На мінулым тыдні член Савета Рэспублікі Наталля Якубіцкая правяла асабісты прыём грамадзян. Гэтым разам яна наведала горад-спадарожнік Смалявічы. На працягу некалькіх гадзін Наталля Віктараўна выслухоўвала звычайных людзей, імкнулася вырашыць кожную праблему, ставіла на асабісты кантроль тыя пытанні, якія сёння хвалююць жыхароў Міншчыны.
Такія прыёмы дазваляюць людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, вырашыць сваю праблему ці, як мінімум, атрымаць каштоўную параду. Прадстаўнікам улады падобныя мерапрыемствы дазваляюць убачыць, дзе ў заканадаўстве ці іншых нарматыўна-прававых актах ёсць недахопы і на што трэба звярнуць пільную ўвагу.
Гэтым разам на сустрэчу з дэпутатам прыйшлі дваццаць чалавек з Мінскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. З пытаннем аб арганізацыі дадатковых рэйсаў пасажырскіх аўтобусаў у ранішні і вячэрні час звярнулася жыхарка пасёлка Усяж Смалявіцкага раёна. Было прапанавана правесці маніторынг загружанасці. Дата прызначана на 1 верасня. 2 верасня неабходна даць справаздачу аб выніках маніторынгу.
Сяргей Фёдаравіч з вёскі Валяр’янава Мінскага раёна звярнуўся з пытаннем аб павелічэнні трафіку на вуліцы Армейскай пасля таго, як там праклалі новае асфальтаванае пакрыццё. Грамадзяне просяць абмежаваць транзіт, бо на вуліцы няма тратуараў і асвятлення, а буйнагабарытны і легкавы транспарт ходзіць пастаянна: «Пасля таго, як у нас праклалі асфальт, трафік павялічыўся ў некалькі разоў. Гэта аўтамабілі гандлёвых пунктаў, індывідуальныя і грузавыя машыны. Мы звярталіся ў Мінскі райвыканкам. Таксама збіралі калектыўныя подпісы для таго, каб нам абмежавалі транзіт. Дзеці ходзяць у школу і назад дадому па гэтай дарозе. І калі летам з гэтым праблем няма, то зімой дарога ператвараецца ў сапраўдны квэст».
Наталля Якубіцкая прапанавала рашэнне праблемы ў выглядзе перанакіравання руху на аб’язную дарогу з устаноўкай дарожнага знака аб забароне транзіту: «Давайце гэта зробім хутка. Паглядзім, дзе можна зрабіць аб’езд. Мы вывучым гэтае пытанне».
Шматдзетную маці пяцярых дзяцей Таццяну Мікалаеўну з вёскі Карзуны Чэрвеньскага раёна хвалюе пытанне стану дарожнага пакрыцця вуліцы Мінскай. Вуліца вузкая і доўгая. Пакрыцця няма. Жанчына паказала фатаграфіі праезнай часткі ў міжсезонне. Перыядычна праходзіць грэйдар, але сітуацыю гэта не ратуе: «Гразь неймаверная. Увесну і ўвосень можна прайсці толькі ў ботах. На гэтай вуліцы знаходзіцца прыпыначны пункт, таму людзі і вымушаны ісці па ёй».
Генеральны дырэктар ЖКГ Мінскай вобласці Юрый Кукашук прапанаваў абмеркаваць пытанне на месцы: «Давайце сустрэнемся з вамі там. Мы прыедзем з намеснікам старшыні выканкама і ацэнім сітуацыю. Асфальт — не панацэя. Часам ён можа пагоршыць сітуацыю. Выедзем ды паглядзім, што можна зрабіць».
«Юрый Уладзіміравіч, я ўскладаю на вас вялікія надзеі! Да нас звярнулася шматдзетная сям’я, шматдзетная маці. Паглядзіце, што там адбываецца», — адзначыла Наталля Віктараўна. Яна папрасіла жанчыну трохі падрабязней ахарактарызаваць сітуацыю па населеным пункце ў цэлым: «Дзеткі здаровыя? Як ідуць справы ў Карзунах у цэлым? Як справы з гандлем?»
Таццяна Мікалаеўна распавяла, што з гандлем праблем няма, працуюць крамы. Аднак існуе пытанне з падвозам дзяцей у дзіцячы сад і школу: «Калі ў школу яшчэ з горам папалам дзяцей адвезці можна, то ў дзіцячыя сады — наогул ніяк, падвозу няма. З-за гэта дзеці спазняюцца, прачынаюцца раней, чым трэба, недасыпаюць. Дзіцячыя сады знаходзяцца ў іншых населеных пунктах. Я некалькі гадоў спрабавала змагацца з гэтым, але нічога не зробіш: няма ні аўтобусаў, ні кіроўцаў».
Пытанне было ўзята на кантроль: «Я вывучу гэтае пытанне, добра, што вы сказалі пра гэта. Будзем разбірацца», — паабяцала Наталля Якубіцкая.
Зоя Сцяпанаўна з вёскі Прысынак Пліскага сельсавета Смалявіцкага раёна ўзняла пытанне агульнага смецця на пляцоўцы каля двухпавярховак. Па словах заяўніцы, смецце вывозіцца рэдка і толькі па званку: «Машына па смецце прыязджае вельмі рэдка. Завалена ўсё. У нас вельмі шмат маленькіх дзетак, якія гуляюць каля гэтай кантэйнернай пляцоўкі. Там завяліся пацукі, адзін з іх нават пакусаў дзіця. Дзяўчынку тэрмінова даставілі ў медыцынскую ўстанову, дзе ёй зрабілі шмат уколаў».
