Вы тут

Сяргей Новікаў: Магілёўская вобласць сваю задачу па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву выконвае


Уся гісторыя беларускага спорту наглядна паказвае, што чэмпіёнам можа стаць кожны. Бо для гэтага ёсць усё. Умовы для трэніровак створаны. Мэтанакіраванасці і працаздольнасці беларусам не займаць. Дасведчаныя трэнеры, здольныя развіць найлепшыя якасці спартсменаў, працуюць не складаючы рук. 

І ўсё гэта засяроджана не толькі ў сталіцы. Спартыўнае жыццё віруе і ў рэгіёнах. У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» мы паспрабуем растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.


Фота з асабістага архіва героя

Гістарычна склалася так, што Магілёўская вобласць славілася зімовымі відамі спорту. Мала якая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа з раённага цэнтра выхавала некалькіх спарстменаў з алімпійскімі медалямі. Але ў Чавусах выраслі вядомыя біятланісты — алімпійская чэмпіёнка 2018 года Дзінара Алімбекава і сярэбраны прызёр 2010 года Сяргей Новікаў. А ў Бабруйску з розніцай у некалькі гадоў першыя грабкі зрабілі алімпійскія чэмпіёны ў веславанні на каноэ Аляксандр і Андрэй Багдановічы. Тут жа раскрыліся зоркі жаночай барацьбы Ірына Курачкіна і Ванеса Каладзінская, якія заваявалі «серабро» і «бронзу» на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Цяжкаатлеты, сярэбраныя прызёры Алімпійскіх гульняў у Рыа Дар’я Навумава і Вадзім Стральцоў, сярэбраны прызёр Афін Андрэй Рыбакоў — таксама магілёўскія спартсмены. Магілёўскую школу цяжкай атлетыкі на Алімпійскіх гульнях у Парыжы прадстаўляла Сюзанна Валадзько, якая заняла чацвёртае месца. Наша сенсацыя — сярэбраны прызёр парыжскіх гульняў Віялета Бардзілоўская — свае першыя скачкі на батуце выканала таксама ў Магілёве. Сярэбраны прызёр гэтай Алімпіяды ў акадэмічным веславанні Яўген Залаты нарадзіўся ў Краснаполлі. Гэта алімпійскія поспехі магілёўскіх спартсменаў у суверэнны перыяд беларускай гісторыі. Ім папярэднічалі перамогі ў спартыўнай гімнастыцы Святланы Баітавай у 1988-м і веславанні на каноэ Аляксандра Масяйкова ў 1992 годзе. Відавочна, спартыўнае жыццё ў Магілёўскай вобласці віруе не толькі зімой, але і круглы год. Пра яго асаблівасці, поспехі і праблемы расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Новікаў.

— Сяргей Валянцінавіч, як развіваецца спартыўная галіна ў рэгіёне?

— Спакойна і размерана. Спорт вярнуўся ў нармальнае рэчышча пасля ковідных часоў. Адхіленне ад міжнародных стартаў, вядома, галаўнога болю дадало, але мы выбудавалі ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі, і спаборніцкай практыкі нашым спартсменам хапае. Асабліва радуе, што многія ўжо дапушчаны да міжнародных спаборніцтваў. Таму глабальных змен у спартыўнай галіне Магілёўскай вобласці няма. Усё ідзе па плане. У звычайным рэжыме дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, вучылішча алімпійскага рэзерву рыхтуюць маладое пакаленне для перадачы ў нацыянальныя каманды. Па выніках 2023 года Магілёўская вобласць перадала самую вялікую колькасць спартсменаў у вышэйшае звяно падрыхтоўкі. Мяркую, гэта вельмі красамоўны паказчык работы школ, цэнтра алімпійскага рэзерву. І мы ідзём толькі на павелічэнне гэтых паказчыкаў. Відавочна, не ўсё так проста, хапае і праблем. Самае балючае пытанне, якое знаходзіцца і ў поле зроку аблвыканкама, Міністэрства спорту і турызму, мабыць, — кадры.

