З нагоды святкавання Дня беларускага пісьменства ў эфіры радыё «Горад FM» на працягу трох месяцаў — з ліпеня да верасня — кожны аўторак і чацвер выходзіць праграма пра літаратуру Брэстчыны «Натхнёныя лёсам адзіным». Ініцыятарам і стваральнікам унікальнага радыёпраекта стаў паэт, галоўны рэдактар радыё Тэлерадыёкампаніі «Брэст» Васіль Барысюк.
— Васіль Пятровіч, як узнікла ідэя стварэння праграмы «Натхнёныя лёсам адзіным»? Які сэнс нясе назва?
— Такая ідэя з’явілася даволі даўно: па-першае, як у чалавека, які цікавіцца беларускай літаратурай, па-другое, як у радыёжурналіста. Імклівае развіццё вяшчання ў FM-фармаце на пачатку нулявых гадоў прывяло да насычэння нашай медыяпрасторы пераважна музычнымі радыёстанцыямі з забаўляльным кантэнтам. Слухачы рознага ўзросту сталі адчуваць недахоп разнастайнай змястоўнай інфармацыі: нездарма ўзнік попыт на падкасты. Цяпер сітуацыя змянілася: на папулярных музычных радыёстанцыях у эфір выходзяць ток-шоу сур’ёзнай тэматыкі, рэалізоўваюцца патрыятычныя, маладзёжныя, гістарычныя праекты, значна пашырыліся напаўненне і колькасць інфармацыйных выпускаў. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі рэдакцыі атрымалі магчымасць увасобіць у жыццё шмат цікавых задумак: і на тэлебачанні, і на радыё, і ў іншых СМІ. Музычны фармат радыё «Горад FМ» можна вызначыць як «рэтра», таму ў эфіры станцыі асабліва хораша гучаць гістарычныя, патрыятычныя, культуралагічныя праекты. Пасля таго, як стала вядома, што менавіта на Брэстчыне, у Івацэвічах, пройдзе Дзень беларускага пісьменства, ідэя стварэння праграмы пра літаратуру Брэсцкай вобласці і стала афармляцца ўжо ў практычным кірунку.
У Міністэрстве інфармацыі заяўку ад імя нашай Тэлерадыёкампаніі «Брэст» падтрымалі, за што вялікая ўдзячнасць. А назва «Натхнёныя лёсам адзіным» якраз пра тое, што, нягледзячы ні на якія пераломныя моманты ў гісторыі Беларусі, ды і ў цэлым Еўропы, нашы творцы заўсёды былі са сваім народам і бачылі яго будучыню ў адзінстве нацыі, у моцнай агульнай дзяржаве. Асабліва гэта датычыцца першай паловы XX стагоддзя, калі паэты і празаікі сучаснай Брэсцкай вобласці, як і ўсёй Заходняй Беларусі, узялі самы актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху 20–30-х гадоў і барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. Таму шмат увагі менавіта гэтаму перыяду.
— Якія мэты вы ставілі перад сабой, адкрываючы старонкі літаратурнага жыцця мінуўшчыны?
— Мне здаецца, мы ўвогуле недастаткова ведаем пра літаратурны працэс на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці ў мінулыя часы. І калі казаць пра «сівую мінуўшчыну», то гэта і лагічна з улікам стану, у якім апынуліся беларускія землі пасля моцнай паланізацыі, катастрафічнага змяншэння ўжывання старабеларускай пісьмовай мовы. А вось тое, што многія літаратары 20–30-х гадоў мінулага стагоддзя ўспамінаюцца альбо рэдка, альбо іх творчасць падаецца надзвычай аднабакова, непакоіць, напэўна, больш за ўсё. Слова ж набыло тады значэнне зброі. Добра памятаю, як мая баба Маня, Марыя Васільеўна (я родам з Кобрынскага раёна), расказвала пра два гады заняткаў у пачатковай школе «за польскім часам», калі іх прымушалі раз за разам паўтараць: «Хто ты естась — поляк малы, які знак твуй — ожэл бялы...» Заўсёды надзвычай стрыманая, бабуля згадвала пра гэта не з абурэннем, а з нейкай крыўдай і стоеным непаразуменнем: «Як жа так?» Мне здаецца, падзеі апошніх гадоў яскрава прадэманстравалі, што забывацца ні пра што нельга.
— Як адбываецца падрыхтоўка да літаратурных праграм? Да якіх крыніц звяртаецеся?
— Гэта, вядома, шматтомнае выданне «Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя», «Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы» (В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко), шматлікія літаратуразнаўчыя працы У. А. Калесніка, артыкулы ў перыядычных выданнях. Таксама шукаю інфармацыю ў інтэрнэце. Варта адзначыць работу шэрагу бібліятэк — і абласной, і раённых — якія на сваіх сайтах размяшчаюць інфармацыю пра славутых землякоў-літаратараў, сістэматызуюць яе. Звяртаюся да архіўных матэрыялаў Брэсцкага абласнога радыё і тэлеканала «Беларусь 4. Брэст».
