Вы тут

Супрацоўнікі мінскай міліцыі кантралююць сітуацыю ў сталіцы ў рэжыме рэальнага часу


Часы, калі злачынцаў шукалі месяцамі і нават гадамі, сышлі ў нябыт. Той, хто думае, што схавацца ад правасуддзя нескладана, глыбока памыляецца. З кожным днём міліцэйскае ведамства ўдасканальвае свае формы работы. На дапамогу супрацоўнікам органаў унутраных спраў прыходзяць высокія тэхналогіі. Знайсці ўкрадзены аўтамабіль за лічаныя хвіліны? Выйсці на след кватэрнага злодзея? Адшукаць дзіця, якое не вярнулася дахаты? Разабрацца ў абставінах дарожна-транспартнага здарэння, калі няма сведак? Лёгка! У гэтым карэспандэнты «Звязды» пераканаліся падчас наведвання Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама.


Унікальнае падраздзяленне функцыянуе ў структуры мінскай міліцыі з 2021 года. У рэжыме рэальнага часу, днём і ноччу, супрацоўнікі органаў унутраных спраў адсочваюць стан правапарадку ў грамадскіх месцах, дапамагаюць калегам з іншых падраздзяленняў аператыўна ўстанаўліваць месцазнаходжанне правапарушальнікаў і злачынцаў, шукаюць людзей, якіх па пэўных прычынах не дачакаліся дома. Усё гэта стала магчымым дзякуючы вялікай колькасці камер відэаназірання, размешчаных на тэрыторыі сталіцы. 

Ад камер не схаваешся

Увесь Мінск — як на далоні. Менавіта такое ўражанне складваецца, калі ўпершыню трапляеш у Цэнтр маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама. Дзякуючы праграмнаму забеспячэнню айчынных распрацоўшчыкаў, супрацоўнікі цэнтра кантралююць абстаноўку абсалютна ва ўсіх лакацыях горада-двухмільённіка. Ні адно надзвычайнае здарэнне, нават дробнае хуліганства не застаецца па-за ўвагай міліцыянераў.

— Дапусцім, супрацоўнік крымінальнага вышуку займаецца раскрыццём крадзяжу і ў яго ёсць інфармацыя, якую ён атрымаў з лакальных сістэм відэаназірання, — расказвае начальнік Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Яўген Хабрацкі. — Напрыклад, нашага калегу цікавіць нумар канкрэтнага транспартнага сродку. Ён звяртаецца да нас з просьбай аказання садзейнічання ў выяўленні месцаў з’яўлення дадзенага аўтамабіля, маршруту яго перамяшчэння. Гэтую інфармацыю мы ўносім у рэспубліканскую сістэму маніторынгу і шляхам далейшага ўзаемадзеяння з супрацоўнікам органаў унутраных спраў перадаём яму інфармацыю, якая можа паўплываць на дасягненне выніку.

У тым, што пошук транспартнага сродку ажыццяўляецца аператыўна, удалося пераканацца асабіста. Супрацоўнікі цэнтра ўвялі нумар майго аўтамабіля ў сістэму — і не трэба было нікому тлумачыць, якія месцы апошнім часам я наведвала, па якім маршруце рухалася. Адным словам, зламыснік, які перасоўваецца на транспартным сродку, далёка не даедзе. І абсалютна не мае значэння, ёсць на аўтамабілі нумарны знак або яго наўмысна знялі: сістэма распазнае аўтамабіль па марцы і па колеры, нават па твары кіроўцы.

— Аналагічная сітуацыя — з пошукам асоб, — тлумачыць прынцып работы ўнікальнага праграмнага забеспячэння Яўген Хабрацкі. — Калі мы маем выяву чалавека, які знаходзіцца ў вышуку, то загружаем яе ў сістэму і можам паглядзець, на якіх аб’ектах ён з’яўляўся. Дапусцім, на якой станцыі метрапалітэна заходзіў і выходзіў, якую краму або кафэ наведваў, на якім вакзале сеў у транспартны сродак.