— Праблема старая як свет…

— І вельмі адчувальная, асабліва для раённых цэнтраў. Напрыклад, у Горках выдатная спартыўная інфраструктура, добрая матэрыяльная база, але вынікі слабыя, таму што не хапае спецыялістаў. Мы бачым самы прыдатны варыянт для вырашэння гэтай праблемы — мэтавая падрыхтоўка — у ідэале ў нашым Магілёўскім універсітэце, каб у маладых людзей не было спакусы застацца ў сталіцы ці іншым горадзе. Таму ва ўсіх дзіцяча-юнацкіх школах вобласці вельмі ўважліва сочаць за сваімі выхаванцамі. Аб’ектыўна не ўсе дзеці, што там займаюцца, пяройдуць у вышэйшае звяно. Але яны могуць атрымаць адукацыю трэнера — працоўных месцаў хапае. Напрыклад, у Клімавічах выдатная школа лыжных гонак, адзіны прызёр чэмпіянату свету ў нашай краіне Леанід Карняенка менавіта з Клімавічаў. Лыжныя гонкі там развіваюцца шмат у чым дзякуючы трэнерскай сям’і Шапаравых. Яны выгадавалі не аднаго спартсмена, у іх цэлая плеяда лыжнікаў. Іх каласальны досвед трэба перадаваць моладзі, у ідэале з таго ж рэгіёна. І мэтавая падрыхтоўка ў гэтым пытанні вельмі дапамагае. Умовы для працы створаны, Мінспорту і аблвыканкам маладым спецыялістам усяляк дапамагаюць. А той, хто працуе сумленна, і вынік годны паказвае, і заробак атрымлівае нядрэнны.

— Магілёўская вобласць славіцца традыцыямі ў зімовых відах спорту. Але аб’ектыўна большую цікавасць выклікаюць гульнявыя віды. А тут не ўсё так аптымістычна…

— Не пагаджуся. Каманда Магілёўскага ЦАР па пляжным футболе дастойна выступіла ў Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў. Гэта адна з найлепшых каманд Магілёўскай вобласці ў гульнявых відах спорту. Яны выйгралі чэмпіянат Беларусі і атрымалі права выступіць на Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў у Партугаліі. Сярод 34 каманд-удзельніц заняць шостае месца для абласной каманды — вельмі годны вынік. Пляжны футбол у вобласці развіваецца ўжо даўно, але ў асноўным на ўзроўні ДЮСШ. У Кіраўску ёсць поле для пляжнага футбола, ёсць спецыялісты. Але паколькі аддзяленне ў дзіцяча-юнацкіх школах можа быць толькі па футболе, тры гады таму было прынята рашэнне перадаць каманду ў Магілёўскі цэнтр алімпійскага рэзерву. Вынікі даказваюць, што гэтае рашэнне было правільнае.

— Але адным пляжным футболам жывы не будзеш.

— Не губляецца баскетбольны «Барысфен». У 2023 годзе ўпершыню ў гісторыі заваявалі Кубак Беларусі. У чэмпіянаце краіны два гады запар займалі трэцяе месца, хоць да гэтага пяць гадоў запар былі другімі. Жаночая валейбольная каманда «Камунальнік» заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце краіны. Ёсць пытанні да гандбольнага «Машэкі», у гэтым сезоне яны занялі толькі шостае месца ў чэмпіянаце Беларусі. Усё, што вобласць павінна рабіць для клубаў па гульнявых відах спорту, робіць. Каманды часта любяць наракаць на недастатковае фінансаванне. Але Магілёўскую вобласць яны не могуць у гэтым папракнуць. На будучыню ёсць задумка аб’яднаць гэтыя тры клубы па гульнявых відах у адну структуру. Гэта злучана са спецыфікай работы ў арганізацыйным плане, але дасць станоўчы эфект і для спартыўнай часткі. Пры кожным клубе, акрамя дарослай каманды, ёсць і дзіцячая школа. Пры аб’яднанні клубаў школа таксама будзе адна, з трыма кірункамі. Фінансы, спартыўныя аб’екты — усё будзе сумленна дзяліцца паміж імі.

Да нашых клубаў па гульнявых відах спорту цяпер, сапраўды, нямала пытанняў, не заўсёды іх вынік здавальняльны. Але мы не можам не дапамагаць гэтым камандам. Калі ўжо ў вобласці ёсць каманды рэспубліканскага ўзроўню, то трэба накіроўваць на іх крыху больш рэсурсаў. Але і патрабаванні павінны быць больш сур’ёзнымі. Безумоўна, трэба больш увагі звяртаць на спартыўныя школы не толькі пры клубах. Бо аддзяленні па гульнявых відах працуюць у ДЮСШ па ўсёй вобласці, і яны таксама павінны пастаўляць у каманды таленавітых гульцоў. Трэба больш уважліва падыходзіць да адбору маладых, таму што, на маю думку, каманды, якія прадстаўляюць вобласць, павінны складацца са спартсменаў, якія нарадзіліся і выраслі ў гэтай вобласці.

