Мудрым дзіцячым дарадцам зарэкамендаваў сябе паэт, член Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Іваноўскі ў кнізе «Духмяны падарунак» (2023). Прыгожа, арнаментальна аздобленая каляровымі ілюстрацыямі кніга спакушае менавіта нацыянальным самабытным каларытам.
Гэта шыкоўны беларускамоўны расповед для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту пра сваю родную вёску з адметнай назвай Пачуйкі (дзе можна адчуць сапраўдны рай вясковага ўлоння!), пра яе маляўнічыя пейзажныя краявіды, «цудоўны мовы смак», а таксама пра шчасце мірнага дня нашай цудоўнай Беларусі. Зрэшты, чарадзеем дзіцячай творчасці Мікалая Іваноўскага можна смела назваць і ў папярэдніх кнігах для маленькіх чытачоў «Загадкі на ўсе выпадкі» (2018), «Сцяжынка дзяцінства» (2018) і інш.
Чароўнымі пацеркамі знітаваны ўсе пяць раздзелаў такога сапраўднага падарунка дзецям: «Дары прыроды», «Чароўнае лета», «Пах духмяных палёў», «Зачараваны», «Жыццёвая нітка». Непадробны вясковы свет раскрываецца надзвычай шчыра, даверліва ў нязмушаным дыялогу дзядулі з маленькім унукам пра лясныя дары: гэта грыбы, разнастайныя ягады і плады. Казачная прыгажосць лесу ўражвае душу дзіцяці натуральнасцю слова, даходлівасцю думкі, прычым ахутанай пазнавальнапавучальным зместам: «Бо падрэзаў дзедаў нож, // І пайшоў грыбок у кош. // Баравік — то цар грыбоў, // Да яго ў мяне любоў», «Трэба шанаваць прыроду — // Атрымаеш асалоду!». Багата лясных цудаў сустрэне чытач праз зрокавыя метафарычныя апісанні грыбоў: «Рыжабокія лісіцы // Выглядаюць з-пад кастрыцы», «Баравік лістком прыкрыўся // І нагою ў мох зарыўся», «Маслякі і сыраежкі // Ля дарогі на абмежках // Твары мыюць у расе» і інш. Першасная некранутасць прыроды, яе лясных багаццяў зачароўвае гарадскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, лагодзіць цёплымі ўспамінамі вясковую дзятву:
Прыгажосць лясочак мае,
Чырвань ягад нас вітае.
Перад імі, бы ў маленні,
Станем сёння на калені.
Вершы пра ягадныя дары («шмат лясок нам даў чарніц, // і ажын, суніц, брусніц») развіваюць не толькі эстэтычнае пачуццё прыгожага. Як руплівы захавальнік свайго, нацыянальнага, Мікалай Іваноўскі ўзнаўляе ў дзіцячым ужытку беларускамоўную назву ягад журавін. Бы дзівосную каралеўну беларускіх балотных лясоў, апісвае ён журавіны, якія «край наш славяць».
Ад балотных мясцін, лясных краявідаў падарожнічаюць чытачы да двара дбайнага, гаспадарлівага спадара Іваноўскага ў вёсачку Пачуйкі: тут аўтар шчымліва, красамоўна апісвае вішню каля брамы, якая нагадвае яму пра любую матулю: «Красуе букетам яна каля бруку, // Страчае з дарогі і гладзіць нам рукі», «Тут ветрык вішнёвай галінкай ад мамы // Штодзённа вітае і шле тэлеграмы». Асацыяцыі дрэва з жаночым пачаткам, самым святым чалавекам — маці — узрушваюць дзіцячае ўяўленне, нагадваюць пра тое, як важна цаніць і берагчы сваіх родных. Зрэшты, зберагаць памяць пра блізкіх, да чаго і заклікае аўтар маладое пакаленне:
Пладовыя дрэвы садзіце ля хаты:
Нясуць яны памяць у будні і святы.
Насамрэч, так і хочацца завітаць у дагледжаны сад аўтара-гаспадара, дакрануцца да той калючай дзічкі, якая «адорвала пахам мурожнай падушкі // і плодам-смакотай чароўнай гнілушкі», пасмакаваць смачнай агародніны і адчуць, як пекнатой наліваецца «ружовы, жаўтавы, чарнаваты... і чырвоны, бурачковы» памідор ці спакушаюць пахам маласольныя агурочкі — «як блізняты, нібы дзіва з казкі». І, канешне ж, з пашанай гасцей частуюць другім хлебам — бульбай, ды не толькі:
Шчэ з’яўляюцца рупліва
І цыбулька, селядзец.
Іх не мае ў нас лянівы.
Беларус наш — маладзец.