Праблема ў іх і са станам пад’ездаў. У жылым доме — восем кватэр і восем малалетніх дзяцей. Людзі просяць рамонт: «53 гады не рабіўся капітальны рамонт. Дом літаральна развальваецца. Аднаму дзіцяці на галаву ўпаў шыфер, упала цэгла на глуханямую жыхарку дома. Я напісала ліст у ЖЭС за подпісам усіх жыхароў. У маі выпала акно, звярталіся ў ЖЭС, яго аднавілі сваімі сіламі, зашклілі. Давалі заяўку і на дзверы, але адказалі, што неабходна і іх ставіць таксама сваімі сіламі... Мы пераканаўча просім зрабіць капітальны рамонт...»
«І я прашу пераканаўча! — настаяла на рамонце Наталля Якубіцкая. — Таварышы кіраўнікі, прашу паставіцца да гэтай праблемы максімальна сур’ёзна. Зрабіце ўсё неабходнае, людзям трэба дапамагчы».
Мясцовых жыхароў задаволіў варыянт правядзення кропкавага рамонту.
Работы пачнуцца ў гэтым годзе. Пытанне ўзята на кантроль. Юрый Кукашук таксама даручыў перанесці кантэйнерную пляцоўку ў іншае месца і замяніць абсталяванне на кантэйнеры памерам 1,1 кубічных метра замест ранейшых 0,75.
Таксама былі ўзняты пытанні аб вывазе смецця з тых жа двухпавярховак і аб адсутнасці пакосу: «За цэлае лета не было выкашана ні каля адной падстанцыі. Раней я прасіла пра гэта людзей, якія маглі гэтым займацца. Прыедзьце і паглядзіце самі. За цэлае лета нічога зроблена не было», — запэўніла Зоя Сцяпанаўна.
Сенатар паабяцала выехаць на месца разам са старшынёй сельсавета і службамі, адказнымі за вырашэнне праблем: «Я прашу ўсе службы, каб кожная адпрацавала па сваіх кірунках. Прыбярыце аварыйныя дрэвы, прыедзьце і навядзіце там парадак».
Апошняе пытанне, якое хвалюе пенсіянерку, — работа мясцовай крамы. А дакладней — яе неработа: «У нас у вёсцы вельмі шмат старэнькіх людзей. Раней крама працавала і ўсім было добра: кожны мог купіць тавары першай неабходнасці. Месяц таму звольнілася прадавец, таму краму зачынілі. Да нас прыязджае аўтакрама, але не ўсе паспяваюць да яе дайсці, у нас вельмі шмат хворых. Малако і хлеб жа трэба купляць кожны дзень, а цяпер такой магчымасці няма...»
Наталля Віктараўна падзякавала за змястоўную і інфарматыўную размову: «Усе пытанні будзем здымаць і вырашаць, рабіць так, каб людзям было добра, зручна і камфортна. Дзякуй за давер!»
Валянціна з аграгарадка Барсукі Смалявіцкага раёна падзякавала прысутным за тое, што многае ў аграгарадку зроблена да «Дажынак». Яна адзначыла добрую работу барсукоўскага клуба. Але жанчына просіць вярнуць тры «ляжачыя паліцэйскія» па вуліцы Лясной. Кажа, няроўнасці прыбралі, пакінулі толькі знак абмежавання хуткасці, што, на жаль, сітуацыю не ратуе. Кіраўнік ДРБУ 123 Аляксандр Гадун сказаў, што на працягу наступнага тыдня штучныя няроўнасці вернуць — іх прыбіралі часова ў сувязі з рамонтнымі работамі.
Таксама жанчына ўзняла пытанне асвятлення вуліцы Цэнтральнай на ўчастку да ФАПа. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марына Клюева аб праблеме ведае. Пытанне будзе прапрацавана.
Яшчэ адна праблема прагучала ад жыхароў двухпавярховак па вуліцы Камсамольскай, нядаўна абнесеных глухімі платамі з металапрофілю.
Людзі асцерагаюцца выязджаць з двароў, баючыся наехаць на самакатараў і веласіпедыстаў, якія едуць з горкі, з боку мікрараёна Сад, на высокай хуткасці.
Веладарожкі там няма — яна на супрацьлеглым баку вуліцы. Але дзеці на гэта ўвагі не звяртаюць. Забараніць ехаць па гэтым баку ДАІ не можа — няма такіх паўнамоцтваў. Але пры гэтым сітуацыя, якая склалася, пагражае бяспецы руху. Пытанне перададуць у «Аблдарпраект», які займаўся праектаваннем вуліцы. Праблему будуць вырашаць.
Таксама падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні стану калодзежаў, добраўпарадкавання тэрыторыі рынку, падтаплення падвалаў у населеных пунктах, рамонту дарог, мадэрнізацыі ліній электраперадач, праблема бяздомных жывёл і іншыя.
Жыхары Пліскага сельсавета прыйшлі з праблемай перабояў у электразабеспячэнні. На працягу многіх гадоў яны сутыкаюцца са скачкамі напружання. Начальнік Смалявіцкіх РЭС Аляксей Папкоў растлумачыў, што дэфекты звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я і вырастаннем расліннасці паблізу ліній электраперадачы. «На дадзены момант прычыны адключэнняў ліквідаваны», — запэўніў Аляксей Міхайлавіч.
Жыхарка вёскі Палявая ўзняла пытанне аб наяўнасці прыпынку ў населеным пункце, закрануўшы пытанне якасці дарог, па якіх праблематычна праехаць зімой, і адсутнасці пешаходнага пераходу да дзіцячага садка.
«Мы ўключым вас у план будаўніцтва на будучы год, прыпынак для жыхароў будзе зроблены, як і пешаходны пераход, дарога будзе прыведзена ў парадак», — запэўніла Наталля Якубіцкая.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, фота аўтара.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.