— Магілёўскі спартсмен Ягор Шарамкоў у гэтым сезоне паказвае нядрэнны вынік — выйграваў этап Кубка свету, Гульні БРІКС. Улічваючы нядрэнныя традыцыі спартыўнай гімнастыкі на Магілёўшчыне, як цяпер развіваецца гэты від?

— Так, традыцыі ёсць. Але, на жаль, Магілёўская вобласць таксама адчула негатыўныя наступствы ад’езду спецыялістаў за мяжу. Цяпер трэнераў хапае, але загваздка ў тым, што спартыўная гімнастыка — вельмі спецыфічны від, у якім раскрыцца і трэнеру, і спартсмену вельмі складана. І, на вялікі жаль, вялікага патоку талентаў у нас няма. Тым не менш у частцы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву рэгіён не прасядае. У школе «Багіма» мы прымаем спаборніцтвы дастаткова высокага ўзроўню, цікавасць ёсць. Але перад усёй спартыўнай гімнастыкай сёння стаіць цэлы комплекс праблем. І гэта датычыцца не толькі Магілёўскай вобласці, але і ўсёй краіны.

— Падобная сітуацыя і з лыжнымі гонкамі: традыцыі ёсць, рэзерв рыхтуецца, а высокіх вынікаў не назіраецца…

— Магілёўская вобласць нязменна займае першае месца ў чэмпіянаце Беларусі па лыжных гонках сярод спартыўных школ. У ДЮСШ вобласці аддзяленні лыжных гонак запоўнены, адкрыты групы ў цэнтры алімпійскага рэзерву. У вобласці ёсць усё неабходнае, прасядання ні ў біятлоне, ні ў лыжных гонках няма. Па выніках алімпійскіх дзён моладзі ў лыжных гонках Магілёўская вобласць заняла першае месца. Перадача спартсменаў у асноўную каманду праходзіць без праблем кожны год. Напрыклад, Раман Ялетнаў, які займаўся біятлонам, і перайшоў у лыжныя гонкі, наш выхаванец. Вобласць сваю задачу выконвае. Чаму няма плёну, варта спытаць у вышэйшага звяна.

— Знакамітая біятлонная школа ў Чавусах аднымі дасягненнямі Сяргея Новікава і Дзінары Алімбекавай жыць не будзе. Якія перспектывы вы бачыце ў выхаванцаў гэтай школы?

— У Чавусах выраслі не толькі Новікаў і Алімбекава. Раман Ялётнаў таксама адтуль. Павел Бялько, член нацыянальнай каманды па біятлоне, родам з Чэрыкава, але спартыўны шлях пачынаў у Чавусах. І цяпер там ёсць перспектыўныя дзеці. Але казаць аб тым, што ўсе з іх абавязкова стануць алімпійскімі чэмпіёнамі, няправільна. Ад Чавус да Алімпійскіх гульняў ім трэба прайсці вялікі шлях, і невядома, як ён складзецца. У Чавусах дзеці трэніруюцца да 11 класа школы, а як складзецца іх дарослае жыццё і як яны сябе ў ім рэалізуюць, ніхто не ведае.

— Назіраецца наступная сітуацыя: вобласць рыхтуе рэзерв, праводзіць селекцыю, песціць сваіх маладых спартсменаў. Найлепшыя трапляюць у нацыянальныя каманды. Але на шляху да нацкаманды большасць з іх губляецца, а медалі заваёўваюць і зусім адзінкі. На вашу думку, чаму так?

— Усё вельмі празаічна: пачынаюцца праблемы са здароўем, многім надакучае пастаянна трэніравацца, маладыя людзі знаходзяць сябе ў іншай сферы, губляецца матывацыя — прычын маса. Не можа кожны выхаванец ДЮСШ ці вучылішча алімпійскага рэзерву стаць чэмпіёнам свету. Немалаважна, што малады чалавек, які прайшоў праз гэтыя ўстановы, фізічна развіты, здаровы, захоплены спортам. На гэта таксама не варта забывацца.

