Падтрымка на міжнароднай арэне і развіццё кантактаў паміж прадпрыемствамі — дамоўленасць аб супрацоўніцтве па гэтых двух ключавых напрамках дасягнута сёння на сустрэчы старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько з кіраўніцтвам Усеагульнага прафсаюза работнікаў металургічнай, машынабудаўнічай і электроннай прамысловасці Егіпта.
Трэба адзначыць, што гэты прафсаюз — адзін з найбуйнейшых у Егіпце і аб’ядноўвае каля 1 мільёна 200 тысяч работнікаў лёгкай і цяжкай прамысловасці ў дзяржаўным і прыватным сектарах. Гэта прадпрыемствы па здабычы карысных выкапняў, машынабудавання, у прыватнасці, якія спецыялізуюцца на выпуску трактароў, аўтобусаў і іншых сфер.
Старшыня Усеагульнага прафсаюза работнікаў металургічнай, машынабудаўнічай і электроннай прамысловасці Егіпта Халед Манір Хасанін эль Фекі падкрэсліў зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю па розных напрамках — ад абмену вопытам прафсаюзнай работы да садзейнічання ва ўстанаўленні кантактаў паміж прадпрыемствамі дзвюх краін.
У сваю чаргу старшыня ФПБ Юрый Сянько адзначыў, што Беларусь адкрыта да дыялога па ўсіх пытаннях. І нацыянальны прафцэнтр гатовы аказаць неабходнае садзейнічанне ў пашырэнні гандлёва-эканамічнай кааперацыі прадпрыемстваў Беларусі і Егіпта. Дарэчы, найбліжэйшымі днямі дэлегацыя прафсаюзаў Егіпта наведае шэраг прамысловых прадпрыемстваў нашай краіны, дзе азнаёміцца з вытворчым працэсам, з прадукцыяй, што выпускаецца, і з работай прафсаюзаў на месцах.
Адзін з асноўных момантаў праведзенай сустрэчы — дасягнутая дамоўленасць бакоў аб аказанні салідарнай падтрымкі адзін аднаму на міжнароднай арэне.
— Мы абмеркавалі шэраг ключавых напрамкаў узаемадзеяння. Важным стаў дыялог па сітуацыі ў Міжнароднай арганізацыі працы, якая, нажаль, палітызавала сваю працу, падтрымлівае і заклікае да санкцый. Мы дамовіліся з нашымі калегамі з Егіпта, што будзем падтрымліваць адно аднаго на гэтай пляцоўцы. Мы дакладна бачым і разумеем сутнасць таго, што адбываецца, і будзем выбудоўваць нашу агульную працу такім чынам, каб паказаць і расказаць усяму свету аб няправільным тлумачэнні Міжнароднай арганізацыяй працы сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Тут мы поўнасцю знайшлі паразуменне з прафсаюзамі Егіпта. І будзем дзейнічаць адзіным падыходам, — расказаў аб выніках сустрэчы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Юрый Сянько.
Старшыня Усеагульнага прафсаюза работнікаў металургічнай, машынабудаўнічай і электроннай прамысловасці Егіпта таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ў мінулым годзе Міжнароднай арганізацыяй працы было вынесена неправамернае рашэнне наконт сітуацыі ў Беларусі. І падкрэсліў, што супрацоўніцтва прафсаюзаў Егіпта і Беларусі накіравана на абарону правоў працоўных абедзвюх краін.
— Вядома, гэтае супрацоўніцтва прадугледжвае таксама падтрымку адзін аднаго на міжнароднай арэне. Міжнародная арганізацыя працы ў дадзены момант пераследуе няправільныя інтарэсы і падтрымлівае несправядлівыя рашэнні. Мы прыкладзем намаганні, каб аказаць падтрымку Беларусі. І спадзяемся, што ў будучыні сітуацыя зменіцца, —падсумаваў кіраўнік дэлегацыі з Егіпта.
Алена КРАВЕЦ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.