Вы тут

Начная атака: як вызвалялі Плешчаніцы


30 чэрвеня 1944 года войскамі 35-й гвардзейскай танкавай брыгады пад камандаваннем гвардыі генерал-маёра Азі Асланава быў вызвалены важны вузел шасейных дарог — раённы цэнтр Плешчаніцы. Падчас правядзення стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» войскі 35-й гвардзейскай танкавай брыгады ўваходзілі ў склад 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса пад камандаваннем гвардыі генерал-лейтэнанта танкавых войск Віктара Обухава.


Камандзір 35-й гвардзейскай  танкавай брыгады  генерал-маёр Азі АСЛАНАЎ.

Да пачатку аперацыі брыгада была цалкам укамплектавана. Пасля прарыву нямецкай абароны і імклівага наступлення войскі корпуса выйшлі да ракі Бярэзіны. У паласу наступлення 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса ўваходзіў даваенны Плешчаніцкі раён. Перадавым атрадам было загадана не ўвязвацца ў зацяжныя баі, абыходзіць буйныя вузлы абароны і апорныя пункты ворага, прарывацца ў глыбокі тыл непрыяцеля, пагражаючы немцам акружэннем. Але масты тут былі разбураны гітлераўцамі, і фарсіраваць водную перашкоду з ходу не атрымалася.

Пераправа праз Бярэзіну

На разведку дарог і перапраў паехаў бронетранспарцёр разведузвода 35-й брыгады на чале з капітанам С. Г. Прозаравым. На шляху да ракі ім сустрэліся партызаны брыгады «Жалязняк», якія паказалі дарогу да пераправы і далейшы шлях па гэтай забалочанай мясцовасці на захад.

Камандзір танкавай брыгады генерал Асланаў загадаў навесці пераправу для войск з падручных матэрыялаў. Будаваць мост салдатам дапамагалі партызаны — з бярвён, змацоўваючы іх дротам і скобамі. У выніку па гэтым мосце змагла праехаць легкавая машына Асланава, бронетранспарцёр разведчыкаў і машыны з дзвюма процітанкавымі гарматамі. Затым пайшоў танк — мост не вытрымаў і разам з машынай пайшоў пад ваду. Прыйшлося сапёрам на працягу 28 і 29 чэрвеня будаваць новы мост, здольны вытрымаць вагу танкаў і цяжкае ўзбраенне, а асноўныя сілы брыгады з танкамі і артылерыяй спыніліся на пераправе. Войскі і танкі 35-й брыгады, маскіруючыся ад налётаў варожай авіяцыі, размясціліся ў лесе ў два кіламетры паўднёва-заходней прыстані ў раёне Брод. Аўтаматчыкі ж пераправіліся ўброд і накіраваліся ў Мсціж.

Рух на Плешчаніцы

Азі Асланаў у Мсціжы сустрэўся з партызанамі, якія далажылі яму аператыўнае становішча ў раёне гарадскога пасёлка Плешчаніцы. Гэты раён кантралявалі партызаны брыгад імя Калініна і «Народныя мсціўцы імя Варанянскага». Аналіз архіўных дакументаў прыводзіць да высновы, што вызваленне гарадскога пасёлка Плешчаніцы адбылося па прычыне таго, што камандзір 35-й танкавай брыгады Азі Асланаў не стаў чакаць падыходу асноўных сіл брыгады з танкамі, а скарыстаўся аператыўным становішчам і нанёс нечаканы ўдар па райцэнтры тады, калі немцы зусім не былі да гэтага гатовы.

Азі АСЛАНАЎ з афіцэрамі 35-й гвардзейскай танкавай брыгады (у цэнтры).

Па словах ветэрана, у выніку двухгадзіннага бою Плешчаніцы былі цалкам вычышчаны ад ворага. «У баі за Плешчаніцы актыўна дзейнічалі партызаны брыгад імя Калініна і «Народныя мсціўцы імя Варанянскага», — успамінае Васіль Даўжонак. — Генерал Асланаў даў высокую адзнаку баявым дзеянням нашай брыгады. У далейшым па загадзе генерала Асланава і камбрыга Пакроўскага партызаны атрада «Барацьба» былі ў якасці дэсанта пасаджаны на танкі і рухаліся з асланаўцамі на Вілейку...»

