Наша госця — падапечная Васіля Раінчыка. Будучую зорку маэстра вучыў быць упэўненай не толькі на сцэне, але і ў жыцці. «А жыццё — гэта экзамен, які трэба прайсці з годнасцю», — упэўнена артыстка. Пасля заканчэння ўніверсітэта дзяўчыне даводзілася сумяшчаць музычную кар’еру з выхаваннем маленькага сыночка. Сёння яна мае медаль за творчыя заслугі, з 2021 года ўваходзіць у склад Саюза музычных дзеячаў, з’яўляецца салісткай ваеннага аркестра і аўтарам уласных музычных твораў. Чым здзіўляе слухача маладая, таленавітая Elen (сцэнічны псеўданім Алены Благадзір), як любіць бавіць час у вёсцы і за якія заслугі ёй далі медаль — чытайце ў нашым інтэрв’ю.
— Elen, калі лепш за ўсё пішуцца хіты?
— Самыя лепшыя хіты атрымліваюцца, калі на душы дрэнна і хочацца ўсё выкласці на паперу (смяецца). Напісанае паказваю мужу, бо ён таксама мае дачыненне да музыкі. Калісьці ў яго быў рок-гурт. Кажа: «Вось гэта клас, а гэта — можаш нават не брацца». Пасля маме паказваю. Яна педагог з музычным ухілам. Лічу, правільна даць паслухаць спачатку прафесіяналу. Пасля — непрафесіяналу. Таму што можна навярэдзіць і ў аранжыроўцы, і ў тэксце такога... У маім выпадку фактар — «падабаецца / не падабаецца» — працуе.
— Хто з родных яшчэ звязаны з музыкай?
— У мяне бацька — выканальнік рамансаў, скончыў універсітэт культуры і мастацтваў па дырыжыраванні. Брат Віталь Блага — акардэаніст-віртуоз, з’яўляецца топавым вядучым. Сястра скончыла музычную школу. Дзве бабулі спявалі. Адну запрашалі ў хор салісткай. Ёй было б цікава ўбачыць, што ўнучка пайшла па музычнай сцяжыне.
— А калі зразумелі, што музыка — для вас усё?
— Заўсёды гэта ведала. Была ўпэўненасць яшчэ нават у школе. Займалася ў студыі Васіля Пятровіча Раінчыка. Цяпер перыядычна бачу маэстра на канцэртах, кажу: «Васіль Пятровіч, вялікі дзякуй Вам!». Яго прафесіяналізм і вера надалі ўпэўненасці, што ўсё атрымаецца. Бо калі маленькую дзяўчынку запрашаюць на сцэну з зоркамі, у яе каленкі трасуцца, даюць мікрафон і яна павінна спяваць не пад «плюс», а пад «мінус», паказаць вакальныя даныя — гэта страшна. Школа Раінчыка была маім стартам.
— Напэўна, было цяжка прабіцца на эстраду? З чаго пачыналі?
— Калі пайшла на свае хлябы — пісала песні, займалася арганізацыяй мерапрыемстваў, то бацька быў вядучым на вяселлях. Я з ім — як салдацік — на ўсе святы. І спявала, і вядучай была. Ва ўніверсітэце культуры вучылася на спецыяльнасці «Эстрадны вакал». Туды проста так не трапіш. Са ста чалавек прыкладна выбіралі чатыры. Такі быў шалёны конкурс. Памятаю, тады падумала: нічога сабе — прайшла!
Пасля заканчэння ўніверсітэта набіраўся першы склад Маладзёжнага тэатра эстрады. Працавала ў ім пэўны час. Дарэчы, ва ўніверсітэце са мной вучыліся знакамітасці, напрыклад, Вольга Змуршчык, малодшай на курс была Вікторыя Алешка. Памятаю, як разам з Вікай хадзілі ў трэнажорку — яна заўсёды з песняй і спортам (смяецца). Песні ў яе шыкоўныя, нездарма ж заслужаная артыстка! Кампазіцыю «Сапраўднае золата» абажаю!
— У вас прыгожае прозвішча ці гэта псеўданім?
— Гэта не сцэнічны псеўданім, а маё дзявочае прозвішча (смяецца). Нас, Благадзіраў, не так шмат. Многія мяркуюць, што яно балгарскае, украінскае, хоць мы найчысцейшыя беларусы. Род па бацькавай лініі з Магілёва. Калісьці прапрадзядулю назвалі так таму, што займаўся дабрачыннасцю. Я падымала генеалагічнае дрэва. Жыў пры царкве. Быў вельмі паважаным у сваёй мясцовасці чалавекам. Паступова форма прозвішча змянялася — Благадар, Благадзэ, Благадзір (пасля не зусім правільна напісалі). Трэба сказаць, што працягваю жыццёвую місію продкаў — з’яўляюся творчым арганізатарам шматлікіх дабрачынных праектаў.
— Elen, раскажыце пра сваю сям’ю.
— Падчас вучобы ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў сустрэла мужа. Нарадзіла сыночка Рыгора. Памятаю: я на канцэрце, а родныя прыязджалі да мяне па малако для малога. Дзякуй, што побач былі матуля, свякроў, свёкар, нават аднакласнікі падтрымлівалі. Без падтрымкі нават не ведаю, як можна спраўляцца. Першы год, калі здаралася выходзіць у свет, не было часу ўсё разглядаць — прыбегла, спаць паклала, малака нарыхтавала — перадала, пабегла далей песні спяваць. З павагай адношуся да жанчын, якія нараджаюць шмат дзяцей: гэта такая цяжкая праца!
