Вы тут

У чым перавага пелет над іншымі відамі паліва?


Сярод відаў паліва, якое выкарыстоўваецца ў прыватных дамах, усё большую папулярнасць набіраюць пелеты. Не ўсе домаўладанні могуць быць падключаны да цэнтральнага газазабеспячэння, а ўстаноўка электракатлоў таксама не заўсёды магчымая. Пелеты — добрая сучасная альтэрнатыва, да таго ж экалагічна чыстая і эфектыўная. У чым перавагі выкарыстання пелет? Чым гэта паліва лепшае за традыцыйныя дровы, торфабрыкет і вугаль? Хто і ў якіх аб’ёмах вырабляе пелеты ў Беларусі? Якія прэферэнцыі сёння прапаноўвае дзяржава пры набыцці пелетных катлоў? Чым выгаднае іх выкарыстанне? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.


Замена дровам і торфу

Што ж уяўляюць сабой пелеты? Гэта тая ж драўніна, але ў больш зручным фармаце — невялікія гранулы з мінімальнай вільготнасцю 10%, прыдатныя для транспарціроўкі, захоўвання і выкарыстання. Іх вытворчасць даўно наладжана і ў Беларусі, і ў іншых краінах свету.

— Ёсць кацельнае абсталяванне з высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння, і працэс спальвання пелет можна цалкам аўтаматызаваць. Ім можна кіраваць праз інтэрнэт і смартфон. Гэта альтэрнатыва цвёрдым відам паліва, такім як дровы, торф, вугаль, але гэта іншы, больш высокі ўзровень эфектыўнасці цеплазабеспячэння, — расказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі.

Сярод пераваг гэтага паліва — экалагічнасць, нізкая зольнасць, няма неабходнасці нарыхтоўваць як тыя ж дровы, складаваць, пераносіць кожны раз да печы і загружаць. Пелеты загружаюцца прыкладна раз на тыдзень. Да таго ж няма смецця і спецыфічнага паху, як ад торфу.

— Сёння, калі вы хочаце ўстанавіць пелетнае кацельнае абсталяванне, няма неабходнасці рабіць праект, у адрозненне ад такіх патрабаванняў па газазабеспячэнні, дзе робіцца мінімум два праекты: падвод да дому і разводка ўнутры яго. А гэта шэраг узгадненняў, даведак, дазволаў, пры тым што не ў кожным памяшканні можа быць устаноўлены газавы кацёл. Аналагічная сітуацыя і па электрычнасці: патрэбны асобны лічыльнік, лінія, улік, сістэма электразабеспячэння. Трэба атрымаць заключэнні і ўзгадненні, і гэта працэс не хуткі. Пелетны ж кацёл можна набыць і ўстанавіць самастойна, хіба што пусканаладку абсталявання, каб яно працавала правільна, павінна выканаць спецыялізаваная арганізацыя. Арганізаваць цеплазабеспячэнне з дапамогай пелет магчыма за тыдзень: ад пакупкі катла да запуску сістэмы. Газазабеспячэнне ці электразабеспячэнне так хутка арганізаваць немагчыма. Газ як мінімум павінен ісці па вуліцы, а для электрычнага катла энергетыкі павінны вылучыць патрэбную магутнасць, але, на жаль, не ў кожны пункт можна аператыўна працягнуць сеткі, — тлумачыць Віталь Крэцкі.

Паводле яго меркавання, пелетныя катлы нічым не саступаюць тым, што працуюць на прыродным газе. Па зручнасці і эфектыўнасці яны не горшыя, а па эканамічным складніку — нават больш выгадныя.

Эканамічны аспект

Урад гатовы прапанаваць шэраг рашэнняў, каб стымуляваць насельніцтва да выкарыстання пелет.

— Сёння пелеты ўнесены ў пералік як від паліва, на які ўстанаўліваецца фіксаваная цана для насельніцтва — каля 150 рублёў за адну тону для фізічнай асобы. Цана адназначна будзе ніжэйшая, каб затраты чалавека ў ацяпляльны сезон, калі ён адмаўляецца ад дроў, торфу ці вугалю, былі не вышэйшыя за папярэднія ці нават ніжэйшыя. Сёння ліміт або норма водпуску на адну фізічную асобу за ацяпляльны перыяд — дзве тоны пелет, што практычна эквівалентна чатыром кубаметрам дроў або 2,5 тоны вугалю. Пры гэтым вугаль спальваецца ў неэфектыўных катлах — з каэфіцыентам карыснага дзеяння каля 60%, у пелетных катлоў ён вышэйшы за 90%. Калі ўзяць усе затраты ў комплексе, то выкарыстанне пелет будзе ў 3-4 разы больш выгаднае, чым іншых відаў паліва, — адзначыў Віталь Крэцкі.

