Нягледзячы на тое, што да наступлення каляндарнай восені застаюцца лічаныя дні і надвор’е павінна перабудоўвацца згодна з кліматам, жнівень працягвае нарошчваць паступленне цяпла і ў найбліжэйшы час будзе радаваць багаццем сонца і высокімі тэмпературамі. Разам з тым антыцыклон працягне падтрымліваць у Беларусі пераважна сухое надвор’е. Толькі франтальны раздзел з Заходняй Еўропы, які ў ранішнія гадзіны 31 жніўня падыдзе да нашых паўночна-заходніх граніц, абумовіць 31 жніўня — 2 верасня мазаічныя дажджы, месцамі з навальніцамі. У сувязі з гарачым і сухім надвор’ем узрастае пагроза лясных пажараў, паведамілі у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу — без ападкаў. У начны і ранішні час месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 13–19 градусаў вышэй за нуль, днём — да плюс 27–33 градусаў.
У суботу, 31 жніўня, ноччу будзе пераважна без ападкаў, раніцай і днём месцамі па паўночным захадзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 12–19 градусаў вышэй за нуль, днём будзе ад 25 градусаў па паўночным захадзе да 33 па паўднёвым усходзе.
1 верасня месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 11–18 градусаў з плюсам, днём — ад 19 градусаў па поўначы да плюс 33-ох па паўднёвым усходзе.
У панядзелак, 2 верасня, кароткачасовыя дажджы і навальніцы азмрочаць урачыстыя лінейкі месцамі краіны. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 9–16 градусаў вышэй за нуль, месцамі — да плюс 18 градусаў. Днём будзе 23–30 градусаў спякоты, у паўднёвых раёнах — да плюс 32 градусаў.
У аўторак і сераду, 3–4 верасня, будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 10–17 градусаў вышэй за нуль, днём — плюс 24–31 градус.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.