Вы тут

Для чаго прыйшоў у гэта жыццё Якуб Колас?


«Я — часовы вандроўнік, чые гадзіны адлічаны. Я — той, каму пара сказаць: я ваш нядоўгі госць. Надыходзіць вясна. Жыццё абуджаецца з новаю сілаю, а я так моцна звязаны з жыццём, што мне не хочацца пакідаць Вас, мае сябры, мае лясы, мае лугі, мае рэчкі, мае крыніцы і чорнагаловыя баравікі», — так у хвіліны шчырасці пісаў просты мікалаеўскі чалавек — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Якуб Колас «прыйшоў у гэта жыццё не дзеля сябе самога», а для ўсіх нас, пакінуўшы значны след у развіцці беларускай літаратуры, навукі і культуры


13 жніўня 1956 года ў 13 гадзін 20 хвілін сэрца паэта назаўсёды перастала біцца. А памяць пра яго жыве... Жыве ў выдатных творах, якія па праве ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускай і сусветнай літаратуры, ва ўспамінах сяброў, знаёмых і родных паэта, кнігах і артыкулах, прысвечаных жыццю і творчасці Якуба Коласа, у вобразах песняра — жывапісных і скульптурных партрэтах, выкананых славутымі мастакамі, а таксама ў фотаздымках, якія назаўсёды захавалі воблік вялікага майстра слова.

Самай багатай калекцыяй фотапартрэтаў песняра і фотаздымкаў, звязаных з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры, валодае Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Ён налічвае амаль чатыры з паловай тысячы адзінак захавання. Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца фотаздымкі, да якіх дакраналася рука паэта — з яго рукапіснымі аўтографамі і прысвячэннямі. Сярод іх — восем партрэтных здымкаў паэта, на якіх прыгожым каліграфічным почыркам ён напісаў свой псеўданім — Якуб Колас. 

Яшчэ дзевяць рэдкіх фатаграфій былі падпісаны Якубам Коласам, на іх ён пазначыў месца, асоб ці іншыя звесткі. Так, пад фотаздымкам, на якім паэт адлюстраваны разам са старэйшым сынам Данілам у сваім доме ў Мінску ў 1949 годзе, Якуб Колас напісаў: «Даніла і Чэрчыль». З гумарам пясняр надпісаў і адзін са сваіх фотапартрэтаў: «Сам не ведаю, як, дзе і што. ЯК». Фота было зроблена ў нумары гасцініцы «Масква» ў 1949 годзе. 

Самымі каштоўнымі матэрыяламі гэтай калекцыі з’яўляюцца фотаздымкі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа. 

На сёння ў фондах музея захоўваюцца 35 фотаздымкаў з рукапіснымі прысвячэннямі паэта. Сярод адрасатаў — родныя Якуба Коласа, вядомыя навукоўцы, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, калегі па пяры, сябры і знаёмыя паэта, дзякуючы якім гэтыя матэрыялы захаваліся і былі перададзены ў музей.

Здзіўляе, што захаваліся фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя, шэраг фатаграфій пасляваеннага часу і амаль адсутнічаюць здымкі з інскрыптамі 1930-х гадоў. Да нядаўняга часу ў фондах музея захоўваўся толькі адзін такі фотаздымак. Фота было падпісана на памяць рускаму пісьменніку Аляксею Сілычу Новікаву-Прыбою: «Милому Алексею Силовичу Новикову-Прибою. Якуб Колас. 17.ІІ.1936 г.». З Якубам Коласам Новікаў-Прыбой пазнаёміўся на І Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў, яны пасябравалі, ліставаліся, прыязджалі адзін да аднаго ў госці. 

Прыемна, што калекцыя фотаздымкаў з аўтографамі Якуба Коласа працягвае папаўняцца. Адным з апошніх паступленняў з’яўляецца фота 1934 года. Фотаздымак быў куплены ў верасні 2023 года на адным з маскоўскіх аўкцыёнаў і перададзены ў музей праўнучкай Якуба Коласа Цінай Міцкевіч і яе мужам Аляксандрам Ягоравым. Унікальнасць здымка абумоўлена не толькі наяўнасцю рукапіснага прысвячэння: «Дорогому Михаилу Григорьевичу Огнёву на шикарную память. Якуб Колас. 28. ІІІ. 1934 г.», але і адсутнасцю такой фотавыявы беларускага паэта ў фондах музея. 

Інскрыпт на фота дапамог высветліць новую асобу з атачэння Якуба Коласа. Міхаіл Рыгоравіч Агнёў (сапраўднае імя — Міхаіл Рыгоравіч Розанаў; 1888–1938) — рускі дзіцячы пісьменнік, педагог, аўтар аповесці «Дневник Кости Рябцева» (1926–1927), якая зрабіла пісьменніка вядомым, у тым ліку і за мяжой. Фота было зроблена ў Мінску і падпісана адрасату падчас яго візіту ў сталіцу Беларусі. Даследаванне фотаздымка, у тым ліку і стасункаў паміж калегамі па пяры, працягваецца. 

У апошнія гады жыцця Якуб Колас моцна адчуваў прыцягненне зямлі, блізкасць канца свайго існавання. Паэт пісаў:

Неўзнакі, неўзаметкі — Хоць сам скажу сабе —

Пасохлі мае кветкі,

Канец маёй сяўбе.

 

Штодзень я адчуваю

Усясільны той закон,

Што цягне к долу-гаю

У вечны цень-палон.

 

Ну што ж? Пажыў, пабродзіў,

Дарог прамераў шмат.

Стаміўся ты ў паходзе —

Спачынь жа ў зямлі, брат!

 

I сам я не пабачу,

Як згасне мой агонь.

Дык што ж? Хіба паплачу,

Падпёршы ціха скронь.

 

Мяне ў жывых не стане,

Сыду я ў небыццё,

Ды вечна будзе ранне,

I песні, і жыццё.

Зямны агонь Якуба Коласа згас 68 гадоў таму. Будзем спадзявацца, што памяць пра слыннага сына Беларусі, які ўсё жыццё аддана служыў яе народу, не згасне ніколі.

Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.