«Чалавечаму арганізму патрэбен бялок», — кажа мая знаёмая доктар і ўсім вельмі настойліва раіць за сняданкам з’ядаць яйцо — сырое, варанае, у амлеце... Яна, маўляў, да гэтага даўно прывыкла.
Я, здаецца, таксама. А нядаўна яшчэ і суседу нараіла. Ён у адказ усмешку падарыў: сказаў, што неяк палуднаваў з сям’ёй у рэстаране і кожнаму замовіў па яечні з двух яек. «А якая вам больш спадабаецца, — спытаў афіцыянт, — сонная, прыжмураная ці з адкрытымі вочкамі?»
«Апошнюю, — распавядаў сусед, — я папрасіў для жонкі, прыжмураную — для сына, а сабе — каб падміргвала... Не паверыце — хлопец прынёс... Праўда, сказаў, што кухар над маёй яечняй карпеў найболей — першы раз гатаваў такую».
Гэта, мусіць, не дзіва, бо з яек столькі рэцэптаў і столькі страў! Карысны, дыетычны прадукт, а калі да ўсяго і свой…
На маім, трынаццатым, паверсе курэй трымаць не будзеш, а вось некалі на трэцім…
Мы тады жылі ў райцэнтры, у невялічкім «райвыканкамаўскім» доме. У двары яго нашы мужчыны зрабілі альтанку, каб па вечарах ды выхадных гуляць у даміно і шахматы, а жанчыны абапал яе штогод насаджвалі кветак, насейвалі кропу ды пятрушкі. Спатрэбіцца зяленіва, — за дзверы выскачыў і нарваў…
Жыццё, згадзіцеся, амаль вясковае.
Не дзіва, што аднойчы ў наш двор заехала машына з птушкафабрыкі, стала прадаваць куранят. Звычайных — па пяць капеек, бройлерных — па 20. Нашай дачушцы адно куранятка дзядзька даў задарма.
Недзе з тыдзень мы трымалі Пятрушку ў кватэры, потым — падкінулі ў прыватны сектар шапачным знаёмым, у якіх квактуха вывела куранят. «І ў нас, між іншым, магла б, калі б тата ў двары нейкі катушок зрабіў», — не падумаўшы, ляпнула я.
А дзеці гэта запомнілі, і малодшая, убачыўшы праз год знаёмую машыну, тут жа пазваніла, спытала ў мяне, ці можна купіць куранят? «Тэлефануй тату», — параіла я, бо ведала: ён лепей сумее адмовіць.
Аж не тут тое было!
Дома ў той вечар мяне чакаў сюрпрыз: вачам не паверыла — 10 маленькіх куранят. Пытаюся: «Тата што — дазволіў?!» — «Не, — чырванее дачушка, — я яму не званіла».
І што з гэтым трэба было рабіць?
Правільна: клапаціцца пра жаўтароцікаў ды пастаянна думаць, каму б іх падарыць, бо ў кватэры і паху, і піску... Малеча з каробкі выскоквае, пад нагамі круціцца…
Толькі праз тыдзень-другі апыталі гаспадыню, якая згадзілася прыняць нашых куранят на сваім вясковым падворку!
Дочкам прыйшлося сказаць, што мы хутка паедзем на мора, а тата з куранятамі адзін не справіцца, таму дзядзька з птушкафабрыкі забраў іх назад. «Але ж гэта не назусім? — ледзь не плакалі малыя. — Мы ж потым з’ездзім на фабрыку і вернем іх?»
Прыйшлося паабяцаць (гэта значыць, схлусіць)…
І, вярнуўшыся з адпачынку, падманваць далей: казаць, што кураняткі адвыклі ад нас, што нашы зблыталіся з іншымі і мы іх ужо не пазнаём…
Дочкі не верылі, — давялося звазіць на экскурсію.
А ўсю праўду расказаць, калі падраслі, — на жаль, на куплёных яечках. Ім хацелася на сваіх.
А. ЧАЙКОЎСКАЯ
г. Гомель
Раней да браканьерства ставіліся больш цярпіма, ды і прылад для вялікіх уловаў у людзей не было, але ж…
Неяк трое сяброў з ліцейнага цэха з вудамі пайшлі на Дняпро і, што называецца, адарваліся: налавілі рыбы. Сталі думаць, як гэта адзначыць, — успомнілі анекдот пра паляўнічых, якія ў такой сітуацыі падкідвалі манету ды меркавалі: калі тая рэшкай упадзе, то здабычу прагуляем, калі арлом, то прагуляем з дзеўкамі, калі стане рубам — занясём дадому, а калі завісне ў паветры, перададзім у фонд аховы прыроды.
Згадалі гэта рыбакі, пасмяяліся, падкінулі манету і…
Здарылася неверагоднае: ледзьве знайшлі, бо яна сапраўды... завісла на кусціку вярбы.
Адрас фонду аховы прыроды рыбакі шукаць не сталі. Вырашылі, што частку ўлову разнясуць па дамах, частку — абмяняюць на дзве бутэлькі гарэлкі.
