Ганаровы грамадзянін Салігорскага раёна, намеснік старшыні Салігорскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, ганаровы рэктар Універсітэта трэцяга ўзросту Салігорскага РТЦСАН... Не першы год знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Алена Козырава актыўна ўдзельнічае ў жаночым руху, перадае багаты жыццёвы вопыт моладзі і лічыць: любую задачу можна вырашыць толькі разам.
— Алена Палікарпаўна, Вы прайшлі насычаны працоўны шлях. Якія яго вехі лічыце найболей значнымі?
— Пачынала я настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Крутаярскай сярэдняй школе Ужурскага раёна Краснаярскага края. Але так склаўся лёс, што амаль усё жыццё працавала ў партыйных і савецкіх органах Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Была інструктарам Салігорскага райвыканкама, загадчыца аддзела райкама КПБ. З 1993 года — кіраўнік спраў Салігорскага гарвыканкама. Тады ж мяне абралі старшынёй гарадской арганізацыі ГА «БСЖ», якую ўзначальвала да 2016 года. За гэты перыяд мною і нашымі сяброўкамі рэалізавана больш за 50 праектаў. Многія з іх сталі здабыткам краіны. Свой радок Салігорская раённая арганізацыя БСЖ у гісторыю Беларусі ўпісала.
Папрацаваўшы на розных пасадах, пераканалася: маё пакліканне — рабіць людзей дабрэйшымі, духоўна багацейшымі і чысцейшымі. Я жыву інтарэсамі сваёй сям’і і народа, люблю свой рэгіён, родную краіну і прымаю ў іх жыцці актыўны ўдзел. На сваёй старонцы ў сацсетках размаўляю з юнай аўдыторыяй, прывіваю ёй любоў да гісторыі беларусаў, адказнасць, сумленнасць, мэтанакіраванасць і іншыя добрыя якасці. Бо моладзь — будучыня наша і Беларусі, а яе я бачу мірнай, светлай і стваральнай.
— Сярод Вашых узнагарод — медаль «За працоўную адзнаку», Падзякі і ганаровыя званні. Хто ў свой час заклаў у Вас падмурак будучых поспехаў?
— Вялікі ўклад унеслі бацькі. Яны прайшлі праз жахі вайны, я вырасла на іх успамінах аб гераічным мінулым нашага народа, якому ўдзячна за мірную сучаснасць. Бацькі мяне выхавалі ў строгасці — ніякіх патуранняў і ляноты. У першую чаргу, вучылі быць адказнай за тых, хто побач, за справу, якой займаешся. Таму і спрабую заўсёды зрабіць больш, чым магу і павінна. А ўвогуле, нашы адносіны заўсёды будаваліся на даверы, узаемнай павазе і дапамозе.
І, вядома, многія поспехі былі б немагчымыя без мужа Віктара Аляксандравіча, з якім мы больш за 50 гадоў разам! Яго падтрымка дае мне сілы. А яшчэ мае сяброўкі — яны заўсёды побач.
У прафесійнай сферы ўклад унеслі людзі, побач з якімі працавала ў партыйных органах: Анатоль Ігнатавіч Дубоўскі, Аркадзь Леанідавіч Брыцікаў.
Удзячная Надзеі Андрэеўне Ермаковай — з ёй я пазнаёмілася, калі ўзначальвала Салігорскую раённую арганізацыю БСЖ. Надзея Андрэеўна — шматгадовы лідар ГА «БСЖ». Вучылася ў яе мудрасці, пад яе патранажам наша пярвічка рэалізавала мноства праектаў, за што мы вельмі ёй удзячныя. Цяпер я члена Савета старэйшын ГА «БСЖ», а старшынёй Савета з’яўляецца Надзея Андрэеўна. І я бачу, як шчыра яна і цяпер перажывае за нашу жаночую арганізацыю і за нашу Беларусь — тое ж магу сказаць і пра сябе.
Лічу, што мне пашанцавала мець у ролі настаўнікаў такіх дастойных людзей, для якіх важны не толькі ўласны, але і грамадскі дабрабыт. Такія людзі заўсёды арыенцір у жыцці і чалавека, і грамадства, і дзяржавы.
— Калі даведаліся аб сваёй перамозе ў рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года-2023» у намінацыі «Не старэюць душой ветэраны», якія эмоцыі зведалі?
— Вядома, узрадавалася. Удзячная, што мае старанні заўважаныя і ўзнагароджаныя. А пабываўшы на ўшаноўванні жанчын — пераможцаў конкурсу, атрымала дадатковы зарад натхнення і матывацыі.
На мой погляд, беларускую жанчыну з упэўненасцю можна назваць душой Сусвету. Мы выступаем за мір, справядлівасць, сумленнасць, захаванне нацыянальных традыцый і сямейных каштоўнасцяў. Дасягаем поспехаў у розных галінах. Дзякуючы конкурсу «Жанчына года» жыхары нашай краіны даведаюцца аб дастойных дочках Беларусі — паспяховых, ініцыятыўных, надзейных, мэтанакіраваных, якія могуць зрабіць многае ў вырашэнні глабальных праблем сучаснасці.
— На Ваш погляд, якая сёння роля жанчыны?
— Жанчыны актыўныя ва ўсіх сваіх сацыяльных ролях. Яны працуюць у розных галінах эканомікі, уносяць вялікі ўклад у развіццё краіны, грамадства. А аснова грамадства — сям’я, бо менавіта ў ёй чалавек пачынае свой шлях, які вядзе яго ў вялікі свет. Таму галоўнае прызначэнне жанчыны, на мой погляд, — нарадзіць і выхаваць годных нашчадкаў. Лічу, са школьных гадоў трэба рыхтаваць навучэнцаў да сямейнага жыцця, даваць ім карысныя веды па дамаводстве, правілах этыкету, паводзін у соцыуме і гэтак далей.
