Вы тут

«У археолагі ідуць людзі асаблівыя»


У сярэдзіне жніўня адзначаецца Дзень археолага. Прафесія, авеяная рамантыкай, і вельмі важная для гуманітарнай бяспекі дзяржавы, бо менавіта знаходкі археолагаў, якія немагчыма адмаўляць ці абвяргаць, пацвярджаюць ці адмаўляюць той ці іншы гістарычны факт, спрыяюць даследаванню гісторыі беларускай дзяржаўнасці.


Пра развіццё сучаснай беларускай археалогіі і ўнікальныя знаходкі, здзейсненыя навукоўцамі апошнім часам, расказалі самі спецыялісты.

Палявая праца, жыццё ў палатцы, прага адкрыццяў Вадзім Лакіза, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, запэўніў, што для беларускай археалогіі час вельмі плённы. Даследчыкі працуюць у межах дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021–2025 гг. «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» і рэалізоўваюць Канцэпцыю нацыянальных археалагічных праектаў.

Адзін з самых значных праектаў — археалагічныя даследаванні на рацэ Менцы каля вёскі Гарадзішча. Гэта сапраўды агульнабеларускі праект, там працуе шмат валанцёраў, студэнты розных ВНУ, у тым ліку з Ваеннай акадэміі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, ёсць дамоўленасць з Пагранкамітэтам, Інстытутам пагранічнай службы. У раскопках удзельнічаюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і буйных прадпрыемстваў.

Яшчэ адзін аб’ект, які ўключаны ў Канцэпцыю нацыянальных археалагічных праектаў, — падрыхтоўка і складанне археалагічнай карты Беларусі. Гэты праект разлічаны як мінімум да 2030 года. Уключаны ў канцэпцыю і такія аб’екты, як пасяленне эпохі палеаліту каля вёскі Агова Іванаўскага раёна. Гэты аб’ект цікавы тым, што пераварочвае ўяўленні аб першапачатковым засяленні тэрыторыі Беларусі. На сённяшні момант археолагі з вялікай верагоднасцю гавораць, што гэта адбылося не менш як 400 тысяч гадоў таму.

Яшчэ адзін цікавы аб’ект — Краснасельскія крэмнездабыўныя шахты. Самыя старажытныя шахцёры на Беларусі з’явіліся ў канцы ІX—ІІІ тысячагоддзі да нашай эры. Будавалі шахты, штрэкі, падбоі, здабывалі крэмніевую сыравіну, з якой рабілі прылады працы. Там таксама можа быць створаны музейны комплекс.

Таксама вядуцца даследаванні на месцы пераправы Напалеона праз раку Бярэзіну 26–29 лістапада 1812 года каля вёсак Студзёнка і Брылі. У чэрвені гэтага года там праводзілася падводная экспедыцыя, у якой удзельнічалі і навукоўцы, і дайверы. Аб’ект разглядаецца як міжнародны праект з улікам маштабнасці падзеі.

Уключаны ў канцэпцыю таксама Крывінскі тарфянік, курганны магільнік 2-й паловы Х ст. каля вёскі Азёры Круглянскага раёна, пасяленне на тэрыторыі Крупскага раёна каля возера Сялява, дзе выяўлены адзін з найстаражытнейшых пахавальных комплексаў эпохі мезаліту. Вельмі цікавыя работы праводзіліся на тэрыторыі Рэчыцкага раёна па даследаванні кургана эпохі бронзы. А каля вёскі Какорыца Драгічынскага раёна цяпер вывучаюць унікальную тарфяную стаянку неаліту.

Вадзім Леанідавіч падкрэсліў, што работа на ўсіх такіх аб’ектах магчымая толькі супольна, пры падтрымцы мясцовых органаў улады, з прыцягненнем валанцёраў.

Яшчэ адна важная тэма — музеефікацыя, увядзенне аб’ектаў археалогіі ў сферу турызму. Цяпер адна з найважнейшых задач — музеефікацыя старажытнага горада на рацэ Менцы. У Міністэрстве культуры створана рабочая група па падрыхтоўцы канцэпцыі яго музеефікацыі. Такія аб’екты вельмі патрэбныя і папулярныя — варта згадаць комплекс у Мсціславе, які ўяўляе старажытны горад, ці археалагічны музей пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы, дзе хутка адбудзецца археалагічны фестываль.

Акрамя асноўных праектаў, не спыняюцца выратавальныя археалагічныя даследаванні, у Інстытут гісторыі паступае мноства запытаў на правядзенне археалагічнай экспертызы, узгадненне праектнай дакументацыі — такім чынам археолагі далучаюцца да сацыяльна-эканамічнага жыцця.

