Сёлета свята выйшла на ўзровень рэспубліканскага. У ім прынялі ўдзел найлепшыя пекары краіны, якія прадэманстравалі высокае майстэрства. Разам з тым змест фестывалю значна пашырыўся. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была арганізавана экспазіцыя франтавога хлеба. Пад лозунгам «Мір. Гаспадар. Дабрабыт» прайшла відовішчная выстаўка «Бацькаўшчына», прысвечаная 30-годдзю інстытута Прэзідэнцтва.
Адпраўным пунктам свята можна лічыць наступную падзею. У чэрвені 2021 года Аляксандр Лукашэнка наведаў невялікую хлебапякарню ў Свіслачы. Прэзідэнт высока ацаніў смак свіслацкага хлеба, асабліва здобнай пляцёнкі, якая нагадала дзяцінства. Пасля таго, як у тэлеэфіры прайшоў гэты сюжэт, мясцовыя жыхары сталі пытаць у крамах хлеб, які каштаваў Прэзідэнт. Гэта стала свайго роду пасылам для раскруткі пляцёнкі, якая ў хуткім часе атрымала афіцыйную назву «Бацькава булка». Яе рэалізацыя павялічылася ў разы.
Той візіт памятае жыхарка Свіслачы Галіна Сафонава. Так здарылася, што прэзідэнцкі картэж праязджаў каля яе дома. Потым яна даведалася, што кіраўнік дзяржавы наведаў мясцовую пякарню.
— Недахопу ў хлебных вырабах няма. Асартымент вялікі: што толькі душа жадае. А на фестывалі дык наогул наўкола сапраўдныя творы мастацтва. Таму прыходзім сюды паглядзець на залатыя рукі людзей, на іх вырабы — ад гэтага на душы прыемна і радасна. Гэта бясцэннае свята, як сама праца земляробаў, — кажа жанчына. Яна асабліва адзначыла той факт, што людзі могуць жыць і працаваць пад мірным небам. А свіслацкая зямля заўсёды гатова прыняць усіх гасцінна і па-сяброўску.
І калі паўстала пытанне брэндавага мерапрыемства, ідэя прыйшла сама сабой. Фестываль адразу набыў папулярнасць, а знакамітая пляцёнка знайшла ўсё больш прыхільнікаў. Свята не засталося па-за ўвагай кіраўніка дзяржавы. Аргкамітэт сёлета быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і навукі. Па словах лаўрэата прэміі і нязменнага рэжысёра свята Вольгі Багдановіч, за тры гады яно вырасла да вялікага хлебнага фэсту. Сёлета «Бацькава булка» праходзіць пад дэвізам «Мір. Дабрабыт. Гаспадар», дзе гэтай тэме прысвечана выстаўка «Бацькаўшчына».
Як адзначыў у сваім выступленні падчас адкрыцця фэсту старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, сімвалічна, што сёлета, калі адзначаецца 30-годдзе інстытута Прэзідэнцтва, варта ўспомніць аб вытоках галоўнага хлебнага фестывалю краіны. Губернатар нагадаў тую самую гісторыю наведвання Прэзідэнтам пякарні і яго высокую ацэнку свіслацкай пляцёнкі. А неўзабаве быў дадзены старт першаму хлебнаму фестывалю пад брэндам «Бацькава булка».
— Упэўнены, што ў каравай-фэсту вялікая будучыня, — падкрэсліў кіруўнік Гродзенскай вобласці. — З году ў год ён будзе набіраць папулярнасць, пашыраць свае межы, збіраць на блаславёнай беларускай зямлі новых удзельнікаў і гасцей. А таксама працягне здзіўляць багаццем хлеба, майстэрствам прыгатавання самых розных хлебапрадуктаў і кулінарных вынаходстваў.
Свята і расце і мяняецца. Сёлета яно пашырылася да вялікага хлебнага фэсту з майстар-класамі, дэманстрацыяй конкурсных караваяў, хлебных атрыбутаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны і шырокім асартыментам хлебабулачнай прадукцыі.
— У Год якасці ўпершыню прайшоў рэспубліканскі конкурс прафесійных пекараў. Яго пераможцы змогуць размяшчаць на сваёй прадукцыі наш лагатып у розных статусах: залаты, сярэбраны і бронзавы. Гэта і ёсць наш знак якасці. Нам важна падкрэсліць значнасць працы пекараў, сфарміраваць у новага пакалення паважлівыя адносіны да людзей гэтай прафесіі, наогул да хлеба, — акцэнтавала рэжысёр свята.
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама Вольга Карачун удакладніла, што ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства прынялі ўдзел 36 суб’ектаў гаспадарання з розных рэгіёнаў. У пяці намінацыях было прадстаўлена звыш 130 найменняў прадукцыі. Да конкурсу праявілі інтарэс не толькі вытворцы, але і суб’екты грамадскага харчавання, якія выпякаюць хлебныя вырабы ў невялікай колькасці. Прадукцыя пераможцаў якраз і была прадстаўлена на каравай-фэсце ў Свіслачы.