— На Вашым рахунку дзясяткі праектаў, якія прапагандуюць прэстыж сям’і і мацярынства. Адзін з такіх — музей Маці, адкрыты ў Цэнтры дзіцячай творчасці ў Салігорску.
— Над канцэпцыяй і афармленнем музея прыйшлося папрацаваць. Я старалася падкрэсліць значнасць мацярынства, шматдзетнасці; праз інфармацыйныя стэнды, экскурсіі, відэаролікі расказаць моладзі пра важнасць традыцыйнай сям’і, заклікаць да захавання нашых каштоўнасцяў.
На стэндах музея — розныя перыяды жыцця жанчыны: шлюб, цяжарнасць, нараджэнне дзіцяці, выхаванне дзяцей. Частка музея прысвечана жанчынам — удзельніцам Вялікай Айчыннай вайны, жыхаркам Салігоршчыны, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё раёна.
Яшчэ адзін аддзел музея — «Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла мяне матка», дзе сабраны прадметы побыту з жыцця нашых продкаў. Удзячная загадчыцы музея Таццяне Ракавец. У музеі бываюць тысячы маладых людзей, тут працуе школа «Мая сям’я».
— Вы аўтар кніг «Жанчыны Салігоршчыны» і «Светлае аблічча Салігоршчыны». Што заахвоціла ўзяцца за пяро?
— Не забываючы мінулага, я заўсёды думаю пра будучыню. І мне не абыякава, з чым будуць ісці па жыцці мае падрастаючыя ўнукі і іх сябры, якія будуць у іх каштоўнасці. Мае кнігі знаёмяць з цудоўнымі жанчынамі, якія жылі на Салігоршчыне. Яны нараджалі і выхоўвалі дзяцей, саджалі і вырошчвалі вялікія ўраджаі, вучылі, лячылі і проста рабілі добрыя справы ў імя сваёй малой радзімы і краіны ў цэлым. Гэта найлепшы прыклад для пераймання.
— Не адзін дзясятак гадоў Вы з’яўляецеся актыўным удзельнікам гарадскіх суботнікаў. Што стымулюе добраўпарадкоўваць родны рэгіён?
— Як любой жанчыне, мне хочацца бачыць вакол прыгажосць. Прыемна жыць у чыстым утульным горадзе, які зіхаціць зелянінай, засаджаны кветкамі. На працягу жыцця я высадзіла незлічоную колькасць дрэў! Сёння іх галіны шумяць на вуліцах Горкага, Ленінскага камсамола, Набярэжнай. А колькі лясных палянак было засаджана соснамі! Толькі сёлета брала ўдзел у пасадцы лесу ў Яскавіцкім лясніцтве, а ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разам з супрацоўнікамі прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва, Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў у рамках міжнароднай эколага-патрыятычнай акцыі «Сад памяці» высадзілі 80 туй у значным для Салігорска месцы.
— Якія Вашы «месцы сілы» на Салігоршчыне?
— Сваім «месцам сілы», мабыць, назаву лесапаркавую зону, крыніцы і прыбярэжную роўнядзь вадасховішча. Люблю марыць, прагульваючыся па скверы «Сям’і, кахання і вернасці». У 2000-я мы са шматдзетнымі мамамі яго пачыналі ўладкоўваць. Спадзяюся, мае сяброўкі, унукі і праўнукі зробяць гэтыя месцы яшчэ больш прыгожымі.
— Як бавіце вольны час?
— Падчас адзінокіх пешых прагулак разважаю, успамінаю любімыя вершы. З задавальненнем наведваю музеі і выставы ў нашым горадзе. Яшчэ адно хобі — чытанне, асабліва гістарычнай літаратуры.
Усе святы і ўрачыстасці ў нашай сям’і прынята праводзіць разам. Прытрымліваемся гэтага правіла з мужам Віктарам Аляксандравічам і прывілі яго сыну Андрэю, нявестцы Вользе і ўнукам Ягору і Аляксандру. У мяне ёсць традыцыя: да дня нараджэння кожнага з блізкіх людзей пішу ім ліст, дзе расказваю, на што ім важна, на мой погляд, звярнуць асаблівую ўвагу, што пераасэнсаваць... За жыццё атрымаліся цэлыя «летапісы». Калі-небудзь гэты досвед мае родныя перададуць ужо сваім дзецям і ўнукам.
— З якім дэвізам ідзяце па жыцці?
— Рабі людзям дабро, і яно абавязкова да цябе вернецца. А яшчэ — будзь аптымістам і не заставайся ў баку ад чужых праблем. Мне заўсёды хочацца дастукацца да чалавечага розуму.
— У чым сакрэт Вашай невычэрпнай актыўнасці?
— З узростам у чалавека з’яўляецца здольнасць да глыбокага аналізу, лепш разумееш сувязь часоў. Інакш ацэньваеш асабістыя, гістарычныя падзеі. Можаш падзяліцца ведамі з маладымі, як некалі дзяліліся з табой. Вельмі важна, каб у чалавека быў сэнс жыцця, і для мяне ён у перадачы досведу новаму пакаленню.
— Якія якасці асабліва шануеце ў людзях?
— Высокую маральнасць, прыстойнасць, сумленнасць, дабрыню і, вядома, усёабдымную любоў. А любіць — гэта значыць рабіць дабро!
Лізавета МАЛЬЧУК
Фота з асабістага архіва А. П. Козыравай
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!