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Нядаўна ў полі зроку сталічных вартавых правапарадку трапіў відэаролік, на якім відаць, як у раёне вуліцы Няміга рухаецца тралейбус. Са знешняга боку на ім перамяшчаўся малады чалавек — зачэпер. Дзякуючы ўнікальнай праграме міліцыянерам нескладана было ўстанавіць, на якім прыпынку правапарушальнік залез на тралейбус, у якім напрамку рухаўся і, галоўнае, дзе злез з транспартнага сродку. Праваахоўнікі аператыўна ўстанавілі асобу хулігана: ім аказаўся 28-гадовы жыхар Бабруйска. Пазбегнуць адказнасці мужчыну не ўдалося.

Затрымаць фігуранта за лічаныя хвіліны

Аналагічныя падраздзяленні маніторынгу створаны ў раённых упраўленнях унутраных спраў сталіцы, у кожным абласным падраздзяленні міліцэйскага ведамства. Аднак для больш хуткага ўстанаўлення факта або абставін правапарушэння ці злачынства міліцыянеры звяртаюцца па дапамогу да калег з ГУУС Мінгарвыканкама: магчымасці Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі дазваляюць бачыць абстаноўку не толькі ў сталіцы, але і ў цэлым на тэрыторыі ўсёй краіны.

Да супрацоўнікаў, якія нясуць службу ў цэнтры, прад’яўляюцца самыя сур’ёзныя патрабаванні. Па-першае, тут працуюць выключна афіцэры. У кожнага з іх за плячыма — вышэйшая адукацыя: як правіла, юрыдычная і тэхнічная. «Супрацоўнік Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі павінен валодаць уважлівасцю, уседлівасцю, кемлівасцю, мець аналітычны склад розуму, — звяртае ўвагу начальнік падраздзялення. — Аб’ём інфармацыі, з якім яны працуюць, вялікі, і гэта ўсё трэба ўмець аналізаваць, з атрыманай інфармацыі выбіраць галоўнае, бо на аснове гэтых звестак працуюць і супрацоўнікі крымінальнага вышуку, і наркакантролю, іншыя нашы калегі. Калі інфармацыя будзе выклікаць сумненне, траціцца вялікая колькасць сіл і сродкаў на яе праверку. А мы не павінны гэтага дапусціць».

Так супрацоўнікі цэнтра дапамагалі ўстанаўліваць абставіны наступнага злачынства. Пакуль удзельнік бойкі ехаў у метро, аб ім ужо ведаў увесь горад. «На лінію „102“ паступіла паведамленне, што ў пераходзе станцыі метро „Каменная Горка“ з лесвіцы ўпаў мужчына, знаходзіўся ён без прытомнасці, — згадвае сітуацыю старшы інспектар Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Валенка. — Дзякуючы запісам камер на ўваходзе ў метро міліцыянеры высветлілі, што напярэдадні мужчына стаў удзельнікам бойкі. Малады чалавек некалькі разоў ударыў яго, скінуў з лесвіцы і ўцёк. Мы выкарысталі магчымасці рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі і вызначылі маршрут фігуранта. Звесткі аб тым, што хлопец, які нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні грамадзяніну, з’явіўся на вакзале, неадкладна перадалі ў патрульна-паставую службу Кастрычніцкага РАУС. Патрульныя зрэагавалі імгненна і па прыкметах затрымалі 25-гадовага фігуранта за лічаныя хвіліны да адпраўкі аўтобуса ў суседнюю краіну».

Ад разбору ДТЗ да дапамогі тым, хто спяшаецца ў радзільню

Выконваючы канкрэтныя задачы па пошуку парушальнікаў правапарадку, супрацоўнікі цэнтра маніторынгу працягваюць ажыццяўляць кругласутачны кантроль за грамадскімі месцамі Мінска. Лакацыі, дзе, як правіла, фіксуецца найбольшая колькасць правапарушэнняў, знаходзяцца на асаблівым кантролі. Калі бачаць нестандартныя сітуацыі, перадаюць у аператыўна-дзяжурную службу, дзе ажыццяўляецца рэагаванне. Калі паступае інфармацыя аб здзейсненым злачынстве, спецыялісты аператыўна ўстанаўліваюць месца, час, спосаб здзяйснення злачынства, а ў выніку — і вінаватую асобу.

