Лета зіму корміць — недарэмна кажуць у народзе. Беларусы — людзі гаспадарлівыя, звыклі рабіць прыпасы. А як жа без іх? Таму ў кнізе Ганны Цюндзявіцкай «Літоўская гаспадыня», што вучыла кабет XІX стагоддзя весці гаспадарку, гэтаму прысвечаны цэлы раздзел — «Як захаваць на зіму свежую капусту ў качанах», «Як захоўваць у сотах свежы мёд цэлы год», «Як захаваць зімой зялёны гарох», «Як захаваць агрэст для страў на зіму», «Як захоўваць зімой свежыя слівы-венгеркі»... Нават у наш час, калі ўсё можна не толькі набыць у краме, але і замовіць па інтэрнэце на дом, хочацца самому назапасіць сакавіты плён лета ў халадзільніку ці каморы. А як рабілі прыпасы нашы літаратурныя героі і што менавіта яны назапашвалі — давайце ўспомнім разам.
Якуб Колас дужа любіў збіраць грыбы. Цэлыя кошыкі баравікоў дадому прыносіў. Таму ў хаце заўсёды меліся назапашаныя грыбочкі. І ў паэме «Новая зямля» пра гэта гаворыцца:
«Мне не даюць грыбы спакою,
Баравікі мне часта сняцца,
Мне з імі трэба паквітацца...
Чорнагаловыя, ўдалыя,
Баравічкі мае любыя!
Якою слаўнаю сям’ёю
Вы ўстаяце перада мною!
Я помню летнія часіны
І вас, грыбныя баравіны!
Ранюткі час. Нідзе нікога,
Між дрэў звіваецца дарога,
А па дарозе ты з кашом
У лес шыбуеш ціхачом,
Каб ашукаць жанок руплівых,
Бяссонных, вечна клапатлівых,
І ім на злосць, на зайздрасць тую
Набраць грыбоў капу, другую,
Пакуль агледзяцца яны,
Што там «карэньчыкі адны».
Сярод літаратурных герояў чэмпіёнка па прыпасах, вядома, Вольга Ляновіч, гераіня рамана Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт». Увішная надзвычай гандлярка з Камароўкі... Чаго толькі няма ў яе: ад мукі да пісталета. І ў метадах не саромеецца. Штось вырошчвае сама, а штось і прыўлашчвае. Калі пачалася вайна, пажывілася ў разбітых крамах. А што, вайна — вайною, а жыць трэба! Але каханне да выкупленага палоннага, мройнага ідэалістычнага юнака Алеся, мяняе Вольгу... Паўплывала і сутыкненне з нямецкімі акупантамі, калі тыя заявіліся ў дом дзеля рабунку. Дабраліся нават да пограба, куды пагналі Алеся…
«Калі зверху асвятлілі ліхтарыкам, здзівіўся прасторы падзямелля і колькасці дубовых бочак — іх стаяла штук восем, шматвядзёрных, смачна пахла квашанай капустай, кропам, дубовым лісцем, але пахла і склепам, прэласцю і яшчэ нечым едкім, як аміяк, ад чаго слязіліся вочы.
Маўклівы гітлеравец, што спусціўся следам, загадаў яму нахіліць бочку. Ды Алесь не здужаў зрушыць яе з месца. Немец зняважліва паглядзеў, як ён натужваецца, і гэтак жа зняважліва груба адпіхнуў хлопца, так што той балюча выцяўся галавой аб бетонную сцяну пограба. Лёгка, адной рукой, немец перакуліў бочку з гуркамі, расол абліў Алесю ногі, гуркі рассыпаліся па бетоннай падлозе, захрусталі пад ботамі ў фашыста, ён давіў іх знарок, з асалодай».
Цёплай парою самы час назапасіць лекавыя зёлкі. У Янкі Купалы ёсць кранальны верш «Бабулька — прадаўшчыца зёлак», на які паэта натхніла падгледжанае ў жыцці:
«У Менску на рынку,
Ў канцы агароды,
Бабулька старая
Садзіцца заўсёды.
Усякія зёлкі
На рынак прыносіць
І людцаў прахожых
Купляць у ёй просіць.
Ляжаць перад бабкай,
Ці вечар, ці ранак,
Пучкі дзівасілу,
Чабор і румянак.
Ад кожнай хваробы
Ё зёлкі, карэнне;
Лячыць можа імі
Падвей, парушэнне.
І любчыку нават
Дасць вам пад сакрэтам
Ды наўча, як зводзіць
Любізнічкам гэтым.
І ўсякіх, усякіх
Дастанеце лекаў,
Якіх толькі людзі
Не зналі ад векаў...
І кепска бабульцы:
Сівая, худая,
Брак сіл працаваці,
Дык зёлкі збірае.
Нясе іх да Менска,
На рынку садзіцца,
Збывае і вуча,
Як трэба лячыцца.
А можа, паможа
Душы хоць адной дзе,
І праца бабулькі
На марна не пойдзе».
Дарэчы, на гэты верш напісаў песню Уладзімір Мулявін.
