Вы тут

У Беларусі прадстаўнікі розных рэлігій і нацыянальнасцяў жывуць у міры і згодзе


Сёння ў нашай краіне пражываюць прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў, зарэгістравана 25 канфесій і рэлігійных кірункаў (агульная колькасць рэлігійных арганізацый сёння — больш за тры з паловай тысячы). Як заўважыў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя, адна з асаблівасцяў нашай краіны ў тым, што ўсе жывуць у міры і згодзе, ніколі не ўзнікае міжнацыянальных канфліктаў, не фіксуецца правапарушэнняў на расавай глебе. 

Гэта трэба цаніць і ставіць у прыклад іншым краінам. Гаворка пра тое, што робіцца, каб захаваць такія каштоўныя адносіны, вялася ў Доме прэсы падчас прэс-канферэнцыі «Беларусь шматаблічная: узаемапранікненне культур і рэлігій».


Тое, што яднае

Сяргей Герасіменя згадаў пасяджэнне Міжканфесійнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, якое прайшло ў маі ў Крыжаўздзвіжанскім храме ў Масюкоўшчыне:

— Гэта ўнікальная падзея, калі прадстаўнікі розных канфесій у храме збіраюцца за круглым сталом. Тут нават ніхто не думаў пра тое, якія паміж імі ёсць адрозненні, бо ўсе аб’яднаны адзінай мэтай: зрабіць так, каб іх паства, насельніцтва нашай краіны не забыла аб сваіх продках, героях, якія абаранялі і вызвалялі Беларусь.

Таксама адчуць каштоўнасць нашай культурнай і канфесійнай разнастайнасці можна было падчас мерапрыемстваў у Іўі — месцы, дзе гістарычна складвалася адметная сітуацыя, калі побач жылі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Адрозненні не перашкаджалі сяброўскім адносінам, прыняццю культур, наадварот, толькі ўзбагачалі.

Нацыянальна-культурныя аб’яднанні маюць вялікую падтрымку з боку дзяржавы, створаны ўсе ўмовы для таго, каб яны маглі не толькі захоўваць здабыткі свайго народа, але і паказваць іх іншым. Творчыя калектывы далучаюцца да разнастайных канцэртаў і мерапрыемстваў, што праводзяцца ў нашай краіне. Самым жа яскравым святам, дзе можна пачуць песні, пабачыць танцы, строі, сувеніры, пакаштаваць стравы, даведацца пра гістарычныя факты, а магчыма, і чамусьці павучыцца ў прадстаўнікоў розных дыяспар, стаў Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне. Больш даведацца пра іншыя народы можна і на розных мерапрыемствах у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур альбо калі далучыцца да рэпетыцый танцавальных калектываў (разам з прадстаўнікамі дыяспар у іх займаецца беларуская моладзь) ці нават дамовіцца з кіраўнікамі аб’яднанняў, каб тыя падзяліліся рэцэптамі нацыянальных страў.

— Можна сказаць, што ў прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў два дамы: наш цэнтр і Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Яны могуць разлічваць на фінансавую падтрымку на набыццё нацыянальных строяў, на транспарт для ўдзелу ў розных мерапрыемствах, бо творчыя нацыянальныя калектывы заўсёды з задавальненнем прымаюць у розных рэгіёнах, — расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон.

Акрамя таго, што нацыянальна-культурныя аб’яднанні праводзяць агульныя канцэрты, дабрачынныя акцыі, яны наведваюць мерапрыемствы і святы сваіх сяброў. Разам могуць адзначаць, напрыклад, не толькі Раство, але і Наўруз, Сабантуй. Праз такое ўзаемадзеянне яны ўзбагачаюць свой кругагляд, даведваюцца пра асаблівасці культур розных народаў.

— На фестывалі нацыянальных культур, які сёлета прайшоў ў Гродне, усе маглі бачыць, якая шматаблічная наша Беларусь, як жывуць нацыянальнасці. А галоўнае, што ўсе яны — адзіная вялікая сям’я, — заўважыла Вольга Якабсон.

«Мы рады адно аднаму не толькі на святах»

— Нам вельмі добра жывецца ў нашай шматаблічнай сям’і. Мы рады адно аднаму не толькі на святах, але і калі сустракаемся ў горадзе. У сацыяльных сетках мы абмяркоўваем пытанні, якія разглядаліся на пасяджэнні кансультатыўнага савета, дзелімся праблемамі і радасцямі. Вельмі цёпла адно да аднаго ставімся. У нас ніколі нават у думках не ўзнікала, што паміж намі могуць быць нейкія звады. Добра, што ёсць вялікая падтрымка з боку дзяржавы, каб мы маглі захоўваць свае традыцыі, культуру, песні, мову. Часам можа падацца, што мы ўжо добра ведаем пра азербайджанцаў, дагестанцаў, армян і іншыя нацыянальнасці, але насамрэч мы яшчэ і паловы ўсяго таго не пабачылі, што яны могуць нам паказаць, — падзяліўся старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» Уладзіслаў Кадзіра.

