Менш чым праз тыдзень навучэнцы школ і каледжаў, студэнты зоймуць свае месцы ў класах і навучальных аўдыторыях, дашкаляты — у садаўскіх групах. Да заняткаў прыступяць каля 1 мільёна 85 тысяч навучэнцаў, у тым ліку 115 тысяч першакласнікаў.
А для школ і іншых навучальных устаноў сённяшнія дні — час наводзіць канчатковы глянец. Асноўныя работы ўжо завершаны, школы атрымалі зацверджаныя пашпарты гатоўнасці, і асноўны клопат цяпер — стварыць для вучняў па-сапраўднаму незабыўнае свята ведаў.
Для дзяцей гасцінна расчыняць дзверы 2,6 тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Да 2 верасня ў Беларусі будуць здадзены чатыры новенькія сучасныя школы — у Мінску, Салігорску, Віцебску і ў прысталічнай вёсцы Копішча. Яшчэ тры новабудоўлі ўступяць у строй да канца 2024 года. У 2024/2025 навучальным годзе будуць працаваць 3,7 тысячы дзіцячых садкоў, выхаванцамі якіх стануць 355 тысяч малых.
Яшчэ адна добрая навіна: з 2 верасня да харчавання па новых нормах далучацца астатнія 506 школ краіны, то-бок здаровым і смачным школьным харчаваннем будуць забяспечаны ўсе беларускія школы.
Жыхары мікрараёна вуліц Грышына, Стасава, Бярозаўская ў Магілёве, чые дзеці сёлета пойдуць у школу, сустракаюць навучальны год з узнёслым настроем. У іх двайное свята. Па-першае, Дзень ведаў, па-другое — адкрыццё новай навучальнай установы. Па начынні і высокатэхналагічнасці школа № 24 перасягнула ўсе іх чаканні. Гэта суперсучасны комплекс, дзе ўсё камп’ютарызавана, аўтаматызавана, адным словам, зроблена па апошнім слове тэхнікі. Гэта адзначаюць усе, хто прыносіць сюды заяву на навучанне.
Будаўнічыя работы планавалася завяршыць да 1 верасня 2025 года, але будаўнікі справіліся раней. Праз тыдзень тут ужо будзе шматлюдна і шумна ад дзіцячых галасоў. Сёння ідуць апошнія прыгатаванні да прыёму школьнікаў, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя.
Дырэктарам школы № 24, якой прысвоена імя К. Сіманава, стала Людміла Здорыкава, у мінулым дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
— Гэта вельмі адказная пасада, — прызнаецца яна. — Установа разлічана на 1020 дзяцей, кожны з іх — асоба, да кожнага патрэбен асаблівы падыход, каб было камфортна вучыцца. Мікрараён хутка расце, тут багата шматдзетных сем’яў. Школу даўно чакалі, яе адкрыццё — вельмі хвалюючы момант.
Праект школы распрацаваны інстытутам «Магілёўграмадзянпраект», кошт аб’екта — больш за 46 мільёнаў рублёў. У будаўніцтве выкарыстоўваліся высокаякасныя матэрыялы самых апошніх тэхнічных характарыстык.
Чатырохпавярховы будынак складаецца з трох функцыянальных блокаў — малодшая і старшая школы, адміністрацыйная частка. На першым паверсе — прасторны вестыбюль, сталовая на 340 пасадачных месцаў, чытальная зала, кнігасховішча, дапаможныя памяшканні. На другім — актавая, спартыўная і трэнажорная залы. На трэцім і чацвёртым — рэсурсныя цэнтры, лабараторыі. У падземнай частцы — гардэроб, цір, гаспадарчыя памяшканні.
Пакуль у дзеянне ўводзіцца асноўны будынак, другая чарга — двухпавярховы будынак з басейнамі, які будзе злучаны галерэяй са школай. Работы на ім яшчэ працягваюцца. Гэта будзе выключная спартыўная база. На першым паверсе — два басейны: адзін — памерам 25 на 13,5 метра з глыбінёй 1,2–1,45 метра, другі — з чашай 10 на 3,6 метра глыбінёй 0,65–0,9 метра для навучання плаванню дзяцей да 10 гадоў. На другім паверсе размешчаны трэнажорная і гімнастычная залы, дапаможныя памяшканні.
