Ад сцен Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора адправілася па сваім чарговым маршруце штогадовая Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга. У складзе экспедыцыі — вядомыя пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, прадстаўнікі духавенства і грамадскіх аб’яднанняў.
Трыццаць першая па ліку экспедыцыя наведае гэтымі днямі Баранавіцкі раён, Ляхавічы, Пінск, Іванава, Драгічын, Белаазёрск і прыбудзе ў Івацэвічы, сёлетнюю сталіцу свята ХХХІ Дня Беларускага пісьменства.
Удзельнікі экспедыцыі правядуць у школах урокі беларускага пісьменства, выступяць перад жыхарамі ў час навуковых канферэнцый. Мабільныя групы місіянераў сустрэнуцца з працоўнымі калектывамі, выхаванцамі дзіцячых дамоў, інтэрнатаў. Будуць асвечаны месцы славы і мужнасці нашага народа, пахаванні воінаў і партызан.
Усё гэта наперадзе — кожны з пяці дзён вандроўкі будзе насычаным на падзеі. І ўжо першыя яе хвіліны, провады ад сцен старажытнага мінскага сабора абяцаюць: чарговая місія і сёлета стане паспяховай. Пасля богаслужэння ў храме было прачытана бласлаўленне ўдзельнікам экспедыцыі ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Святары ўручылі царкоўныя ўзнагароды самым сталым удзельнікам экспедыцыі за плённую працу на ніве духоўнай асветы. Усе прысутныя мелі магчымасць убачыць лампаду, запаленую ад Жыватворнага Агню ад Гроба Гасподняга, прыкласціся да цудадзейнага абраза, які стаў пуцяводным для экспедыцыі.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.