Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын правёў асабісты прыём грамадзян у Салігорску. І хоць раён адзін з самых паспяховых, праблем тут усё ж хапае. На прыём да кіраўніка вобласці, які доўжыўся з самай раніцы і да вечара, запісалася больш як 30 чалавек. Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да прыёму грамадзян, наведаў горад шахцёраў і разам з адказнымі асобамі пастараўся разабрацца, як трансфармаваць садаводчае таварыства ў населены пункт, чаму пенсіянерка вось ужо 17 гадоў не можа вырашыць пытанне са спадчынай і чаму жанчына, якая выхоўвае дзіця-інваліда, больш за 14 гадоў не можа атрымаць запаветныя метры жылля.
Пажылая маці жыхаркі Салігорска Іны Аляксандраўны пражывае ў аграгарадку Ананчыцы і не можа вырашыць пытанне ацяплення і падагрэву вады з дапамогай электрычнасці. На звароты ў абслуговую арганізацыю яна атрымала адмову, матываваную недахопам магутнасцяў сістэмы электразабеспячэння населенага пункта: «Нам адмаўляюць у сувязі з недахопам магутнасцяў электразабеспячэння, кажуць, што ў нас старыя электрасеткі і нічога зрабіць нельга. Маме ўжо 76 гадоў, яна хворая. Як пажылы чалавек можа цягаць дровы і паліць печ? І я ж таксама не магу кожны дзень ездзіць туды...»
Заяўніцы патлумачылі, што ў найбліжэйшы час павелічэння магутнасцяў электразабеспячэння ў населеным пункце не плануецца. Генеральны дырэктар «Мінскэнерга» Павел Гарудка пацвердзіў, што сеткі ў Ананчыцах старыя, яны знасіліся: «Заяўніца звярталася да нас. Мы выдзелілі на дом чатыры кілаваты з умовай, што тры будуць выкарыстаны на ацяпленне дома. Пазней Іна Аляксандраўна заявіла, што хоча яшчэ 8,5 кілавата. Аднак прапускная магчымасць гэтага не дазваляе. Па дадзенай лініі звярталіся яшчэ два чалавекі, але ім таксама было адмоўлена».
Аляксандр Турчын адзначыў, што для ацяплення невялікага дома чатырох кілават цалкам дастаткова: «Сёння павелічэння да 15 кілават па вёсцы не будзе. У самым лепшым выпадку гэта здарыцца праз 3-4 гады. І, калі вы хочаце зрабіць электраацяпленне і плаціць па льготным тарыфе, гэта трэба рабіць цяпер, пакуль да зімы яшчэ ёсць час. Але варта паглядзець па Ананчыцах: калі населены пункт вялікі, трэба паскоранымі тэмпамі перайсці да яго электрыфікацыі. Тым больш што ў вёсцы, як высветлілася, няма газу».
Дадзенае пытанне перагледзяць з улікам колькасці жыхароў і таго факта, што вёска не газіфікавана і адзіная Альтэрнатыва дровам — электрычнасць. Акрамя гэтага, заяўніцы прапанавалі выкарыстоўваць магчымасць электраацяплення дома ў рамках наяўных тэхнічных магчымасцяў, выкарыстоўваючы канвектары. Губернатар таксама даручыў, каб мясцовыя службы падказалі Іне Аляксандраўне, якія канвектары ўстанавіць у доме, каб хапіла магутнасці трох кілават на ацяпленне.
Зінаіду Іванаўну з Салігорскага раёна таксама хвалюе пытанне электразабеспячэння. У садаводчым таварыстве «Крыніца» вось ужо 30 гадоў дачнікі жывуць без электрычнасці. Будаваць лінію электраперадачы за свой кошт, нават сумеснымі намаганнямі, па словах заяўніцы, не па сілах. Менавіта з гэтай прычыны ўладальнікі дачных домікаў без шкадавання пакідаюць свае ўчасткі. Старшыня таварыства Сяргей Мікалаевіч распавёў, што ў адной мясцовасці знаходзіцца адразу чатыры таварыствы, якія не электрыфікаваны. Разам з Зінаідай Іванаўнай яны просяць дапамогі ў вырашэнні пытання.