— Гэта будзе «разумная» школа, або школа будучыні, як яе называюць тыя, хто хоць аднойчы тут пабываў, — адзначыла Людміла Здорыкава. — З такой тэхнічнай базай яна стане адной з найлепшых у горадзе. Тут два камп’ютарныя кабінеты, чатыры лінгафонныя, існуе перасовачны камп’ютарны мабільны клас. Усе кабінеты абсталяваны камп’ютарнай тэхнікай, створана лакальная сетка, ёсць выхад у інтэрнэт. Бібліятэка абсталявана ўсёй неабходнай лічбавай тэхнікай. Тое, што гэта высокатэхналагічная школа, сведчыць нават адзін факт: тут устаноўлены 62 мультыборды! Шмат што створана для развіцця дзяцей. Ёсць нават зала для заняткаў харэаграфіяй.
У школе найлепшыя ўмовы для заняткаў спортам: вялікая зала мае ўнікальнае пакрыццё міжнароднага класа з высокай ступенню амартызацыі, што да мінімуму зводзіць верагоднасць траўм. Для фізкультуры на вуліцы прадугледжана буйное спартыўнае поле са штучным пакрыццём, ёсць валейбольныя, баскетбольныя, тэнісныя пляцоўкі, сучасная дзіцячая гульнявая лакацыя, вулічныя сталы для настольнага тэніса, пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху і вельмі шмат зон для адпачынку і гульняў.
— Для дзяцей першых класаў мы набылі спецыяльную мэблю, якая створана з улікам іх фізіялагічных асаблівасцяў, — расказвае дырэктар. — Камфортныя ўмовы для заняткаў — важны складнік адукацыйнага працэсу. Вялікую ўвагу ўдзялілі афармленню школы. Кожны паверх — з асаблівай тэматыкай. Адзін прысвечаны любімаму гораду пад назвай «Мой горад на скрыжаванні стагоддзяў», другі — беларускай гісторыі і традыцыям, асобна выдзелілі тэматыку «Беларусь — краіна герояў» — паверх аформлены з ухілам — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. На 10-й паралелі ў школе будзе функцыянаваць патрыятычны клас. У афармленні памяшканняў нам дапамаглі педагогі дадатковай адукацыі, размалёўвалі сцены. Кожная работа аўтарская, болей нідзе не паўтараецца.
Пытанню бяспекі ў новай школе ўдзяляецца асаблівая ўвага. У кожнага дзіцяці будзе шматфункцыянальная карта навучэнца, якая прызначана служыць як прапускным дакументам, так і ў якасці плацежнага сродку, праязнога, чытальнага білета. І, як адзначыла дырэктар, функцыі карты будуць паступова пашырацца.
Мікрараён, у які ўваходзіць большасць дамоў па вуліцах Бярозаўская, Стасава, Грышына і Калужская, густанаселены і дастаткова малады.
— Мы ў захапленні ад новай школы, — кажа шматдзетная маці Наталля Севасцьянава. У новую школу пойдуць усе трое яе дзяцей — у другі, трэці і дзявяты класы. — Мы жывём у доме па вуліцы Бярозаўскай, раней наведвалі школу № 25. Але яна перапоўненая, сярэдняя дачка хадзіла ў першы клас пры дзіцячым садку. Калі мы яе прывялі туды на заняткі, вельмі здзіўлялася, маўляў, чаму яна зноў павінна хадзіць у садок. Хаця і форма ў дзяцей была школьная, але асацыяцый са школай не існавала. Мы неаднаразова звярталіся да мясцовых улад з просьбай пабудаваць нам яшчэ адну школу. І нас пачулі.
Наталля расказвае, што, як толькі пачаўся прыём дакументаў у новую школу, яна была сярод першых. Прыйшла да адкрыцця — у 8.00, а падала толькі бліжэй да абеду: вельмі шмат аказалася ахвотных. Наталля Севасцьянава паклапацілася нават арганізаваць каманду для правядзення ў новай установе суботніка.
