Аб рабоце ў сваёй 74-й Вілейскай акрузе карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Святлана Сакалоўская.
— Святлана Іванаўна, важны аспект у рабоце дэпутата — правядзенне прамых тэлефонных ліній і асабістых прыёмаў грамадзян. Якія пытанні сёння хвалююць жыхароў вашай акругі? Як часта людзі звяртаюцца да вас па дапамогу?
— Прамыя лініі і прыёмы праводзяцца штомесяц. З красавіка да жніўня на іх звярнулася 29 чалавек. На кантролі — і вырашэнне пытанняў, закранутых падчас перадвыбарнай кампаніі. Пераважна гэта пытанні сферы ЖКГ (стан дарог, добраўпарадкаванне і г. д.). Практычна яны — прамая кампетэнцыя органаў мясцовай улады, таму і рашэнні па іх прымаюцца на мясцовым узроўні. Чаму праблемы не вырашаліся да звароту да мяне? З некаторымі пытаннямі грамадзяне ідуць адразу да дэпутата, таму на месцах не заўсёды нават ведаюць аб іх наяўнасці. У якасці нядаўняга прыкладу — адсутнасць цырульніка ў адным з аграгарадкоў Мядзельшчыны. Пытанне вырашылася ў тыднёвы тэрмін. Вяскоўцы задаволены, а мне прыемна, што атрымалася дапамагчы!
На жаль, не ўсе пытанні вырашаюцца так хутка. Для вырашэння некаторых патрэбен час. Да ліку такіх можна аднесці якасць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Гэта маніторым штомесяц. Магу з упэўненасцю сказаць, што агульнымі намаганнямі (Белкаапсаюз, Мінаблвыканкам, райвыканкамы) сітуацыю ўдалося пераламіць: сёння ў сельскіх магазінах акругі з асартыментам харчовых тавараў усё ў норме. Цэны таксама не выклікаюць пытанняў. Застаецца праблема з нехарчовай групай тавараў. Яна на кантролі, і выбаршчыкі гэта ведаюць.
Таксама не з лёту разабраліся з узнятым у Лагойскім раёне пытаннем аплаты паслуг па нармалізацыі зямельных участкаў. Спатрэбілася вывучыць пазіцыю Белдзіпразема, а затым Дзяржкаммаёмасці, якая расставіла ўсе кропкі над «і». Патрачана амаль тры месяцы, але ёсць вынік.
Немалы час пойдзе і на вырашэнне праблемы жыхароў аграгарадка Нарач Вілейскага раёна па канчатковым урэгуляванні «іх узаемаадносін» з байдарачнікамі. Вяскоўцы наракаюць на складаванне ўдзельнікамі сплаваў на байдарках у населеным пункце бытавога смецця. Як высветлілася, у заканадаўстве выразныя патрабаванні да ўрэгулявання сітуацыі, якая склалася, не прапісаны. У сувязі з гэтым Мінпрыроды плануе ў рамках падрыхтоўкі праекта закона па карэкціроўцы Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледзець паўнамоцтвы Саўміна на вызначэнне парадку карыстання павярхоўнымі воднымі аб’ектамі і для плавання на маламерных суднах і іншых плывучых збудаваннях. А на дадзеным этапе Вілейскім райвыканкамам прыняты меры па замене кантэйнераў для бытавога смецця на больш ёмістыя, таксама будзе кантралявацца іх своечасовы вываз.
Дэпутат не можа быць абыякавым чалавекам. Гэта датычыцца як зваротаў грамадзян, так і пытанняў узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, якія наўпрост уплываюць на якасць жыцця насельніцтва. На рэгулярнай аснове ў акругах маніторацца гандлёвыя аб’екты на прадмет асартыменту і цэн на прадукцыю, якая рэалізоўваецца, вывучаецца шэраг іншых не менш важных пытанняў. Напрыклад, работа службы «Адно акно», якасць пасяўной і ўборачнай кампаніі, арганізацыя харчавання механізатараў і інш.
— Што робіцца для вырашэння праблемных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнаў?
