Каля тыдня засталося да ХХХІ Дня беларускага пісьменства. Традыцыя адзначаць яго распачата ў 1994 годзе. За гэты час яго сталіцамі станавіліся 26 беларускіх гарадоў і паселішчаў, некаторыя з іх двойчы, а старажытны Полацк — тройчы. Сёлета Дзень беларускага пісьменства прымае Брэсцкая вобласць, горад Івацэвічы. Пра тое, якія мерапрыемствы пройдуць у дваццаць сёмай сталіцы свята, ішла гаворка ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Як заўважыў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч, Дзень беларускага пісьменства іграе значную ролю ва ўмацаванні і захаванні нашай культурнай спадчыны, найбагацейшых традыцый пісьменства і кнігадрукавання. Нашай краіне ёсць чым ганарыцца, і свята дазваляе паказаць найбольш яскравыя дасягненні.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства праходзіць з улікам найважнейшых юбілейных дат нашай краіны, такіх як 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва, 30-годдзе Канстытуцыі РБ. Таксама на свяце ў творчым антуражы згадаюць імёны класікаў, чые юбілеі адзначаюцца сёлета. Сярод іх — Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Іван Чыгрынаў. Падчас свята будзе адлюстравана і тэматыка Года якасці.
Рыхтуецца сур’ёзная культурная і дзелавая праграма. На працягу двух дзён свята — 31 жніўня і 1 верасня — пройдзе каля 70 святочных мерапрыемстваў. Але асобныя мерапрыемствы пачаліся яшчэ да асноўных урачыстасцяў. Так, 20 жніўня былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», у якім узялі ўдзел каля 15 тысяч беларускіх школьнікаў. У рамках Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах пройдзе гала-канцэрт пераможцаў гэтага конкурсу, а тэлеверсію фіналу на канале СТБ пакажуць у Дзень ведаў.
Традыцыйна старт святочным мерапрыемствам дасць рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў». Яна распачнецца 28 жніўня і пройдзе па маршруце Мінск — Святое Поле побач з вёскай Загор’е (Баранавіцкі раён) — Ляхавічы — Пінск — Іванава — Драгічын — Белаазёрск і завершыцца літургіяй у Івацэвічах першага верасня.
30 жніўня у Палацы Рэспублікі пройдзе міжнародны круглы стол «Час выбраў нас», які збярэ беларускіх і замежных пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў.
У дваццаць сёмай сталіцы Дня беларускага пісьменства на працягу двух дзён будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі грамадскіх аб’яднанняў, публічных бібліятэк Брэсцкай вобласці, рэгіянальных СМІ.
У сувязі з тым, што горад прымае свята ўпершыню, праграма робіцца такім чынам, каб гасцей пазнаёміць з гісторыяй і здабыткамі гэтай зямлі. Так, 31 жніўня пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Івацэвіцкія чытанні», якую Міністэрства інфармацыі праводзіць разам з Нацыянальнай акадэміяй навук. Будзе працаваць пляцоўка, якая пазнаёміць з турыстычным патэнцыялам Брэсцкай вобласці і Івацэвіцкага раёна. Па заказе Міністэрства інфармацыі былі выдадзены кнігі, прысвечаныя гэтай зямлі і яе ўраджэнцам: «Івацэвіцкі край» (на беларускай, рускай, англійскай мовах) і «Мы помнім» (серыя «Беларусь літаратурная»).
Свае экспазіцыі на свяце прадставяць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, літаратурныя музеі, замкавы комплекс «Мір» і музей-запаведнік «Нясвіж».
У рамках свята пройдзе Фестываль кнігі і прэсы, які будзе прадстаўлены на чатырох тэматычных пляцоўках. На дзвюх з іх — «Сучасная Беларусь» і «Беларусь памятае» будуць размешчаны тэматычныя выстаўкі, прысвечаныя 30-годдзю беларускай дзяржаўнасці і Канстытуцыі Беларусі, 80-годдзю вызвалення. Упершыню на Дні беларускага пісьменства на тэматычнай пляцоўцы «Зроблена ў Беларусі» будуць паказаны найлепшыя беларускія выданні, якія з’яўляюцца пераможцамі міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». А на інтэрактыўнай пляцоўцы «Слова пісьменніка» пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі, творчыя сустрэчы з аўтарамі.
Асобную экспазіцыю да свята рыхтуе «Белкніга», дзе будуць прадстаўлены навінкі дзяржаўных выдавецтваў. Як паведаміў генеральны дырэктар «Белкнігі» Уладзімір Матусевіч, цэнтральнае месца зоймуць выданні, звязаныя з тэмай Вялікай Айчыннай вайны, трагедыяй і подзвігам беларускага народа. Заўсёды вялікі інтарэс на свяце да дзіцячай літаратуры, таму тут можна будзе пазнаёміцца і набыць як кнігі казак, так і літаратуру, якая спатрэбіцца ў навучальным працэсе. Адным з новых інструментаў для прасоўвання беларускіх кніг павінен стаць мабільны дадатак «Белкнігі», пры дапамозе якога можна выбраць і набыць сучасныя выданні.