— Спачатку нам казалі, што не трэба, бо яшчэ працуюць будаўнікі, але мы настаялі, — усміхаецца суразмоўніца. — Напісала ва ўсіх нашых чатах, што ёсць магчымасць папрацаваць на карысць школы, і адразу ж пайшлі водгукі. У гэту суботу прыйшло чалавек 20, каб паўдзельнічаць у сумеснай працы. Прычым з усім неабходным інвентаром і нават музычнай калонкай. Наводзілі марафет у сталовай. Вы не ўяўляеце, якая яна прасторная і сучасная. А вучэбныя кабінеты — гэта наогул фантастыка. Там усё з прыстаўкай «супер», створаны выдатныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей. Будынак даступны і для маламабільных дзяцей. Прадугледжаны ліфт, парковачныя месцы. Тут усё прадумана да дробязяў.
Сучасныя шматфункцыянальныя школы-комплексы — гэта сённяшняя палітыка дзяржавы. На Магілёўшчыне сёлета адкрываецца яшчэ адна новая школа ў Асіповічах на 955 месцаў. Тут створаны ўсе магчымасці для атрымання якаснай адукацыі, раскрыцця ў навучэнцаў творчых і спартыўных талентаў. Улічаны таксама інклюзіўныя моманты.
Па інфармацыі абласнога упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, падпісаны і зацверджаны ўсе 312 пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. На капітальны і бягучы рамонты іх сёлета было выкарыстана 87,5 мільёна рублёў. Ва ўсіх установах драўляныя аконныя блокі заменены на блокі ПВХ, адрамантавана спартыўнае абсталяванне. Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы школ да новага навучальнага сезона ўдзялялася пытанням забеспячэння пажарнай і грамадскай бяспекі. Усе школы абсталяваны сістэмамі відэаназірання, у 69 арганізаваны пасты міліцыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Наталлі СЕВАСЦЬЯНАВАЙ
Стытычаўская сярэдняя школа была пабудавана ў 1967 годзе. У 2000-м да старой школы ўзвялі двухпавярховую прыбудову, а яшчэ праз 20 гадоў дабудавалі спартыўную залу. Але ж будынак, якому без малога 60 гадоў, даўно патрабаваў грунтоўнага абнаўлення. І вось год таму аб’ект уключылі ў план, выдзелілі фінансаванне. А сёлета ў школу прыйшлі спецыялісты СПМК № 33 ААТ «Пінсксаўгасбуд» і ў сціслыя тэрміны правялі капітальны рамонт з мадэрнізацыяй установы адукацыі.
Як расказаў карэспандэнту газеты дырэктар школы Міхаіл Сачкоўскі, асноўная работа вялася ў старым аднапавярховым будынку, дзе размяшчаецца пачатковая школа:
— Шэсць вучэбных кабінетаў цалкам абноўлены. Яны выглядаюць светлымі, утульнымі, тут новае ўсё: сцены, падлога, столі, дзверы, асвятленне. Акрамя таго, будаўнікі правялі замену даху, умацавалі кроквы. Таксама правялі ўцяпленне двухпавярховага і аднапавярховага будынкаў, 38 акон заменены на новыя.
— Напрыклад, у майстэрні, дзе праходзяць урокі працы, цяпер ёсць гарачая вада, абноўлены бібліятэка, пакой дзіцячых ініцыятыў і кабінет хіміі, — працягвае Міхаіл Міхайлавіч. — Рамонт зроблены і ў санвузлах. Наогул, такое ўражанне, што пераўтварылася ўся школа. Адначасова праводзілася добраўпарадкаванне тэрыторыі. Скажам, раней не было асобнага пад’езду для прадуктовай машыны, смеццявоза, і гэта стварала дадатковыя нязручнасці, цяпер асобны пад’езд для грузавога транспарту абсталяваны. Як і пляцоўка пад кантэйнеры для бытавых адходаў. Цяпер у нас ёсць і пандус для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — гаворыць дырэктар школы. — Адначасова заканчваем навядзенне прыгажосці на тэрыторыі, уладкоўваем клумбы, высаджваем кветкі, дэкаратыўныя кусты.
