Важнасць новых праектаў для развіцця рэгіёна цяжка пераацаніць. Гэта новыя працоўныя месцы, падаткі ў бюджэт, устойлівасць развіцця. Пра гэта падчас селектарнага пасяджэння нагадаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Удзел у рабоце пасяджэння прынялі таксама памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк і намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. На сувязі з аблвыканкамам былі кіраўнікі ўсіх 21 раёнаў вобласці, а таксама Магілёва і Бабруйска.
Сёння на Магілёўшчыне рэалізуецца 31 інвестыцыйны праект агульным коштам болей чым 1 280 мільёнаў рублёў, якімі прадугледжваецца стварэнне не менш як 1 592 новых працоўных месцаў. Адказнымі за іх выкананне прызначаны старшыні адпаведных гар- райвыканкамаў. На 1 жніўня з пачатку запуску гэтых праектаў быў выкарыстаны 771 мільён інвестыцыйных рублёў, створана 1009 новых працоўных месцаў. За 2023 год і 8 месяцаў бягучага цалкам завершана рэалізацыя 8 праектаў, створана 865 новых працоўных месцаў.
Разам з тым па шэрагу аб’ектаў ёсць праблемы з іх выкананнем. З адставаннем ад графіку ідзе будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Бабруйску. Прычына, як паведамілі ў Бабруйскім райвыканкаме, павелічэнне кошту аб’екта і працяглае ўзгадненне праекта пастановы Саўміна на яго фінансаванне. Працяглая прапрацоўка пытання па закупцы часткі лесапільнага абсталявання па схеме «паралельнага імпарту» запаволілі выкананне праекта па арганізацыі лесапільнай вытворчасці ў Бабруйску. А ў Быхаўскім раёне, дзе рэалізуецца буйны праект па будаўніцтве электрастанцыі на адноўленых крыніцах электраэнергіі, з-за змен заканадаўства ў сферы яе выкарыстання ўзнікла пагроза вяртання крэдытных рэсурсаў, што можа прывесці да банкруцтва фірмы. На 1 жніўня было ўжо ўкладзена болей чым 171 мільён рублёў інвестыцый у асноўны капітал, створана 50 новых працоўных месцаў. Ступень гатоўнасці аб’екта ацэньвалася болей чым на 71%. Сёння аблвыканкам сумесна з рэспубліканскімі органамі кіравання працуюць над стабілізацыяй гэтага праекта.
— Адставанне ў графіках рэалізацыі праектаў звязана як з пастаўкай тэхналагічнага абсталявання, так і з адкрытай непаваротлівасцю ў асобных выпадках на месцах, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. — Першачарговая задача ўмець бачыць не проста праект, а што ён дасць канкрэтнаму раёну. І ўжо зараз фарміраваць новы інвестыцыйны праект у розных сферах —вытворчасці, гандлёвай дзейнасці, турыстычнай.
Асобая ўвага была нададзена аб’ектам у сферы турызму. Зараз гэта тэма вельмі запатрабаваная. Уключэнне такіх аб’ектаў у пералік «Адзін раён — адзін праект» дае магчымасць скарыстацца льготным крэдытным рэсурсам і крэдытнай праграмай, выпрацаванай банкам «Развіццё» спецыяльна пад даручэнне Прэзідэнта.
— Насамрэч у вобласці рэалізуецца нашмат болей праектаў, —кажа намеснік старшыні. — Яны з’яўляюцца ў розных сферах, але, калі не патрабуюць падтрымкі дзяржавы, мы не ўключаем іх у пералік «Адзін раён — адзін праект». Мы гаворым толькі пра тыя, што на кантролі і не патрабуюць дадатковай падтрымкі.
У вобласці таксама рэалізуецца 10 імпартазамяшчальных праектаў.
— Сярод іх шэраг значных, у прыватнасці вытворчасць бялёнай хіміка-тэрмамеханічнай масы, вытворчасць перакісу вадароду і хларату натрыю на прадпрыемстве "Магілёўхімвалакно,"— удакладняе Раман Страхар. — На стварэнне новай імпартазамяшчальнай прадукцыі нацэлены кампаніі «Техналіт», «Легпрамразвіццё», «Ольса», «Магілёўліфтмаш», «Малочныя горкі», «Белшына» і шэраг іншых прадпрыемстваў Магілёўшчыны. Вельмі цікавы праект прапануе прыватнае прадпрыемства «Базальтум» — арганізацыя вытворчасці ўцяпляльніка на аснове базальту.
Падсумоўваючы інфармацыю, якая прагучала ад кіраўнікоў раёнаў, Магілёва і Бабруйска, Анатоль Ісачанка падкрэсліў:
— Без развіцця вытворчасцяў, стварэння працоўных месцаў, мы не можам казаць пра развіццё рэгіёна. Самае сумнае, што раёны не спяшаюцца прапаноўваць праекты. А без гэтага няма руху наперад. Нехта пачынае казаць, што няма грошай, яшчэ чагосьці, — усё ёсць, трэба гэтым займацца. Ёсць механізм. Праграма «Паўднёвы Усход» таксама можа развівацца больш дынамічна. Трэба рабіць наступны віток, нешта прапаноўваць, ствараць працоўныя месцы, а да іх — сацыяльную сферу: школы, бальніцы, дарогі.
Кіраўнік абласной вертыкалі таксама звярнуў увагу на тое, што ў райцэнтрах не хапае месцаў, дзе можна адпачыць, а ў некаторых няма нават куды зайсці, каб, умоўна кажучы, выпіць кавы ці з’есці марозіва. І гэта тэма таксама павінна быць ўзятая на ўзбраенне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.