Вы тут

Тэатральны лёс мінскай гімназісткі


Запісы ў працоўнай кніжцы гэтай актрысы змяшчаюцца на дзвюх старонках.

21 чэрвеня 1921 года «зачислена артисткой драмы» ў Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр.

28 снежня 1938 года прысвоена званне заслужанай артысткі БССР, у снежні 1943-га — званне народнай артысткі БССР.

У сакавіку 1952-га стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі за ўдзел у спектаклі «Пяюць жаваранкі» па п’есе Кандрата Крапівы.

Люты 1955 года — званне народнай артысткі СССР.

24 кастрычніка 1977 года — выбыла са складу тэатра ў сувязі са смерцю.

Вось і ўсе запісы. Старонак, на якіх пералічваюцца ўзнагароды і прэміі, значна больш.

Праўда, яшчэ значыцца, што перад залічэннем у склад тэатра ўладальніца працоўнай кніжкі Лідзія Іванаўна Ржэцкая мела працоўны стаж пяць гадоў.

Давайце палічым... Нарадзілася артыстка ў 1899-м, значыць, павінна была пачаць працу ў сямнаццаць... Няўжо адразу на сцэне? Як жа гэта адбылося?


Уцёкі на сцэну дачкі святара

У Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, дзе я пагартала працоўную кніжку Лідзіі Ржэцкай, захоўваецца і яе аўтабіяграфія, напісаная ад рукі на развароце аркуша, вырванага з вучнёўскага сшытка.

«Родилась 6 апреля 1899 года в г. Минске. Окончила 8 классов Минской Мариинской гимназии в 1916 году. Окончив гимназию, сразу же поступила в украинский коллектив под рук. Чухлиба, гастролировавший в это время в Минске».

У выразцы з «Сельскай газеты» ад 5 красавіка 1974 года з артыкулам, прысвечаным 75-годдзю Лідзіі Ржэцкай, чытаем, як у паслярэвалюцыйныя гады амаль на кожнай афішы БДТ-1 было імя Лідзіі Ржэцкай, «тогда совсем еще юной девушки, дочери минского железнодорожника, пришедшей на профессиональную сцену из художественной самодеятельности».

Даволі распаўсюджаныя звесткі. Але ўсё патрабуе супастаўлення і пацвярджэння.

Насамрэч бацькам Лідзіі быў святар Іаан Ржэцкі, пра што пры савецкай уладзе, зразумела, лепей было змаўчаць. Недарэмна Лідзія вучылася ў Марыінскай жаночай гімназіі. Адукацыя давалася выдатная, выпускніцы атрымлівалі права працаваць хатнімі настаўніцамі і паступаць на Вышэйшыя жаночыя курсы без іспытаў. Разам з Ржэцкай, дарэчы, на сцэне БДТ-1 іграла яшчэ адна выпускніца Марыінскай гімназіі — Вера Пола.

Па суседстве з юнай гімназісткай Лідзіяй Ржэцкай жыў малады тэлеграфіст Уладзімір Крыловіч, адзін з будучых стваральнікаў беларускага тэатра і таксама акцёр БДТ-1. Маладыя людзі сябравалі, Уладзімір вадзіў Лідзію на ўсе тэатральныя прадстаўленні — у Мінск нярэдка прыязджалі гастралёры. Гісторыя, якая адбылася, здаецца выдуманай — сапраўдны сюжэт для мюзікла. Галоўная актрыса захворвае, падмяніць яе просяць маладзенькую, нікому не вядомую дэбютантку, і на вачах уражанай публікі запальваецца новая зорка... Але так і адбылося. Гастралёры паказвалі спектакль «Няшчаснае каханне», выканаўца галоўнай ролі захварэла. Яе падмяніла гімназістка Лідзія Ржэцкая... Відаць, дзякуючы тэатралу Крыловічу, маладых людзей добра ведалі ў заезджай трупе.

Пасля бліскучага дэбюту Лідзію запрасілі ў трупу. Так фактычна пачалася яе прафесійная тэатральная дзейнасць. Бацька-святар, кажуць, не блаславіў, да канца жыцця не мог дараваць дачцэ ўцёкі на сцэну.

Час быў бурлівы... На фоне палітычных перамен у Беларусі адраджалася нацыянальная культура. У 1917-м Лідзія Ржэцкая, відаць, дзякуючы таму ж Крыловічу, трапіла ў «Беларускую хатку», Тэатр беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча. Там сабраліся легендарныя асобы, будучыя зоркі беларускага тэатра. Лідзія Ржэцкая іграла Зоську ў «Раскіданым гняздзе» Янкі Купалы, Пронку ў «Зімовым вечары» Элізы Ажэшкі…

«Мы адпраўляліся на фронт...»