— Як тэматычна пабудаваны цыкл перадач?
— Збіраўся пачынаць з сівой даўніны і зрабіў гэта, але з другой праграмы — з 4 ліпеня. 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці, звярнуўся да грамадзянскай лірыкі тых заходнебеларускіх паэтаў, якія не проста сваёй творчасцю, а ўсім лёсам змагаліся за гэтую незалежнасць і да 1939 года, і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Гэта Піліп Пестрак, Мікола Засім і Валянцін Таўлай. А затым, з другой праграмы, згадаў унікальную знаходку, зробленую ў 1970 годзе на тым месцы, дзе цяпер пабудаваны археалагічны музей «Бярэсце», — грабеньчык з кірылічным алфавітам. І ўжо ад яго па храналогіі да пачатку XX стагоддзя. З 20-х гадоў асноўная ўвага менавіта творцам-землякам. Некалькі асобных выпускаў прысвечаны мастацкаму асэнсаванню подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці як у беларускай, так і ў цэлым у савецкай літаратуры. Неўзабаве ад жанру радыёнарыса планую перайсці да інтэрв’ю: з хваляваннем чакаю гутарак са сваімі землякамі. Праграма будзе выходзіць у эфір да канца верасня, і наўрад ці ўдасца паспець пагутарыць з усімі цікавымі аўтарамі. Але, магчыма, гэтая акалічнасць паспрыяе з’яўленню новых праектаў. Пэўныя задумкі ўжо ёсць.
— Ці былі ў вас пры падрыхтоўцы перадачы ўласныя літаратурныя адкрыцці?
— Даволі шмат. Яны розныя. Гэта тычыцца і фальклору: у прыватнасці, казак, і не толькі іх жывой мовы, гуманізму, дасціпнасці, а, як ні дзіўна, актуальнасці. Гэта часам поўная змена ўяўлення аб аўтары: так адбылося, напрыклад, з Піліпам Пестракам, які адкрыўся мне не як паэт-барацьбіт, а як цудоўны лірык, што надзвычай тонка адчувае прыроду. Прычым не толькі ў вершах, але і ў лірычных адступленнях рамана «Сустрэнемся на барыкадах». Нанова прачытаны гэты раман даў больш поўнае разуменне палітычнага і грамадскага жыцця Заходняй Беларусі. А вершы Міколы Засіма адкрылі геаграфію партызанскай барацьбы: зусім іначай загучалі назвы даўно знаёмых вёсак і мясцовасцей, якія былі арэнай змагання з фашысцкімі акупантамі. Уразілі глыбокая народнасць тагачасных аўтараў і, як вынік, іх шырокая папулярнасць сярод простых людзей. Цікавыя знаходкі ўдалося зрабіць і ў радыёархіве: інтэрв’ю Сяргея Смірнова, які прадстаўляў сваю кнігу «Брэсцкая крэпасць» у горадзе над Бугам напярэдадні 20-годдзя вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, інтэрв’ю Алеся Махнача, запісанае брэсцкімі радыёжурналістамі ў сярэдзіне 1960-х гадоў.
— Ці выходзілі вы на кантакты з роднымі, блізкімі знакамітых пісьменнікаў?
— Так, размаўляў з выкладчыкамі філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, якія асабіста ведалі герояў праграм, літаратарамі, журналістамі, бібліятэкарамі Берасцейшчыны. Неўзабаве, спадзяюся, адбудуцца каля мікрафона гутаркі з дачкой Васіля Фёдаравіча Праскурава — Таццянай Васільеўнай Плотка, удавой Анатоля Іванавіча Шушко — Любоўю Міхайлаўнай.
— Асэнсоўваючы гісторыю пісьменства Берасцейшчыны, лёсы паэтаў нацыянальна-вызваленчага руху 20—30-х гадоў, што хацелі б пажадаць сучасным паэтам, пачаткоўцам?
— Падчас падрыхтоўкі шэрагу праграм, прысвечаных Піліпу Пестраку, Міколу Засіму, Валянціну Таўлаю і больш дэталёвага знаёмства з іх жыццёвым шляхам, быў уражаны, як перапляліся іх лёсы з лёсамі большасці нашых людзей: тут і бежанства ў Першую сусветную, і барацьба за зямлю і за мову з польскімі ўладамі, і барацьба супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. І гэта не толькі гады турмаў для саміх творцаў, але і страта імі блізкіх людзей — бацькоў, дзяцей, братоў, сясцёр. І пасля такіх выпрабаванняў яны не дазволілі згаснуць свайму натхненню! Уменне супрацьстаяць жыццёвым абставінам і пры гэтым усё ж такі пісаць творы — галоўнае, чаму мы ўсе — і маладыя, і сталыя — павінны ўвесь час вучыцца ў гэтых аўтараў. Таксама да душы прыйшліся, па-новаму сталі ўспрымацца радкі Таўлая пра жыццё і творчасць у вершы-развітанні з фашысцкай турмы: «Ніякі чорт нам душ не растаптаў//, І мы на рынак вершаў не насілі».