Яшчэ дырэктар расказаў, што на фінальную стадыю выходзяць клопаты па абсталяванні кабінетаў. Новая мэбля і абсталяванне паступілі ў кабінет хіміі, часткова заменена тэхнічнае начынне майстэрні. З мэбляй дапамагаюць у тым ліку спонсары. Філіял «Невель» ААТ «Пінскага мясакамбіната» памог з закупкай шафаў, сталоў, крэслаў. Збіраць, расстаўляць мэблю, рыхтаваць класы да навучальнага года дапамагаюць і бацькі.
Мама вучня 7 класа Вольга Палюховіч падзялілася з карэспандэнтам газеты радасцю з нагоды рамонту і мадэрнізацыі школы:
— Нашу школу не пазнаць! Калі хто ўпершыню заедзе ў Стытычава, можа падумаць, што гэта новая школа, узведзеная па арыгінальным праекце, дзе ў склад школьнага комплексу ўваходзяць будынкі рознага прызначэння. Тут усё новае, прыгожае. Дзецям будзе надзвычай камфортна вучыцца, займацца ў гуртках і секцыях, наведваць бібліятэку. Наша школа хоць і вясковая, але даволі перспектыўная, колькасць вучняў расце.
Паводле слоў Міхаіла Сачкоўскага, першага верасня за парты сядзе 95 вучняў, але ў наступныя гады чакаецца рост колькасці школьнікаў. Населены пункт прыгарадны, ваколіцы Пінска забудоўваюцца, а жыхары суседніх новабудоўляў усё часцей робяць выбар на карысць сельскай школы. Так што капітальны рамонт і мадэрнізацыя былі вельмі дарэчы, цяпер далёка не ўсе гарадскія школы могуць пахваліцца такімі ўмовамі для вучобы і работы.
Віктар Гаўрыловіч, начальнік аддзела па адукацыі Пінскага райвыканкама паведаміў:
— У нашым раёне 32 установы адукацыі, дзе вучыцца каля чатырох тысяч школьнікаў. У іх праведзены рамонт, заменены вокны, зроблены рамонт фасадаў, дахаў, праведзены іншыя работы для паляпшэння ўмоў знаходжання вучняў. Але самым значным праектам гэтага года выглядае рамонт з мадэрнізацыяй Стытычаўскай сярэдняй школы, на які накіравана 1 мільён 328 тысяч рублёў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з архіва Стытычаўскай школы
Да новага навучальнага года застаюцца лічаныя дні. Ужо хутка ўстановы адукацыі адчыняць свае дзверы для дзяцей і іх бацькоў. Асабліва важным гэта імгненне з’яўляецца для тых, хто сёлета прыйдзе па веды ўпершыню. Аднак перад тым, як прыняць вучняў, школы праводзяць актыўную падрыхтоўку, купляюць новае сучаснае абсталяванне, праводзяць бягучы і капітальны рамонт. Нядзіўна: тут павінна быць камфортна і бяспечна. Карэспандэнт «Звязды» наведаў сталіцу шахцёраў і на прыкладзе сярэдняй школы № 6 горада Салігорска высветліў, наколькі школы Міншчыны гатовы да свята Першага верасня.
Шостая школа Салігорска была пабудавана ў 1971 годзе, у ёй навучаецца каля 510 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх сёлета школа сустрэне новымі стадыёнам і спартыўнай залай. Рамонт гэтых аб’ектаў пачаўся ў чэрвені, адразу пасля заканчэння навучальнага працэсу.
«Школа невялікая па колькасці, але пры гэтым утульная і цёплая. Тут працуюць выдатныя педагогі з вышэйшай адукацыяй і кваліфікацыяй. Нядаўна ў нас скончыўся рамонт спартыўнай залы — яна была цалкам пераабсталявана. Таксама істотна змяніўся і наш стадыён: ён стаў сучасным і адказвае ўсім патрабаванням бяспекі, — распавяла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Лагвіновіч. — Тут пакладзены дарожкі, абсталяваны баскетбольная, валейбольная і футбольная пляцоўкі. Ну і куды ж без турнікоў ды трэнажораў? Таму мы рады, што змяняемся ў лепшы бок».
