Вы тут

Маштабны фестываль «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» пройдзе ў Смаленскай вобласці з 11 да 15 верасня


Ён збярэ 300 удзельнікаў, а разам з гледачамі і гасцямі ўвогуле аб’яднае 15 тысяч чалавек. Праграма форуму абяцае быць насычанай і цікавай. Так, на працягу тыдня пройдуць урачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю, выязныя канцэрты ў гарады Смаленскага рэгіёна, тэматычныя праграмы для ўдзельнікаў фестывалю, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, студэнтамі ВНУ, вечары дружбы моладзі Беларусі і Расіі і шмат іншага. Адной з цэнтральных падзей стане Конкурс выканаўцаў маладзёжнай песні. Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» паназірала за адборачным турам і пазнаёмілася з тымі, хто будзе абараняць гонар нашай краіны на міжнародным спаборніцтве.


— Вось ужо 17 гадоў БРСМ з’яўляецца арганізатарам аднаго з найбуйнейшых на постсавецкай прасторы фестывалю творчасці «Моладзь — за Саюзную дзяржаву». У гэтым годзе ён напоўнены шэрагам сэнсаў. Перш за ўсё, гэта 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 25-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, — заявіў першы сакратар ЦК ГА БРСМ Аляксандр Лук’янаў.

Распавёў, што на форуме прадугледжаны шэраг актыўнасцяў, якія дазволяць маладым людзям акунуцца ў фестывальны драйв, паглядзець на Смаленшчыну:

— Вядома, яны будуць спаборнічаць у конкурсе, але галоўнае — пазнаёмяцца, будуць сябраваць.

З розных куткоў нашай краіны паступіла больш за 220 заявак, але толькі 19 найлепшых выканаўцаў узялі ўдзел у выніковым адборачным туры. Гэта салісты, аўтары-выканаўцы, дуэты ці ансамблі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Кожны ўдзельнік прадставіў дзве песні, дзе першая раскрывала тэму любові да Радзімы, а другая — сучасныя маладзёжныя тэндэнцыі. Кампазіцыі выконвалі на рускай ці беларускай мовах, а ў якасці выключэння дазвалялася выкананне адной з песень на нацыянальнай мове выканаўцы. Акрамя таго, усе выступленні праходзілі пад фанаграму «мінус адзін».

Парадак нумароў адборачнага тура быў вызначаны лёсаваннем, а ацэньвала выканаўцаў прафесійнае журы. Так, вядомая спявачка беларускай эстрады Ганна Благава, якая ўваходзіла ў склад камісіі, запэўніла, што журы звяртала ўвагу на шматлікія аспекты, пачынаючы з таго, як чалавек выходзіць на сцэну, узаемадзейнічае з гледачом, і заканчваючы яго майстэрствам, мастацтвам вакальнага выканання.

 

— Калі ты імкнешся да вяршынь, то павінен паказаць сябе на ўсе сто. Зразумела, што ўдзельнікі хвалююцца, але для гэтага і праводзяць конкурсы: яны гартуюць характар артыста, удасканальваюць яго прафесіяналізм, — адзначыла артыстка.

Самым першым на сцэну выйшаў дуэт з Мінскай вобласці з запальнай песняй «Хата бацькоў».

— Мы ўдзельнікі студыі рознажанравага вакалу Medіan Voіce. Другая наша песня — «Што ты зрабіў для Радзімы?» — падзяліліся Вікторыя Астроўка з БДЭУ і Арцём Палкін з БДУКМ. — Рады, што прыехалі на адбор разам, падтрымліваем адно аднаго.

Аднак па выніках нарады журы пуцёўку ў Смаленск атрымаў толькі Арцём. Уразіла нас яшчэ і Міхаліна Хвясюк з Мікашэвічаў, якая таксама паспяхова прайшла ўсе выпрабаванні адборачнага тура. Першая песня, якую яна выканала, прабірала літаральна да мурашоў.

Высветлілася, што кампазіцыю «Размова» спецыяльна для дзяўчыны напісаў вядомы кампазітар Валерый Шмат.

— З-за ўзросту не магла ўдзельнічаць у фестывалі раней, а цяпер нарэшце ўдалося сюды трапіць. Аб’ездзіла ўжо больш за 200 конкурсаў. Праўда, быў своеасаблівы прыпынак — некаторы час не выступала: крыху адвыкла ад усёй гэтай атмасферы. Але сёння была прыемна здзіўленая таму, як добра нас сустрэлі і як арганізавалі, — падзялілася Міхаліна.

 

Другой песняй, якую выканала дзяўчына, стала «Позна» Наталлі Падольскай. Выбрала яна яе таму, што непадзеленае каханне — адна з актуальных праблем моладзі.

Таксама ў лік абраных канкурсантаў увайшлі Ангеліна Самалётава, Яраслава Сокал, Андрэй Цуба з Мінска, Надзея Дзегцярова і Дар’я Чэслаўская з Магілёва, Вікторыя Касцюкова з Гродзенскай вобласці. Усіх іх цяпер чакаюць іх галоўныя выступленні, якія пройдуць ужо ў верасні і атрымаюць ацэнку новай публікі. Жадаем поспехаў і будзем сачыць за іх фестывальнай дарогай!

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».