— Як для Вілейскага, так і для Мядзельскага раёнаў сёння вельмі актуальныя пытанні прыцягнення інвестыцый у эканоміку і рэалізацыі праектаў, якія дазваляюць стварыць новыя (немалаважна — высокааплатныя) працоўныя месцы і папоўніць бюджэт. У кожным раёне ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект» вытворчымі ўчасткамі Мінскага малочнага завода № 1 рэалізоўваюцца праекты па вытворчасці сыроў з белай (Вілейка) і блакітнай (аг. Нарач Мядзельскага раёна) цвіллю. Завяршэнне праектаў дасць магчымасць стварыць у сукупнасці 64 працоўныя месцы і нарасціць на 130 тон аб’ёмы вытворчасці сыроў. І гэта імпартазамяшчальныя вытворчасці. Таму рэалізацыі гэтых праектаў удзелена асаблівая ўвага, тым больш што тэрміны іх завяршэння ў мінулым годзе ўжо мяняліся.
З выездам на месца разам з кіраўніцтвам вытворчых участкаў і райвыканкамаў быў вывучаны ход рэалізацыі праектаў. Выяўлены шэраг фактараў, якія выклікаюць занепакоенасць своечасовасцю ўводу аб’ектаў у эксплуатацыю, пра іх праінфармаваны кіраўнік Мінскага малочнага завода. Прыняты дадатковыя меры, і, згодна з атрыманай інфармацыяй, сёння няма перадумоў да зрыву ўстаноўленага тэрміну (будаўнічая гатоўнасць па вілейскім участку — 70%, мядзельскім — 55%). Разам з тым аб’екты застаюцца на кантролі.
Згодна, што, улічваючы мой вопыт папярэдняй кантрольнай работы, працаваць са мной няпроста.
У той жа час, выкарыстоўваючы яго, мясцовай уладзе павінна быць лягчэй з навядзеннем парадку. Праца ў такім тандэме атрымліваецца. Практыка работы ў рэгіёне — добрая база для работы з праектамі законаў, што паступаюць на разгляд.
— У ліпені вы наведалі людзей, якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі на Мядзельшчыне. Сярод іх — мядзяльчане, малалетнія вязні канцлагераў Расціслаў Чарняўскі і Ларыса Каваленка. Што хвалюе гэтых людзей і наколькі важна прадстаўнікам дэпутацкага корпуса наведваць такія месцы?
— З гэтымі людзьмі сапраўды сустракалася напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкі захопнікаў. Важным было павіншаваць іх з гэтым святам, а таксама пазнаёміцца з умовамі жыцця і пачуць ацэнку якасці сацыяльнага абслугоўвання дома. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, розныя ўмовы пражывання (горад і аграгарадок, кватэра і дом), у дачыненні да супрацоўнікаў сацслужбы гучалі словы падзякі. Значыць, усё робім правільна.
Сустрэчы прайшлі ў душэўнай абстаноўцы з расповедамі аб жыццёвым шляху, лёсах блізкіх людзей, дзяцей і ўнукаў. Толькі добрае, толькі светлае, з лёгкай іроніяй над сваімі памылкамі. Шмат чаму трэба вучыцца ў такіх людзей і максімальна іх далучаць да работы з падлеткамі, больш пісаць пра іх у СМІ — пра жыццё ў неймаверных умовах падчас Вялікай Айчыннай, цяжкую працу па аднаўленні краіны ў пасляваенныя гады і чыстыя (светлыя) душы, якія ўмеюць бачыць і шанаваць добрае, любіць жыццё.
— Лічаныя дні застаюцца да пачатку новага навучальнага года. Наколькі да гэтага гатовы школы вашай акругі?
— У рамках падрыхтоўкі маніторыла сітуацыю з гатоўнасцю аб’ектаў устаноў адукацыі да пачатку навучальнага года. Безумоўна, асноўная ўвага — сельскім школам. Выснова адназначная: зроблена вельмі многае. І заслуга ў гэтым у тым ліку бацькоў, якія зрабілі пасільны ўнёсак у добраўпарадкаванне тэрыторыі і рамонт аб’ектаў. Ёсць, вядома, асобныя недахопы, над ліквідацыяй якіх трэба будзе папрацаваць. Разам з тым гэта не паўплывае на святочную атмасферу пачатку школьных заняткаў.