Вольга Перахвал з вёскі Чамяры Слонімскага раёна — адна з іх. Яна прывезла адразу некалькі сваіх караваяў, у тым ліку вясельны, які гатавала тры дні. Фантазія і натхнёнасць робяць яе вырабы адметнымі. Дарэчы, Вольга выходзіла пераможцай на многіх конкурсах, а леташні яе каравай, які заняў першае месца на абласных «Дажынках», цяпер упрыгожвае экспазіцыю ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. Вага яго — амаль 30 кілаграм. Сёлета жанчына таксама ў лідарах. За паўтара года яна выпекла амаль 70 вялікіх вясельных караваяў. А яшчэ больш за 200 такіх, якімі сустракаюць маладых хлебам-соллю.
— Калі мой каравай прывезлі у Італію, людзі не верылі, што ён сапраўдны, а калі яго разрэзалі і пакаштавалі, сказалі такую фразу: «Якія беларусы малайцы». Для мяне гэта вялікі гонар, — кажа жанчына. — Я вельмі люблю каравай-фэст, таму чакаю гэтае свята з нецярпеннем. Хлебны фестываль — працяг традыцый і абрадаў, трэба прывучаць новыя пакаленні да гэтага, напрыклад, мае дзеці цягнуцца за мной, у нас вельмі моцна пераплецены традыцыі нашых продкаў і сучаснасць. Дарэчы, у жанчыны сямейны бізнес, свая падсобная гаспадарка, іх хлебныя вырабы ёсць і на прылаўках крам пад брэндам «Смаката».
А вось Алена Сашко, загадчыца Камянецкага цэнтра рамёстваў і культуры, прыехала сюды ўпершыню. На яе караваі адно з цэнтральных месцаў займае вялікі бусел: кампазіцыя так і называецца «Пад белымі крыламі». І гэта першы ў яе жыцці каравай, які яна гатавала па бабуліным рэцэпце. А вось бусел — уласная фантазія. Напрыклад, для натуральнасці крылаў яна выкарыстала вафельную паперу двух відаў, сцяг — з рысавай паперы.
— Я вырашыла аб’яднаць традыцыі і сучаснасць. Дапамагаюць і новыя тэхналогіі. Шмат ёсць для ўпрыгожвання: напрыклад, спецыяльны формы, масціка, харчовыя фарбы, у тым ліку залатыя. Хто мог раней уявіць, што золата будзе ядомым? — жартуе Алена.
Дарэчы, наўрад хто мог уявіць, што і цеста — гэта добры матэрыя для будаўніцтва замкаў і старажытных аб’ектаў. А фармоўшчык прадпрыемства «Гроднахлебпрам» Яўген Гараўскі даказаў, што гэта магчыма. З цеста ён стварыў макет гродзенскага каралеўскага замка і Каложскай царквы, прычым у іх першапачатковым выглядзе. Праца заняла больш месяца, затое работу высока ацанілі — вырабы занялі першае месца. А яшчэ тры дні майстар спецыяльна да каравай-фэсту пёк гіганцкі каравай вагой 140 кілаграм. Між іншым, пяціметровая пляцёнка, якой частавалі ўсіх наведвальнікаў, таксама была выраблена на «Гроднахлебпраме».
Экскурсавод Вераніка Бібікава расказала пра розныя віды хлеба, якія ўвайшлі ў склад асобнай экспазіцыі. Гэта і манастырскі, і блакадны, і хлеб Перамогі, і нават «зайцаў» хлеб. Асаблівую цікавасць выклікаў хлеб для касманаўтаў. Аказваецца, гэта новая распрацоўка спецыялістаў Маскоўскага інстытута хлебапячэння. Менавіта такі хлеб спажывала ў космасе і беларуска Марыя Васілеўская падчас палёту. Ён раздзелены на невялікія кавалкі, нагадвае шакаладную плітку. 4,5 грама — адзін кавалачак. Хлеб спецыяльна даставілі з Масквы на беларускі каравай-фэст.
Увайсці ў стылізаваную хатку запрашае загадчыца аддзела Свіслацкага раённага цэнтра народнай творчасці Таццяна Вярбіцкая. Тут прадстаўлены хлебныя вырабы, якія адноўлены па старажытных рэцэптах і з’яўляюцца элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. «Гэта тое, чым мы ганарымся, — кажа суразмоўца, — мы вяртаем з небыцця старажытныя рэцэпты, якія дайшлі з далёкіх часоў, і даём ім новае жыццё». У ліку такіх вырабаў — поразаўская банкуха, ваўкавыскі і слонімскі вясельныя караваі, жытні хлеб з Жораўкі і Кузьмічоў Мінскай вобласці, грачаны глеб з Маларыты, хатні хлеб з Адэльска Гродзенскага раёна. Яны розныя, але адпавядаюць тым рэгіёнам, дзе захаваліся традыцыі іх выпечкі.
