Міхайлаўна — кабета гаваркая: часам такога нарасказвае, — толькі слухай.
Надоечы стала дзецьмі хваліцца. Сказала, што і сын, і дачка добра вучыліся, абое прэстыжныя ўніверсітэты скончылі, у салідных фірмах працуюць.
А ўсё таму — яна лічыць, — што з англійскай на ты.
— Мы з мужам яе таксама вучылі, — узялася ўспамінаць кабета, — але ж як? Абы экзамен здаць. А здаў і тут жа забыўся, бо дзе яно можа спатрэбіцца? Ды нідзе. Я — бухгалтар, муж — інжынер... А вось дзецям цікавасць да замежных моў прывівалі змалку. І ў гімназію іх аддалі з паглыбленым вывучэннем англійскай. На гэтым я настаяла. Чаму? Зараз раскажу.
Аднойчы, у канцы 90-х, мы ўпершыню паехалі за мяжу: у Чэхію, у Прагу.
Уражанняў ад яе — мора: чырвоныя дахі, вежы, масты, касцёлы, вузкія вулічкі, кветкі... Прыгажосць — проста неверагодная!
І чысціня там вельмі здзівіла, асабліва ў прыбіральнях. Нашым да яе — як да сонца было. Тады...
Але ж я ўсё роўна баялася: змалку слабы імунітэт — любую інфекцыю падбіраю.
Вось і ў Празе насіла з сабой сурвэткі: праз іх адчыняла асобныя дзверы, адкручвала краны, сядзенне ўнітаза ўсцілала туалетнай паперай і нават у два слаі, балазе яе там многа было і такой прыгожай...
Дык вось неяк раз выходжу я з прыбіральні, кірую ў бок свайго аўтобуса і чую, што мяне хтосьці даганяе, нешта ледзь не шэпча — спрабуе казаць (па-чэшску, потым па-англійску?)...
Што канкрэтна — зразумець не магу, але ж мяркую, што гэта, мусіць, гандлярка — хоча нешта з тавару «ўцюхаць»... Дык са мной гэты нумар не пройдзе, не на тую нарвалася!
Я прыспешваю крок. Жанчына — чую — не адстае, ідзе за мной следам ды яшчэ і... прытупвае: раз, другі, пяты... «Во, думаю, дастача, во назола! І што ёй толькі трэба?!»
Азірнулася, — і як не самлела: за мною... хвост з туалетнай паперы цягнецца, а гэтая жанчынка, не змогшы пра яго сказаць, спрабуе адарваць — наступіць на край.
І ёй бы, мусіць, гэта ўдалося, калі б папера была суцэльная, без прасечак на месцах адрыву, а так... «Гандлярка» тупне — шматок адарвецца, потым зноў і зноў... Прывыкла, мусіць, кожную справу да канца даводзіць?
Я, вядома ж, яе апярэдзіла: «адарвала» ад сябе тую паперу, скамячыла ў руках — стала «рассыпацца ва ўдзячнасцях» — па-руску, па-беларуску, па-нямецку, англійску...
Жанчына ў адказ хіба ўсміхалася: з кім, маўляў, не бывае?!
Гэта праўда, але ж, калі б ведала англійскую, падобны канфуз са мной бы не здарыўся, — казала Міхайлаўна. —
Я сходу зразумела б, што нешта не так!
...Тут можна сказаць, што пасля вяртання з паездкі за падручнікі гэтая жанчына не села, — пасадзіла сваіх дзяцей. І, здаецца, правільна зрабіла?
Любоў Чыгрынава,
г. Мінск.
...Вестка аб тым, што на факультэце змянілася начальства, мігам абляцела студэнтаў-«вочнікаў», да завочнікаў — ішла даўжэй. Вось адзін з іх і ўліп. Ён сам расказваў, ЯК... Мне засталося толькі ўспомніць, пару нецэнзурных слоў замяніць на цэнзурныя ды засакрэціць Міколава прозвішча. Такім чынам
Гісторыя — хоць плач, хоць смейся,
Але ж у памяці ўсплыла:
Падчас адной з зімовых сесій
Гадоў мо —наццаць як была.
Калян з Глыбоччыны вішнёвай
Студэнт-завочнік Танада
Пра выпадак той адмысловы
Не раз узгадваў. І не два.
...На факультэце нечакана
Змяніўся кадравы састаў:
З’явіўся новы намдэкана.
(Былы — мо дзесь дэканам стаў?)
Стацыянар пра «новы венік»,
Што мог, разведваў пакрысе
І нама ў твар адразу ж ведаў,
А вось завочнікі — не ўсе.
Яны якраз залік здавалі
І дзень — так скажам — быў не іх:
Шмат загрымела пад «завалы» —
Не палічыць было такіх!
На рэчцы Веды іх галовы
Знікалі — і кругі, кругі...
Выкладчык быў звышпрынцыповы
Ці проста ўстаў не з той нагі?..
Тут ля Міколы нізкі ростам,
Мужчына крокі прыпыніў.
«Перадпенсійнага ўзросту, —
Мікола дзеда ацаніў. —
А бач — пад старасць — у студэнты...
Мо не ад добрага жыцця?
Але ж — мацак, з інтэлігентаў
Не схільных дужа да ныцця».
— Ну, як здаём? — спытаў бадзёра
(не ўсім жа добры дзень казаць?)
Калян быў яўна не ў гуморы
Пра свой «завал» распавядаць:
«Няўжо не бачыць, бесталковы,
Што пахваліцца няма чым?»
— Хрэнова, браце мой, хрэнова... —
І ляпнуў «дзеда» па плячы...
Той разгубіўся...
Мігам страціў
Усю цікаўнасць і цішком
Знік за дзвярыма ў дэканаце...
Да Колі ж хлопцы — касяком:
— Пра што пытаўся намдэкана?
Нармальны чалавек? Ці як?
Ад весткі гэтай нечаканай
Аперся хлопец на вушак:
«Нараніцу, відаць, пачнецца
І пойдзе ўсё — не як хацеў:
Наперакос дзень панясецца...»
З залікам Коля «праляцеў».
Узяць «дабро» на пераздачу —
Да намдэкана трэба ісці:
Паспадзявацца на ўдачу
І «прабачэнні прынясці».
...Дазвол быў лёгка атрыманы,
Залік — таксама Коля здаў.
Яму не брат быў намдэкана,
Але ж, магчыма, паспрыяў?
М. Камароўскі,
г. Орша.
Ад яе ж і Міхаіла Прышвіна: «Без філасофіі можна абысціся ў жыцці, але без гумару жывуць толькі дурні».
Мы не з такіх, праўда? Тады пішыце.
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.