Самую доўгачаканую пару летніх канікул школьнікі выкарыстоўваюць па-рознаму. Малодшыя, зразумела, праводзяць свой адпачынак ад вучобы з бацькамі, у паездках, аздараўленчых лагерах або ў бабуль-дзядуль. У падлеткаў канікулярнаму баўленню часу ёсць карысная альтэрнатыва — атрымаць першы працоўны вопыт і зарабіць першыя грошы. Разважныя бацькі такі парыў сваіх дзяцей падтрымліваюць, бо праца дазваляе не толькі здабыць першасныя прафесійныя навыкі. Яна дысцыплінуе дзіця, падымае самаацэнку, вучыць працаваць у калектыве і развівае пачуццё адказнасці. І самае галоўнае — дзеці пачынаюць разумець, што такое работа насамрэч. Якія яшчэ плюсы нясе ў сабе часавае працаўладкаванне падлеткам і моладзі, якія нюансы трэба ўлічваць ім, іх бацькам і работадаўцам, мы пацікавіліся ў начальніка аддзела арганізацыі працы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Сяргея Кацко.
— Часовую працоўную занятасць моладзі мы арганізоўваем па двух кірунках: шляхам садзейнічання органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў працаўладкаванні на свабодныя рабочыя месцы і праз удзел моладзі ў студэнцкіх атрадах.
Аказанне садзейнічання ў працаўладкаванні органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ажыццяўляецца як з фінансавай дзяржаўнай падтрымкай, так і за кошт сродкаў наймальнікаў. З маладымі грамадзянамі, накіраванымі для часовага працаўладкавання, наймальнікі заключаюць тэрміновыя працоўныя дагаворы. І, такім чынам, на іх распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса і заканадаўства аб ахове працы.
Хачу звярнуць увагу, што для падлеткаў устаноўлена скарочаная працягласць рабочага часу: для работнікаў ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў — 4 гадзіны 36 хвілін, ад шаснаццаці да васямнаццаці гадоў — сем гадзін. Для вучняў агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія працуюць у вольны ад вучобы час на працягу навучальнага года, за выключэннем канікулаў, ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў — 2 гадзіны 18 хвілін, ва ўзросце ад шаснаццаці да васямнаццаці гадоў — 3 гадзіны 30 хвілін.
Аднак, згодна з Працоўным кодэксам, нягледзячы на скарочаную працягласць рабочага часу, непаўналетнім работнікам заработная плата выплачваецца ў такім жа памеры, як работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай работы. Пачынаць сваю працоўную дзейнасць моладзі дапускаецца ў 14 гадоў. У такім выпадку працоўны дагавор можа быць заключаны для выканання выключна лёгкай працы, якая не прычыняе шкоды здароўю і не парушае працэс навучання, і, падкрэслю, толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў.
— Лёгкая праца — гэта якая?
— Існуе Пералік лёгкіх відаў работ для асоб ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў, які зацверджаны пастановай Мінпрацы ад 15 кастрычніка 2010 г. № 144. Дакумент цяпер дапоўнены і змяшчае 17 пазіцый (раней было 11). Пералічу некаторыя: узважванне на вагах, камплектаванне, сартаванне і ўпакоўка тавараў, выкладка іх на паліцы і ўстаноўка цэннікаў. Сюды ж уваходзяць сервіроўка сталоў і збор бруднага посуду ў аб’ектах грамадскага харчавання. Ёсць работа і для юных аматараў жывёл — прыборка клетак, вальераў, загонаў, дапаможных памяшканняў і гнездавых домікаў, мыццё кармушак і паілак. У спіс таксама ўваходзіць ручная мыйка аўтамабіляў і гэтак далей.
— Якім чынам ажыццяўляецца дзяржаўная падтрымка? У чым яе сутнасць?
— Часовая працоўная занятасць моладзі з фінансавай падтрымкай дзяржавы арганізоўваецца на падставе заключаных паміж органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і наймальнікамі дагавораў.
Органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне фінансуюцца са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва расходы бюджэтных арганізацый і арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай або камунальнай уласнасці, на аплату працы маладых грамадзян у памеры налічанай заработнай платы (з улікам стымуляцыйных і кампенсацыйных выплат) за фактычна адпрацаваны час і выкананую работу, але не больш за памер мінімальнай заработнай платы.
Таксама наймальнікам могуць кампенсавацца затраты на набыццё інструментаў і матэрыялаў, спецадзення, інвентару, неабходных для правядзення работ, але не больш як 50 працэнтаў затрат згодна з каштарысам расходаў па кожнай дамове аб арганізацыі і фінансаванні часовай працоўнай занятасці моладзі. Дарэчы, па гэтай лініі, з падтрымкай дзяржавы, за чэрвень — ліпень было працаўладкавана больш за 28 тысяч маладых людзей. Усяго ж з пачатку года працаўладкавана больш за 38 тысяч чалавек, з іх 32,5 тысячы — непаўналетнія. Асвоена 6,3 мільёна рублёў дзяржпадтрымкі. Як бачым, асноўнае працаўладкаванне моладзі прыпадае на летні канікулярны перыяд.
— Якія яшчэ траекторыі працаўладкавання падлеткаў існуюць у краіне?
— Каб разнастаіць варыянты, у нас існуе практыка арганізацыі апытанняў патэнцыяльных наймальнікаў. На іх падставе фарміруюцца пералікі арганізацый, якія разглядаюць школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў для часовага працаўладкавання без фінансавай падтрымкі дзяржавы. У дадзеным выпадку наймальнікі за кошт уласных сродкаў ажыццяўляюць аплату працы моладзі. Пералікі такіх арганізацый і вакансій, куды можа часова працаўладкавацца моладзь, размешчаны на партале дзяржаўнай службы занятасці (gsz.gov.by), для непаўналетніх ёсць асобная ўкладка. Такіх пазіцый, а яны распісаны па абласцях, у Беларусі каля 8 тысяч у больш чым 2,5 тысячы арганізацый. У асноўным гэта некваліфікаваная праца. Але выбар, як відаць, вялікі.
— Ці існуе пералік работ з месцамі, дзе падлеткам можна працаваць, а дзе — не?
— Вядома, ёсць спіс работ, на якіх забараняецца праца асоб, маладзейшых за васямнаццаць гадоў, які зацверджаны пастановай Мінпрацы ад 27.06.2013 № 67. І ён вельмі вялікі. Толькі работ, якія выконваюцца незалежна ад віду эканамічнай дзейнасці, 86 пунктаў. Напрыклад, непаўналетнім забаронена працаваць у начных клубах і казіно, нельга займацца працай, якая прадугледжвае матэрыяльную адказнасць. Многія лічаць, што прадаваць марожанае з латка ці квас на разліў — якраз работа для школьнікаў. І сапраўды, нічога складанага ў ёй няма. Аднак яна ўваходзіць у пералік забароненых, бо звязана з матэрыяльнай адказнасцю. У гандлі, магазіне, можна, напрыклад, ажыццяўляць выкладку тавараў. Зразумела, што на шкоднай вытворчасці школьнікам таксама працаваць нельга.
— Наколькі арганізацыі гатовы сёння часова працаўладкоўваць падлеткаў?
Гэта ж вялікая адказнасць, калі работнікамі становяцца маладыя і неспрактыкаваныя — па сутнасці дзеці.
— Практыка паказвае, што наймальнікі імкнуцца браць на работу моладзь, якой ужо споўнілася 18 гадоў, таму што меней абмежаванняў, у тым ліку і па відах работ. Ну і галоўная прычына — бяспека. Няважна, колькі яны там зробяць, колькі заробяць — для любога наймальніка важна, каб такія работнікі жывымі і здаровымі вярнуліся дадому.
— Нейкія асаблівыя патрабаванні па ахове працы ёсць?
— Асноўныя моманты пры працаўладкаванні непаўналетніх я ўжо агучыў у частцы працягласці рабочай змены, відаў работ. Існуюць таксама гранічныя нормы ўздыму і перамяшчэння непаўналетнімі цяжару ўручную, якія зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 13.10.2010 № 134. У астатнім пытанні аховы працы такія ж, як і для дарослых. Вядома, наймальнік прызначае адказнага з дасведчаных спецыялістаў, які кантралюе падлеткаў, у частцы бяспекі —таксама.
