Дэпутаты працуюць над падрыхтоўкай законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі». Мэтазгоднасць і сутнасць новаўвядзенняў з прыцягненнем шырокага кола спецыялістаў абмеркавалі ў Авальнай зале на семінары-нарадзе на тэму «Развіццё сістэмы адукацыі на сучасным этапе: праблемныя пытанні і навацыі ў заканадаўстве», арганізаванай Пастаяннай камісіяй па адукацыі, культуры і навуцы.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА нагадаў аб Рэспубліканскім педагагічным савеце, які на днях прайшоў з удзелам кіраўніка дзяржавы, дзе былі закрануты праблемныя пытанні развіцця сферы адукацыі. «Прэзідэнтам пастаўлены сур’ёзныя задачы, якія нам сумесна трэба будзе вырашаць, — падкрэсліў ён. — Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, адукацыя — фундаментальная сфера нашага жыцця, якая пранізвае абсалютна ўсе галіны і вызначае развіццё нацыі. Таму заканамерна, што адным з прыярытэтаў дзяржавы была і застаецца якасная і даступная адукацыя, накіраваная на выхаванне грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны, раскрыццё яго асобаснага патэнцыялу, фарміраванне навыкаў і кампетэнцый, якія ў поўнай меры адпавядаюць сучаснаму жыццю».
Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што ў нашай краіне адукацыя з’яўляецца самай буйной сферай. У Беларусі функцыянуе звыш сямі тысяч устаноў адукацыі, у якіх навучаецца больш за тры мільёны чалавек — дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў, працуе каля 400 тысяч работнікаў.
Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, захоўваюцца і будуць заставацца нязменнымі асноўныя прынцыпы: дзяржаўная падтрымка, справядлівасць і роўны доступ да якаснай адукацыі, мэтавы набор, гарантыя першага працоўнага месца. Таксама рэалізуецца найважнейшы прынцып — адукацыя праз усё жыццё. «Сістэма адукацыі адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляюцца да яе грамадствам і дзяржавай, — падкрэсліў спікер. — Разам з тым Прэзідэнт патрабуе не хаваць праблем у сістэме адукацыі, не ўпрыгожваць рэчаіснасць. У гэтай сувязі кіраўніком дзяржавы пастаўлены шэраг задач перад адукацыйнай сферай, якія будуць вырашацца ў бліжэйшай перспектыве: прыцягненне высокаматываваных і творчых педагогаў да работы ў сістэме адукацыі, далейшае ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі кадраў, павышэнне прэстыжу педагагічнай працы, устараненне адміністрацыйных абмежаванняў праз заахвочванне творчасці і ініцыятывы».
Гэтыя задачы, на думку спікера, могуць быць выкананы ў тым ліку і пры ўмове своечасовага ўдасканалення заканадаўства. Ëн нагадаў, што 1 верасня 2022 года ўступіў у дзеянне абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. У ліку яго асноўных новаўвядзенняў — пашырэнне сферы прымянення мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, узмацненне выхаваўчага складніку адукацыі, замацаванне прынцыпу абавязковасці агульнай сярэдняй адукацыі. Як заўважыў Ігар Сергяенка, кодэкс захаваў сістэму адукацыі, якая ўжо існуе, і нацэльвае яе на паступальнае, эвалюцыйнае ўдасканаленне.
Законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі», які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, удакладняюцца, канкрэтызуюцца і дашліфоўваюцца асобныя нормы Кодэкса аб адукацыі. Шэраг новаўвядзенняў накіраваны на аператыўнае ўрэгуляванне пытанняў практычнага характару. Дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў вядзецца актыўная работа па абмеркаванні законапраекта зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, у працоўных калектывах, на сустрэчах з выбаршчыкамі. Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы правяла два выязныя пасяджэнні, адбылася рабочая нарада з начальнікамі абласных упраўленняў адукацыі.
«Сённяшняе мерапрыемства — гэта працяг работы па абмеркаванні праблемных пытанняў і навацый у заканадаўстве аб адукацыі, — патлумачыў спікер. — Мы павінны старанна прапрацаваць тыя прапановы, якія ўносяцца, пераканацца, што ўлічаны ўсе пытанні, якія патрабуюць урэгулявання, каб больш да гэтай тэмы ў бліжэйшыя гады не вяртацца. У Кодэкс аб адукацыі неабходна ўнесці прапановы, якія ідуць ад жыцця. Іх крыніцамі павінна стаць інфармацыя, якая паступае і ад мясцовых органаў кіравання, у ходзе зносін з выбаршчыкамі, педагогамі, бацькамі навучэнцаў. Тым больш Міністэрства адукацыі гатова да дыялогу і гатова ўлічваць усе меркаванні і прапановы».