Напрыклад, у Слоніме гэту справу працягвае народны фальклорны калектыў «Чараўніцы-каравайніцы». Яго кіраўнік Дар’я Кірыенка кажа, што гэтай традыцыі больш за сто гадоў, у раёне есць нават мясцовае свята «Паўлаўскі каравай». На фэст, акрамя вясельных караваяў, жанчыны прывезлі і так званы Траецкі каравай, які выпякаецца на свята Троіцу і сімвалізуе сабой урадлівае поле.
Загадчыца Поразаўскага сектара культуры Алена Андрушка частавала гасцей фэсту знакамітай банкухай. А выпякае складаны кандытарскі выраб яе маці з сяброўкай, традыцыя ідзе ад бабулі, і цяпер сама Алена таксама далучылася да справы. Каб атрымаўся паўнавартасны выраб, трэба змяшаць 60 яек і па кілаграме цукру, масла, смятаны ды мукі. У працэсе ўдзельнічае тры чалавекі, бо трэба круціць вал і ліць цеста. Робяць банкуху і на продаж, адзін выраб каштуе 250 рублёў. Затое можна быць упэўненым, што ўсе складнікі натуральныя, без стабілізатараў і парашкоў.
Марыя Аляксандраўка прыйшла на фестываль з унукамі. Кажа, што яны вельмі чакалі гэты дзень. А сын нават прыняў удзел у лёгкаатлетычным забегу на 10 кіламетраў «Белавежскія зубры», які прайшоў у рамках фэсту. «Такіх свят у нас ніколі не было, ёсць што паглядзець, хоць спякота стаіць, але людзі прыехалі — з раёнаў, з абласцей. У нас чыста, прыгожа, на палях усё ўбрана — душа радуецца», — выказвае свае пачуцці жыхарка Свіслачы.
Васіль і Часлава таксама мясцовыя. Яны прыйшлі на свята з усімі чатырма дзецьмі. Сям’я атрымала кватэру як шматдзетная, карыстаецца сацыяльнымі льготамі, дапамагае і арганізацыя, дзе працуе Васіль. Маюць планы набыць дом за мацярынскі капітал. «Я родам з вёскі, але большую частку жыву ў Свіслачы, мне тут усё падабаецца: і мая праца, і горад, і ўвогуле мая краіна», — кажа ён.
Трэба сказаць, што на свяце вельмі шмат гасцей. Напрыклад, Ганна і Андрэй з дзецьмі прыехалі да бабулі з Гродна. Даведаліся пра фестываль і вырашылі пабываць. Ганна кажа, што не чакалі такога маштабу, бо звычайна ў раёнах святы не такія вялікія. Асабліва ўразілі караваі, вельмі шмат палатак са стравамі, і дзецям тут цікава. Андрэй дадаў, што да гэтага ў сям’і не каштавалі «бацькаву» пляцёнку, таму з фестывалю павязуць менавіта гэты выраб. Таксама госці адзначылі, што Свіслач прыгажэе і набывае сучасны выгляд.
— Рыхтуемся да свята, вядома, горад прыводзіцца ў парадак, усе арганізацыі і прадпрыемствы стараліся штосьці добраўпарадкаваць. Напрыклад, тая ж хлебапякарня набыла зусім новае аблічча, мадэрнізавана. Летась падчас правядзення фэсту ў нас быў адкрыты новы стадыён, у найбліжэйшых планах — будаваць арэнднае жыллё і басейн, — паведаміў старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.
Па словах старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты, такія святы — магчымасць паказаць свае набыткі, творчы патэнцыял, тым самым зацікавіць наведвальнікаў. «Любое брэндавае свята садзейнічае развіццю тэрыторый, бо рэкламуе ўсё тое, што тут ёсць, вырабляецца і прадаецца. Пры гэтым усіх аб’ядноўваюць традыцыі, магчымасць дакрануцца да народнай творчасці і адчуць сябе часткай вялікай сям’і», — лічыць кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёна.
Павіншаваць усіх прысутных са святам прыехаў у Свіслач і сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Парыжы Яўген Залатой. Кажа, што гэта першая ў яго жыцці такая ганаровая місія. Але ён ведае, што беларусы сачылі за яго воднымі гонкамі, перажывалі, таму разам з сям’ёй прыехаў падзякаваць за падтрымку. Яўген таксама звярнуў увагу на гарадское асяроддзе. «Як чалавеку родам з вёскі, мне прыемна бачыць, як мяняецца беларуская глыбінка, бачу, як развіваюцца маленькія пасёлкі, многія рамантуюць дамы і будуюць новыя, людзі вяртаюцца жыць у сельскую мясцовасць, і думаю, што гэта цудоўна», — выказаўся Яўген.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.