— Наступнае пытанне не зусім па тэме нашай размовы, але яно таксама датычыцца працаўладкавання моладзі. Якім чынам вырашаецца задача з першым працоўным месцам выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на платнай аснове? Бо першае патрабаванне, што ставіць наймальнік, — досвед, якога ў іх няма. Ці прадугледжана для такіх саіскальнікаў якая-небудзь падтрымка?
— Наша прафесійная сфера — гэта беспрацоўныя. Таму выпускніку-платніку найперш трэба прыйсці ў службу занятасці і ў абавязковым парадку прадставіць дакумент аб самастойным размеркаванні. Мы ставім яго на ўлік як беспрацоўнага. Хачу папярэдзіць тых, хто спрабуе самастойна працаўладкавацца, маючы абавязковае размеркаванне, — такіх выпускнікоў ВНУ мы на ўлік ніколі не паставім, яны павінны працаваць толькі па размеркаванні. А вось для некаторых катэгорый грамадзян, якія не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, ёсць пэўныя дадатковыя гарантыі. У тым ліку і бронь працоўнага месца. Напрыклад, для тых, хто ўпершыню шукае работу ва ўзросце да 21 года.
— Што гэта за бронь?
— Не пазней за 1 снежня бягучага года гар-, райвыканкамы прымаюць рашэнні аб устанаўленні на наступны каляндарны год броні для прыёму на работу грамадзян, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне. Гэта значыць арганізацыям даводзяцца катэгорыі грамадзян, якіх яны павінны прыняць на работу, і іх колькасць. Напрыклад, двух інвалідаў, аднаго вызваленага з месцаў пазбаўлення волі, трох тых, хто ўпершыню шукае работу, і гэтак далей.
Іншымі словамі бронь — гэта мінімальная колькасць працоўных месцаў для працаўладкавання беспрацоўных з ліку катэгорый грамадзян, якія не здольныя на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы і якіх наймальнікі абавязаны прымаць па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на свабодныя месцы.
Як бачым, бронь прадугледжана толькі на вакантныя месцы. Няма вакансій — няма і броні. Калі з’яўляецца пэўная вакансія — чалавека за кошт броні можна туды ўладкоўваць. Служба занятасці дае накіраванне, і саіскальніка ў першачарговым парадку бяруць на работу. Існуе адміністрацыйная адказнасць для наймальнікаў у выпадку неабгрунтаванай адмовы ў прыёме на работу грамадзяніна, які асабліва мае патрэбу ў сацыяльнай абароне.
Ёсць у нас і такі кірунак, як працаўладкаванне беспрацоўных для набыцця вопыту практычнай работы па атрыманай прафесіі, спецыяльнасці, кваліфікацыі з частковай кампенсацыяй наймальнікам затрат на аплату працы. Дапусцім, той жа выпускнік-платнік нідзе не можа працаўладкавацца па атрыманай спецыяльнасці з-за таго, што адсутнічае вопыт і на рынку працы ён малаканкурэнтны. Служба занятасці падбірае вакансію, праводзіць перагаворы з наймальнікам аб магчымасці працаўладкавання такога беспрацоўнага. Пры згодзе наймальніка орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне заключае з ім дагавор аб працаўладкаванні для набыцця вопыту практычнай работы па атрыманай спецыяльнасці з частковай кампенсацыяй затрат па аплаце працы.
Працягласць такога вытворчага трэнінгу — ад двух да шасці месяцаў.
Увесь гэты час служба занятасці са сродкаў фонду сацабароны кампенсуе наймальніку затраты на заработную плату такому работніку і налічэнні на яе, але не больш за памер мінімальнай заработнай платы. Адначасова за «практыкантам» замацоўваецца спецыяліст. Пасля навучання і набыцця пэўнага досведу наймальнік па сваім меркаванні можа або адправіць маладога спецыяліста на далейшыя пошукі, або заключыць з ім дагавор і прыняць на пастаянную работу.
Алена ВІНАГРАДАВА.
Фота Лізаветы ГОЛАД.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.