёрты год, а наша гераіня толькі прыйшла на першае рабочае месца.

Дзяўчына скончыла педагагічны каледж ВДУ імя П. А. Машэрава. Выбіраючы будучую прафесію, была ўпэўнена, што стане настаўнікам. Па-іншаму, напэўна, у такой сям’і і быць не магло. «Вельмі люблю дзяцей, у мяне шмат сясцёр і братоў, я ўвесь час праводзіла з імі. Спадзяюся, што ў школе ўсё будзе добра і я не расчарую дзяцей. Каледж даў мне добрую падрыхтоўку: было шмат практыкі, гутарылі з настаўнікамі, якія яе праводзілі. Яны ж і ацэньвалі нас. Я ўпэўнена, што ўсё атрымаецца. Наогул, прыступаю з вельмі пазітыўным настроем, але хвалююча вельмі. Чакаю з нецярпеннем Дня ведаў, каб убачыць дзяцей», — расказала Марыя Насатовіч. Дыплом дзяўчыны дазваляе выкладаць рускую мову і літаратуру ў старшых класах, аднак душа нашай гераіні больш ляжыць да маленькіх, таму і пайшла ў пачатковыя класы.

За амаль тры гады ў каледжы Марыя атрымала педагагічныя веды не толькі ў тэорыі. Выбіраючы месца пераддыпломнай практыкі, звярнула ўвагу на СШ № 18 — буйную, прыгожую, з дасканалай сучаснай інфраструктурай і вялікай колькасцю навучэнцаў. Сюды ж малады педагог прыйшла на размеркаванне і плануе застацца ва ўстанове адукацыі пасля абавязковых двух гадоў. Дарэчы, на першым званку Марыя будзе сустракаць 28 дзетак, якія пойдуць у чацвёрты клас. «Не страшна. Галоўнае — зразумець, хто ёсць хто, і наладзіць у калектыве атмасферу адзінства. Важна заўважыць задаткі талентаў вучняў і дапамагчы іх развіць. Але, нягледзячы на мой юны ўзрост, быць дзецям сяброўкай і дазваляць пераходзіць граніцы я не буду. Школьнікі павінны разумець, што да настаўніка трэба ставіцца з павагай», — разважае дзяўчына.

У мінулым годзе ў 18-ю школу прыйшлі сем маладых спецыялістаў, сёлета — тры. Установа адукацыі цалкам укамплектавана настаўніцкімі кадрамі. За кожным маладым спецыялістам тут на працягу двух і больш гадоў усталёўваецца настаўніцтва — за імі замацоўваюць спецыялістаў з першай і вышэйшай катэгорыямі. Па словах дырэктара школы Канстанціна ШУХЛЕВА, кожнаму маладому спецыялісту ўстанаўліваецца надбаўка за кантрактную форму найму. «Мы падтрымліваем нашых маладых спецыялістаў яшчэ і тым, што пры наяўнасці такой магчымасці яны пішуць заяву на выдзяленне арэнднага жылля. Два спецыялісты нашай школы яго ўжо атрымалі», — распавёў дырэктар.

«Сёлета сямі маладым спецыялістам першага года працы па выніках першай чвэрці (гэта магістранты і тыя, хто з чырвоным дыпломам скончыў навучальныя ўстановы) мы прысвоілі другую кваліфікацыйную катэгорыю, што дало ім магчымасць мець большы заробак, адпаведна, надбавачную прэміяльную частку», — дадаў Канстанцін Шухлеў. Ён падкрэсліў, што асобна для маладых спецыялістаў на кожных канікулах у школе праводзяць заняткі, каб тым лягчэй было ўнікаць у працэс, працаваць з дакументамі і рыхтавацца да ўрокаў.

Афіцыйна Марыя Насатовіч прыступіла да працы зусім нядаўна, 15 жніўня. Даволі вялікі калектыў — 146 педагогаў — сустрэў добразычліва. У хуткім часе да дзяўчыны прымацуюць вопытнага педагога-куратара, які будзе дапамагаць ва ўсіх незразумелых момантах. Падрыхтоўцы будучых кадраў у школе ўдзяляюць вялікую ўвагу, цесна супрацоўнічаюць з ВНУ. «Гэта і наш Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай. Ганарымся тым, што кожны год (і гэты не выключэнне) 50% нашых выпускнікоў паступаюць у ПДУ на разнастайныя спецыяльнасці. Таксама супрацоўнічаем з галаўным абласным ВНУ — Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П. М. Машэрава, дзе таксама заказваем кадры. Калі ўстанова адукацыі бачыць навучэнца, які гарыць жаданнем, дапамагаем яму знайсці сваё прызванне. У тым ліку і шляхам мэтавых накіраванняў», — адзначылі ў адміністрацыі школы.

На педагогіку ў гераіні даволі вялікія планы, Марыя ўжо паступіла ў ВДУ на завочнае аддзяленне. Цяпер прыйдзецца сумяшчаць несумяшчальнае, бо ні для каго не сакрэт, што працоўны дзень настаўніка не заканчваецца разам з урокамі. Але, расказвае Марыя Насатовіч, маладосць і азарт дазваляюць паспяваць усюды. Радуе дзяўчыну і тое, што тут, у васямнаццатай школе, ёй сваё плячо падставіць родная сястра Яна, якая мае ўжо грунтоўны вопыт. А пакуль Марыя маральна і фізічна рыхтуецца да новага навучальнага года, набывае неабходную літаратуру і метадычныя дапаможнікі і, вядома, з нецярпеннем чакае першы званок.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».