«Ёсць Указ Прэзідэнта № 155, у якім зацверджана палажэнне аб садаводчых таварыствах. Там выразна прапісана, што засваенне зямельных участкаў агульнага карыстання, уключаючы стварэнне аб’ектаў агульнага карыстання, інжынернай інфраструктуры, ажыццяўляецца за кошт самога таварыства. Заканадаўствам ніякага бюджэтнага фінансавання для стварэння інфраструктуры не прадугледжана. Найбліжэйшая электрастанцыя, да якой можна далучыцца, знаходзіцца за два кіламетры ад таварыства. Кіламетр лініі 10 кілавольт у паветраным выкананні каштуе прыкладна 70–80 тысяч рублёў, два кіламетры — каля 150 тысяч рублёў, плюс устаноўка неабходных элементаў — гэта яшчэ прыкладна 100 тысяч рублёў», — падлічыў генеральны дырэктар «Мінскэнерга» Павел Гарудка.
Па словах кіраўніка цэнтральнага рэгіёна, ёсць два варыянты вырашэння праблемы: «Першы — электрыфікацыя за ўласныя сродкі членаў таварыства. Другі варыянт — трансфармацыя таварыства ў населены пункт. Пры згодзе ўсіх членаў таварыства мы можам стварыць новы населены пункт і пракласці туды адпаведную інфраструктуру. Пры станоўчым вырашэнні пытання гэта будзе ўнікальны выпадак у краіне, які можам выкарыстоўваць і далей. Перагаворыце з людзьмі, са старшынёй сельсавета. Тэма вельмі цікавая. Я лічу, калі людзі гатовыя, неабходна пачынаць і рухацца ў гэтым кірунку».
Таксама Зінаіда Іванаўна пацікавілася, ці можа аўтакрама абслугоўваць іх дачы. Гэтае пытанне было вырашана неадкладна. Праз некалькі дзён аўтакрама будзе прыязджаць у «Крыніцу».
З падобным пытаннем звярнуўся жыхар Салігорска Ігар Аляксандравіч. У мужчыны ёсць зямельны ўчастак у садаводчым таварыстве «Іздрашава», размешчанага па суседстве з аднайменнай вёскай. Па словах заяўніка, практычна ўсе члены таварыства выступаюць за тое, каб далучыцца да населенага пункта: «Мы падалі адпаведную заяву, атрымалі адабрэнне выканкама, але электрасеткі не даюць згоду. Маецца шмат дробязяў, з-за якіх таварыства не ўключаюць у межы вёскі. Адна з іх — слупы ліній электраперадач стаяць не на землях агульнага карыстання, а на ўчастках членаў таварыства. Але ж гэтыя слупы ставіліся яшчэ ў 90-я гады, што цяпер каму дакажаш? Ці варта займацца ў далейшым гэтай тэмай?» — задаў пытанне губернатару Ігар Аляксандравіч.
«Тэма досыць цікавая. Дадзенае пытанне неабходна вырашаць комплексна. Трэба ўсім службам, якія прымаюць рашэнне аб уключэнні ці неўключэнні садаводчага таварыства ў межы вёскі, даручыць скласці пералік прадпісанняў, якія трэба выканаць Іздрашаву, каб увайсці ў склад вёскі. Тады людзі будуць разумець, могуць яны ліквідаваць нестыкоўкі ці не. Калі не, вырашым, што рабіць далей», — адзначыў Аляксандр Турчын.
Марыя Фёдараўна з Салігорска вось ужо 17 гадоў не можа вырашыць пытанне са спадчынай. Яе дачка даўно жыве за мяжой, пасля смерці бацькі (мужа Марыі Фёдараўны) у спадчыну не ўступала і адмаўляецца ад сваёй долі, пра што неаднаразова дасылала лісты. Пенсіянерка занепакоена тым, што натарыус адмаўляецца афармляць спадчыну: «Мой муж памёр яшчэ ў 2007 годзе. Мая дачка ўжо даўно жыве ў іншай краіне, апошні раз была ў Беларусі ў 2008-м. Яна адмаўляецца ад сваёй долі спадчыны, гэтая кватэра ёй не патрэбна».
Начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама Тамара Праскова патлумачыла, што, паводле дзеючага заканадаўства, для таго, каб вырашыць пытанне, неабходна асабістая прысутнасць чалавека, які збіраецца адмовіцца ад спадчыны, альбо яго даверанасць павінна быць аформлена на тэрыторыі Беларусі.