Карыстаючыся выпадкам, напярэдадні 1 верасня хацелася б павіншаваць усіх з гэтым выдатным святам. І не толькі тых, хто працуе і вучыцца ў школе. Яго з трапятаннем чакаюць і былыя работнікі сістэмы адукацыі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку…
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота з архіва Святланы САКАЛОЎСКАЙ
Плённым на ўзаемаадносіны з выбаршчыкамі аказаўся тыдзень працы ў сваёй, Хойніцкай, акрузе № 47 для Старшыні Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Жанны Чарняўскай. Дэпутат працавала на тэрыторыі чатырох раёнаў: Хойніцкім, Рэчыцкім, Лоеўскім і Гомельскім.
Акрамя прыёмаў грамадзян і тэлефонных ліній, асаблівая ўвага парламентарыя была ўдзелена ходу ўборачнай кампаніі, пытанням рэалізацыі аднаўленчых мерапрыемстваў пасля ўрагану, які пранёсся над краінай у ліпені.
Работа ў акрузе была напоўнена і шматлікімі сустрэчамі. Сярод іх — дыялогавая пляцоўка з маладымі спецыялістамі Хойніцкага раёна «Лідар нацыі — інстытуту Прэзідэнцтва 30 гадоў», якую ініцыявала і правяла дэпутат. У прэзентацыі, падрыхтаванай Жаннай Чарняўскай, наглядна паказаны шлях у 30 гадоў: як было тады і якія намаганні прыкладаліся для пераадолення крызісу і забеспячэння нармальных умоў жыцця. Старшыня Пастаяннай камісіі падзялілася і ўласным вопытам, калі працавала маладым спецыялістам у сферы гандлю. «Як сёння памятаю пустыя паліцы, талоны, мізэрныя заробкі, — згадвае парламентарый. — Таму мне было што расказаць цяперашнім маладым спецыялістам і акцэнтаваць увагу на тым, што перад імі стаіць найважнейшая задача — захаваўшы напрацаванае папярэднімі пакаленнямі, памнажаць, развіваць, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі».
Днямі Жанна Мікалаеўна прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі «Збяром партфель першакласніку», у рамках якой уручыла тром будучым школьнікам заплечнікі з самым неабходным напаўненнем.
Традыцыйна ў графіку дэпутата — прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы ў працоўных калектывах і з насельніцтвам, інфармацыйна-прапагандысцкая работа з навучэнцамі і моладдзю, дыялогавыя пляцоўкі і круглыя сталы, вывучэнне дзейнасці галін акругі, наведванне ветэранаў вайны і працы, ушаноўванне і віншаванне перадавікоў, найлепшых у сваёй справе, вучобе і спорце, культуры.
Таксама Жанна Чарняўская рэгулярна праводзіць маніторынг аб’ектаў гандлю: асабіста вывучае асартымент і фарміраванне цэн. Гэтым разам дэпутата цікавіла наяўнасць школьнага асартыменту напярэдадні пачатку навучальнага года. Вывучала яна і меркаванні пакупнікоў на гэты конт.
Любімым фарматам узаемадзеяння з насельніцтвам парламентарый лічыць дыялог. «У рабоце дэпутата неабходна зваротная сувязь, — тлумачыць яна. — Заўсёды важна, каб выбаршчыкі выказвалі свае думкі па пытаннях, якія іх цікавяць. Адразу падчас сустрэчы можна абмеркаваць і растлумачыць тую ці іншую сітуацыю, прапанаваўшы алгарытм вырашэння. Шмат людзей прыходзяць са сваімі пытаннямі і праблемамі. Як правіла, яны датычацца жыццядзейнасці людзей: ЖКГ, дарогі і дваровыя тэрыторыі, якасць вады і замена сетак водазабеспячэння. Рэдка, але ёсць прапановы па змяненнях і дапаўненнях у законы. Усё бяру на аловак, прапрацоўваем сумесна з калегамі, глядзім мэтазгоднасць і неабходнасць, прымаем рашэнне».
Вераніка КАНЮТА
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.