Ужо сёлета плануюць завяршыць археалагічныя раскопкі старажытнага гарадзішча на рацэ Менцы. Так што «Звязда» вырашыла не губляць часу і разам з Нацыянальным агенцтвам па турызме адправіцца ў месца, дзе ў X стагоддзі пачынаў сваю гісторыю летапісны Менск.
Археалагічны комплекс на Менцы даследуецца з XІX стагоддзя. Аднак сур’ёзныя акадэмічныя даследаванні тут пачынаюцца толькі з 1950-х гадоў. Асабліва актыўна вялася работа ў 1970–1980-х, а потым быў перапынак. Новая хваля раскопак пачалася з 2012 года, калі за даследаванні ўзяўся Інстытут гісторыі НАН Беларусі.
— Гэтая тэрыторыя — гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння. Тут распрацаваны ахоўныя зоны, якія павінны не дапускаць разбурэння комплексу, — распавядае загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Вайцяховіч. — Увесь комплекс — гэта ж не толькі гарадзішча, а яшчэ пасады, якія атачаюць з усіх бакоў. Так, плошча ўсяго комплексу — 30 гектараў. Досыць вялікі горад быў.
Цяпер на тэрыторыі гарадзішча дзейнічае некалькі раскопаў. Аднак найважнейшы і перспектыўны — гэта раскоп прарэзкі паўночнай часткі вала. Што ж у ім унікальнага? Уся справа ў тым, што менавіта там, у пойме Менкі, былі выяўлены ўнутрывальныя драўляныя канструкцыі. Прычым ступень бяспекі вельмі высокая. Ні ў адной з краін Усходняй Еўропы аналагічных аб’ектаў у такім добрым стане не захавалася. А ўвесь сакрэт у тым, што ўчастак сцяны быў зроблены ў балоцістай нізіне. Менавіта гэта і дапамагло яе закансерваваць.
— Мы ажыццявілі прарэзку вала на вялікай плошчы. Да нас у Беларусі яшчэ ніхто такіх прарэзаў па маштабах не рабіў. У выніку мы знайшлі вельмі добра захаваныя рэшткі драўлянай сцяны, якая акаляла гарадзішча, — растлумачыў Андрэй Вячаслававіч.
Паводле яго слоў, час узвядзення гэтай сцяны можна лічыць пачаткам горада.
— Гэта былі вельмі складаныя ўмацаванні, некалькі ліній абароны вышынёй 6-7 метраў. Яны складаліся з шэрагу клетак, запоўненых грунтам, і ўяўлялі сабой дастаткова магутныя абарончыя збудаванні. На тэрыторыі Старажытнай Русі іх маглі сабе дазволіць толькі дастаткова буйныя, значныя гарадскія цэнтры. Па сваім маштабе і магутнасці яны супастаўныя з абарончымі збудаваннямі Мінска на Свіслачы, — дадаў ён.
Так, гэта сведчыць аб тым, што жыхары Мінска былі ў курсе ўсіх сучасных тэхнік будаўніцтва, валодалі імі. А яшчэ, на думку Андрэя Вайцяховіча, знаходка гэтых клетак выразна паказвае, што тут быў дастаткова буйны горад, які ўзнік у самым канцы X стагоддзя і можа атаясамлівацца з летапісным Менскам.
Безумоўна, на тэрыторыі гарадзішча было знойдзена шмат цікавых артэфактаў. Спецыяльна для гасцей некаторыя з іх выставілі пад шкляным купалам.
— Такія знаходкі ў археалогіі называюцца індывідуальнымі, таму што яны са шкла і металу. Тут прадстаўлены ў тым ліку і найноўшыя знаходкі, якія зусім нядаўна ляжалі ў зямлі, — тлумачыць загадчык цэнтра археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Аўласовіч. — Тут прадстаўлены і элементы матэрыяльнай культуры, а менавіта жаночага ўбору, каралі сердалікавыя, з горнага крышталю, шкляныя каралі.
