Вы тут

У вёсцы Новая Мыш адбыўся рэспубліканскі фестываль дзіцячай кнігі


Напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна адбыўся рэспубліканскі фестываль дзіцячай кнігі «Роднай Мышанкі абшары», на які завіталі вядомыя беларускія пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк і мецэнаты.


Падзяка мецэнатам

Што прыцягнула ўвагу ўдзельнікаў фестывалю да жывапісных мясцін Баранавіцкага раёна? Раскрыем таямніцу.

Пад Новай Мышшу прайшлі дзіцячыя гады Яна Чачота, які насіў у юнацтве мянушку «Ян з Мышы», таму фестываль дзіцячай кнігі дазволіў чарговы раз нагадаць маладому пакаленню пра выдатнага беларускага фалькларыста і паэта, які прысвяціў жыццё захаванню культурнай спадчыны нашага народа. 

Але найперш уразіла тое, з якой увагай і павагай ставіцца да літаратурнай спадчыны кіраўніцтва раёна, з якім захапленнем і энтузіязмам падтрымалі ідэю начальнік аддзела культуры Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Аксана Шчэрба і дырэктар Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Лайша.

На пачатку свята гаспадыня бібліятэкі Таццяна Лайша правяла для гасцей азнаямленчую экскурсію. Кніжніца актыўна папулярызуе творчасць мясцовых аўтараў, выдаецца штогадовы калектыўны зборнік «С. Т. Р. О. К.І.». Выкарыстоўваючы розныя метады і формы работы, супрацоўнікі зацікаўліваюць чытачоў гісторыяй малой радзімы. Калектывам кніжніцы распрацаваны краязнаўчыя настольныя гульні, галаваломкі і нават коміксы, але асаблівая ўвага — тэме Вялікай Айчыннай вайны, гераічнаму мінуламу краіны.

Алена Гневушава, Раіса Раманчук, Таццяна Дземідовіч, Наталля Кандрашук

Галоўная падзея разгарнулася на цэнтральнай пляцоўцы. Пасля прачулай літаратурна-музычнай кампазіцыі паводле паэмы Яна Чачота «Мышанка» ў выкананні Станіслава Пшэўлоцкага і народнага тэатра «На Мышанцы» Навамышскага дзяржаўнага аграрнага каледжа з прывітальнымі словамі перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл Барысевіч і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Кіраўнік СПБ уручыў падзякі арганізатарам свята і прадстаўнікам прадпрыемстваў, што далучыліся да перадвераснёўскай акцыі «Падары кнігу дзецям». Дзякуючы мецэнатам, людзям, якія спрыяюць росквіту літаратуры, выхаванню юных патрыётаў і будучага пакалення, кнігі аўтараў Выдавецкага дома «Звязда» на свяце першага званка будуць перададзены ў школы і дзіцячыя сады Баранавіцкага раёна і стануць добрымі спадарожнікамі на шляху да ведаў. У ліку дарыцеляў — адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Крошын», «СталовічыАгра», «Эксперыментальная база „Вольна“», «Агракамбінат „Мір“», «Баранавіцкая птушкафабрыка», «Птушкафабрыка „Дружба“», Баранавіцкі райаграсервіс.

Гаспадары Баранавіцкай раённай бібліятэкі запрасілі на свята сваіх калег. І было так прыемна, калі нас, пісьменнікаў, пазнавалі па кнігах, шчыра дзяліліся тым, з якой асалодай чытаюць нашы кнігі дзеці. Ды і ў пісьменнікаў была цудоўная магчымасць падзякаваць раённым бібліятэкарам, якія сталі беражлівымі захавальнікамі іх творчасці, падзяліцца творчымі праектамі і новымі сюжэтамі, запланаваць паездкі ў розныя рэгіёны вобласці.

