Вы тут

Прыгажуня ў форме — пра свой шлях да мары, падтрыманне фігуры і сапраўдную ваенную сям’ю


Ваенна-патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі сёння ўдзяляецца вялікая ўвага. Так, у кожным рэгіёне нашай краіны дзейнічае мноства такіх спецыяльных клубаў, у якіх дзеці сумяшчаюць прыемнае з карысным. Маладыя людзі паглыблена вывучаюць гісторыю Беларусі, вучацца пастаяць за сябе і блізкіх, атрымліваюць даволі каштоўны вопыт, які, несумненна, спатрэбіцца ў далейшым жыцці. Пра тое, як скачкі на скакалцы ды іншыя фізічныя нагрузкі дапамагаюць падтрымліваць фігуру, як правільна абыходзіцца са зброяй, аказваць першую медыцынскую дапамогу і здабыць сапраўдных сяброў, карэспандэнту «Чырвонкі. Чырвонай змены» распавяла выхаванка ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» вайсковай часці 3214, маладагвардзеец, пачынаючы журналіст і важатая ваенна-патрыятычнага лагера «Доблесць», вучаніца сярэдняй школы № 209 горада Мінска Наталля Буркоўская.


— Наталля, раскажыце, калі ласка, пра сябе і чым для вас з’яўляецца ваенна-патрыятычны клуб?

— З самага дзяцінства мае блізкія расказвалі мне гісторыі аб цяжкім ваенным часе, гераізме нашых салдат, стойкасці і адвазе беларускага народа, нязгаснай веры ў Перамогу і сапраўдным подзвігу маіх продкаў. Шмат у чым гэта паўплывала на мяне і на мой лёс. Цяперашні этап жыцця непарыўна звязаны з ваенна-патрыятычным клубам «Рысь» вайсковай часці 3214. Гэты час з’яўляецца для мяне вельмі значным і адказным. Руплівасць, старанасць у вучэбнай дзейнасці і фізічныя трэніроўкі дазволілі набыць новыя практычныя ўменні і навыкі, палепшыць фізічную і псіхалагічную ўстойлівасць для будучай службы ва ўнутраных войсках Рэспублікі Беларусь.

Я іду ўжо ў 11 клас, мару паступіць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь на ідэолага. Стаць будучым афіцэрам і з гонарам несці гэтае званне, праслаўляць сваю краіну, быць прыкладам для моладзі і спрыяць фарміраванню ў яе пачуцця патрыятызму — галоўная мая мэта. Сёння працую важатай у ваенна-патрыятычным лагеры «Доблесць» у вайсковай часці 3214. Таксама пішу артыкулы і раблю фатаграфіі, адпраўляючы іх у тэлеграм-канал Маладой гвардыі.

Стаць ваеннаслужачым марыла з ранняга ўзросту, дзякуючы маёй сям’і, фільмам, кнігам. Наш клуб — цудоўнае месца. Ён напоўнены цёплай сяброўскай атмасферай. Тут я павялічваю і адпрацоўваю свае навыкі па зборцы і разборцы зброі, рукапашным баі, дысцыплінаванасці, тактычнай падрыхтоўцы і вучуся многім іншым рэчам, але больш за ўсё мне падабаюцца мае таварышы, якія, упэўнена, у цяжкую хвіліну будуць знаходзіцца побач, нягледзячы ні на што.

У нас нярэдка праходзяць розныя спаборніцтвы і мерапрыемствы, у якіх я актыўна ўдзельнічаю. Больш за ўсё мне запомніўся першы палявы выхад, калі мы жылі ў палатках. Падчас выхаду шмат перамагала і працавала з неверагоднымі людзьмі, разам з якімі мы спявалі песні каля вогнішча, практыкаваліся ў ваеннай тапаграфіі і арыентаванні па мясцовасці. І першая стральба з баявой зброі назаўжды застанецца ў маёй памяці.

Дэвіз, які ідзе са мной па жыцці заўсёды: «Ёсць жаданне — тысяча спосабаў, няма жадання — тысяча падстаў». Напэўна, гэта дапамагае рухацца далей з узнятай галавой, не заўважаючы ніякіх перашкод. Вялікую падтрымку знаходжу ў маіх любімых бацькоў: маці і тата заўсёды побач і не даюць апусціць рукі ні пры якіх абставінах. Без іх я не справілася б, і ў гэтым у мяне няма сумневаў.

