Вы тут

Перад фіналам Алімпійскіх гульняў па-дзіцячы наіўна сказала: «Божачка, зрабі ўсё так, як ты захочаш


21 жніўня 2004 года ў Афінах грымнула маланка, але не пушчаная Зеўсам з Алімпу. Маланка прыляцела з Брэста, каб у Афінах падняцца на свой асабісты Алімп. Юлія Несцярэнка зрабіла тое, што здавалася немагчымым раней — перамагла на самай прэстыжнай дыстанцыі ў лёгкай атлетыцы. Гэта была грандыёзная сенсацыя. Упершыню з 1980-га года пераможцай жаночага спрынту была не прадстаўніца ЗША. «Белая маланка», як яе адразу ахрысцілі журналісты, абагнала цемнаскурых спартсменак, якія да гэтага лічыліся непераможнымі. Усе вялікія рэчы заўсёды незразумелыя і неспасціжныя. Нават праз 20 гадоў, калі гаворка заходзіць аб алімпійскай перамозе Юліі Несцярэнкі ўзнікае пытанне — «Як яна гэта зрабіла?». Спартсменка, якая за год да Алімпіяды на вядучых стартах не ззяла, бліснула і прагрымела на самым галоўным старце — сапраўдная маланка.


На алімпійскім стадыёне ў Афінах Юлія Несцярэнка не проста прабегла сто метраў. Яна пераадолела вельмі доўгую і важную дыстанцыю — шлях ад маленькай брэсцкай дзяўчынкі да алімпійскай чэмпіёнкі. На Алімпіядзе яна перамагла ў «гладкім» бегу, але яе жыццёвы шлях назваць гладкім не павернецца язык. Але сама чэмпіёнка верыць, што гэта ўсё невыпадкова. Бо, насамрэч, невыпадкова настаўнікам фізкультуры ў яе школе быў Сяргей Уладзіміравіч Салямановіч, які разглядзеў у дзяўчынцы здольнасці і захапіў яе спортам. А для таго, каб Юлія маглі расці як спартсменка перадаў яе больш дасведчанаму трэнеру Барысу Мікалаевічу Хаткевічу ў СДЮШАР. У вучылішчы алімпійскага рэзерву пад кіраўніцтвам Вікторыі Сямёнаўны Бажэдаравай Юлія тады яшчэ Барцэвіч займалася сямібор’ем. Але спартсменцы аніяк не даваліся 800 метраў і бег з бар’ерамі. Больш за ўсё, як няцяжка зразумеуь, дзяўчыне падабалася бегаць спрынт, на якім яна і спыніліся. А яе спрынтарскія здольнасці развіў Віктар Рыгоравіч Ярашэвіч, які і прывёў спартсменку да Алімпійскіх гульняў. 

«Ва ўсім свеце спрынт бегаюць мільёны людзей, мільёны спартсменаў старанна трэніруюцца. А перамагаюць адзінкі. Я перакананая, што мая перамога на Алімпійскіх гульнях — гэта божы выбар. Я ўспамінаю той сезон і разумею, што Бог спецыяльна мяне аберагаў: дзе трэба было працаваць, я працавала, потым здараліся сітуацыі, калі даводзілася ставіць працу на паўзу і крыху адпачываць. Тады я думала, што мне перапынак мне нашкодзіць, а ён толькі ішоў на карысць. Усё так складалася, як быццам мне лёсам было наканавана стаць алімпійскай чэмпіёнкай. Бог распарадзіўся, каб я была першай. Я лічу, што ўсё ў нашым жыцці прадвызначана звыш. Кіно ўжо знята, і знята не намі, а мы яго проста глядзім і пражываем. Вядома, я сур’ёзна трэніравалася, крок за крокам ішла да сваёй мары. І перад фіналам Алімпійскіх гульняў я проста па-дзіцячы наіўна сказала: „Божачка, зрабі ўсё так, як ты захочаш“. І жыццё нібы падавала мне знакі. Напрыклад, у кваліфікацыі я стартавала на трэцяй дарожцы, потым выпалі чацвёртая і пятая, а фінале паставілі на шостую. Прыгожае супадзенне, відавочна, не выпадковае. У мяне была свая прымета, якой я строга прытрымлівалася. У алімпійскай вёсцы дарожкі былі размаляваны рознакаляровымі ступнямі. Ідучы на ​​першы забег, я ішла па гэтых ступнях і, хоць была пагружана ў сябе, зважала на тое, што ўздоўж дарожак. Маршрут да стадыёна замацаваўся ў памяці ідэальна. На першым забегу я паказала добры вынік і надалей на стадыён хадзіла толькі гэтым маршрутам, як і першы раз, услед за трэнерам», — успамінала Юлія Несцярэнка ў інтэрв’ю для кнігі «По ту сторону медали», якая нядаўна выйшла ў выдавецкім доме «Звязда». 