Раздзел «Пах духмяных палёў» адорвае чытачоў вялікай любасцю да беларускіх маляўнічых краявідаў, у прыватнасці, якімі надзелены незабыўныя сэрцу дарагія Пачуйкі, пекныя гучнымі салаўінымі напевамі і прыветлівым пчаліным звонам, сінім морам льняных вачаніц і дыяментавым срэбрам зімовага дзянька. Непасрэдна і задушэўна — так далікатна аўтар умее не толькі спакусіць пейзажным хараством, але і даць разумныя парады: «Ускапай, вазьмі грабелькі, // Прабудзі ад сну зямельку. // Пасадзіце клубні, зерне — // Восень вам здабыткам верне».
Глыбокай народнай педагогікай прасякнуты лірычныя радкі пра мудрую навуку пчалярства («Пчалярства — вялікая звеку навука. // Якія музыкі, чароўныя гукі...»), пчаліны промысел (мёд, праполіс, воск, пылок, пярга) і саміх пчолак («Частуе нас пчолка гасцінцамі сотаў, // Яна ж цудадзейная Бога істота»). Варта адзначыць, Мікалай Іваноўскі — адмысловы пчаляр, працяглы час плённа займаецца пчалярствам. Як вядома, даглядаць пчол дадзена толькі чулым душою, добрым людзям.
Як пра самых дарагіх двухкрылых істот, ахвярных і блаславёных боскай ласкай, Мікалай Іваноўскі распавядае сваім маленькім чытачам пра пчолак-працаўніц, пчолак-чараўніц.
Годна і высакародна ўзвышае Мікалай Іваноўскі і партрэт беларуса — сапраўднага гаспадара сваёй роднай зямліцы, свайго радзіннага кутка Беларусі (раздзел «Зачараваны»). Як сапраўдны патрыёт, ён зачараваны непахіснай мужнасцю нашых продкаў на пакручастых шляхах беларускай мінуўшчыны, незабыўнымі адгалоскамі саракавых падчас Вялікай Айчыннай вайны («А беларусы ў кожным родзе // Вайну запомняць на стагоддзі...»). Зачараваны мірным жыццём, рознагалосым і шматфарбным светам. Таму так даверліва і ўдала дзіцячы паэт пракладае сцяжыну да юных сэрцаў, праз уласны душэўны вопыт вучыць любіць усё жывое, берагчы народныя скарбы, жыць і працаваць на карысць мірнай Беларусі.
Творчаму станаўленню асобы, духоўнаму і інтэлектуальнаму ўзбагачэнню падлеткаў прысвечаны апошні раздзел «Жыццёвая нітка», які служыць лагічным фіналам кнігі. Гэта шчырая размова пра сённяшні стан роднай мовы («Хто мовы сказы абароніць?»), філасофскія развагі пра дабро і зло («Дабро запомніцца навекі: // Карысць табе і чалавеку. // Душэўную загоіш рану, // А Зло штурхае да падману»), запавет маладым не здрадзіць свайму краю, спраўдзіць светлыя мары ў сваёй краіне:
Шчасця не шукайце
За мяжой ніколі.
Тут яго спаткайце,
Сейце ў родным полі.
Апошнім гучным акордам працяты паэтычныя радкі знакавага заключнага верша «Жыццёвая нітка». Мажорнай жыватворнай танальнасцю аздоблены зварот паэта да будучых пакаленняў быць зберагальнікамі гістарычнай памяці, нацыянальных традыцый, сямейнага радаводу. Бо, як прызнана, дзеці — гэта не толькі наша будучыня, гэта і наша сумленне, наша свядомасць. Пра гэта ж сведчыць даўняя ісціна: дзіця думае сэрцам... І каб захаваць гэты каштоўны дар і ў сваю дарослую пару, паэт Мікалай Іваноўскі шчыруе:
Жыццёвую нітку бацькоўскага роду
Па лёсавай сцежцы нясу, не згублю.
Зімою і ўлетку радню з асалодай
У хаце бацькоў прытулю.
Так хочацца мірнага Неба і згоды.
Пад сонцам прырода красуе, цвіце.
Жывіце ж у міры, планеты, народы,
Няхай немаўлятка расце.
Класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр лічыў і часта аргументаваў, што без кнігі (найперш дзіцячай!) немагчыма выхаваць сапраўднага чалавека. Надзвычай карысная, вабная кніга Мікалая Іваноўскага «Духмяны падарунак» тым, што адрасавана непасрэдна не толькі дзятве і падлеткам, але асабліва яна падыходзіць для сямейнага чытання, пасля якога, хочацца спадзявацца, кніга ў многіх сем’ях стане ў вялікай пашане, каб ашчаслівіць нашых маленькіх чытачоў духмяным райскім водарам — беларускім водарам.
Аліна САБУЦЬ
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.