Але тэатр перапыніў дзейнасць. Інтэрвенцыя немцаў, польская акупацыя... У 1919-м Ржэцкая паехала ў Маскву, вучылася ў вячэрняй студыі Пралеткульта пад кіраўніцтвам Валянціна Смышляева. Затым з’ехала ў Башкірыю — у аўтабіяграфіі напісана «па сямейных абставінах», і гэта было каханне. Але першы муж, хімік Міхаіл Аляксееў, памёр, калі іх дачцэ Таццяне было ўсяго чатыры месяцы. (Таццяна, дарэчы, пасля выйдзе замуж за кампазітара Генрыха Вагнера.)

І вось 1921 год, Лідзія Ржэцкая вярнулася на радзіму і да канца жыцця звязала свой лёс з Першым беларускім дзяржаўным тэатрам, будучым Купалаўскім.

Усялякае было... Але нязменнай заставалася любоў гледачоў. Ржэцкая нават у другарадных ролях умела запомніцца, нешта важнае распавесці... У тэатры яна сустрэла і свайго будучага мужа, Леаніда Рахленку, акцёра і рэжысёра. У БДАМЛМ у іх адзін агульны фонд…

Актрыса апынаецца ў бурлівым асяродку беларускай творчай інтэлігенцыі: артысты, мастакі, пісьменнікі, паэты, музыкі з энтузіязмам ствараюць нацыянальную культуру ў маладой рэспубліцы... У архіве захоўваецца выразка з артыкулам самой Лідзіі Ржэцкай — гэта напісаныя ёю па просьбе сына вядомага паэта Андрэя Александровіча ўспаміны пра яго бацьку. З сястрой Андрэя Александровіча Алесяй Ржэцкая іграла на адной сцэне — і ў «Беларускай хатцы», і ў БДТ-1. «...даўно гэта было. Дваццатыя і трыццатыя гады. Я даволі часта і — трэба сказаць — з поспехам чытала са сцэны вершы Андрэя Александровіча. У розных гарадах і вёсках, на заводах і ў вайсковых часцях, дзе выступалі канцэртныя брыгады нашага тэатра (Першага БДТ, цяпер імя Янкі Купалы)... На некаторых канцэртах прысутнічаў аўтар... Мы разам з ім выходзілі на паклон. Невысокага росту, хударлявы, нібы хлапчук, ён сарамліва і неяк смешна кланяўся. Мне вельмі прыемна было чуць ад Андрэя Іванавіча словы ўдзячнасці і задавальнення ад таго, як я чытаю яго творы... Успамінаю такі надзвычай важны момант у жыцці нашага тэатра, калі вырашалася пытанне пра стварэнне лепшых умоў для яго творчага росту. Гаворка ішла аб пастаяннай стацыянарнай базе, аб ліквідацыі вандроўнага жыцця „на колах“. Група нашых вядучых акцёраў, і я разам з імі, вырашылі ісці ў Наркамат асветы і паставіць пытанне пра ліквідацыю цяжкіх умоў вандроўнага жыцця. На дапамогу мы запрасілі Андрэя Іванавіча Александровіча. І трэба сказаць, што яго актыўны ўдзел у гутарках спрыяў поспеху справы. Было прынята рашэнне, што сталіца рэспублікі Мінск з’яўляецца пастаяннай базай Першага беларускага дзяржаўнага тэатра, які цяпер носіць імя Янкі Купалы».

У куце выразкі — надпіс рукою Лідзіі Ржэцкай: «Мае ўражанні пра Александровіча. Ён і Крыловіч блаславілі мяне на пост худрука». (Не ведаю, што дакладна маецца на ўвазе, бо мастацкім кіраўніком тэатра доўгі час быў Леанід Рахленка, а не Ржэцкая, магчыма, яна мае на ўвазе пасаду мастацкага кіраўніка студыі пры тэатры.)

А потым — вайна... Эвакуацыя... Франтавыя брыгады... У сваіх успамінах да 50-годдзя тэатра Ржэцкая піша: «У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатр знаходзіўся ў Томску. Мы разбіваліся на брыгады і адпраўляліся на фронт, выступалі перад параненымі ў шпіталях, ездзілі па Нарымскім краі. І паўсюль нас прымалі як дарагіх гасцей».

