Чарговым выпускам перакладаў з нацыянальных паэзій свету адзначаны нумар газеты «Літаратура і мастацтва», прымеркаваны да XXXI Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах. «Мерыядыны лучнасці» — так называецца разварот штотыднёвіка, на якім па-беларуску вядуць свой рэй з чытачом вершы Аванеса Туманяна (Арменія), Алама Мухамада Ікбала (Пакістан), Рабіндраната Тагора (Індыя), Актая Рзы (Азербайджан), Ікрама Атамурода (Узбекістан), паэтаў шматнацыянальнай Расіі — Зухры Кутлугільдзінавай (Рэспубліка Башкартастан), Валеры Тургая (Чувашская Рэспубліка), Сувайнат Ісрафаілава (Рэспубліка Дагестан; Сувайнат піша на табасаранскай мове).
На беларускую мову творы замежных мастакоў слова пераўвасобілі Настасся Нарэйка, Міхась Пазнякоў, Людміла Кебіч, Рагнед Малахоўскі, Генадзь Аўласенка, Святлана Быкава, Алена Басікірская.
— Партфель рукапісаў з перакладамі пастаянна папаўняецца, — сведчыць рэдактар аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва» Рагнед Малахоўскі. — Мне імпаніруе, што да Міхася Пазнякова, Святланы Быкавай, Генадзя Аўласенкі, Людмілы Кебіч, якія даўно і настойліва працуюць у галіне мастацкага перакладу, далучаюцца і іх маладзейшыя калегі — Алена Басікірская, Настасся Нарэйка. Мы асабліва ўважлівыя да развіцця нацыянальных паэзій на постсавецкай прасторы. Хацелася б захаваць літаратурныя стасункі, якія развівалі нашы папярэднікі, перакладаючы творы паэтаў Азербайджана і Арменіі, Узбекістана і Казахстана, Туркменістана і Таджыкістана, творы паэтаў з розных куткоў неабсяжнай Расіі... Сучасным беларускім перакладчыкам цікава звяртацца і да класікаў. Творы Рабіндраната Тагора на беларускую мову ў ранейшыя часіны пераклалі народны пясняр Беларусі Якуб Колас, Сяргей Грахоўскі, Янка Сіпакоў, Алесь Разанаў, Язэп Семяжон, Аркадзь Мардвілка. І спадзяюся, што і Генадзь Аўласенка, які зараз пераклаў вершы лаўрэата Нобелеўскай прэміі для «ЛіМа», яшчэ не аднойчы звернецца да паэзіі Тагора. Ды, магчыма, і новая беларуская кніга Тагора яшчэ ўбачыць свет.
Сяргей ШЫЧКО
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.