Вадзім Лакіза закрануў і кадравыя пытанні. На яго думку, у археолагі ідуць людзі асаблівыя, якія маюць смак да рамантыкі: палявая праца, жыццё ў палатцы, прага адкрыццяў, пошук чагосьці нязведанага... Вядома, неабходны прыток моладзі. У гэтым годзе ў магістратуру на спецыяльнасць «Археалогія» прынята яшчэ шэсць маладых спецыялістаў, яны трапяць на работу ў Інстытут гісторыі ў якасці лабарантаў і малодшых навуковых супрацоўнікаў. Але недахоп спецыялістаў маецца.

Непакоіць дырэктара Інстытута гісторыі і пытанне пра чорных капальнікаў, якое сёння стаіць як ніколі востра:

— Заходзіш у маленькую кавярню выпіць кубачак кавы, і ўсе сцены там завешаны артэфактамі, здабытымі чорнымі капальнікамі... Хаця па заканадаўстве ў нас усе археалагічныя прадметы — уласнасць дзяржавы. Як з гэтым змагацца — будзем думаць. Гэта праблема не толькі нашай краіны. Адкрыта існуюць сайты, дзе прадаюцца артэфакты. На палях, асабліва пасля ўзворвання, з’яўляецца ўсё больш людзей з металадэтэктарамі...

Вадзім Леанідавіч лічыць, што неабходна пераглядаць канцэпцыю ўзаемадзеяння з людзьмі, якія займаюцца пошукам археалагічных артэфактаў і чорным капальніцтвам. У планах — правесці семінар-сустрэчу, на якую запросяць такіх людзей, бо сёння проста забараняльнымі метадамі такую праблему вырашыць немагчыма. Трэба мяняць падыходы, браць усё пад дзяржаўны кантроль.

На сёння Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выдала каля 120 адкрытых лістоў на права правядзення археалагічных даследаванняў. Нядаўна яго атрымаў прадстаўнік Чувашскага дзяржаўнага інстытута гуманітарных ведаў — установы, з якой у Інстытута гісторыі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве.

Рэзідэнцыя Ізяслава і візіт ваяводы Воўчы Хвост

Аляксей Аўласовіч, загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі, нагадаў, што археолагі ўвесь час удакладняюць гісторыю.

— Росквіт беларускай археалогіі звязаны з помнікамі Старажытнай Русі. Гэты перыяд цікавы тым, што дазваляе супастаўляць летапісныя падзеі з артэфактамі і знойдзенымі ў зямлі аб’ектамі. Напрыклад, зусім нядаўна на Менцы быў выяўлены найунікальнейшы артэфакт — сякера скандынаўскага паходжання, зафіксаваная ў слаі пажару. А першае летапісная згадка Менкі — гэта 1067 год, калі князямі Яраславічамі горад быў узяты прыступам. І, мяркуючы па ўсім, гэты артэфакт суадносіцца цалкам з летапіснымі данымі. А ў 2017 годзе, вывучаючы курганны могільнік у Слаўгарадскім раёне, я атрымаў матэрыял, які цалкам укладваецца ў летапісныя паведамленні пра бітву на рацэ Пясчанік, калі перадавы атрад князя Уладзіміра пад кіраўніцтвам ваяводы Воўчы Хвост разбіў радзімічаў.

Тыя, хто прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, маглі азнаёміцца з невялікай экспазіцыяй артэфактаў з раскопак на Менцы, прычым некаторыя з экспанатаў яшчэ дзень-два таму знаходзіліся ў зямлі. Гэта дапамагло ўявіць, наколькі багаты археалагічны комплекс «Менка». Праца археолагаў там адказвае на пытанне пра паходжанне Менска. Ці ён узнік на Нямізе, ці на Менцы? А калі ёсць два пасяленні, як яны між сабой супастаўляюцца?

— Цяпер у нас ёсць адказ на гэтае пытанне, — пацвердзіў Аляксей Аўласовіч. — На Менцы сапраўды быў буйны летапісны горад. Там зафіксаваны ўнікальныя драўляныя ўнутрывальныя збудаванні, якіх ва Усходняй Еўропе літаральна на пальцах адной рукі можна пералічыць. Выдатная іх захаванасць, выдатная якасць стварэння. Аналіз паказвае, што яны ўзніклі дзесьці ў 990-х гадах. Плюс фіксуем там высакастатусныя рэчы — паясныя наборы прадстаўнікоў дружыннага саслоўя, княжацкія клеймы-трызубцы князя Ізяслава, сына Рагнеды і Уладзіміра. Мяркуючы па ўсім, Менка была адной з яго рэзідэнцый. Гэта вельмі важныя факты для вывучэнння дзяржаваўтваральных працэсаў. Мы бачым прасоўванне Полацкага княства на поўдзень, і Менск на Менцы быў адным з фарпостаў, падпарадкаваных Полацкаму княству.