— Але ж дзяржава ўкладвае грошы ў падрыхтоўку рэзерву, які ў перспектыве будзе прыносіць краіне медалі…

— У ідэале, вядома, кожны выпускнік дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ павінен стаць чэмпіёнам свету або, яшчэ лепш, алімпійскім чэмпіёнам. Але ў жыцці так не бывае. Выхаванне спартсмена ад ДЮСШ да Алімпіяды — гэта найцяжэйшы працэс, у якім варта ўлічваць масу нюансаў, а мноства з іх і зусім немагчыма прадбачыць. Можа, спецыялістам з вышэйшага звяна, трэнерам, якія працуюць з нацыянальнымі камандамі, трэба больш увагі звяртаць на рэгіёны. Мы заўсёды за тое, каб ладзіць у нас майстар-класы, семінары, сустрэчы. Для гэтага ўсё ёсць.

— Сяргей Валянцінавіч, развіццё якіх відаў спорту ў Магілёўскай вобласці цяпер набірае абароты?

— Пасля чацвёртага месца на Алімпійскіх гульнях у Токіа нашай спартсменкі Карыны Дзямінскай стральба з лука набыла «другое дыханне». Спаборніцтвы па гэтым відзе, нагадаю, праходзілі ў Магілёве ў рамках ІІ Гульняў краін СНД у мінулым годзе, нашы спартсмены таксама выступілі годна. Пасля Гульняў краін СНД інвентар застаўся ў нас, што, вядома, дапамагае ў развіцці. Від спорту спецыфічны, але веру, што перспектыўны. Плаванне набірае абароты. Хацелася б больш актыўнага развіцця для тэніса, корты ёсць, аддзяленне ёсць, але катастрафічна не хапае трэнераў.

— Якія новыя спартыўныя аб’екты з’явяцца ў Магілёўскай вобласці?

— Спартыўная грамадскасць доўга скардзілася, што ў Магілёве не хапае лёду для заняткаў фігурным катаннем і канькабежным спортам. Лядовая арэна, якой 22 гады, запоўненая на 98,9 працэнта. З-за гэтага шорттрэкісты, канькабежцы вымушаны з Магілёва ездзіць у Шклоў на трэніроўкі. Таму цяпер вядзецца праектаванне хакейнай арэны, якая таксама будзе мець канькабежную дарожку. Такога аб’екта сапраўды вельмі не хапае. Распрацоўваюцца праекты будаўніцтва новых басейнаў. Плануецца рэканструкцыя коннага цэнтра. У распрацоўцы знаходзіцца праект сучаснай вяслярнай базы ў Бабруйску. Тут выраслі два алімпійскія чэмпіёны па веславанні, традыцыі каласальныя, але да гэтага часу спартсмены пераапранаюцца на беразе ракі ў хатках 1960-х гадоў пабудовы, дзе нават душа няма. Гэта неабходна выпраўляць. Шэраг спартыўных аб’ектаў перажываюць рамонт. Акрамя таго, у рамках праекта «Спорт для ўсіх» Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў многіх гарадах адкрыты шматфункцыянальныя пляцоўкі, даступныя ўсім ахвотным.

— Сяргей Валянцінавіч, з пункту гледжання не функцыянера, а спартсмена, што вы можаце параіць спартсменам, якія ўсё яшчэ адхілены ад міжнародных стартаў?

— Алімпійскія гульні ў Парыжы паказалі, што калі падчас адхілення ўпарта працаваць і не апускаць рукі, то па вяртанні можна гучна аб сабе заявіць. Так, прадстаўнікі многіх відаў, напрыклад, лёгкай атлетыкі, да гэтага часу ў «бане». І відавочна, што іх гэта не задавальняе. Але ёсць спаборніцтвы з расійскімі спартсменамі, ёсць матэрыяльная падтрымка ад федэрацый па відах спорту, міністэрствы, абласныя стыпендыі. Усё залежыць толькі ад настрою і маральнага духу самога спартсмена. Так, можна скласці рукі і сказаць, што калі няма стартаў, то і працаваць не трэба. Але і вынік гэтага рашэння будзе адпаведны. А калі трэніравацца, верыць у сябе і свайго трэнера, то можна пераадолець усе наступствы спартыўнага крызісу.

— Вас з кабінета не цягне паспаборнічаць, напрыклад, у якасці трэнера?

— Часам мне здаецца, што мая спартыўная кар’ера была ў мінулым жыцці. Я займаюся для сябе фізічнай культурай: бег, веласіпед, плаванне, часам лыжы. Каб праявіцца як трэнер, трэба гэтым жыць, жыць на зборах і спаборніцтвах. Праездзіўшы паўжыцця на зборы і спаборніцтвы, я, мабыць, не гатовы прысвяціць гэтаму яшчэ паўжыцця. Можна прыносіць карысць спорту і ў іншай ролі.

Валерыя СЦЯЦКО

Магілёў

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.