Вы тут

На што здольная сучасная імпланталогія?


Асляпляльная белазубая ўсмешка — найлепшае ўпрыгожанне. На жаль, нават тыя, хто сочыць за сваім здароўем, не застрахаваны ад выдалення зубоў. І ў гэтых выпадках даводзіцца шукаць замену. Стаматалогія ў нашы дні прапаноўвае розныя варыянты. Чаму дэнтальная імплантацыя — адзін з найлепшых выхадаў? Што яна сёння можа прапанаваць? Як выбраць добрага спецыяліста? Пра гэта гутарым з доктарам медыцынскіх навук, прафесарам кафедры хірургічнай стаматалогіі БДМУ, урачом — сківічна-тварным хірургам цэнтральнай раённай паліклінікі № 14 Мінска, імплантолагам Таццянай Шавела.


— Таццяна Леанідаўна, для тых, хто зусім не ў тэме, растлумачце, калі ласка, што сабой уяўляе імплантат у стаматалогіі.

— Гэта цвёрдая конусападобная структура, якая анатамічна адпавядае кораню зуба і ўстанаўліваецца ў косць або пад надкосніцу замест выдаленых зубоў. Вырабляюцца імплантаты, як правіла, з тытану — біяінертнага матэрыялу, які не падвяргаецца карозіі, не выклікае алергій, не аказвае неспрыяльнага ўздзеяння на фізіялагічную сістэму.

— Каму і ў якіх выпадках звычайна рэкамендуюць ставіць імплантаты?

— Як правіла, іх выбіраюць тыя, каго па розных меркаваннях не задавальняе здымны пратэз ці «мост». Сёння ёсць розныя варыянты дэнтальнай імплантацыі. Пры адтэрмінаванай імплантат ужыўляецца толькі пасля зарастання і запаўнення касцявой тканкі пустой лункі. Але нярэдка, калі зуб зламаўся, адразу выдаляюць яго корань і ў зубную альвеолу (паглыбленне) тут жа ўстанаўліваюць імплантат.

— Ці ёсць у імплантатаў перавагі перад здымнымі пратэзамі і «мостам»?

— 95% пацыентаў з пухлінамі слізістай абалонкі рота — мужчыны і жанчыны, якія доўгі час насілі здымныя пратэзы, рэдка наведваюць стаматолагаў-артапедаў і не заўважылі траўм слізістай абалонкі, якія прыводзяць да развіцця анкалогіі. Імплантаты такіх пагроз не ствараюць. Яны ў прынцыпе не маюць пабочных эфектаў.

— Што ўяўляе сабой аперацыя па ўжыўленні штучных зубоў?

— Праводзіцца разрэз слізістай абалонкі, з дапамогай фрэз (спецыяльных прылад) фарміруецца касцявое ложа і ўкручваецца імплантат. Зверху на яго часова можна ўстанавіць фармавальнік дзяснавай манжэты. На завяршальным этапе пратэзавання ставіцца штучная каронка. Аперацыя праходзіць пад мясцовай анестэзіяй, яна зусім бязбольная. Доўжыцца ад 20 да 90 хвілін. Запэўніваю вас: часам выдаліць зуб значна складаней, чым усталяваць імплантат.

— Колькі часу прыжываецца імплантат? Гэта перыяд строгіх абмежаванняў у харчаванні?

— Час астэаінтэграцыі залежыць ад тыпу касцявой тканкі. Іх усяго чатыры, першы — самы важны. Працэс прыжыўлення абумоўлены генетычна, паскорыць яго немагчыма. Звычайна ён доўжыцца 4-6 месяцаў. Сем дзён пасля ўстаноўкі імплантата трэба выключыць з ежы вострыя стравы і цвёрдыя прадукты. Ніякіх іншых абмежаванняў няма. Самае важнае ў гэты перыяд — захаванне гігіены рота.

— У якіх выпадках імплантаты могуць не прыжыцца?