Асланаў на чале перадавога атрада асабіста займаўся падрыхтоўкай да наступлення на райцэнтр. Храналогія вызвалення Плешчаніц адлюстравана ў архіўных дакументах. З гісторыі баявых дзеянняў брыгады: 

«...Камандзір брыгады правёў асабістую разведку і, сабраўшы вычарпальныя даныя аб праціўніку праз партызанскія атрады, з мэтай апярэдзіць дзеянні праціўніка і не даць яму магчымасці падцягнуць сілы і заняць абарону на выгадных натуральных рубяжах р.р. Бярэзіна і Вілія, вырашыў імкліва выкінуць падраздзяленні, якія пераправіліся, наперад і авалодаць Плешчаніцамі, развіваючы ў наступным поспех у заходнім напрамку».

Памятны знак у Плешчаніцах.

Начная атака

Праз Плешчаніцы па дарогах з Барысава ў гэты час адыходзілі нямецкія войскі. Да канца дня да зыходнай пазіцыі для наступлення падышоў батальён аўтаматчыкаў, які рухаўся пешым строем. Тут да салдат Асланава далучыліся партызаны брыгады «Народныя мсціўцы імя Варанянскага», якія добра ведалі падыходы да райцэнтра. У той жа час трэба было захоўваць таямніцу знаходжання вялікай колькасці войск у лесе, не выявіўшы сябе раней часу. Разведка данесла, што на ноч у Плешчаніцах спыніліся нямецкія абозы, адыходзячыя войскі і паліцэйскія. Асланаў вырашыў пачаць нападзенне на райцэнтр ноччу. 

У гэты час атака будзе нечаканай і немцам у цемры будзе немагчыма вызначыць сілы наступаючых.

Гэты план па вызваленні гарадскога пасёлка цалкам атрымаўся. Перад атакай агонь адкрылі чатыры супрацьтанкавыя гарматы, а затым у Плешчаніцы ўварваўся бронетранспарцёр і на вялікай хуткасці рухаўся па цэнтральнай вуліцы да перакрыжавання, па ходзе расстрэльваючы гітлераўцаў. Карыстаючыся цемрай, байцы падавілі дзоты на ўскраінах і адкрылі шлях для атакі на цэнтр пасёлка. Услед за імі ў атаку пайшлі аўтаматчыкі і з боем вызвалілі пасёлак. Разам з імі прынялі ўдзел у вулічных баях і партызаны.

Успаміны ветэрана

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль ДАЎЖОНАК.

Сваімі ўспамінамі аб тых падзеях падзяліўся ўдзельнік вызвалення Плешчаніц, былы партызан брыгады «Народныя мсціўцы імя Варанянскага», а цяпер палкоўнік пагранічных войск у адстаўцы Васіль Даўжонак: «Мне, байцу партызанскага атрада „Барацьба“, давялося быць непасрэдным удзельнікам вызвалення Плешчаніц і Вілейкі. У выніку разведкі было ўстаноўлена, што ў гарадскім пасёлку знаходзіцца шмат машын і конных абозаў, а на ўскраінах населенага пункта — баявая ахова. 3 гадзіны ночы пачаўся штурм нямецкіх умацаванняў. Як заўсёды, адважна і рашуча дзейнічалі ў баявым становішчы разведчыкі, якія падавілі варожыя дзоты. Калі разведчыкі ўступілі ў Плешчаніцы, за імі без прамаруджання накіраваліся гвардзейцы-асланаўцы і партызаны».

Па словах ветэрана, у выніку двухгадзіннага бою Плешчаніцы былі цалкам вычышчаны ад ворага. «У баі за Плешчаніцы актыўна дзейнічалі партызаны брыгад імя Калініна і „Народныя мсціўцы імя Варанянскага“, — успамінае Васіль Даўжонак. — Генерал Асланаў даў высокую адзнаку баявым дзеянням нашай брыгады. У далейшым па загадзе генерала Асланава і камбрыга Пакроўскага партызаны атрада „Барацьба“ былі ў якасці дэсанта пасаджаны на танкі і рухаліся з асланаўцамі на Вілейку...»