— Ці з ахвотай сённяшняя моладзь ідзе ў ваенна-патрыятычныя клубы? Чаму там навучаюць?

— У такіх клубах дзеці займаюцца ваеннай падрыхтоўкай, удзельнічаюць у ваенізаваных эстафетах, вывучаюць асновы медыцынскай падрыхтоўкі, тактычнай падрыхтоўкі, а таксама кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

Сучасную моладзь часта называюць пакаленнем Х, пакаленнем Z ці яшчэ як-небудзь, бо мы сапраўды разбіраемся ў тэхніцы, ІT і іншых кірунках. Пасля выпуску з ваенна-патрыятычных клубаў ёсць і пэўныя льготы пры паступленні ў ваенныя ВНУ краіны. Дарэчы, сёння дзяўчаты таксама актыўна імкнуцца паступіць у Ваенную акадэмію, дзе будуць вывучаюць ідэалогію, псіхалогію. Таму для дзяцей ваенна-патрыятычныя клубы — гэта велізарны плюс. Тая ж медыцынская падрыхтоўка можа спатрэбіцца ў любы момант. Вельмі важна, каб чалавек пры неабходнасці мог правільна аказаць першую медыцынскую дапамогу. Таксама кожны выхаванец можа пахваліцца тым, што ўмее страляць з сапраўднага аўтамата Калашнікава.

Дарэчы, на базе клубаў нярэдка праводзяцца спаборніцтвы па стральбе, у якіх удзельнічаюць выхаванцы Мінскага гарнізона. У святы, 23 лютага і 8 Сакавіка, на такіх спаборніцтвах я выбіла па 97 балаў са 100. Было пяць пробных стрэлаў і дзесяць адзіночных выніковых з дыстанцыі ў 50 метраў. Вядома ж, стральба заўсёды пад пільным наглядам ваеннаслужачых-спецыялістаў, каб усё было бяспечна.

— Звязаць свой лёс з ваеннай службай — адказны, але складаны выбар, асабліва для прадстаўніцы прыгожага полу. Як абралі менавіта такі кірунак?

— Было вельмі шмат роздумаў: куды ж пайсці, кім хачу стаць у будучыні? А любоў да службы ў нас перадаецца з даўніх часоў, з пакалення ў пакаленне. Тата, дзядуля, прабабуля і прадзядуля — усе ў розныя часы звязвалі сваё жыццё з ваеннай службай. І нават мой старэйшы брат не супраць служыць. Пасля заканчэння каледжа ён абавязкова папоўніць шэрагі Унутраных войскаў Беларусі.

Паступіць у Ваенную акадэмію нялёгка. Дзяўчыне, напрыклад, неабходна набраць каля 350 балаў. Для хлопцаў прахадны бал значна меншы, розніца адчуваецца. Цяжка, але мы будзем ісці да канца! Вядома, не ўсім дзяўчатам гэта патрэбна, аднак пры гэтым апошнім часам многія прадстаўніцы прыгожага полу выказваюць жаданне звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі. Дзяўчаты нароўні з хлопцамі пры паступленні здаюць фізічныя нарматывы. Вядома, яны трохі прасцейшыя, чым у мужчын, усё ж такі паміж намі ёсць невялікая розніца. Пры паступленні буду здаваць гісторыю Беларусі, матэматыку і рускую/беларускую мову на выбар. Вельмі перажываю і хвалююся, але ведаю, што сям’я і таварышы з клуба мяне абавязкова падтрымаюць.

— Нам вядома, што вы займалі першыя месцы ў спаборніцтвах па скачках са скакалкай. Раскажыце, ці дапамагае ваша актыўная дзейнасць у клубе падтрымліваць фігуру?

— Заняткі фізічнай нагрузкай, рукапашным боем і скачкамі са скакалкай вельмі дапамагаюць сачыць за фігурай. У вайсковых часцях, як правіла, дзяўчаты маюць магчымасць займацца спецыяльным фітнесам. Гэта дазваляе нам падтрымліваць сваю фігуру ў добрай форме, заставацца стройнымі і прыгожымі. Фітнес, вядома, толькі для дзяўчат. Для мужчын у нас рукапашныя баі. Але калі раптам хлопец захоча займацца фітнесам разам з дзяўчатамі і скакаць на скакалцы, не думаю, што хтосьці будзе супраць (смяецца).

