«Яркія» — гэта слова асацыюецца з летам, святам, шчасцем і... з аднайменным кавер-гуртом, які сваімі выступленнямі дорыць усё гэта гледачам. Мы сустрэліся з удзельнікамі калектыву і даведаліся, з чаго пачынаўся іх творчы шлях, якія каверы з’яўляюцца любімымі ў публікі і як музыка дапамагла знайсці каханне.
— З большасцю ўдзельнікаў, якія сёння ў калектыве, мы знаёмыя з 2020 года. На той момант мы працавалі ў кавер-групе «Бязмежжа». Але неўзабаве вырашылі падкрэсліць нашу індывідуальнасць і сталі кавер-гуртом «Яркія», — распавядае Юліяна Грышановіч. — Чаму такая назва?
Тут усё проста, бо менавіта гэтым словам можна ахарактарыхаваць кожнага з нашай групы. Усяго ў склад уваходзіць шэсць музыкаў (адзін вакаліст і пяць інструменталістаў): барабаншчык, бас-гітарыст, электрагітарыст, тамбаніст і саксафаніст. Усе мы — прафесійныя музыканты з вышэйшай адукацыяй — скончылі ўніверсітэт альбо кансерваторыю.
— Менавіта назва «Яркія» цалкам падкрэслівае фармат і настрой нашай працы на сцэне, а таксама індывідуальнасць кожнага з нас. І яна лёгка запамінаецца і пакідае пазітыўныя эмоцыі, пра што заўсёды сведчыць зваротная сувязь ад заказчыкаў і арганізатараў, — дадае Міхаіл Парфяновіч.
Першае выступленне, якое адбылося ў клубе ў Смаргоні, гурт помніць да сёння. Тады яны хваляваліся і не ведалі, як прыме іх публіка.
— Акцэнт зрабілі на інтэрактыўную праграму і поўнае ўцягванне гледачоў у працэс выступлення з выкарыстоўваннем душэўнага і фізічнага кантакту. Вядома, цяпер у нас практычна няма невырашальных сітуацый, а вось падчас першага выступу пад маніторамі знаходзіліся лісты фармату А4 з пазнакамі тэкстаў песень і падводкамі паміж імі. Але, нягледзячы на нашы перажыванні і хваляванні, людзі ўключыліся, і заказчык застаўся задаволены, — згадвае Уладзімір Кавалеўскі.
— Кожны наш глядач, слухач важны і блізкі нам. На нашых выступленнях збіраюцца людзі самага рознага ўзросту, і нам удаецца разварушыць нават самых уседлівых. Пад нашы песні танчаць дзеці, моладзь, і нават людзі сталага ўзросту не застаюцца абыякавымі. А ў гэтым і ёсць галоўны кайф артыста — бачыць аддачу сваёй аўдыторыі, — далучаецца да размовы Міхаіл Парфяновіч.
Як і ў любым калектыве, у «Яркіх» ёсць лідар, але разам з тым за кожным замацаваныя пэўныя абавязкі, адзначае Іван Боеў: «Напрыклад, хтосьці займаецца менеджарскімі пытаннямі, іншы адказвае за вядзенне інстаграма, ёсць яшчэ адказны за тэхнічную частку». А вось рэпетыцыі залежаць ад сезона выступленняў. Як распавёў Ігар Дзіўкоў, «у летні і зімовы перыяд колькасць работ не дазваляе рэпеціраваць часта. Але гэтага і не патрабуецца, бо ў міжсезонне мы збіраемся па тры разы на тыдзень, каб падрыхтаваць паўнавартасную музычную і інтэрактыўную праграмы».
— А як падбіраеце рэпертуар для сваіх выступленняў?
— Песня павінна быць на слыху і пэўным хітом, каб захапіць публіку.
Ну, і, вядома, пры выбары ўлічваем і ўзроставы дыяпазон гледачоў, заяўлены заказчыкам. Пэўнымі любімчыкамі публікі з’яўляюцца трэкі «Белыя ружы» і «Сёмы пялёстак». А што да нашых фаварытаў, то гэта трэкі гурта «Брава», Рыкі Марціна, Нірваны. Увогуле, нам падабаюцца ўсе песні з нашага рэпертуару, — кажа Міхаіл Парфяновіч.
Што да стылю касцюмаў і вобразаў, то тут сама назва калектыву дае ім поўную прастору для творчасці. Як распавёў Герман Біткоў, усе касцюмы падбіраюць яны самастойна:
— У кожнага з нас ёсць свая ідэя, і мы ўлічваем гэта пры выбары вобразаў. На дадзены момант маем два вобразы: адзін з іх вулічны, маладзёжны, у прамым сэнсе яркі, а другі вобраз спалучае ў сабе стрыманасць і стыль, ён набліжаны да класікі. Але і тут нам падабаецца вылучацца. Увогуле, прыходзьце на нашы выступленні, і самі ўсё ўбачыце!
Што да планаў змяніць фармат кавер-гурта і перайсці да песень уласнага складання, то гэта таксама ёсць у планах «Яркіх». Бо, як адзначае Юліяна Грышановіч, як кавер-гурт яны ўжо дасягнулі пэўнай пазнавальнасці, навучыліся працаваць з публікай і цяпер самы час заняцца прасоўваннем уласнага музычнага матэрыялу калектыву: «Хочацца дастукацца праз музыку да сэрцаў кожнага нашага слухача, таму мы не спяшаемся, а якасна і прадукцыйна працуем над гэтым пытаннем».
— Ці часта гастраліруеце і якія цікавыя выпадкі здараюцца ў такіх паездках?
— Так, гастраліруем мы даволі часта, у тым ліку і за межамі нашай краіны. Здараецца рознае, але ў большасці штосьці пазітыўнае. З прыемнага — дораць падарункі, а таксама трое з нашага кавер-бэнду знайшлі свае другія палавінкі дзякуючы выступленням, — дзеліцца Уладзімір Кавалеўскі.
— Ці ёсць у вас прафесійная мара?
— Было б выдатна стаяць на адной сцэне з заслужанымі артыстамі нашай краіны, гэта быў бы цікавы і карысны досвед для нас. Калі казаць больш шырока, то, як і любому творчаму калектыву, нам важныя прызнанне і любоў публікі. Таму плануем пашыраць маштаб мерапрыемстваў, хочацца пакінуць яскравы след у жыцці кожнага нашага слухача. Ды і ў цэлым, выступаць для нашай публікі — вялізная каштоўнасць для нас, таму мы сочым за тымі, хто скарае вышыні беларускіх сцэн, і імкнёмся да гэтага таксама.
Ангеліна НОВІКАВА
Фота з архіва кавер-гурта «Яркія»
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.