— Вы з’яўляецеся салісткай ваенна-духавога аркестра вайсковай часці 3214...
— Гэта асноўнае месца працы. Сёлета мяне ўзнагародзілі медалём ад часці. Працую на карысць унутраных войскаў: напісала дзве песні для іх — «Беларускі спецназ» і «Дзякуй за службу». Трэцяя — «Унутраныя войскі» — у распрацоўцы.
— А яшчэ вы ўладальніца аднаго з самых рэдкіх жаночых галасоў — кантральта...
— Гэта нізкі голас з сакавітымі нотамі, прыгожымі, аксамітнымі, якія кранаюць душы. У хоры спявала другім альтом.
— Па якіх кампазіцыях вас пазнаюць?
— Песні, якія выконваю на галоўных мерапрыемствах краіны, розныя. На патрыятычную тэму ёсць цудоўная кампазіцыя з кліпам «Про-
цветай, родная Беларусь!» Яе любяць і апошнім часам паўсюль просяць выканаць. Карыстаецца папулярнасцю песня, з якой некалі пачынала, — «Нереально красивая». Ну, а сінгл «Там» часта круцяць па радыё, а на канцэртах усе падпяваюць. Найбліжэйшым часам думаю выпусціць відэаверсію песні. Спяваю эстраду, поп. Аднак у мяне розныя кірункі: ёсць нават поп-рок — кампазіцыя «Лёд», на якую зняты прыгожы кліп. Чым больш песень рознай тэматыкі — тым лепш! У аркестры спяваю і эстрадныя, лёгкія кампазіцыі, і творы на ваенную тэматыку.
— З якімі аўтарамі супрацоўнічаеце?
— Многія дасылаюць мне дэмкі, практычна гатовыя. Шмат песень, дзе аўтар — і музыкі, і слоў — я сама.
Чатыры гады працую з Юрыем Кісялём, кіраўніком Palyurproductіon. Песні рэальна стрэлілі і гучаць на радыёстанцыях. Кампазіцыі на ваенную тэматыку, напрыклад, піша для мяне Таццяна Кажэўнікава.
— Вы атрымліваеце юрыдычную адукацыю. Думаеце калі-небудзь змяніць дзейнасць?
— У нашай справе вельмі важна разбірацца ў юрыдычных пытаннях. Вучуся ў Акадэміі кіравання на факультэце кіраўніцкіх кадраў па спецыяльнасці «Юрыспрудэнцыя». Цікава вывучаць аўтарскае права. Лічу, атрыманыя веды спатрэбяцца ў працэсе творчай дзейнасці. Сферы культуры кіраўнікі заўсёды патрэбны! Магу ім быць. Чаму б і не! (усміхаецца).
— Як аднаўляецеся? Дзе чэрпаеце сілы?
— За 20 кіламетраў ад Мінска ёсць вёска Азярычына. Там у нас гаспадарка. З мужам разводзім пародзістых курэй (смяецца). Яны нясуць блакітныя яйкі. Не кармлю іх аніякай хіміяй. На лецішчы люблю адпачываць. Аднаўляюся менавіта так! Займаюся спортам, бегам, хаджу ў трэнажорную залу. Як кажуць: рух — гэта жыццё. Трэба абавязкова займацца спортам. Ездзіць у вёску — перазагружацца пасля канцэртаў. А колькі ў нас цудоўных санаторыяў! Адпачываю ў «Прыазёрным». А «Пліса» чаго вартая — тое ж самае, што ў Турцыю паехаць! Вельмі любім з мужам раку Бярэзіну. Сёлета паспела пабываць у Грузіі і ў Шры-Ланцы. Хачу ў Кітай. Увогуле, люблю вандраваць. Абажаю Сардзінію, Стамбул. Запомнілася экскурсія на радзіму Напалеона Банапарта. Гэта было маё жаданне пасля прачытанай кнігі. А яшчэ ў мяне ёсць хобі: пішу карціны алеем — катоў і прыроду.
— Назавіце вашыя галоўныя якасці, якія дапамагаюць па жыцці.
— Па-першае, я адказны чалавек. Калі сказала — зрабіла. Кантралюю любы працэс. Гэтая мая якасць нумар адзін. Па-другое, у адносінах прытрымліваюся правіла шчырасці. Па-трэцяе, люблю сваю справу. Без гэтага не будзе водгуку ад гледача.
— Калі колер, то гэта...
— Белы.
— Калі пара года, то ...
— Лета.
— Калі кніга, то гэта...
— Ліён Фейхтвангер, раман «Гоя, альбо Цяжкі шлях пазнання» (люблю чытаць пра вялікіх людзей).
— Калі эпоха, то гэта...
— Наша, сучасная. Яна мяне задавальняе.
— Калі пачуццё, то гэта...
— Любоў. Без гэтага пачуцця нічога не атрымаецца. Трэба любіць сваю справу, радзіму, людзей вакол.
Гутарыла Надзея ЗУЕВА
Фота з архіва спявачкі
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.