У цэлым, спаборніцтвы па фізічнай нагрузцы з’яўляюцца неад’емнай часткай дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў. Дарэчы, у іх удзельнічаем не толькі мы, але і госці з Расіі. За адну хвіліну на скакалцы я наскакала больш за 160 разоў! Займаюся таксама і дома, дзе ёсць і скакалкі, і розныя трэнажоры. Яшчэ ў мяне ёсць выхадны дзень, калі займаюся вышэйшай матэматыкай. Гэта вельмі цяжка, але неабходна пры паступленні. Даводзіцца вывучаць яе нават на канікулах. Пакуль займаюся сама, з верасня пачну хадзіць да рэпетытараў.

Акрамя скачкоў са скакалкай, качаем прэс, займаемся рукапашным боем. Гэта вельмі важнае ўменне, паколькі кожны чалавек павінен умець пастаяць за сябе. Некалькі разоў нават даводзілася заступацца за бліжніх. Навыкі рукапашнага бою часам правяраю на сваіх таварышах, а яшчэ часцей — на браце (смяецца). Праз год пасля таго як я асвоіла асновы рукапашнага бою, ён, мякка кажучы, трохі пацярпеў.

Яшчэ ў нас праводзяцца ваенна-палявыя зборы. На працягу дзевяці дзён удзельнічаем у розных спаборніцтвах і майстар-класах. Вывучаем там асновы фатаграфіі, увядзенне ў журналістыку, кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі, а таксама стральбу з пнеўматычнай зброі і асновы рукапашнага бою. У рамках насычанай праграмы ўдзельнікі збораў выязджалі ў Брэсцкую крэпасць, наведвалі іншыя мемарыяльныя комплексы. Мне вельмі спадабалася, калі мы наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Дзякуючы яе дырэктару Вадзіму Гігіну мы змаглі ўбачыць салют на самым высокім паверсе гэтага знакавага будынка.

— Зусім нядаўна вы сталі ўдзельнікам міжнароднага праекта «Цягнік Памяці». Што цікавага ўбачылі падчас падарожжа?

— Сёлета міжнародны праект «Цягнік Памяці» аб’яднаў патрыётаў з васьмі краін. Велізарную ролю ў станаўленні праекта адыгралі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Валянціна Мацвіенка. Удзельнікі змаглі ўбачыць 14 гарадоў як у Беларусі, так і ў Расіі. Масква, Санкт-Пецярбург, парад у Мінску, Хатынь — некаторыя з прыпынкаў на нашым маршруце... Замежным гасцям вельмі спадабалася на рэканструкцыі ў Брэсцкай крэпасці. У такія моманты адчуваеш гонар за сваю краіну, калі многія госці параўноўвалі свае краіны з Беларуссю, і ўсе як адзін казалі, што хочуць да нас вярнуцца.

Асабліва запомнілася наведванне мемарыяльнага комплексу «Хатынь», дзе нам расказвалі пра подзвігі салдат і дзяцей. Мяне вельмі расчулілі ўсе гэтыя месцы, на кожным мемарыяльным комплексе немагчыма было стрымаць слёзы. Табе балюча за тых дзяцей, якія загінулі ў гэтай страшнай вайне. Наведваючы такія помнікі, пакідаеш там часцінку сябе як даніну памяці і павагі.

— Каго больш у вашым асяроддзі — хлопцаў або дзяўчат? І ці не перашкаджае актыўная дзейнасць у клубе вучобе і асабістаму жыццю?

— У маім асяроддзі ўсё ж такі больш дзяўчат. Колькі б ні казалі, што служба і ваенная справа больш падыходзіць для хлопцаў, у ваенна-патрыятычных клубах колькасць хлопцаў і дзяўчат аднолькавая. Актыўная дзейнасць у ваенна-патрыятычным клубе не перашкаджае вучобе і асабістаму жыццю. Гэта нават, наадварот, падштурхоўвае цябе на ўдасканаленне і далейшае развіццё. Дзякуючы гэтаму ў мяне вырас сярэдні бал, палепшылася фізічная падрыхтоўка. Таксама я атрымала цудоўны вопыт і цвёрдае жаданне рухацца толькі наперад. Для мяне вельмі важна, што родныя і блізкія падтрымліваюць мяне ва ўсіх пачынаннях. Ды і дзяржава робіць многае для дзяцей і моладзі, і гэта вельмі прыемна!

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

фота з архіва Наталлі БУРКОЎСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.