Вы тут

Як правільна здымаць ураджай яблыкаў і груш?


Надыходзіць час актыўнага збору яблыкаў і груш. Пры гэтым адразу паўстае пытанне: як зрабіць так, каб сабраны ўраджай захаваў смакавыя якасці на працяглы час? Для гэтага дастаткова ўсяго толькі правільна яго сабраць...


Усім вядома, што спелы плод у момант яго здымання з пладовай галінкі разам з пладаножкай павінен лёгка аддзяляцца, а насенне — мець цёмна-буры колер. І гэта факт. Таму многія перакананы, што гэтага дастаткова для збору яблыкаў і груш і іх якаснага захоўвання. Аднак…

Існуе некалькі правілаў зняцця ўраджаю для захоўвання.

Па-першае, яблыкі і грушы неабходна збіраць вельмі акуратна, не даўшы зваліцца плоду на зямлю. Пашкоджаны фрукт будзе дрэнна захоўвацца.

Па-другое, ёсць зусім нескладаная тэхніка збору. Плод бяруць усёй далонню, пасля чаго націскаюць на пладаножку зверху ўказальным пальцам менавіта ў месцы яе прымацавання да пладовай галінкі і затым падымаюць яго ўверх злева. Калі плод спелы, то ён свабодна аддзеліцца. Пры гэтым яго не варта тузаць ці круціць — так вы можаце пашкодзіць галінку.

Па-трэцяе, варта пачынаць збор пладоў з ніжніх галінак, паволі рухаючыся да сярэдніх і верхніх. Прычым гэта лепш рабіць пасля сходу расы.

Па-чацвёртае, для збору ўраджаю лепш за ўсё выкарыстоўваць разнастайныя падстаўкі ці лесвіцы. А для непасрэднага складання яблыкаў і груш — мяккія вярбовыя кошыкі, звужаныя дадолу, з невялікай ёмістасцю (да 10 кг ) і вышынёй каля 35-40 см. Заслаць іх лепш тонкім пластом паперы або габлюшкі, а для большага эфекту — абцягнуць мешкавінай.

Па-пятае, лазіць па дрэвах падчас збору ўраджаю недапушчальна. Гэтым вы можаце нанесці вялікую шкоду не толькі сабе, але і дрэву, сапсаваўшы яго кару і галіны.

Па-шостае, месца для захоўвання ўраджаю трэба падбіраць паводле тэмпературна-паветранага рэжыму. Яблыкі ранніх сартоў лепш за ўсё захоўваюцца пры тэмпературы 1 °С і вільготнасці 80–90%. Напрыклад, пры выкананні ўказанага вышэй рэжыму ваш ураджай будзе захоўвацца больш за месяц, у адваротным выпадку — не больш за два тыдні.

Па-сёмае, для яблыкаў і груш ранніх сартоў характэрна ападанне пладоў, што вядзе да з’яўлення велізарнай колькасці шкоднікаў, якія назапашваюцца ў пладовым ападзе. Таму не лянуйцеся і своечасова збірайце і выносьце з саду ўсе гнілыя і сапсаваныя плады. Гэта лепш рабіць увечары, не пакідаючы на раніцу, бо пладажэркі з чарвівых пладоў уначы перапаўзаюць у шчыліны будынкаў і там акукліваюцца на зімоўку.

Па-восьмае, не зацягвайце са зборам ураджаю, бо плады, якія доўгі час знаходзяцца пад сонечным святлом, могуць атрымаць апёкі, што пазней адаб’ецца на іх якасці.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.