Сёння ўрадам таксама пастаўлена задача па зручнасці забеспячэння пелетамі насельніцтва.

— Усе пытанні дастаўкі дзяржава гатова ўзяць на сябе. Механізм адпрацоўваецца — гэта будзе цэнтралізаваная пастаўка пелет кожнаму грамадзяніну па заяўцы. Па аналогіі з дастаўкай прыроднага газу ў балонах, — патлумачыў Віталь Крэцкі. — Складаванне не спатрэбіцца ўвогуле. Таксама мы прапрацоўваем пытанне аб павелічэнні нормы водпуску, магчыма, гэта будзе чатыры тоны. Пакуль робіцца аналіз, але няма сумненняў, што норма водпуску пелет павялічана. Дзве тоны — гэта было з разліку на дом каля 60 квадратных метраў. Зразумела, што сёння такія дамы ніхто не будуе, трэба весці разлік ад 100 «квадратаў», не менш.

Акрамя таго, з мая бягучага года набыццё айчынных пелетных катлоў увайшло ў спіс народных тавараў, на якія даецца льготны крэдыт «Беларусбанка» пад чатыры працэнты.

— Сёння за кошт гэтага льготнага крэдыту пелетных катлоў купляюць больш, чым электрычных. Работа ў гэтым кірунку намі будзе прадоўжана, — падкрэсліў Віталь Крэцкі.

Дадаткова рыхтуецца рашэнне па субсідзіраванні набыцця пелетных катлоў насельніцтвам.

— Плануецца субсідыя да 40% ад кошту кацельнага абсталявання, гэта значыць, чалавек, набываючы кацёл разам са спадарожным абсталяваннем, можа заявіцца на субсідыю ад дзяржавы да 40% ад кошту. Дакумент рыхтуецца па аналогіі з тымі льготамі, якія сёння прапаноўваюцца дзяржавай па электразабеспячэнні. Думаю, што наша прапанова будзе падтрымана, і ў найбліжэйшы час мы ўнясём гэты дакумент на разгляд кіраўніку дзяржавы, — расказаў Віталь Крэцкі.

Колькі вырабляецца ў краіне?

Начальнік упраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Міністэрства лясной гаспадаркі Андрэй Мацкевіч расказаў, што менавіта Мінлясгас стаяў каля вытокаў пытанняў стымуляцыі выкарыстання пелет насельніцтвам.

— Сістэма Мінлясгаса пайшла па шляху стварэння вытворчасцяў і развіцця магутнасцяў па выпуску гэтага віду паліва. Абумоўлена гэта было ростам так званай зялёнай энергетыкі, асабліва развітой у заходніх краінах, а таксама экспарту ў іншыя краіны — нашы суседзі актыўна яго выкарыстоўвалі, — адзначыў ён. — Сёння мы пачалі актыўна падключаць і наша насельніцтва, і арганізацыі палівазабеспячэння да гэтай работы.

На сёння ў сістэме Мінлясгаса дзейнічае 22 вытворчасці агульнай магутнасцю больш за 350 тысяч тон пелет у год.

— Мы гаворым пра выкарыстанне ў якасці сыравіны для іх вытворчасці і дрывяную драўніну. Калі гаварыць пра адходы дрэваапрацоўкі выключна пад разлік драўнянай сыравіны, то гэта каля 200 тысяч тон, — расказаў спецыяліст. — Для вытворчасці выкарыстоўваем усе адходы дрэваапрацоўкі, атрымліваем бясплатную сыравіну і з нязначнымі затратамі на выхадзе можам прапанаваць насельніцтву невысокую цану.

Папулярнасць пелет як віду паліва ў беларусаў расце.

— Людзі прыходзяць напрамую ў лясгасы, якія сёння прызнаны палівазабеспячальнымі арганізацыямі. За гэты год мы рэалізавалі 17 тысяч тон пелет. Лічба не такая высокая, як хацелася б, але разам з тым, калі параўноўваць з усім мінулым годам, то рост па рэалізацыі — практычна ў два разы. Актыўнасць насельніцтва бачым, — падзяліўся Андрэй Мацкевіч. — Калі дом будуецца ў чыстым полі, няма іншых сетак, у перспектыве не прадбачыцца газа- ці электразабеспячэнне, пелеты — добрая альтэрнатыва.

Канцэрн «Беллеспаперапрам» таксама з’яўляецца адным з кансалідаваных вытворцаў гэтага віду прадукцыі.