Выхадзец з вёскі Далькавічы Плешчаніцкага раёна Васіль Даўжонак два гады ваяваў з ворагам у партызанскім атрадзе. У спаленай карнікамі роднай вёсцы загінулі яго сваякі, таму ён вызваляў родную зямлю ад акупантаў з асаблівым пачуццём і хваляваннем.

Сведчаць дакументы

Для таго каб даведацца аб ходзе развіцця падзей па вызваленні Плешчаніц, звернемся да дакументаў Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі: «У ноч на 30.06.44 г. праз р. Бярэзіна па асабістай ініцыятыве пам. нач. штаба брыгады па а/р рабоце быў перапраўлены ўзвод танкаў 3 БТ, які здзейсніў імклівы марш і да 3.30 выйшаў на Плешчаніцы. На працягу 30.06.44 г. брыгада, арганізаваўшы кругавую процітанкавую абарону, утрымлівала Плешчаніцы, знішчаючы падыходзячыя абозы і калоны аўтамашын з грузамі праціўніка. У выніку бою брыгада знішчыла: да 400 салдат, афіцэраў і паліцэйскіх праціўніка, 25 аўтамашын з боепрыпасамі, 5 конных артылерыйскіх гармат рознага калібру і больш 50 вазоў. Захоплена: 2 абозы, якія складаюцца з 150 вазоў з грузамі, 350 коней, невялікія склады харчавання і 15 аўтамашын, 30 матацыклаў, 28 веласіпедаў, 2 баявых сцягоў і інш. 

Дзякуючы ўтоенасці засяроджвання і раптоўнасці ўдару, нягледзячы на моцна падрыхтаваную абарону м. Плешчаніцы, брыгада амаль не панесла страт, за выключэннем — забітымі — 1 чалавек, паранена — 4 чал.»

Бой у Плешчаніцах быў хуткаплынны, немцы тут не змаглі арганізаваць абарону і былі рассеяны і часткова знішчаны. У дакуменце адзначаецца, што ў баі асабліва вызначыўся ўзвод аўтаматчыкаў па камандаваннем капітана Кухарэнкі, які зайшоў у тыл калоне немцаў і рассеяў яе, знішчыўшы больш за 40 салдат і афіцэраў праціўніка, 23 узяў у палон, захапіў 60 коней з абозамі боепрыпасаў. Гарматны разлік гвардыі старшага сяржанта Вароніна разграміў калону праціўніка, знішчыўшы пры гэтым дзве гарматы, 6 аўтамашын з боепрыпасамі і да 40 салдат і афіцэраў.

Заняўшы Плешчаніцы, брыгада Асланава заблакіравала дарогі, якія ішлі на захад, і разграміла некалькі нямецкіх калон і абозаў, што адступалі на райцэнтр. 

Немцы не ведалі, што ў іх глыбока ў тыле знаходзяцца савецкія войскі, і, не адчуваючы небяспекі, падыходзілі да Плешчаніц, а там іх сустракалі агнём гвардзейцы Асланава. Пасля падыходу асноўных сіл Асланаў атрымаў загад камандзіра корпуса аб неадкладным наступленні на Вілейку. Шлях туды ляжаў па маршруце: Плешчаніцы — Хотаевічы — Белая — Далгінава — Вілейка. На ўсім шляху руху войскі брыгады радасна сустракалі мясцовыя жыхары, якія выходзілі з лясоў і балот.

Плешчаніцкі раён быў вызвалены, але вызваленне Беларусі працягвалася. Партызаны папоўнілі рады Чырвонай Арміі. У далейшым 35-я гвардзейская танкавая брыгада вызваляла Вілейку і Смаргонь. Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Азі Асланаў загінуў 25 студзеня 1945 года ў Латвіі і пахаваны ў Баку.

29 чэрвеня 2019 года ў гонар вызвалення даваеннага раённага цэнтра — гарадскога пасёлка Плешчаніцы — быў урачыста адкрыты памятны знак, а побач з ім на пастаменце ўсталяваны танк Т-72 як знак 35-й гвардзейскай танкавай брыгады. Велізарны валун з інфармацыйнай дошкай стаў яшчэ адным сведкам мужнасці нашых салдат і ўвекавечыў памяць аб вызваліцелях.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.