Усіх артэфактаў, знойдзеных за час раскопак, хапіла б на цэлы музей з лішкам.
— Вельмі шмат знойдзена вырабаў з металаў, шкла, гліны, каменю... Расказваць можна бясконца, але вылучым асноўнае. Так, важнай знаходкай з’яўляецца бронзавы гузік з пазалотай, на якім намалявана аблічча Хрыста. Выкананы ён у візантыйскім стылі. Такія гузікі-драбніцы часцей за ўсё выкарыстоўваліся ва ўборы святара. Гэтая рэч датуецца другой паловай XІ — XІІ стагоддзямі. Гэта паказвае, што ўжо ў той час тут знаходзіўся святар дастаткова высокага рангу, — дзеліцца Андрэй Вайцяховіч. — Таксама знойдзены цэлы шэраг нацельных крыжыкаў, пачынаючы ад канца X стагоддзя і заканчваючы XІІ стагоддзем. Атрымліваецца, што гэты горад з ранніх часоў з’яўляўся носьбітам хрысціянскай культуры і распаўсюджваў яе на сельскую язычніцкую акругу.
Акрамя таго, ён адзначыў сёлета знойдзены шэраг артэфактаў, якія сведчаць аб прысутнасці на селішчы дружыны.
— Гэта баявая сякера скандынаўскага тыпу, вельмі рэдкая і дарагая, фрагменты кальчугі, элементы пасавай гарнітуры дружыны, шматлікія наканечнікі стрэл, рэчы элітарныя, — распавядае Андрэй Вячаслававіч.
Аднак гэта не гаворыць аб тым, што горад быў княжацкім цэнтрам, дзе жыў князь са сваёй багатай дружынай. Хутчэй гэта быў абласны цэнтр, дзе прысутнічала княжая адміністрацыя, баярскае насельніцтва і невялікі кантынгент дружыны.
Яшчэ цікава і тое, што пры раскопках малога гарадзішча былі выяўлены сляды вялікага пажару, які, хутчэй за ўсё, узнік у выніку ваеннага канфлікту.
— Мы ўзялі ўзоры вугалю для правядзення радыевугляроднага аналізу. І, магчыма, установім дату гэтага канфлікту. Ёсць варыянт, што гэта можа быць звязана з падзеямі 1067 года, — дзеліцца Андрэй Вайцяховіч.
Сёлета да кастрычніка плануюць завяршыць усе раскопкі і пачаць працэс музеефікацыі.
Менавіта цяпер вядзецца некалькі раскопаў. Так, зусім нядаўна пачаліся работы на тэрыторыі вялікага гарадзішча.
— Знята каля 40 сантыметраў, і пакуль ідуць перамяшаныя матэрыялы XVІІІ—XІX стагоддзяў разам з матэрыяламі X і першай паловай XІ стагоддзяў. Ужо з’яўляюцца некаторыя навалы камянёў. Гэта рэшткі печы-каменкі або жылля, таксама тут ёсць разваліны сядзібы XVІІІ—XІX стагоддзяў, — дзеліцца Аляксей Аўласовіч.
Таксама працягваюцца раскопкі і на малым гарадзішчы. Гэта самая старажытная частка археалагічнага комплексу, якая ўзнікла яшчэ ў жалезным веку.
— Мэта гэтага раскопу — даведацца канструкцыю вала, як ён фарміраваўся і ці былі нейкія ўмацаванні-падсыпкі ў перыяд Старажытнай Русі, — тлумачыць спецыяліст.
Што ж будзе з гэтым комплексам пасля завяршэння археалагічных работ? Варыянтаў некалькі: альбо на гэтым месцы будзе пабудаваны ўнікальны музей пад адкрытым небам, альбо будзе створаны спецыяльны павільён на тэрыторыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Безумоўна, першы варыянт быў бы значна больш прывабны для турыстаў. Аднак ёсць шмат унутраных нюансаў, і канчатковы выбар будзе за спецыялістамі музейнай справы і архітэктарамі.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.