— Пачынаючы з 2011 года мы арганізавалі такія вытворчасці выключна для забеспячэння комплекснай перапрацоўкі сыравіны, якая выкарыстоўваецца. Адпаведна, гэта давала магчымасць атрымліваць дабаўленую вартасць. Пелеты не мелі пэўнага кола спажыўцоў на ўнутраным рынку і ў большай ступені экспартаваліся ў еўрапейскія краіны. Сёння экспартная накіраванасць у сувязі з санкцыйнымі абмежаваннямі скарацілася, што дазволіла пазнаёміць беларусаў з экалагічным прадуктам. Цяпер папулярызуем гэты від прадукцыі на ўнутраным рынку, — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення дрэваапрацоўкі канцэрна «Беллеспаперапрам» Віталь Кастэнка.

Вытворчасць пелет не прадугледжвае выкарыстання ў тэхналогіі якіх-небудзь прысадак або ненатуральных элементаў, што робіць іх на 100% экалагічна чыстым і бяспечным відам паліва. Мінімальныя адходы, якія ўтвараюцца пры яго выкарыстанні, несупастаўныя з выкарыстаннем дрывяной драўніны.

— Мы са свайго боку выступаем за выкарыстанне гэтага віду цеплазабеспячэння пры ўзвядзенні малапавярховай забудовы, якая вядзецца ў краіне ў даволі прыстойных аб’ёмах. Будзем толькі рады, калі пелеты атрымаюць максімальнае распаўсюджванне, што дазволіць нам забяспечыць загрузку сваіх вытворчых магутнасцяў, — падзяліўся Віталь Кастэнка.

Не толькі для прыватных дамоў

Усяго ж у краіне 64 прадпрыемствы, якія могуць вырабіць да мільёна тон пелет у год.

— Вядуцца размовы не толькі пра бытавыя катлы і забеспячэнне насельніцтва, але ў першую чаргу пра мадэрнізацыю катлоў на ТЭЦ, якія працуюць на мазуце. Гэтыя прапановы разглядаюцца. Напрыклад, у Расіі ў лютым 2023 года было прынята рашэнне вылучыць 15 мільярдаў расійскіх рублёў на замену мазутных катлоў на пелетныя для падтрымання гэтай галіны. На першы погляд, дорага ў параўнанні з газам, але калі лічыць правільна, то атрымліваецца нават танней, — адзначыў генеральны дырэктар Рэспубліканскай лесапрамысловай асацыяцыі Валерый Александровіч.

Як дадаў Віталь Крэцкі, энергетыкі не адмаўляюцца ад пераводу кацельных камунальнай уласнасці на альтэрнатыўны від паліва. Тры аб’екты разглядаюцца для пераводу на ацяпленне пелетамі.

— Гэта будуць эксперыментальныя аб’екты, у свеце такіх аналагаў няма. На аб’ектах камунальнай уласнасці эфектыўнасць такога спосабу ацяплення пацверджана. Атрымліваецца каласальная эканомія сродкаў у частцы вытворчасці таннай цеплавой энергіі. Выдаткі змяншаюцца на 40% за кошт аптымізацыі затрат па заработнай плаце. Адзін чалавек можа абслугоўваць чатыры пелетныя кацельныя, пры тым што на адну дрывяную кацельную патрэбна чатыры аператары. Работа ў энергасістэме вядзецца актыўна, — падкрэсліў Віталь Крэцкі.

Як працуе пелетны кацёл?

Беларускае прадпрыемства «БелКомін», размешчанае ў СЭЗ «Гродна», вырабляе пелетныя катлы і пелетныя гарэлкі. Поўны цыкл вытворчасці адбываецца ў Беларусі, а сэрвісныя філіялы ёсць у кожным рэгіёне краіны. Катлы магутнасцю ад 15 да 1000 кВт вырабляюцца і з ручной загрузкай паліва, і з аўтаматыкай, і без яе.

Такі кацёл камплектуецца пелетным бункерам — ёмістасцю, куды загружаюцца пелеты. З бункера з дапамогай шнэка яны парцыённа падаюцца на гарэлачнае прыстасаванне. Гарэлка мае функцыю аўтараспальвання. Такім чынам, дастаткова націснуць на кнопку раз у сезон, і ацяпленне працуе аўтаматычна.

Акрамя таго, гарэлка аснашчана сістэмай самаачысткі ад рэшткаў паліва. Корпус катла мае эфектыўны цеплаабменнік — каэфіцыент карыснага дзеяння дасягае 94%, а гэта лічбы газавага катла. Ёсць катлы з аварыйнай камерай загрузкі дроў. Асноўнае паліва — пелеты, але можна прапаліць кацёл дровамі. Кацёл адразу ўкамплектаваны аўтаматыкай. Аўтаматыка надвор’езалежная з датчыкамі вонкавага асяроддзя. Гэта дазваляе падыходзіць да катла раз на тыдзень — для загрузкі бункера. Удзел чалавека ўвогуле мінімальны, патрабуецца толькі загрузіць пелеты і перыядычна ачышчаць кацёл ад попелу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.