«Адрас» самагоншчыка Мацвея мужчыны ведалі, дома яго заспелі — прапанавалі абмен. І выгадны, як здавалася, але ж гаспадар стаў носам круціць: шчупакі, маўляў, зусім дробныя, мала — за іх толькі паўлітра дам.
Што было рабіць, — рыбакі ўзялі, смагу той гарэлкай прагналі ды на вытворцу крыўду займелі.
...А тут нейкае свята наперадзе. Мацвей да Івана, аднаго з рыбакоў: просіць, каб рыбы яму налавіў.
Іван не адмовіў, склікаў сяброў, пасядзелі ў добрым месцы — выканалі заказ, а каб шчупакі сыцейшыя былі, праз пашчы «трошкі» галькі напхнулі.
Занеслі Мацвею — узважылі, разлічыліся.
Пасля свят сустракаюцца. «І чым жа твае шчупакі харчаваліся?» — цікавіцца Мацвей. — «Калі з галадухі, — даводзіць Іван, — дык усім, што трапіцца. Нават каменьчыкі падбіраюць...». — «Падмануў ты мяне, — пакрыўдзіўся самагоншчык. «А ты нас — не?» — пра сябе падумаў Іван. І цвёрда вырашыў, што з гэтым чалавекам спраў лепш не мець.
В. КАБАЧЭЎСКІ
г. Орша
Некалі ў невялікім пакоі заводскага інтэрната нас было трое: Эдзік, Віця і я. Мы разам хадзілі на работу, разам вярталіся назад. Па вечарах Эдзік найболей чытаў, я — глядзеў тэлевізар, Віця — хадзіў на спатканні са Светай. А на выхадныя ды святы мы найчасцей раз’язджаліся: у кожнага была свая вёска, свае бацькі і заўсёдныя сялянскія клопаты пра бульбу, сена, дровы, дахі, агароджы... Адзінае — на вялікія, цяжкія работы мы, здаралася, ездзілі разам: усе ўтраіх да некага аднаго, а да Эдзіка (заліваць падмурак пад лазню) — нават учацвярых, яшчэ і са Светай.
Свайго транспарту ў нас тады не было: гадзіны са дзве калыхаліся ў цягніку, потым — трохі ў аўтобусе, вёрст пяць прайшлі пехатой. Было ад чаго стаміцца (ды ў пятніцу вечарам) і чаму парадавацца, бо на месцы нас чакаў гасцінны дом, накрыты стол…
Што на ім было, успамінаць не бяруся, але нічога смачнейшага на той час я, здаецца, не еў.
Выпіўка таксама была, але ж куды болей — смеху ды нейкіх размоў: не заўважылі, як сцямнела.
— Самы час пакупацца, — сказаў Эдзік. — Гайда на ставок.
Прапанова была досыць нечаканай, але мы з Віцем згадзіліся. Света пайшла адпачываць.
І правільна зрабіла, бо без яе мы «адрываліся па поўнай»: то плавалі (галяком, у цёплай чыстай вадзе, пад зоркамі), то хуталіся ў ручнікі і грэліся каля вогнішча, то зноўку плавалі.
Дахаты вярнуліся позна, але ўсё роўна заснуць не маглі, бо побач, за тонкай перагародкай, ішла нейкая валтузня — сварыліся (?!) нашы маладыя. Света ўсё гучней і гучней некуды адпраўляла Віцю, ён не тое прасіў, не тое пытаў: «Ну, падумай, куды я пайду? Я ж нічога тут не ведаю. Можа, раніцай?» — «Не! Ты пойдзеш зараз», — настойвала нявеста.
— Вам нешта трэба? Куды ты яго пасылаеш? — папытаўся Эдзік.
— Туды, адкуль прыйшоў, — з выклікам адказала Света.
— А чаго?
— Я там недзе трусы пакінуў... Ці, можа, згубіў? — мямліў Віця. — Вось яна і ўз’елася — легчы не дае ні на ложку, ні на падлозе...
Што было рабіць? Утрох, з ліхтарыкам, пайшлі да знаёмай запруды, абшнарылі бераг, абмацалі кусты і на адным знайшлі такі прапажу!
Факт, што раніцай было аб чым пагаварыць, было з чаго пасмяяцца, а Віцю потым — над чым падумаць, бо Эдзікаў бацька на дарожку сказаў, што дзеўку ён выбраў прыгожую, баявую... Бач які вэрхал падняла... Ды было б з-за чаго — з-за трусоў... І гэта ж яшчэ не жонка... Цікава, маўляў, што яна потым запяе?
Віця, можа, уявіў, можа, іншыя «наезды» ўспомніў, але ж адносіны са Светай парваў канчаткова.
...Што было потым?
Ён з нашай «тройкі» ажаніўся апошнім, але жонка ў яго, якіх пашукаць! "Не было бы шчасця, — часам прызнаецца, — ды няшчасце памагло. Дзякуй богу, што расстаўся са Светай.
Можна дадаць, што яна таксама ў дзеўках не засталася: выйшла замуж, па-ранейшаму вельмі добра выглядае, мае дваіх дзяцей ад двух мужоў. Цяпер, кажуць, шукае трэцяга.
П. КОРБУТ
г. Мінск
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.