Фота Маргарыты УШКЕВІЧ

— Міжнацыянальная і міжканфесійная згода — фактары стабільнасці дзяржавы... У Беларусі людзей ацэньваюць не па нацыянальных, не па рэлігійных перакананнях, а па дзелавых, прафесійных і чалавечых якасцях, таму тут мы сябе адчуваем як у сваім доме, у якім хочам, каб быў парадак, мір, дабрабыт, — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства «Аястан» Георгій Егіязаран. Ён заўважыў, што ў Беларусі ў розных канфесій ёсць магчымасць для ажыццяўлення сваіх духоўных патрэб, у найбліжэйшы час яна будзе і ў прадстаўнікоў армянскай апостальскай царквы — у Мінску завяршаецца будаўніцтва храма па вуліцы Філімонава. Георгій Анушаванавіч узначальвае таксама Кансультатыўны міжэтнічны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у складзе якога сёння прадстаўлены кіраўнікі 19 нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Савет абмяркоўвае актуальныя пытанні міжнацыянальных адносін, арганізоўвае агульныя праекты, садзейнічае захаванню і ўмацаванню міжнацыянальнай згоды ў Рэспубліцы Беларусь, інтэграванню грамадзян розных нацыянальнасцяў і фарміраванню ў грамадстве прызнання таго, што ўсе нацыянальныя супольнасці з’яўляюцца неад’емнай часткай народа Рэспублікі Беларусь. Сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур прадстаўнікі нацыянальных арганізацый праводзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да знакавых падзей, свят, якія маюць гістарычнае значэнне, такіх як Дзень Перамогі, Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, Дзень Незалежнасці, Дзень народнага адзінства. Нацыянальна-культурныя аб’яднанні далучаюцца да рэспубліканскіх акцый «Нашы дзеці», «Тыдзень лесу», ездзяць з дабрачыннымі канцэртамі на Дзень абароны дзяцей. Акрамя таго, дыяспары праводзяць і ўласныя культурныя і патрыятычныя праграмы. Так, армяне штогод наведваюць Брэсцкую крэпасць, наладжваюць кантакты з навучальнымі ўстановамі, калі ў студэнтаў розных навучальных устаноў ёсць магчымасць больш даведацца пра армянскую культуру, прычым танцавальныя нумары і майстар-класы праводзяць равеснікі.

Старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Гаро» Хізры Асадулаеў расказаў, што арганізацыя вырашыла зрабіць акцэнт на работу з беларускай моладдзю, маўляў, дагестанцы, якія жывуць тут, і так павінны ведаць сваю культуру і гісторыю, тым больш што прадстаўнікі гэтага народа не так даўно пачалі абжывацца на беларускай зямлі, пераважна ў пасляваенныя гады:

— Мы можам паказаць сваю культуру са сцэны, але гэта не знішчае дыстанцыі. А калі беларускія маладыя людзі танцуюць лезгінку і для іх знаёмства з нашай культурай становіцца таксама нечым патаемным, ідзе збліжэнне душ.

Перад прадстаўнікамі іншых народаў, на думку Хізры Газіевіча, асаблівая адказнасць: «Калі я зраблю нешта дрэннае ў Дагестане, гэта будзе выключна мая правіна, калі ж у Беларусі — на гэта паглядзяць як на дрэнны ўчынак дагестанца (тое ж самае з прадстаўнікамі іншых народаў)». Адсюль і жаданне паказваць усё самае лепшае. У той жа час любоў да радзімы абуджае і любоў да Беларусі, якая таксама стала домам. Хізры Газіевіч упэўнены, што менавіта тут ён сфарміраваўся як асоба, бо прыехаў сюды яшчэ зусім маладым, як толькі атрымаў дыплом. У Беларусі яго таленты змаглі раскрыцца напоўніцу. Ствараючы творы тут, ён атрымаў званні народнага мастака Дагестана і Чачэнскай Рэспублікі, у Беларусі адзначаны медалём Францыска Скарыны. А яшчэ ён лічыцца заснавальнікам сучаснай карацінскай літаратуры як носьбіт вельмі рэдкай, занесенай у Чырвоную кнігу Расіі мовы. Вершы Асадулаева былі перакладзены на беларускую мову Рыгорам Барадуліным, а на рускую — Анатолем Аўруціным. Літаратурны талент быў высока ацэнены — Дзяржпрэміяй Дагестана імя Расула Гамзатава. Хізры Газіевіч упэўнены, што дасягнуў поспехаў дзякуючы менавіта тым раўнапраўным адносінам і падтрымцы, якую маюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў у Беларусі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Беларусь шматаблічная: узаемапранікненне культур

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.