У раскопе даследчыкі знайшлі пісала, зашчапкі ад кніг, што сведчыць, што ў першай палове XІ стагоддзя на Менцы жылі людзі, якія ўмелі чытаць і пісаць. Знойдзены цікавыя фрагменты раменнай гарнітуры — бронзавыя спражкі і накладкі. Сустракаюцца і скандынаўскія элементы, прыкладам, фібула, сірыйскае шкло, візантыйскія амфары...

Аляксей Аўласовіч распавёў і пра іншыя аб’екты, напрыклад, курганны насып у Магілёўскай вобласці ў Круглянскім раёне вышынёй 6 м у дыяметры 30 м. Гэта самы высокі насып у Магілёўскай вобласці і адзін з найбуйнейшых у Беларусі. Там былі выяўлены ўнікальныя рэчы Х ст. Аляксей Міхайлавіч прадэманстраваў прысутным пахавальную урну, якая сведчыць пра прысутнасць культуры так званых данскіх славянаў, якія жылі паўднёвей і, ратуючыся ад печанегаў, перасяляліся да нас. Цікава, што ў кургане было некалькі пахаванняў. У адным з іх чатыры гаршкі знаходзіліся ў звычайным становішчы, а вось гэты адзін чамусьці быў перакулены дагары. Пакуль навукоўцы толькі разгадваюць, чаму.

Падводныя паселішчы Сяргей Ліневіч, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, таксама лічыць, што 2024 год для беларускай археалогіі быў плённы — і для падводных даследаванняў, і для сухапутных.

— Ёсць, няхай невялікія, але сенсацыі: можна павіншаваць горад Валожын з тым, што ён набыў яшчэ адзін археалагічны помнік, які можа пасля стаць архітэктурным. Ускрыты падмурак касцёла меркавана 1680 года, а побач — падмурак жылой забудовы незразумелага прызначэння. Мы напачатку вызначылі яе як плябань, але там знойдзена кафля з ініцыяламі ўладальніка. А гэта Уладзіслаў Дэнхаф, адзін з вядомых персанажаў гісторыі, герой бітвы пры Вене, якая не дапусціла турэцкую экспансію ў Еўропу. Можам казаць, што гэта пабудова была не проста плябань, дзе жыў ксёндз і прыслуга, а гэта могуць быць парэшткі палаца Слушак, папярэдніх уладальнікаў Валожына. Калі гэта пацвердзіцца, будзе яшчэ большая сенсацыя, трэба пачакаць далейшых даследаванняў.

Што да падводных даследаванняў, у гэтым годзе яны актыўныя, як ніколі. Асабліва што датычыцца Крывінскага тарфяніку ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Пад слоем торфу і вады там цэлае паселішча.

Слой вады не дае доступу кіслароду, няма гніення. Таму артэфакты з дрэва там захоўваюцца ідэальна. У перспектыве можна агаліць цэлую неалітычную вёску. Але гэта не так проста і патрабуе велізарных затрат, да таго ж калі такі драўляны прадмет дастаеш на паверхню, ён вельмі хутка акісляецца. У гэтым годзе з паселішча на дне тарфяніку дасталі першую ў Беларусі драўляную лыжку перыяду каменнага веку, драўляны наканечнік стралы і першы ў Беларусі грыб узростам чатыры з паловай тысячы гадоў. Міколагі павінны вызначыць, што гэта за грыб.

Сяргей Барысавіч распавёў, што, калі дасталі тую лыжку, яна была беленькая. Секунда на паветры — і яна пачынае чарнець і разбурацца. Кансервацыя такіх драўляных прадметаў вельмі складаная, дзеля чаго Інстытут заключыў дагавор з калегамі з Санкт-Пецярбурга.

Сяргей Ліневіч лічыць, што ў перспектыве на Крывінскім тарфяніку мог бы ўзнікнуць музей падводных даследаванняў, каб наведнік мог праплыць з аквалангам і паглядзець на раскрытыя руіны. Гэта сапраўды ўражліва, бо археолагі знайшлі нават цыноўкі эпохі неаліту, зробленыя з сасновых лучын. Відэа з падводных даследаванняў Крывінскага тарфяніку можна, дарэчы, пабачыць на сайце Інстытута гісторыі.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.