Алесь Карлюкевіч уручае падзяку Аксане Шчэрбе

Выступленні пісьменнікаў і на сцэне, і на творчых пляцоўках захаплялі гледачоў. Сустрэчы дарылі яркія эмоцыі і ўражанні. Літаратурны марафон з узнёслай, душэўнай літаратурна-паэтычнай прамовы пачаў лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. Складальніца ўпадабанай дзецьмі і настаўнікамі чытанкі «Верасок» і аўтар вельмі займальных і пазнавальных кніг для дзяцей Іна Фралова сваімі радкамі абудзіла ў памяці кожнага прысутнага шчаслівыя моманты дзяцінства. «Тата» папулярных кніжак для дзяцей Дзмітрый Мікалаеў падзяліўся «рэцэптамі» самых цікавых кніг, а з выступлення Тамары Кавальчук кожны зразумеў, наколькі дзіцячы пісьменнік шчыры, чулы і светлы чалавек. Валерый Квілорыя — часты госць на Брэстчыне, а яго гісторыі дораць прыемныя хвіліны вясёлых і незвычайных сустрэч з кніжнымі героямі. Цеплыню і пяшчоту падарыла прысутным маладая мама і пісьменніца Алёна Гневушава з Брэста. І тут хочацца дадаць, што катаецца яна на роліках так жа добра, як і герой яе «Сказок-улыбок для весёлых дошколят» дракончык Спорці. Пра гэта мы даведаліся падчас імпрэзы! У той дзень была і ў мяне кранальная сустрэча — першы раз ўзяла ў рукі сваю кнігу, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» — «СНежным годом».

Наталля Кандрашук з Кобрына акрамя кніг прывезла з сабой вясёлыя загадкі і вершы. Самыя кемлівыя атрымалі прыз! Непаўторная прырода і людзі, слаўная гісторыя роднага краю натхнілі кіраўніка літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца» пры Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яна Чачота Раісу Раманчук на напісанне прыгожых, вобразных вершаў. Як высветлілася, пісьменніца Ірына Карнаухава нарадзілася ў Баранавічах. А вось яе захапляльныя гісторыі і вершы дазваляюць малым пазнайкам пабываць у розных казачных краінах і даведацца, які наш Сусвет разнастайны і шматколерны. У тое, што ў кожнага дзіцячага пісьменніка ёсць чарадзейная палачка ды скарбонка з цудамі, паверылі і дарослыя, калі на сцэну выйшла аўтар шматлікіх чароўных казак Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «Кніжная фея» прачытала вершы Міколы Чарняўскага і нагадала, як выдатна, калі твой сябар — кніга.

Колькі забаўляльных і пазнавальных гульняў разам з кнігамі прывезлі пісьменнікі з Віцебшчыны, аўтары дапаможнікаў па прадмеце «Чалавек і свет» Галіна і Сяргей Трафімавы! А некаторыя загадкі падкідвалі жыццёвыя абставіны. Напрыклад, паднесеныя дзецьмі ў знак удзячнасці пісьменнікам букеты з белых палявых раслін адразу выклікалі пытанне ў Сяргея Трафімава: што за кветкі? Прызнаюся, не ўгадалі ні дзеці, ні дарослыя. І зноў па адказы пацягнуліся да кніг.

Прадстаўніца Гродзенскага аддзялення СПБ, кіраўнік літаратурна-творчага аб’яднання «Купальскія зоры» пры Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая Таццяна Яцук сустрэлася таксама і з дарослымі чытачамі, падзяліўшыся ўласным вопытам напісання кніг і папулярызацыі дзіцячай літаратуры. Падчас круглага стала «Роля кнігі ў выхаванні дзяцей» старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч гаварыў пра важнасць сумеснай працы пісьменнікаў, бібліятэкараў, настаўнікаў, сям’і ў захаванні традыцый чатання. І сапраўды, у Год якасці мы, пісьменнікі, у першую чаргу звяртаем увагу на якасць Кнігі як першага і асноўнага інструмента выхавання і асветы.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Фота Кацярыны ЛАЙШЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

Сілавыя структуры

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.