Напрыклад, міліцыянерам нескладана ўстанавіць асобы кур’ераў, якія з’яўляюцца фігурантамі злачыннай схемы «Ало, мама!». «Дзякуючы таму, што жыхары шматкватэрных дамоў сваімі сіламі ўстанаўліваюць камеры відэаназірання ў пад’ездах, такія правапарушэнні лёгка раскрываюцца, — расказвае старшы інспектар Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама старшы лейтэнант міліцыі Дзмітрый Лебедзеў. — Атрымаўшы доступ да гэтых камер, праваахоўнікі знаходзяць фотаздымак злачынцы. Выява асобы, якую неабходна знайсці, загружаецца ў сістэму маніторынгу — адбываецца пошук. І абсалютна не мае значэння, знаходзіўся злодзей у масцы або акулярах з мэтай схаваць свой твар ці не — сістэма ў любым выпадку распазнае грамадзяніна. Мы атрымліваем інфармацыю, дзе ён з’яўляўся. Дапусцім, зразумелі, што злачынец знаходзіцца на станцыі метро „Партызанская“ і рухаецца ў бок станцыі „Першамайская“. Там яго ў выніку і затрымае міліцэйскі нарад».

Без асаблівых намаганняў супрацоўнікі цэнтра маніторынгу адшукаюць і таго, хто прысвоіў чужы кашалёк або іншую рэч у краме, хто вырашыў павысіць сваё фінансавае становішча з дапамогай нарказакладак, знойдуць вінаватага ў ДТЗ, які пакінуў месца здарэння. Працуюць сталічныя міліцыянеры і на прафілактыку.

«У нас жа ўдзельнікі ДТЗ не заўсёды выклікаюць супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі — вырашаюць разабрацца ў сітуацыі самастойна, складаюць еўрапратакол, — канкрэтызуе інспектар Цэнтра маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама маёр міліцыі Ірына Баярчук. — Калі мы бачым, што на праспекце або вуліцы з інтэнсіўным рухам адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, перадаём інфармацыю ў ДАІ. На месца здарэння прыязджае нарад і аператыўна разбіраецца — такім чынам удаецца пазбегнуць затору. Машыны эвакуіруюцца з праезнай часткі — рух аднаўляецца».

На асаблівым кантролі — і папулярныя ў моладзі месцы адпачынку. На той жа Зыбіцкай, дзе хлопцы і дзяўчаты любяць праводзіць час, нярэдка здараюцца бойкі. Маладыя людзі спажываюць алкаголь, у выніку чаго страчваюць пільнасць і ўступаюць у канфлікты. Невыпадкова там заўсёды працуе нарад міліцыі. Сітуацыю ў рэжыме рэальнага часу бачаць і ў цэнтры маніторынгу, а таму пры неабходнасці выклікаюць падмацаванне. Адным словам, магчымасці цэнтра маніторынгу дазваляюць не дапусціць больш сур’ёзных наступстваў.

Бываюць і нестандартныя сітуацыі, калі патрабуецца ўключэнне супрацоўнікаў цэнтра. Нядаўна, напрыклад, па нумары «102» звярнулася цяжарная жанчына і папрасіла дапамогі забяспечыць бесперашкодны праезд да ўстановы аховы здароўя. Супрацоўнікі цэнтра інфармавалі сваіх калег з ДАІ, якія суправаджалі жанчыну ў радзільню, аб наяўнасці пробак і накіроўвалі па найбольш аптымальным маршруце.

«Функцыянал у нашага праграмнага забеспячэння вельмі вялікі, — рэзюмуе Яўген Хабрацкі. — Інструкцыю да яго не напішаш, бо праграмнае забеспячэнне ўвесь час удасканальваецца. У горадзе з’яўляюцца новыя камеры, а ў нас — дадатковыя магчымасці. Рэгулярна агучваем распрацоўшчыку свае прапановы, што хацелася б бачыць, што трэба дапрацаваць, каб супрацоўнікі міліцыі працавалі яшчэ больш эфектыўна. Мы жывём у краіне, якая развіваецца, удасканальваецца, у тым ліку ў інтарэсах бяспекі. Таму, перш чым пайсці на парушэнне закона, трэба мільён разоў падумаць, варта гэта рабіць ці не».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама

Загаловак у газеце: На варце — высокія тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.