У Віцебску адсвяткавалі 106-ю гадавіну з дня заснавання губернскай міліцыі. Урачыстасці прайшлі на плошчы Перамогі каля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў.
Захоўваючы традыцыі, закладзеныя больш чым стагоддзе таму, праваахоўнікі Віцебскай вобласці адзначылі чарговую гадавіну з дня заснавання губернскай міліцыі. На ўрачыстай цырымоніі, прымеркаванай да значнай падзеі, ахоўнікі парадку аддалі даніну памяці пакаленню пераможцаў, у тым ліку супрацоўнікам міліцыі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся за свабоду Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемства пачалося з урачыстага вынасу сцяга і харугвы УУС пад гукі марша Праабражэнскага палка. Пасля чаго прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, і ўсклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Андрэй Любімаў, кіраўнікі органаў улады і сілавых ведамстваў, супрацоўнікі УУС Віцебскай вобласці, ветэраны, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, юныя інспектары руху, ганаровыя госці і члены сем’яў супрацоўнікаў.
З віншавальным словам да праваахоўнікаў паўночнага рэгіёна звярнуўся кіраўнік вобласці: «Як бы ні змяняўся час, галоўнымі задачамі для міліцыі заўсёды былі і застаюцца ахова правапарадку, забеспячэнне законнасці і абароны кожнага грамадзяніна. Сёння структурныя падраздзяленні ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама маюць магутны патэнцыял, яны здольныя апярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі, застаючыся надзейным шчытом і мячом рэгіёна і краіны ў цэлым. Перад вамі стаяць маштабныя і няпростыя задачы. Гэта забеспячэнне грамадскай бяспекі і процідзеянне тэрарызму, абарона эканомікі ад крымінальнага ціску, барацьба з карупцыяй. Поспех тут залежыць ад выразнасці і зладжанасці дзеянняў, ад уменняў прымаць вывераныя рашэнні і аналізаваць сітуацыю. Самая аб’ектыўная ацэнка вашай дзейнасці — гэта давер грамадзян. Заслужыць яго можна толькі бездакорным выкананнем сваіх службовых абавязкаў, што вы штодня і дэманструеце жыхарам і гасцям нашай вобласці», — сказаў Аляксандр Субоцін.
Начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Андрэй Любімаў адзначыў, што міліцыя Віцебшчыны прайшла нялёгкі шлях развіцця і сёння застаецца адной з галоўных апор дзяржаўнай улады, асноўным інструментам барацьбы са злачыннасцю, гарантавання грамадскай бяспекі, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. «У гісторыі віцебскай міліцыі было шмат гераічных старонак: у розны час нашы суайчыннікі добрасумленна і самааддана забяспечвалі правапарадак, многія з іх аддалі жыцці, да канца застаючыся вернымі прысязе і афіцэрскаму абавязку. Мы з’яўляемся пераемнікамі найлепшых традыцый, якія перадалі нам ветэраны органаў унутраных спраў — яны і сёння знаходзяцца ў страі і гатовыя аказваць дапамогу ў раскрыцці злачынстваў, навучанні і выхаванні маладых супрацоўнікаў. На працягу апошніх гадоў у Віцебскай вобласці назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўзроўню злачыннасці, які самы мінімальны ў нашай краіне. Органы ўнутраных спраў Віцебшчыны займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў Рэспубліцы Беларусь, што яшчэ раз сведчыць аб прафесіяналізме нашых супрацоўнікаў», — падкрэсліў Андрэй Юр’евіч.
Ва ўрачыстай абстаноўцы пад гукі фанфар супрацоўнікаў органаў унутраных спраў паўночнага рэгіёна ўзнагародзілі медалямі «За бездакорную службу» ІІ і ІІІ ступені, нагруднымі знакамі, прысвоілі чарговыя спецыяльныя званні, уручылі падзякі ад міністра і намесніка міністра ўнутраных спраў, а таксама ганаровыя і памятныя граматы ад УУС і Віцебскага аблвыканкама.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота «Витебские вести»
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.