Як заўважыла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, разам з Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкай Дзень пісьменства з’яўляецца для аўтараў галоўным святам. Падрыхтоўка да яго вядзецца на працягу ўсяго творчага года, і сюды пісьменнікі прыедуць са сваімі новымі кнігамі. Першымі на пляцоўцы «Слова пісьменніка» заявяць пра сябе брэсцкія пісьменнікі, паступова да іх далучацца калегі, якія прыедуць з розных куткоў Беларусі. Чакаецца, што ў пісьменніцкай дэлегацыі будзе каля 140 чалавек. Тэматыка іх выступленняў — «Беларусь у маім сэрцы», «Слова незалежнай Беларусі», «Вечнасць радка як вечнасць жыцця». У раённую бібліятэку будзе перададзена падборка з новых кніг, у тым ліку і са знакавага літаратурнага праекта «Анталогія краін СНД». На свята прыедуць і прадстаўнікі таварыства «Беларуска-малдаўскае сяброўства». Дарэчы, зусім нядаўна пабачыла свет кніга «Малдаване ў Беларусі», якая расказвае пра людзей, для якіх наша краіна стала другім домам. Навінка таксама будзе перададзена ў мясцовую бібліятэку.
У вялікай зале Івацэвіцкага Дома культуры пройдуць сустрэчы з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом, народнай артысткай БССР Марыяй Захарэвіч і заслужаным дзеячам культуры БССР, народным артыстам Эдуардам Ханком.
У першы дзень свята а 20-й гадзіне на галоўнай сцэне распачнецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця. Падчас яе будуць узнагароджаны пераможцы «Нацыянальнай літаратурнай прэміі». Конкурс, у якім вызначаюцца найлепшыя аўтары ў розных намінацыях, у тым ліку адзначаюцца літаратурныя дэбюты, праводзіцца з 2015 года. У розныя гады яго пераможцамі станавіліся Мікалай Чаргінец, Мікола Мятліцкі, Георгій Марчук, Алесь Жук, Мар’ян Дукса, Уладзімір Саламаха, Алесь Карлюкевіч, Віктар Шніп і многія іншыя таленавітыя пісьменнікі. «Калі паглядзець на імёны пераможцаў за ўвесь час, можна сказаць, што, безумоўна, гэты конкурс не проста прэстыжны, а адзін з самых вядомых і прадстаўнічых», — заўважыў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», старшыня журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі Алесь Бадак. Арганізатарамі літаратурнага спаборніцтва з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Мінсітэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сёлета на конкурс было пададзена 49 заявак, і гэта з улікам, што іх прадстаўляюць не толькі самі аўтары, але і выдавецтвы і бібліятэкі, а значыць, кнігі ўжо праходзяць сур’ёзны адбор. Сёлета больш за ўсё прэтэндэнтаў на званне найлепшай кнігі было прадстаўлена ў намінацыях «Найлепшы твор прозы» і «Літаратура для дзяцей і юнацтва». Дарэчы, такая тэндэнцыя назіраецца апошнія гады, хаця, як заўважыў Алесь Бадак, Беларусь традыцыйна лічыцца краінай паэтаў. На трэцім месцы па колькасці пададзеных заявак стала намінацыя «Найлепшы публіцыстычны твор». «Гэта невыпадкова, сёння час публіцыстыкі, аналізу сітуацыі, у якой мы жывём. Вострае мудрае слова публіцыста вельмі важнае», — упэўнены Алесь Бадак.
Кнігі лаўрэатаў будуць прадстаўлены на Фестывалі кнігі і прэсы на асобным стэндзе, а таксама пройдуць сустрэчы з лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі розных гадоў.
Першага верасня ў адзіннаццаць гадзін распачнецца літаратурна-мастацкая імпрэза Саюза пісьменнікаў Беларусі, а пасля яе пройдзе ўрачыстае ўзнагароджанне журналістаў, якія перамаглі ў рэспубліканскім творчым конкурсе «Хвала рукам, што пахнуць хлебам». Гэты конкурс ужо не першы год праводзіцца Міністэрствам інфармацыі, Беларускім прафесійным саюзам работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. На ім адзначаюць найлепшыя журналісцкія работы, прысвечаныя ўборачнай кампаніі.
Урачыстая цырымонія закрыцця свята запланавана на 14.00. У рамках яе будзе перададзены вымпел сталіцы Дня беларускага пісьменства наступнаму населенаму пункту. У 2025 годзе ім стане горад Ліда.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.