Прыкметы спартсменцы дапамагалі. Ужо ў першым раўндзе яна лідзіравала з вынікам 10,94 секунды. Імгненна прайшла і чвэрцьфінал — 10,99. Затым устанавіла нацыянальны рэкорд у паўфінале (10,92), усяго на адну сотую секунды апярэдзіўшы Вераніку Кэмпбэл з Ямайкі. У фінале, калі заставалася чвэрць шляху, Юлія Несцярэнка крыху саступаала тройцы лідараў. Але шырокім крокам яна накаціла на фінішы — і з вынікам 10,93 секунды стала алімпійскай чэмпіёнкай. Але чаго ёй гэта каштавала!

«Першыя тры раўнды я была ў баявым зараджаным настроі. Але ў паўфінале здарылася непрыемнасць — я спатыкнулася на трэцім кроку. Думаю, кожнаму вядомы стан, калі, спатыкнуўшыся, злёгку выбіваешся са свайго стану, а тут яшчэ і на хуткасці. А мне ў такім стане трэба максымальна працаваць. І, скончыўшы бег, я ледзь утрымалася на нагах, ледзь не страціла прытомнасць. І нават спалохалася, што ў мяне не застанецца сіл на самы галоўны забег — на фінал. Перад фіналам я максімальна эканоміла фізічныя сілы. Я разумела, што ўсё пры мне, мышцы разагрэтыя, мышцы эластычныя, стан агонь, мае рухі адпрацаваны — так навошта распыляцца і лішні раз перажываць. Таму я акуратна, у зберагаючым рэжыме разміналася. Адзінай непрыемнасцю было тое, што думка ўвесь час уцякала на дарожку, увесь час думалася аб забегу. Але я знайшла спосаб адцягнуцца. Сцішвалі малітвы і думкі аб блізкіх. Выходзячы на ​​стадыён, рыхтуючыся да старту, каб адцягнуцца ад хвалявання, я ўспамінала родных, уяўляла, што яны робяць у дадзеную хвіліну, як будуць за мяне хварэць. Іх выявы ў галаве выклікалі на твары ўсмешку. А ад усмешкі расслабляюцца мышцы твару, потым шыя, плечы і становіцца лягчэй. Уяўляючы родных, я нібы апынялася ў Брэсце, дзе мне добра і спакойна. І ўспамінала ўсе малітвы, якія толькі ведала.

За чатыры старты я цалкам згарэла. Таму першай думкай на фінішы было „нарэшце ўсё скончылася“. А першым жаданнем было — схавацца ад усіх, каб ніхто мяне не бачыў, не звяртаў на мяне ўвагі. На фінішы не было ні радасці, ні весялосці — толькі палёгку, што я вытрымала гэтае выпрабаванне. Усведамленне, што я алімпійская чэмпіёнка, а разам з ім і новыя адчуванні і эмоцыі прыходзілі паступова. Я апоўначы прасядзела на допінг-кантролі і кожныя 15 хвілін пыталася ў мужа: „Дзіма, ты верыш? І я не веру“», — успамінае чэмпіёнка. 

Так яскрава, як у 2004 годзе, белая маланка больш не свяціла, хоць і не знікала са спартыўнага небасхілу. У 2005-м годзе на чэмпіянаце свету фінішавала з восьмым вынікам і заваявала бронзу ў складзе эстафеты 4×100 метраў, паўтарыла гэты вынік на чэмпіянаце Еўропы 2006 года. На Алімпійскіх гульнях 2008 года Юлія Несцярэнка дабегла толькі да паўфіналу. Выступіць у алімпійскім Лондане ў 2012-м годзе перашкодзіла траўма. Ну так і маланка доўга не ззяе — толькі імгненне. А Юлія Несцярэнка за сваё імгненне ўвайшла ў гісторыю сусветнага спорту. Няўжо гэтага мала? Асабліва калі наперадзе яшчэ цэлае жыццё. 

Цяпер Юлія Несцярэнка жыве ў родным Брэсце і трэніруе дзяцей. Яна не любіць публічнасць, але не адмаўляецца ад сустрэчы з маладымі спартсменамі і перадае ім свой досвед. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.