Спартыўнай зале, як і самой школе, споўнілася 53 гады. Зразумела, што пабелка, падлогі, сцены — усё было, мякка кажучы, не ў лепшым стане. «Прыйшлося рабіць грандыёзны бягучы рамонт, — расказаў дырэктар школы Пётр Баброўнік. — Мы ўсё пабялілі, пашпаклявалі, пафарбавалі. Да гэтага было лямпачнае асвятленне. Цяпер яно сучаснае, якаснае, прымальнае па ўсіх санітарных нормах. Усе сцены атынкаваны і пафарбаваны. Таксама паклалі і новую падлогу. Будзем старацца падтрымліваць адрамантаваныя месцы ў належным стане, бо ад гэтага залежыць вельмі многае».
Ён дадаў, што сёлета ў школу набіраецца два першыя класы па 25 чалавек: «Сярэдні ўзрост педагогаў — каля 45 гадоў. Ды і цякучкі кадраў няма: людзі працуюць даўно, настаўнікі ў асноўным вопытныя і дарослыя. Моладзь ёсць, але, на жаль, няшмат. Сёлета да нас прыйшоў адзін малады настаўнік. Усяго тут працуюць чатыры маладыя спецыялісты. Дзеці асабліва любяць такіх настаўнікаў, таму што яны сучасныя, умела карыстаюцца камп’ютарнымі тэхналогіямі».
Школьныя кабінеты таксама адпавядаюць патрабаванням часу і аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем. Любімым у вучняў па праве лічыцца кабінет беларускай мовы і літаратуры. «Ён аформлены ў беларускім стылі. Там створаны міні-музей, дзе прадстаўлены розныя рамёствы, якімі займаўся беларускі народ, — сказаў Пётр Баброўнік. — У кабінеце можна ўбачыць, як пралі нашы продкі, як апрацоўвалі гліну і стваралі нацыянальныя касцюмы. Экспанаты міні-музея збіраліся агульнымі намаганнямі. У гэтым вялікая заслуга нашага настаўніка беларускай мовы і літаратуры, а таксама дзяцей і іх бацькоў».
Летась школа атрымала кабінет інфарматыкі, абсталяваны новай камп’ютарнай тэхнікай. А нядаўна падарылі 3D-прынтар. Цяпер даследчая дзейнасць стане больш цікавай, што дазволіць максімальна раскрываць свой творчы патэнцыял, упэўнены дырэктар установы.
«У сувязі з рамонтнымі работамі перанеслі тэрмін правядзення школьнага дзіцячага лагера на жнівень. Сёння ў нас адпачываюць 110 чалавек, прычым дзеці не толькі з нашай установы. Школьны лагер наведваюць вучні 1–8 класаў. Бацькі з задавальненнем прыводзяць да нас дзяцей, бо ведаюць, што яны заўсёды будуць пад пільным наглядам», — адзначыў Пётр Баброўнік.
Дарэчы, на базе летняга лагера працуе атрад дзесяцікласнікаў. «Старшакласнікі дапамагаюць настаўнікам, займаюцца з дзецьмі ў якасці важатых. Па ўжо добрай традыцыі нашы дзеці з задавальненнем наведваюць Эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі», — дадала Алена Лагвіновіч.
У школе дзейнічаюць профільныя класы. «Сёлета адкрываем два дзясятыя класы, дзе профільнымі будуць англійская і руская мова, а таксама матэматыка. У школе ёсць ваенна-патрыятычны клас. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні праводзіць факультатыўныя заняткі сумесна з класным кіраўніком. На працягу года дзеці ездзяць на экскурсіі, наведваюць музеі, мемарыяльныя комплексы па ўсёй Беларусі, удзельнічаюць у школьных і гарадскіх мерапрыемствах», — падкрэсліла намеснік дырэктара.
