Вы тут

Чаму ўзнікае галаўны боль і як з ім справіцца?


Галаўны боль — праблема настолькі глабальная, што спецыялісты нават распрацавалі Міжнародную класіфікацыю галаўных боляў. Мабыць, няма чалавека, які не ведае, што гэта такое, бо 98% насельніцтвы планеты перыядычна адчуваюць боль у асобных частках (патыліцы, скронях) або па ўсёй галаве. Міжнароднае таварыства галаўнога болю (ІHS) вылучае больш за 180 відаў цэфалгій. Якія іх асноўныя прычыны? Як адрозніць галаўны боль ад мігрэні? Які галаўны боль нельга трываць? Як дапамагчы сабе ў хатніх умовах і колькі таблетак можна прыняць, каб аблегчыць пакуты? Пра гэта размаўляем з неўролагам 11-й гарадской паліклінікі Гюлабатцн Закірзадэ.


— З чым можа быць звязаны галаўны боль? Якія яго асноўныя прычыны?

— Галаўны боль — адна з самых распаўсюджаных скаргаў пацыентаў на прыёме. Ён можа быць звязаны з інфекцыйнымі, запаленчымі, сасудзістымі захворваннямі, артэрыяльным ціскам, траўмай, псіхічнымі расстройствамі, стрэсам, пухлінамі, пабочным дзеяннем лекаў. Акрамя таго, можа з’яўляцца сам па сабе асноўным захворваннем, як, напрыклад, мігрэнь, галаўны боль напружання, кластарны галаўны боль, якія ўзнікаюць на фоне спадчыннай схільнасці і праяўляюць сябе пры дзеянні правакацыйных фактараў — стрэсу, гарманальнага фону, парушэнняў сну, алкаголю, знаходжання ў душных памяшканнях, перападаў атмасфернага ціску, артэрыяльнага ціску.

— Чым галаўны боль адрозніваецца ад мігрэні? Як з ім справіцца?

— Мігрэнь характарызуецца аднабаковай лакалізацыяй (часцей за ўсё гэта скроневая вобласць), высокай інтэнсіўнасцю (гэты галаўны боль настолькі моцны, што прымушае чалавека спыніцца, узяцца за галаву, прылегчы, прысесці), пацыент падчас прыступу шукае ціхае і цёмнае месца (шум ці святло ўзмацняюць галаўны боль), можа суправаджацца аўрай (млоснасць, ваніты, зрокавыя галюцынацыі). Каб сказаць, што гэта менавіта мігрэнь, неабходна мінімум пяць эпізодаў падобнага галаўнога болю.

Падчас прыступу мігрэні неабходна ў першыя 15 хвілін прыняць прэпарат з групы нестэроідных супрацьзапаленчых (ібупрафен, німесулід, парацэтамол, цытрамон) або, калі ні адзін з іх не эфектыўны, — з групы трыптанаў (суматрыптан, золмітрыптан).

— Калі пры змене надвор’я баліць галава, гэта і ёсць мігрэнь?

— Галаўны боль пры змене надвор’я можа быць звязаны з хранічнымі захворваннямі (напрыклад, павышаны артэрыяльны ціск, атэрасклероз, захворванні сэрца, лёгкіх, артрыты, артрозы), наступствамі захворванняў нервовай сістэмы (чэрапна-мазгавых траўмаў, інсультаў, энцэфалітаў) або метэаадчувальнасцю.

— У якім выпадку з галаўнымі болямі трэба звяртацца да ўрача? Якія сімптомы могуць сведчыць, што марудзіць нельга?

— Грознымі сімптомамі галаўнога болю з’яўляюцца наступныя. Калі ён упершыню ўзнік пасля 50 гадоў; з часам змяніў свой ход; высокаінтэнсіўны; аднабаковы; з часам прагрэсіруе; не праходзіць пасля прыёму прэпаратаў; суправаджаецца павышэннем тэмпературы цела; узнік на фоне ацёку дыска глядзельнага нерва, ВІЧ-інфекцыі, анкалагічнага, эндакрыннага і інш. захворванняў або траўмы галавы; галаўны боль падчас цяжарнасці; суправаджаецца стратай прытомнасці.

Больш за ўсё пры галаўным болі мы баімся інсульту (кровазліцця ў абалонкі мозгу або непасрэдна ў мозг), які характарызуецца высокаінтэнсіўным галаўным болем, не праходзіць пасля прыёму лекаў і суправаджаецца слабасцю або здранцвеннем у канечнасцях, глядзельнымі парушэннямі, млоснасцю, ванітамі, стратай прытомнасці. Пры ўсіх пералічаных сімптомах трэба неадкладна звяртацца да ўрача.

— Пра што можа казаць галаўны боль, які ўзнікае падчас інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі? Што рабіць у такім выпадку?

— Галаўны боль, якая ўзнікае падчас інтэнсіўнай фізічнай, разумовай нагрузкі, таксама патрабуе звароту па медыцынскую дапамогу. Паколькі можа быць выкліканы не толькі неўралагічнымі прычынамі (мігрэнь, галаўны боль напружання, кластарны галаўны боль), але і сардэчна-сасудзістымі ці наступствам траўмы. Таксама неабходна адзначыць, што падобны галаўны боль не рэдкасць у спартсменаў, і ў выпадку яго ўзнікнення ўрач прызначае карэкціровачнае лячэнне.

Пры з’яўленні падобнага галаўнога болю неабходна спыніць трэніроўку, памераць ціск, пульс, выпіць вады, у выпадку, калі галаўны боль не спыняецца, прыняць анальгетыкі.

— Якія ёсць спосабы справіцца з галаўным болем у хатніх умовах? Калі галава баліць моцна, колькі можна выпіць таблетак за дзень?

— Падчас галаўнога болю неабходна прысесці ці паляжаць, можаце выканаць лёгкі масаж шыі ці скроневай вобласці галавы, лёгкія практыкаванні на мышцы спіны, шыі і галавы. Калі боль не праходзіць, то неабходна выпіць анальгетыкі. Старайцеся не прымаць больш за тры таблеткі ў дзень. Перад прыёмам прэпарату неабходна паглядзець максімальную сутачную дазіроўку канкрэтнага прэпарату і не перавышаць яе.

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.