Галоўны герой аповесці Алеся Жука «Паляванне на апошняга жураўля» Сцяпан, ветэран вайны, перажывае, што сучасныя людзі адвучыліся працаваць на зямлі. Напрыклад, назапашваць на зіму сена. Ужо і Сцяпану не трэба гэтага рабіць, але як адвыкнуць?
«Сцяпан устаў рана. 3 тою спрадвечнаю трывогаю сенакоснае пары, якую ён памятае з малых год. Трэба скасіць, высушыць, састагаваць сена. Пакуль пагода на дварэ. У памяці гэтая пара жыла пахам дзёгцю, якім тлуста падмазвалі колы, ранняю гаманою на вуліцы — і жанок, і дзяцей…
Сцяпан не прыкмячаў сам, што цяпер паўтараў той, дзесяткамі гадоў нажыты лад жыцця. Так ён пачынаў рабочы дзень тады, калі і зямлю аралі коньмі, і з кожнае хаты амаль што было па мужчыну, не кажучы ўжо пра хлапчукоў і хлопцаў, калі касілі і звозілі сена ў гумны, калі жалі і вазілі снапы, і на жніво звінела поле ад песень, калі яму падносілі сноп, калі яму жанкі звівалі вянок!..
Цяпер у гумне складаюць сена, канюшыну. Сцяпан не заходзіў у гумно — пастаяў у варотах — вось і ўся яго гатоўка да касьбы: адчыніць гумно, каб скідаць сена, скласці цюкі, калі будзе сцюкаванае. Косамі касіць не трэба, грэбці самім не трэба — чакай, пакуль прывязуць».
Уладзімір Караткевіч у вершы «На пачатку дарог» апаэтызаваў працэс нарыхтоўкі капусты. У вёсцы яе назапашвалі талакой, ставілі бочкамі:
«Жанчыны сечкамі
таўкуць бадзёра,
Як быццам спора выбіваюць такт
Для нейкай небывала
хуткай полькі.
Ў распараныя глоткі
цёмных бочак
Плыве капуста белаю гарой.
Яе засыплюць соллю
з чорным кмінам
І зоркамі
чырвонай смачнай морквы,
Там-сям антонаўку
для духу кінуць
І зноўку пачынаюць
дружна стукаць...
Газніца цьмяна
свеціць на шынкоўні:
Жанчыны тут сышліся „талакою“
Дапамагчы
нашаткаваць капусты,
А каб сказаць па праўдзе,
паспяваць,
Пажартаваць,
забыўшы ноч і цемру...»
Для герояў аповесці Васіля Быкава «Знак бяды», старых вяскоўцаў Петрака і Сцепаніды, галоўны запас — гэта бульбачка. Дарэчы, слова «бульба» і вытворныя ад яго паўтараюцца ў гэтай невялікай аповесці дзевяноста чатыры разы!
Пятрок разважае: «Бульба добра ўрадзіла сёлета, на гародзе яе ўжо выкапалі і засыпалі поўную яму, але і яшчэ будзе не меней. У яму ж каторы год пад вясну находзіць вада, таму рэшту трэба закрыць у капец на пагорку ў канцы гарода — так заўсёды рабілі на хутары ва ўраджайныя на бульбу гады. Бульбачку трэба было шанаваць, тая здаўна была галоўным набыткам з поля — хлеб радзіў не заўсёды і к вясне канчаўся, а бульбачкі часцяком хапала да новай. Калі яе ў час выбраць, засцерагчы ад марозу, вады, дык хапала сабе і скаціне — бульбачка не адзін ужо год бараніла ад голаду».
Праўда, дарабляць капец з бульбай даводзіцца жонцы Петрака Сцепанідзе: «Не дужа складаная гэта справа, хоць і лічылася чыста мужчынскай, — забуртаваць якія два вазы бульбы. Сцепаніда падраўняла кучу, падгрэбла, шчыльней абклала саломай і пачала абкопваць зямлёй».
А вось Пімен Панчанка ў вершы «Яблыкі», напісаным у 1975 годзе, падымае важную праблему — як не даць згінуць багатаму ўраджаю садавіны, як палескай антонаўцы трапіць да сталічнага спажыўца?
«Урадзіла сёлета не скупа
Белых, бурштыновых, залатых.
І плыве ўначы пад зорны купал
Смачны пах садоў, як мёд густы.
Як жа гэтым яблыням цудоўным
Да сталіцы рукі дацягнуць?
Яблыкі галлё у дугі гнуць,
Іх — куды ні глянь —
усюды поўна.
Хрубастаць іх будуць не мінчане,
Над ападам горбіцца наш сад.
Тут кароў салодкае мычанне,
Яблычнае свята ў парасят.
Самазвалы
на прасёлках грузнуць.
Восень.
На зямлі і ў небе муць.
А па Чорным моры сухагрузы
Яблыкі заморскія вязуць.
Звар’яцелы вецер свішча рэзка,
Недзе ціха тупае зіма.
Хочацца антонаўкі палескай...
Ёсць, сябры, пытанне ці няма?»
Што ж, няхай у вашых хатах, шаноўныя чытачы, будзе дастаткова летніх прыпасаў, каб пасмакаваць іх узімку, хай не скончыцца і палеская антонаўка, і бульбачка, і сушаныя баравічкі, і лекавыя зёлкі з беларускіх лугоў!
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.