Па словах дырэктара, выпускнікі школы паступаюць у шматлікія ВНУ краіны. «Няма такой навучальнай установы, дзе не было нашых вучняў. Сёлета мы выпусцілі адзін 11 клас. Нас вельмі радуе, што сярод выпускнікоў ёсць тыя, хто, гледзячы на сваіх выкладчыкаў, асэнсавана выбіраюць педагагічную дзейнасць і паступаюць у педагагічныя ВНУ. Сёлета наш выпускнік стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды, дзякуючы чаму паступіў без экзаменаў у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Мы ўпэўнены, што ён абавязкова вернецца да нас ужо ў якасці маладога настаўніка».
«Школа гатовая да новага навучальнага года на 100 працэнтаў! Тут ёсць усё неабходнае абсталяванне. У кожным класе можна ўбачыць тэлевізары, настаўнікі актыўна карыстаюцца камп’ютарамі, што дазваляе якасна падаваць інфармацыю. Мы з нецярпеннем чакаем Дзень ведаў, калі школа зноў адчыніць дзверы для любімых вучняў. Упэўнены, што абсалютна ўсе прыйдуць бадзёрымі, загарэлымі. А мы з новымі сіламі і энергіяй пачнём новы навучальны год!» — выказаў перакананне Пётр Баброўнік.
«Для нас, настаўнікаў, а таксама для дзяцей і іх бацькоў, Дзень ведаў — вялікае свята. Асаблівы гэты дзень для тых бацькоў, якія ўпершыню прывядуць сваіх дзяцей у нашу школу. Сёлета першы ўрок будзе называцца „Нам ёсць, чым ганарыцца. Нам ёсць, што берагчы“. У Год якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў размова пойдзе пра дасягненні беларускага народа, якімі мы па праве ганарымся, а таксама пра каштоўнасці, якія неабходна захаваць у імя будучыні», — акцэнтавала Алена Лагвіновіч.
Увогуле, мадэрнізацыя і рамонт класаў пачаліся гадоў шэсць таму. «Штогод прыводзім у парадак усе памяшканні школы. Пачыналі з трэцяга паверха, і вось ужо дайшлі да першага. Выкарыстоўваем новыя будаўнічыя матэрыялы, сучасныя фарбы. Дзякуючы гэтаму наша школа набывае добры, якасны выгляд. Дарэчы, на рамонт спартыўнай залы і стадыёна было выдзелена 500 тысяч беларускіх рублёў, якія выкарысталі па прызначэнні», — падагульніў дырэктар.
На базе школы дзейнічае ўнікальны рэсурсны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці, які складаецца з двух пакояў і вялікага фае. «Там праводзяцца заняткі для вучняў як нашай школы, так і з усяго раёна. На працягу навучальнага года да нас прыводзяць дзяцей. У цікавай, інтэрактыўнай форме праводзім заняткі па бяспецы жыццядзейнасці. Школьнікі вучацца, як правільна сябе паводзіць пры надзвычайных сітуацыях: выклікаць ратавальнікаў, аказаць першую дапамогу пры ўтапленні і інш. Таксама ёсць спецыяльны калідор-лабірынт, у якім дзеці вучацца выходзіць з цёмнага, задымленага памяшкання. Тут паказваем, як правільна дзейнічаць пры пажары, трэніруем псіхалагічную ўстойлівасць, бо ад гэтага можа залежаць іх жыццё. Пры дапамозе дым-машыны напаўняем пакой дымам, уключаем сірэну і вучым дзяцей, як правільна сябе паводзіць і як рухацца».
Усе сцены школы аформлены сучасна, з неабходнай інфармацыяй, малюначкамі і QR-кодамі. Па словах Алены Лангвіновіч, тут усё прыгожа, сучасна, ярка, а гэта зацікаўлівае дзяцей: «У дадзеным памяшканні ствараецца практычна рэальная надзвычайная сітуацыя. Нашы вучні паспяхова і з задавальненнем праходзяць праз такое выпрабаванне. Ёсць у нас і сучасны манекен — трэніруем дзяцей аказваць першую медыцынскую дапамогу».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота аўтара
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.