— Сёння набіраюць папулярнасць аўдыякнігі, аўдыяўрокі. На ваш погляд, у чым перавага слыхавога ўспрымання інфармацыі?
— Яе фонавы характар: можна займацца нейкай фізічнай працай і адначасова атрымліваць інфармацыю, перажываць пэўныя эмоцыі. Разам з добрай крыніцай інфармацыі новы змест набываюць хатнія справы, заняткі спортам — і цікава, і карысна. А для творчых людзей аўдыякніга альбо падкаст — гэта яшчэ і добрая трэніроўка мастацкага ўспрымання рэчаіснасці, уяўлення. Дарэчы, нагадаю, што праграма «Натхнёныя лёсам адзіным» выходзіць у эфір радыё «Горад FМ» у аўторак і ў чацвер (да канца верасня) а 21-й гадзіне. У Брэсце ў гэты час яе можна пачуць на хвалі 97,7 FМ, у іншых рэгіёнах Беларусі прамая трансляцыя — на сайце і ў мабільным дадатку «Радыёплэер». А паслухаць усе выпускі можна на сайце gorodfm. by ў раздзеле «Праграмы».
— Канешне, цікава было б пачуць галасы паэтаў, якія сышлі ў нябыт. Адчуць іх настрой, характар, інтанацыі. Але знайсці на палічках мінулага такі скарб цяжка. Ці ўдавалася вам знаходзіць такія запісы?
— Запісы літаратараў Берасцейшчыны пачынаюцца недзе з канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Ёсць верш Рудкоўскага і пераклад яго ва ўласным выкананні, у тэлеархіве захавалася інтэрв’ю Калесніка, цікавыя ўспаміны землякоў пра Міколу Засіма, зноў жа Міхася Рудкоўскага. Хоць і лічыцца, што большасць паэтаў свае вершы чытае кепска, але ўжо знаёмыя тэксты адразу ўспрымаюцца іначай у аўтарскім гучанні: адчуваецца, што чытач многае разумее выключна па-свойму.
— Калі б была магчымасць узяць інтэрв’ю ва Уладзіміра Калесніка, пра што б вы яго спыталі?
— На шчасце, некалі ў мяне была такая магчымасць, бо студэнтам брэсцкага філфака я стаў у 1993 годзе, і Уладзімір Андрэевіч чытаў нам «Беларускі фальклор» і нават вёў практычныя заняткі ў нашай групе. Спачатку было не да пытанняў: настолькі моцным было ўражанне ад яго лекцый, усведамлення падчас іх, што нашы звычайныя прыказкі, прымаўкі, песні і казкі — гэта веліч, што яны роўныя самым сусветнавядомым эпасам. А пасля, канешне, усе мы пыталіся: і пра тое, як пісалася кніга «Я з вогненнай вёскі», і пра фальклор, і пра вайну, і пра паэтаў, і пра пісьменнікаў.
— Якія адметнасці ў развіцці літаратуры Берасцейшчыны выклікаюць найбольшую цікавасць?
— Калі азірнуцца на нашу літаратурную спадчыну, то надзвычай здзіўляе, як развівалася паэзія ў другой палове XX стагоддзя: пасля вайны заўчасна пайшлі з жыцця Таўлай і Засім, схіліўся да прозы Пестрак, і раптам на нашай зямлі з’явілася столькі маладых паэтычных галасоў! І гэта былі вельмі розныя аўтары з добрым паэтычным густам.
Як грыбы пасля дажджу! Вось гэты паэтычны берасцейскі ўзлёт і падаецца мне вельмі адметным. Думаю, што менавіта тут яскрава адбілася высокая педагагічная роля Калесніка.
— На чым грунтуецца ваша ўласная творчасць? З чаго нараджаюцца вершы?
— Адбываецца гэта, на жаль, не так часта, як хацелася б. Але крыніца маіх вершаў, як і шмат у каго іншага, — малая радзіма. Нарадзіўся я ў вёсцы Малыя Корчыцы Кобрынскага раёна: там прайшлі дзяцінства і юнацтва, там — сапраўднае месца сілы, бо, наколькі змог давесці радавод, усе мае продкі жылі і працавалі там. Там складаліся і першыя вершаваныя радкі — пра хараство прыроды, пра каханне, пра любоў да бацькоўскага дома і Радзімы. Таму менавіта там назаўжды і часцінка сэрца. Але не можа пакінуць раўнадушным і такі горад, як Брэст: са слаўнай, багатай гісторыяй, з легендамі і паданнямі, горад памежны, дзе перасякаюцца лёсы людзей і цэлых краін.
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ
Фота даслана аўтарам
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.