Пры размове з заяўніцай высветлілася, што невядома, якое грамадзянства мае яе дачка, а ад гэтага многае залежыць. Аляксандр Турчын прапанаваў Марыі Фёдараўне стэлефанавацца з дачкой разам з натарыусам. «Спецыяліст задаў бы вашай дачцэ неабходныя пытанні, якія паспрыялі б вырашэнню праблемы. У даверанасці на самай справе пазначаны даныя пашпарта, выдадзенага Салігорскім РАУС у 2003 годзе. Гэта значыць, што ўказаны пашпарт грамадзяніна нашай краіны. Ён можа быць ужо зусім неправадзейны. Неабходна, каб спецыяліст звязаўся з вашай дачкой і задаў прафесійнае, зразумелае і выразнае пытанне. Калі яна сапраўды грамадзянка іншай краіны, тады, думаю, ніякіх праблем не будзе».
Салігарчанка Кацярына Сяргееўна вось ужо больш за 10 гадоў не можа атрымаць жыллё. У жанчыны двое дзяцей. Старэйшы сын, якому 14 гадоў, мае групу інваліднасці. З 2010 года сям’я стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, з 2014-га — на асобнай, льготнай чарзе. Аднак кватэру жанчына так і не атрымала: «Я неаднаразова звярталася ў мясцовы райвыканкам. Мне ўсе кажуць, што чарга яшчэ не падышла. Але ж дамы ў Салігорску будуюцца, у тым ліку для шматдзетных. Дык чаму ж сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, у іх не выдзяляюць кватэры?»
Жанчына дадала, што ў 2023 годзе Салігорскі райвыканкам усё ж даслаў запрашэнне на будаўніцтва ў горадзе кватэры. Але потым адклікаў яго: «Я прыйшла ў выканкам, напісала заяву на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, але, як потым мне патлумачылі, супрацоўнік выканкама дапусціў памылку, і ніякае жыллё нам з дзецьмі не прызначана. Амаль сем месяцаў мяне вадзілі за нос. Казалі, што ў новым мікрараёне Салігорска будзе будавацца шматпавярхоўка для шматдзетных і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Потым раптам аказалася, што такіх сем’яў не назбіралася, і дом будавацца не будзе. А ў выніку дом гэты ўжо здалі».
Начальнік аддзела па жыллёвых пытаннях упраўлення ЖКГ, энергетыкі і паліва Мінскага аблвыканкама Анастасія Сабірай распавяла, што раней Кацярыне Сяргееўне неаднаразова прапаноўвалася сацыяльнае жыллё, ад якога жанчына адмовілася, бо выказала жаданне будаваць кватэру. «Затым у 2021 годзе, пасля апытання ўсіх шматдзетных сем’яў, салігарчанцы было прапанавана будаўніцтва кватэры з дзяржаўнай падтрымкай. Кацярына Сяргееўна адмовілася ад будаўніцтва, бо захацела будавацца менавіта ў горадзе. Сёння на будаўніцтва ў першую чаргу накіроўваюць шматдзетныя сем’і, у тым ліку шматдзетныя з дзецьмі-інвалідамі і тыя, у каго чацвёра і больш дзяцей. Калі пасля апытання кватэры застаюцца, іх накіроўваюць людзям, якія таксама маюць права на пазачарговае атрыманне жылля».
Старшыня Салігорскага райвыканкама Анатоль Ладыга адзначыў, што ў мікрараёне будуецца 216-кватэрны дом, дзе 160 кватэр выдзелены тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пакуль там ёсць і свабодныя кватэры: «На дадзены момант мы можам прапанаваць Кацярыне Сяргееўне жыллё ў гэтым доме. Але пры ўмове, што не дабавяцца шматдзетныя сем’і. Тыя, хто першапачаткова адмовіўся будавацца ў гэтым доме, могуць перадумаць і зноў пагадзіцца. Тады колькасць свабодных кватэр скароціцца».
«Атрымліваецца, ёсць дом, дзе прадугледжаны кватэры для шматдзетных. Умоўна, нейкай сям’і прапанавалі ў ім будавацца, а яна адмовілася. Але праз тыдзень перадумала і ўжо згодная. Прайшло яшчэ пару дзён — і зноў адмова. Потым зноў згода. І гэта будзе доўжыцца бясконца? — абурыўся губернатар. — У пытанні неабходна паставіць кропку. Трэба выразна сказаць Кацярыне Сяргееўне, ці можа яна разлічваць на будаўніцтва кватэры ў шматпавярхоўцы, якая цяпер будуецца, або пакуль не».
Кіраўнік Міншчыны даручыў прааналізаваць праблему, калі шматдзетныя сем’і могуць адмовіцца ад будаўніцтва жылля, а потым перадумаць, прычым неаднойчы. Калі пытанне актуальна і для іншых рэгіёнаў, вырашаць яго неабходна на заканадаўчым узроўні.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.