Аб змяненнях у заканадаўства па пытаннях адукацыі праінфармаваў намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ. У прыватнасці, праектам закона прапаноўваецца адмяніць грашовыя нормы расходаў на харчаванне, за выключэннем асобных выпадкаў. «Гэта дазволіць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам арганізаваць харчаванне дзяцей па нормах харчавання без увязкі да зацверджаных урадам Беларусі адзіных для ўсёй краіны грашовых нормаў расходаў, — канкрэтызаваў прадстаўнік адукацыйнага ведамства. — Галоўная мэта — не выкананне грашовых норм, а арганізацыя збалансаванага харчавання».
Прадугледжана норма, якая датычыцца абавязку бацькоў забяспечыць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі дзецьмі, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўстановах адукацыі нашай краіны. «Норма накіравана на выключэнне практыкі дыстанцыйнага навучання дзяцей у замежных арганізацыях, — удакладніў Аляксандр Кадлубай. — У Рэспубліцы Беларусь не прадугледжана засваенне зместу агульнаадукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ў дыстанцыйнай форме».
Удасканальваюцца падыходы да працаўладкавання выпускнікоў, замацавання маладых спецыялістаў на працоўных месцах. З мэтай забеспячэння аператыўнага рэагавання на запыты заказчыкаў кадраў на выпускнікоў устаноў адукацыі ўраду Рэспублікі Беларусь даюцца паўнамоцтвы на вызначэнне іншых выпадкаў, акрамя прадугледжаных у кодэксе. З мэтай узмацнення адказнасці арганізацый заказчыкаў кадраў па мэтавай падрыхтоўцы і замацаванню на заканадаўчым узроўні прадугледжваецца іх абавязак вярнуць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, працоўнага, служачага ў выніку, калі яны скасоўваюць у працэсе навучання дадзены дагавор.
Адно з дапаўненняў звязана з прадастаўленнем магчымасці навучэнцам старэйшых класаў за кошт прафпадрыхтоўкі ў сельскіх населеных пунктах і пасёлках гарадскога тыпу атрымліваць катэгорыю «С» на права кіравання механічным транспартным сродкам. «Гэта пазіцыя Савета бяспекі, і мы яе падтрымліваем, — паведаміў намеснік міністра адукацыі. — Ім неабходны маладыя людзі прызыўнога ўзросту, якія валодаюць дадзенай катэгорыяй на кіраванне транспартнымі сродкам, каб не адцягваць увагу салдат тэрміновай службы і не рыхтаваць іх у рамках яе нясення».
Як паведаміў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК, ніякіх кардынальных рэформ законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі» не прадугледжвае. «Толькі дашліфоўка і карэкціроўка норм, якія ўжо ёсць, — падкрэсліў дэпутат. — Два гады таму быў прыняты Кодэкс аб адукацыі, гэта добры і вельмі якасны дакумент. Разам з тым падчас двухгадовай яго апрабацыі ўзніклі пэўныя нюансы, якія патрабуюць карэкціроўкі. Асноўная маса гэтых карэкціровак носіць практычны характар, звязана з удакладненнем пэўных фармуліровак і дапрацоўкай тых норм, якія павінны толькі якасна палепшыць у тым ліку тыя нюансы, аб якіх казаў Прэзідэнт. У прыватнасці, гэта падвоз дзяцей, спрашчэнне пэўных працэдур».
Кажучы аб развіцці вышэйшай школы Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім БОГУШ, адзначыў, што сістэма вышэйшай адукацыі задавальняе ўсе патрэбы айчыннай эканомікі. «На Рэспубліканскім педагагічным савеце была пастаўлена задача — забяспечыць высокі якасны ўзровень падрыхтоўкі нашых выпускнікоў, — нагадаў ён. — Самая складаная задача, на мой погляд, — забяспечыць такую якасць падрыхтоўкі па тэхніка-тэхналагічных і інжынерных спецыяльнасцях. Тут свет не стаіць на месцы, і большая частка сучасных тэхналогій — гэта заслуга і кадравага патэнцыялу, і вынікі многіх комплексных няпростых навуковых даследаванняў. Мы глядзім наперад і з пункту гледжання развіцця новых кірункаў падрыхтоўкі і перазагрузкі тых, якія ўжо існуюць».
У прыватнасці, у БДУІР сёлета ажыццяўляўся набор па некалькіх новых спецыяльнасцях. Адна з іх — «Электроннае машынабудаўніцтва». Спецыяльнасць была створана сумесна з вядучым высокатэхналагічным прадпрыемствам краіны ААТ «Планар» пад развіццё мікраэлектронікі. «Другая спецыяльнасць — "Кіберфізічныя сістэмы", якая прадугледжвае падрыхтоўку спецыялістаў для рабатызаваных вытворчасцяў, сістэм "чалавек-машына", што з’яўляецца новым пакаленнем прамысловых тэхналогій, на якія імкнецца працаваць увесь свет», — канкрэтызаваў Вадзім Богуш.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.