— Пры ўстаноўцы дэнтальных імплантатаў заўсёды ўлічваюцца спадарожныя захворванні, стан прыкусу, гігіены рота, слізістай абалонкі. Калі ў роце шмат зубнога налёту, камянёў, то імплантат, напэўна, не прыжывецца. Вельмі высокая рызыка гэтага і ў пацыентаў, у касцявой тканцы якіх прысутнічае хелікабактар пілары — бактэрыя, якая інфіцыруе розныя вобласці страўніка і дванаццаціперснай кішкі. З-за таго, што з надыходам клімактэрычнага перыяду дрэнна пачынае ўсмоктвацца кальцый, імплантат можа адрывацца ў жанчын, старэйшых за 50 гадоў, але ў гэтых выпадках праблема звычайна вырашаецца.

— Дарэчы, аб узросце. Часам зубы могуць страціць і дзеці з-за сваёй высокай актыўнасці. Але ім жа імплантацыя не паказана?

— Згодна з пратаколамі, гэтая аперацыя дазволена з 18 гадоў, калі сфарміравана касцявая тканка, прыкус. У мяне быў 18-гадовы пацыент, які зваліўся з веласіпеда і выбіў зуб. У такіх выпадках маладыя людзі звычайна прыносяць свае «жамчужыны», я вяртаю іх на месца, і яны, як правіла, выдатна прыжываюцца. Але той хлопец не знайшоў свой зуб — прыйшлося ставіць штучны.

— Якім быў ваш самы ўзроставы пацыент?

— 76-гадовы мужчына. У яго не трымаўся здымны пратэз. Мы ўстанавілі яму па два імплантаты на верхнюю і ніжнюю сківіцы і зафіксавалі на іх пратэз.

— Ці бывае такое, што ў аднаго і таго ж чалавека адзін імплантат прыжываецца, а іншы — не?

— Вядома. Касцявая тканка ў сківіцы па сваёй структуры розная. У франтальным аддзеле яна больш шчыльная, чым на бакавых участках, уверсе — друзлая. Часам у здаровых пацыентаў на ніжняй сківіцы з імплантатамі праблем з астэаінтэграцыяй няма, а на верхняй узнікаюць. Дэнтальныя імплантаты ўкручваюцца ў косць з вызначанай сілай — 40 Н/см2. Тыя, якія ставяцца з нармальным ціскам, прыжываюцца, а пры залішнім, які выклікае перагрузку касцявой тканкі, — не.

— Чытала, што перад дэнтальнай імплантацыяй курцы павінны ўстрымлівацца ад цыгарэт. Чаму?

— Так, такое патрабаванне ёсць. І часта ў яго самыя прыемныя наступствы. Пасля некалькіх месяцаў устрымання ад згубнай звычкі пры падрыхтоўцы да ўстаноўкі імплантатаў многія пацыенты ўжо да яе не вяртаюцца. Курэнне ва ўсіх адносінах шкоднае. Яно выклікае спазм буйных і дробных сасудаў, што прыводзіць да недахопу кіслароду і сілкавання. У тых, хто пакутуе на нікацінавую залежнасць, пасля выдалення зуба, як правіла, развіваецца альвеаліт — запаленне ў зубной альвеоле. Гэта супрацьпаказанне для імплантацыі.

— Чым кіруецеся пры выбары імплантатаў?

— Выбіраю тыя, у якіх сучасныя наборы фрэз для апрацоўкі касцявой тканкі. Чым менш траўматычнасці пры аперацыі, тым лепш прыжываецца імплантат. Мы ўстанаўлівалі беларускія вырабы, выкарыстоўваем і імплантацыйныя сістэмы іншых краін. 

У спецыяльнай літаратуры апісаны ўскладненні, якія бываюць у імплантатаў той ці іншай фірмы, іх улічваеш у кожнай канкрэтнай сітуацыі.

— Як доўга могуць праслужыць імплантаты?

— Гэта нельга прадказаць загадзя. Часам верхнюю частку імплантата (каронку) мяняюць праз пяць гадоў, а часам — праз 20.

— Вы абаранілі доктарскую дысертацыю па тэме «Дыягностыка, лячэнне і медыцынская прафілактыка перыімплантыту». Што вас падштурхнула да навуковай работы?