Попел Бухенвальда

У архіве захоўваецца нататнік, у якім Лідзія Ржэцкая запісвала свае ўражанні ад паездкі ў 1958 г. у ГДР у складзе дэлегацыі прафсаюза работнікаў культуры. Запісы прыгожым, упэўненым почыркам, вельмі падрабязныя. Прайшло толькі пятнаццаць гадоў пасля Вялікай Перамогі, успаміны пра вайну яшчэ вельмі свежыя і балючыя. Дэлегатам паказалі зруйнаваны Рэйхстаг, Брандэнбургскія вароты, якія толькі аднаўляліся. «Побывали на братской могиле наших бойцов и командиров, где похоронено 7000 человек... Тысячи народу посещают этот памятник — это огромное поле, где покоятся наши люди. Свежие цветы и венки все время, кто бывает, приносят».

Былі, зразумела, шматлікія творчыя сустрэчы, тэатральныя спектаклі. Лідзія Ржэцкая пазнаёмілася з жонкай Бертальда Брэхта Аленай Вейгель, дырэктарам тэатра «Берлінер ансамбль». Праўда, Ржэцкая заўважае, што спектаклі «сугубо формалистические, особенно оформление», параўноўвае ўбачанае з тэатрам Меерхольда.

Найбольшае ўражанне на актрысу зрабіла наведванне Бухенвальда.

«Осмотрели этот страшный памятник фашистской Германии. Все сохранилось в подлиннике, и там в одном из помещений организован музей. Бухенвальд посещает в среднем 400 000 ч. в год. Там погибло и уничтожено 80 000 ч., представителей 16 наций. Все сохранилось, печи, орудия пыток, все, все. Три года тому назад обнаружено еще две братские могилы в этом районе. Одна, где зарыто 16 000 чел., и одна 1500 ч., на том месте на дороге строится грандиозный памятник, который будет открыт в сентябре этого года. Можно себе представить, какая будет высота памятника, если нам заявили, что он будет виден из ближайших городов, расположенных от Веймара на расстоянии 25–30 км... В Бухенвальде сохранились все орудия пытки, столбы, тачки, куда запрягали по 16 ч. евреев, грузили страшной тяжестью, они перевозили, и их в это время заставляли петь — называли их „веселые лошади“. Сохранились ящики женских волос, детской обуви. Там же погиб и был сожжен Эрнст Тельман... Там лежит мраморная доска с надписью и всегда живые цветы и венки... В Бухенвальде сохранены в документах и фамилии тех, кто действовал там в тот период, и, к сожалению, кто живет и пользуется сейчас всеми благами жизни в Западной Германии. Больше всего, конечно, погибло советских пленных солдат и офицеров. Для офицеров был отдельный барак. Их приводили голыми в особое помещение под видом медосмотра, проверяли рот, если во рту были золотые зубы, на груди делали крест, затем ставили как бы измерять рост под особую мерку, и через маленькое отверсте стреляли в затылок. Нам обо всем этом рассказывал свидетель всего того, что происходило в Бухенвальде, теперь он руководитель этого страшного музея — т. Кухарчик, чех, который был как пленный, и сохранился только потому, что работал водопроводчиком...»

У аўтаркі запісаў нават почырк на гэтых старонках мяняецца, робіцца больш нервовым, няроўным, размашыстым, калі яна апісвае пабачанае ў тым страшным месцы.

Увасобіць матчыны рукі

Ёй вельмі ўдаваліся ролі, якія называюцца «ўзроставымі» — ад Альжбэты з «Паўлінкі» да прыслугі Варвары ў фільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Задумацца толькі: колішняя гімназістка, вытанчаная, адчайная, якая не пабаялася кінуць сям’ю і пайсці на сцэну, — дасканала ўвасабляе вобразы простых вясковых спрацаваных жанчын... Скульптар Заір Азгур пісаў пра майстэрства пераўвасаблення актрысы: «у персанажах Л. Ржэцкай я нават бачу іх рукі. На спектаклях „Пяюць жаваранкі“ або „Выбачайце, калі ласка!“ адчуваў, што яны ў яе гераінь такія, якіх апявае М. Танк: „Іх цалавала зямля сваімі пясчанымі вуснамі і каласамі; неба спякотай, вятрамі, дажджамі іх цалавала... Толькі заўсёды, як мы зберымося дамоў // І на стол пакладзе рукі маці, // Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце // І ў сэрцы“. Запэўніць гледача, што ён бачыць такія матчыны рукі, — творчы подзвіг!»

Сёлета адзначаецца 125 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі. Калегі называлі яе «сумленнем тэатра», «мамай Лідай», казалі, што яна была і строгай, і добрай... Крытыкі сцвярджалі, што ў яе ігры «ёсць нешта няўлоўнае, нешта няспынна-вечнае, якое нельга акрэсліць словамі, але можна імгненна адразу ўспрыняць і зразумець. Гэтая здольнасць і ёсць талент».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.