— Прафесійная цікавасць. 

У працэсе практыкі ўзнікалі пытанні, на якія хацелася знайсці адказ. Да мяне толькі доктар медыцынскіх навук У. Л. Параскевіч абараніў дысертацыю, прысвечаную імплантатам. Я была другой. Кажу сваім студэнтам на лекцыях: «На тое, каб прачытаць лекцыю, якая доўжылася адну гадзіну, мне спатрэбілася 20 гадоў працы. Вам ужо лягчэй, вы павінны стаць спецыялістамі, лепшымі за мяне, і рухаць навуку далей. Гэта шлях прагрэсу».

— Таццяна Леанідаўна, да вас, спецыяліста з доктарскай ступенню, напэўна, часта накіроўваюць складаных пацыентаў. Падзяліцеся якімі-небудзь няштатнымі прыкладамі…

— У мяне былі цалкам бяззубыя пацыенты. Разам з урачом-стаматолагам-артапедам вызначалі колькасць і месца ўстаноўкі і ў залежнасці ад прыкусу ўжыўлялі ім 6–8 імплантатаў. Аднойчы на месца выдаленага малочнага зуба перасадзіла маладой дзяўчыне яе ж уласны пастаянны ікол, які быў дыстапіраваны (гэта значыць, займаў няправільнае становішча) на паднябенні. Зубны рад адразу эстэтычна выправіўся, і жаваць стала лягчэй. Успамінаю пацыента з сардэчна-сасудзістай паталогіяй, які прымаў антыкаагулянты. Кардыёлаг на час аперацыі адмяніў мужчыну гэтыя прэпараты. Я ўстанавіла імплантаты. Праз тыдзень ён вярнуўся да прыёму лекаў, і нечакана ў раёне барады і шыі ў яго з’явілася гематома, імплантаты не прыжыліся. Прыйшлося іх выкруціць. Але я не той чалавек, які здаецца без бою. Параілася з кардыёлагам, яна перавяла пацыента на антыкаагулянт нізкай канцэнтрацыі, і другая мая спроба завяршылася ўдала.

— Вы ўжо больш чым 30 гадоў працуеце практычным хірургам. Ці заўважаеце ў сябе якую-небудзь прафесійную дэфармацыю?

— Прафесія, безумоўна, накладае адбітак. Пры сустрэчы з любым чалавекам адразу міжволі зважаю на яго зубы, ацэньваю іх стан.

— Як знайсці добрага імплантолага? На што трэба звяртаць увагу пры выбары спецыяліста?

— Думаю, трэба ўдакладніць, якімі аперацыямі ён валодае. Ведаю прыклады, калі імплантацыяй займаюцца тыя, хто не ўмее выдаляць зубы. Гэта вялікі мінус. Без гэтага навыку імплантаты ўдала наўрад ці паставіш. Добры спецыяліст комплексна падыходзіць да вырашэння праблемы, заўсёды думае найперш пра здароўе пацыента.

Абсалютныя супрацьпаказанні для імплантацыі зубоў:

  • агульнае саматычнае захворванне ў стадыі дэкампенсацыі;
  • шэсць месяцаў пасля інфаркту міякарда ці інсульту;
  • парушэнні мазгавога кровазвароту;
  • перанесеная аперацыя па пратэзаванні клапанаў сэрца;
  • прыём імунасупрэсіўнай тэрапіі, бісфосфанатаў;
  • злаякасныя пухліны сківічна-тварнай вобласці;
  • перыяд прамянёвай або хіміятэрапіі;
  • наркатычная залежнасць;
  • псіхічныя захворванні, пры якіх пацыент самастойна не можа праводзіць гігіену рота.

Адносныя супрацьпаказанні:

  • алергія на мясцовыя анестэтыкі;
  • дрэнная гігіена;
  • курэнне;
  • вострыя ці хранічныя запаленчыя працэсы сківічна-тварнай вобласці;
  • дабраякаснае новаўтварэнне;
  • цукровы дыябет.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота дадзена суразмоўніцай

Загаловак у газеце: Рэстаўрацыя ўсмешкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.